163519.fb2
Аднак Юркавец быў не з гаваркіх. Нездарма ў аддзеле жартавалі, што ён сем разоў падумае, а тады ўжо скажа. Паслухаўшы Корзуна, маёр задаволена хмыкнуў і працягнуў танюсенькую папку.
— Вось табе першае заданне, — маёр зірнуў на Корзуна, наморшчыў лоб і, папярэджваючы пытанне, дадаў: — Вёў старшы інспектар Дзюба. Пазнаёмся і выкажы сваю думку.
Корзун узняў вочы.
Юркавец нахмурыўся. Відаць, прывык, што падначаленыя разумеюць яго з паўслова. Але на гэты раз палічыў патрэбным сказаць яшчэ адну фразу:
— Дзюбе давялося выехаць.
Тэрміновая камандзіроўка супрацоўніка абласнога ўпраўлення азначала, што ў нейкім раёне спатрэбілася кваліфікаваная дапамога, і Корзун адказаў:
— Будзе выканана.
Начальнік аддзела, вядома, не выпадкова прыгадаў тэрміновую камандзіроўку Дзюбы. Гэта як бы падкрэслівала, што пытанне не столькі ў праверцы здольнасцей навічка, колькі ў неабходнасці нешта такое ўдакладніць. Тым не менш Корзун засмуціўся. Ён пераконваў сябе, што Юркавец, калі ў яго сапраўды ўзніклі нейкія сумненні, мог аддаць папку і якому іншаму супрацоўніку, які падвярнуўся б пад руку, што ў гэтым факце няма нічога незвычайнага і тым болей крыўднага. Аднак довады розуму не дзейнічалі. І Корзун ледзьве прымусіў сябе засяродзіцца на гэтых пратаколах, тлумачэннях, заключэнні эксперта, даведках і да таго падобных дакументах, без якіх крымінальная справа — не крымінальная. Дзюба расследаванне закончыў: злачынца затрыманы, не адпіраецца, ёсць паказанні сведак і ўсё гэта пацверджана паўторным выездам на месца здарэння. Так што Корзуну і рабіць тут, уласна кажучы, няма чаго.
А гісторыя была самая банальная. Нейкі Гурыновіч падпіў і захацеў дабавіць, а грошай не было. Вось і падпільнаваў прыцемкам на выхадзе з глухога завулка дзяўчыну і спрабаваў адабраць сумачку. Аднак падаспелі людзі, і Гурыновіча затрымалі. У аддзеле міліцыі і дзяўчына і сведкі апазналі грабежніка. А калі да гэтага дадаць, што Гурыновіч прыкладнымі паводзінамі не вызначаўся, то зусім зразумела, чаму Дзюба не доўга разважаў пра яго вінаватасць.
Корзун узяўся за ручку, каб пацвердзіць сваю згоду з вывадамі старшага інспектара. З іроніяй сказаў сабе: «Блыхалоў ты, а не інспектар крымінальнага вышуку. У гэтай справе, каб і хацеў, не памылішся». Ён акуратна падраўняў паперкі, перагарнуў іх тэкстам уніз. Але ў самы апошні момант падумаў: «А чаму ўсё-такі маёр падсунуў мне гэту справу?»
Зазваніў тэлефон. Корзун узяў трубку. Гаварыў Юркавец.
— Ну як, можаш далажыць?
— Яшчэ не, — адказаў Корзун.
Маёр хмыкнуў. Гэта, падобна, замяняла яму словы, якіх ён не любіў і без якіх часта добра абыходзіўся, надаючы сваім хмыкам патрэбнае адценне.
Корзун яшчэ не надта разбіраўся ў адценнях голасу начальніка аддзела, аднак іронію адчуў. З прыкрасцю падумаў, што з кіраўніцтвам упраўлення Юркавец, напэўна, размаўляе ўсё-такі нармальнай мовай. У тон Юркаўцу лаканічна сказаў:
— Вывучаю…
Вядома, гэта было не толькі яго права, а і абавязак. Юркавец хмыкнуў яшчэ раз, і ў трубцы пачуліся кароткія, як насмешлівае пакехкванне, гудкі-сігналы. Корзун паклаў трубку на рычагі і зноў узяўся за спісаныя лісткі справы.
Ён перачытаў іх адзін за другім да канца. Усё выглядала правільным, абгрунтаваным. Нават тое, што дзяўчына, Зіна Шаронава, ужо ў міліцыі заявіла, быццам бы ў яе былі залатыя гадзіннік і бранзалетка, а іх не аказалася, наўрад ці мела істотнае значэнне. Як пацвярджалі сведкі, Гурыновіч не паспеў адбегчыся. Такім чынам, Шаронава або згубіла гадзіннік раней, або яго ў прыцемках не заўважылі, аглядаючы месца здарэння. Хутчэй за ўсё апошняе, бо пільнага агляду не было — сама падзея гэтага не вымагала, Дзюба пра гадзіннік тады не ведаў. Корзун рашуча ўзяў ручку і зноў адклаў, пакепваючы з сябе: «Бюракрат ты, лейтэнант міліцыі. Чыноўнік. Прыдзіра. Фармаліст…» А потым склаў папку і пайшоў да начальніка аддзела — нешта ўсё-такі ў гэтай справе не ладзілася.
Азнаёміўшыся з яго сумненнямі, Юркавец вымавіў на дзіва доўгую фразу:
— Гадзіннік мог падабраць пазней выпадковы прахожы, нават назаўтра раніцай.
— Не ўпэўнены, — запярэчыў Корзун. — Варта было б яшчэ раз пагаварыць са сведкамі, пашукаць новых.
Бровы ў Юркаўца папаўзлі ўгору.
— Бачыце, таварыш маёр, — загарачыўся Корзун, — чамусьці гэтыя сведкі,— ён тыцнуў пальцам у папку, — бачылі толькі фінальную сцэну: Шаронаву на зямлі і схіленага над ёй Гурыновіча. А падзея ж мела і пачатак.
— Што гэта нам дасць? — Юркавец быў цярплівы — ці то ад характару, ці то шанаваў навічка.
Але Корзуну спадабалася, што ён не аддзяліў сябе ад справы, і таму шчыра прызнаўся:
— Каб я ведаў…
Юркавец скептычна паглядзеў на танюткую папку, перавёў позірк на лейтэнанта і, улавіўшы яго ніякаватасць, спачувальна сказаў:
— Меў я табе другое заданне, але… Згодзен, пакруці, толькі не зацягвай надта.
Пасля Юркаўцовага дазволу Корзун ледзь не заганарыўся сабой. Ды ў час спахапіўся, зразумеў, што ўсё не так проста. Як вынікала з пратаколаў, Дзюба таксама думаў пра магчымых новых сведак. Ён, здаецца, апытаў усіх, хто знаходзіўся тады паблізу, адно што ў глыб часу не пайшоў. Зыходзіў з таго, што Гурыновіч дзейнічаў асцярожна, падбіраючы хвіліну, калі вакол нікога не будзе, — і каб быў цверазейшы, то наўрад ці заспелі б яго на месцы злачынства. Гэта Дзюбава лагічная пасылка, падмацаваная пэўнымі фактамі, гучала досыць пераканаўча. А калі сюды дадаць яшчэ, што гадзіннік сапраўды мог падабраць хто-небудзь іншы, зусім старонні чалавек, то ў Корзунавай прыдумцы лёгка заўважаліся праколы. Гэта Корзуну было непрыемна. Але ён не адступіўся ад свайго. Не з упартасці, не таму, што сказаўшы «а», мусіў гаварыць і «б». Не любіў справы, у якіх не было адказу на ўсе магчымыя пытанні. Як, у прыватнасці, у гэтай — павінен жа быць нехта, хто бачыў Гурыновіча да нападу?
У пратаколе допыту Зінаіда Шаронава значылася як «пацярпеўшая». Корзун не любіў гэтага слова. Яму здавалася, што яно надта казённае, з чалавека, якога пакрыўдзілі, якому нанеслі шкоду, робіць нейкую статыстычную адзінку. Яшчэ на пачатку сваёй службы ў райаддзеле ён паспрабаваў быў нават замяніць гэта слова. Пра дзядзьку, у якога п'яныя хуліганы адабралі грошы, напісаў «абрабаваны». Начальнік райаддзела падпалкоўнік Шарай чырвоным алоўкам тлуста перакрэсліў напісанае і сказаў: «Ты — лейтэнант міліцыі, а не мовазнаўца, давай без словатворчасці. А пра тое, абрабавалі твайго дзядзьку ці не, суд скажа». Корзун падпарадкаваўся, хаця ў душы застаўся нязгодным. І кожны раз, складаючы пратакол або якую-небудзь іншую афіцыйную паперу, міжволі ў думках падбіраў сінонімы да «пацярпеўшых», «істцоў», «устанаўлення сведак» і да таго падобных тэрмінаў, якія бытуюць у службовых дакументах і якія, ён гэта ўжо зразумеў, пры ўсёй сваёй казённасці надзвычай дакладна перадаюць сутнасць справы. І цяпер, калі ў яго ўзнікла неабходнасць пачынаць уласнае расследаванне з Шаронавай, якая пацярпела ад Гурыновіча, ён у думках пасміхнуўся, успомніўшы свае ранейшыя моўныя пакуты, — не было б большай бяды…
Зіна Шаронава працавала станочніцай на аўтарамонтным заводзе. Ужо адным гэтым — не пабаялася мужчынскай работы — яна спадабалася Корзуну. І начальнік аддзела кадраў, да якога ён звярнуўся, каб дапамог арганізаваць сустрэчу з дзяўчынай, даў ёй добрую характарыстыку. Актыўная, шчырая, нядаўна ў бытавую камісію заўкома выбралі. Корзун быў упэўнены, што такая зможа расказаць усё так, як яно адбывалася, прыпомніць нават нейкія дэталі.
Звычайна перад сустрэчай з чалавекам, пра якога ўжо нешта чуў, Корзун спрабаваў скласці сабе яго партрэт. Шаронаву ён уяўляў моцнай, рослай дзяўчынай — упраўляецца ж з важкімі сталёвымі нарыхтоўкамі. А яна аказалася невысокай, худзенькай. Такую няцяжка было пакрыўдзіць, збіць з ног адным ударам.
— Гадзінніка шкада, — сказала Зіна ледзь не на самым пачатку размовы.
— Залаты ж, — пагадзіўся Корзун.
— Прэмія, — уздыхнула яна, — за першае месца ў горадзе па прафесіі.
Яшчэ раней Корзун збіраўся спытаць, ці ўпэўнена яна, што гадзіннік быў тады на руцэ. Цяпер ён ужо не сумняваўся ў гэтым і ўдакладняць не стаў. Хаця каб спытаў, то, можа, і не ламаў бы галавы пазней…
— Ну што ж, Зінаіда бацькаўна, пастараемся адшукаць. Толькі і ваша дапамога патрэбна.
— Каб я магла…
— Раскажыце, як усё здарылася.
— Ды расказвала ўжо! — Дзяўчына нахмурылася. Відаць, цаніла кожную хвіліну і, спяшаючыся да станка, не бачыла неабходнасці паўтараць тое, што і без таго вядома ўжо.
— У нашай справе часам адно слова ўсю карціну перайначыць, — Корзун хацеў, каб Шаронава зразумела, што яго цікавасць не фармальная, а вымушаная.
— Хіба… — без асаблівай ахвоты пагадзілася дзяўчына і пачала расказваць.
Яна не чула крокаў ззаду, наогул нічога не чула, і таму ўдар быў для яе нечаканы. Ударылі моцна, яна ўпала і больш нічога не помніць. Калі апрытомнела, убачыла над сабой нейкага чалавека. Ён вырываў з рук сумачку. Закрычала. І адразу падбеглі людзі. Не, Гурыновіч — яго прозвішча яна ўпершыню пачула ў міліцыі — не мог выскачыць з-за вугла. Там якраз быў штыкетнік, за ім не схаваешся.
Па дарозе да Шаронавай Корзун пабываў у тым завулку і мусіў прызнаць, што дзяўчына не памыляецца. Рабаўнік хутчэй за ўсё даганяў яе. Але якая розніца — даганяў ці сустракаў. На ўсякі выпадак, аднак, спытаў:
— Калі ішлі па завулку, наперадзе нікога не заўважылі?
Шаронава паматала галавой.
— Разумею, успаміны не з прыемных, не крыўдуйце, калі ласка. Але, прашу, падумайце яшчэ. Можа, усё-такі хто-небудзь быў, хаця б воддаль?
Дзяўчына задумалася, апусціла на вочы доўгія, нібы наклееныя, чорныя вейкі. Кароткая грыўка ўпала на лоб, і Зіна стала падобнай на хлопца-падлетка. Бледнаватая, хмурая, яна, напэўна, яшчэ не апамяталася пасля траўмы — не толькі фізічнай, а і маральнай.
Корзун цярпліва чакаў, са злосцю думаючы, колькі яшчэ ходзіць па зямлі такіх Гурыновічаў, якія прыносяць людзям пакуты і гора. Ён не адразу заўважыў, што Зіна глядзіць на яго, быццам вывучае, — прыжмурыўшы і без таго прадаўгаватыя шэрыя вочы.