165823.fb2
Мэгрэ не адважыўся даць ёй грошы, каб яна сама заплацiла за нумар. Ён сам зайшоў у адмiнiстратарскую i пачырванеў ад пытання адмiнiстратара:
- Пакой на ноч цi часова?
- На ноч. Толькi для мадэмуазель...
Пакуль адмiнiстратар выбiраў на стэндзе ключы, Жэрмена зусiм павiсла на руцэ Мэгрэ, цяпер ужо i не просячы прабачэння.
- Васемнаццаты нумар, трэцi паверх, налева. Хвiлiначку, зараз дам бялiзну.
Мэгрэ не любiў успамiнаць, як ён развiтаўся з ёю. Лесвiца была ўслана чырвонай дывановай дарожкай. Жэрмена ў адной руцэ трымала прасцiны, у другой ключ, прычэплены да меднай бляшкi. Адмiнiстратар зноў уткнуўся ў газету.
- У вас сапраўды няма да мяне больш пытанняў?
Яна стаяла на першай прыступцы. Круглыя вочы яе не адрывалiся ад Мэгрэ. Чаму яму прыгадаўся багамол, якi пасля спарвання пажырае свайго партнёра?...
- Не... На сёння ўсё... - прамармытаў ён.
- Ах, праўда ж, я i забылася, што ў вас спатканне. - Яе сакавiтыя вусны склалiся ў iранiчную ўсмешку. - Тады да заўтра?
- Да заўтра.
Што ж, гэтага i трэба было чакаць. Выйшаўшы з гатэля, Мэгрэ кiнуўся ў метро. Шчоўкнулi аўтаматычныя дзверы, i ён доўга ехаў у цьмяным святле падземкi, машынальна назiраючы за познiмi пасажырамi, па тварах якiх прабягалi мудрагелiстыя ценi.
Ён доўга блукаў па бязлюдных, ледзь асветленых вулiцах, пакуль не апынуўся ля парка Лявiйет i не адшукаў нарэшце вялiкую стадолу, забiтую парожнiмi, з узнятымi ўгору, аглоблямi. У глыбiнi двара патыхала цеплынёй стайняў.
- Карнi? Не, ён яшчэ не вярнуўся. Чакайце, калi хочаце.
Толькi а палове першай ночы з'явiўся п'янюткi рамiзнiк. Асавелым позiркам ён утаропiўся ў Мэгрэ:
- Дама з вулiцы Шапталь? Чакайце, чакайце! Яна дала мне цэлы франк гасцiнца. А высокi брунет...
- Якi высокi брунет?
- Той, што спынiў мяне на вулiцы Бланш, чорт пабяры, i загадаў мне пад'ехаць на вулiцу Шапталь i пачакаць ля дома нумар... нумар... Смехатура, я нiколi не запамiнаю лiчбы... Пры маёй рабоце гэта, прама скажам...
- Вы адвезлi яе на вакзал?
- На вакзал? На якi вакзал?
Рамiзнiк пахiстваўся. Доўгiм цырком ён сплюнуў проста перад сабой жвачку ад жавальнага тытуню, ледзь не пацэлiўшы на штаны Мэгрэ.
- Па-першае, загадана было не на вакзал... Па-другое... па-другое...
Мэгрэ ўсунуў яму ў руку франк.
- Яна ў гатэлi насупраць Цюiльры, на невялiчкай плошчы... Чакайце... Як жа называецца тая дамавiна?.. Я вечна блытаю гэтыя дамавiны... Во "Атэль дзю Луўр"! Но, малота! - таргануў рамiзнiк свайго каня.
Метро ўжо не працавала, трамваi i аўтобусы не хадзiлi, i Мэгрэ мусiў тупаць пешкi па бясконца доўгай вулiцы Фландр, перш чым дабраўся да ажыўленых плошчаў цэнтра.
Рэстарацыя "Клiшы" была, канешне, даўно зачыненая, i Жустэн Мiнар вярнуўся ў сваё жытло на вулiцы Ангiен, дзе яго напэўна чакаў чарговы сямейны скандал.
Раздзел V
ПЕРШЫЯ СЛАВАЛЮБНЫЯ ДУМКI МЭГРЭ
Мэгрэ галiўся перад люстэркам, прымацаваным у сталовай да зашчапкi аконнай рамы. У яго было прывычкай кожную ранiцу хадзiць услед за жонкай, завяршаючы свой туалет дзе прыйдзецца, - i для iх абаiх гэта былi самыя светлыя хвiлiны дня. Мадам Мэгрэ валодала каштоўнай якасцю - як на золку, так i ўвечары яна была аднолькава акуратная, аднолькава жыццярадасная. Яны расчынялi вокны, з асалодай дыхалi свежым паветрам. Да iх даносiўся грукат кувалды з размешчанай непадалёку кузнi, тарахценне вазоў, iржанне коней i нават ледзь улоўны пах свежага гною з суседняй стайнi.
- Ты думаеш, яна сапраўды ненармальная?
- Калi б яна засталася ў сваiм сяле, выйшла замуж i нарадзiла дзесяцера дзяцей - нiхто гэтага, магчыма, i не заўважыў бы. Можа, проста дзецi былi б не ад аднаго бацькi, толькi i ўсяго.
- Зiрнi, зiрнi, Мэгрэ! Часам цi не твой гэта прыяцель топчацца ў нас пад вокнамi?
Мэгрэ з намыленай шчакой высунуўся ў акно i пазнаў Жустэна Мiнара, якi цярплiва чакаў яго на вулiцы.
- Ты не хочаш запрасiць яго да нас?
- Навошта? Я праз пяць хвiлiн буду гатовы. А ты не збiраешся пагуляць сёння?
Мэгрэ рэдка пытаўся ў жонкi, чым яна будзе займацца цэлы дзень, i яна адразу здагадалася, што ён мае на ўвазе.
- Ты хочаш, каб я папiльнавала паненку?
- Магчыма, мне сапраўды прыйдзецца прасiць цябе зрабiць гэта. Калi я прамаргаю яе ў Парыжы, а ёй, сама бачыш, проста няўцерп памалоць языком, дык адзiн бог ведае, што яна каму набалбоча.
- Ты зараз да яе?
- Неадкладна.
- Яна будзе яшчэ ў пасцелi.
- Магчыма.
- Магу прысягнуць, ты апынешся ў пiкантным становiшчы.
Як толькi Мэгрэ выйшаў з пад'езда, да яго падышоў Мiнар, пакрочыў побач i запытаў:
- Што робiм сёння, шэф?
Шмат гадоў пазней Мэгрэ прыпомнiць, што менавiта той нядэшлы флейтыст быў першы, хто назваў яго шэфам.
- Вы бачылi яе? Даведалiся што-небудзь? Я амаль не спаў. Толькi сабраўся легчы, як адно пытанне збiла ўвесь мой сон.
Iх крокi гулка раздавалiся ў ранiшняй цiшынi. Iдучы, яны назiралi, як воддаль паволi ажыўляецца бульвар Вальтэра.
- Раз стралялi, значыцца, стралялi ж у некага. I вось я задаюся пытаннем: а ў каго пацэлiлi?.. Я вам не дужа надакучыў?