165823.fb2
- Здаравенны дзяцiна ў фраку, мабыць, дварэцкi, спытаўся, што мне трэба.
- Вы кажаце, ён быў апрануты па ўсёй форме?
- Ну вядома!
- У манiшцы i пры гальштуку?
- Канечне!
- А мiж тым у доме было цёмна?
- Апрача пакоя на трэцiм паверсе.
- Што вы яму сказалi?
- Дакладна не памятаю. Я хацеў зайсцi ў дом.
- Чаго?
- Паглядзець, што там адбываецца. Але ён заступiў мне дарогу. Тады я пачаў тлумачыць, што нейкая жанчына крычала праз акно, клiкала ратаваць яе.
- Ён сумеўся?
- Ён змрочна глядзеў на мяне i моўчкi стараўся ўсiм сваiм корпусам выпхнуць мяне з дзвярэй.
- А потым?
- А потым ён нешта буркнуў. Я не зусiм разабраў. Адным словам, нешта накшталт таго, што я трызню або што я п'яны. У цемры нечакана раздаўся яшчэ нечы голас - мне здалося, што крыкнулi з пляцоўкi на другiм паверсе.
- Што менавiта?
- "Не марнуйце часу, Луi!"
- I што?
- Тады ён штурхнуў мяне, але я не паддаўся, i ён ударыў мяне кулаком проста ў твар. I я апынуўся на вулiцы перад замкнёнымi дзвярыма.
- На трэцiм паверсе па-ранейшаму гарэла святло?
- Не.
- Аўтамабiль не вярнуўся?
- Не... А цяпер, можа, нам варта было б схадзiць туды?
- Нам? Вы гатовы суправаджаць мяне?
Гэты кантраст памiж жаноцкай кволасцю флейтыста i яго безразважнай рашучасцю адначасна i смяшыў, i кранаў.
- Хiба не мне з'ездзiлi па фiзiяномii?! Дык вось, я падаю скаргу.
- Што ж, ваша права.
- Але было б найлепш, каб мы пайшлi туды неадкладна. Як вы думаеце?
- Якi, вы сказалi, нумар дома?
- Семнаццаць-бiс.
Мэгрэ звёў бровы: адрас яму нешта цьмяна прыгадаў. Ён дастаў з палiцы адну з папак, вычытаў нейкае прозвiшча i яшчэ больш схмурнеў.
У той вечар Мэгрэ быў у мундзiры. Гэта быў, можна сказаць, першы мундзiр у яго жыццi. За некалькi дзён да таго, пра што будзе расказана ў сувязi з вiзiтам каранаванай асобы, усе службоўцы палiцыi абавязаны былi з'яўляцца на працу ў поўнай параднай форме - у любую хвiлiну любы з iх мог быць далучаны да кола афiцыйных асоб.
Яго новенькi прарызiнены плашч быў копiяй плашча Жустэна Мiнара.
- Пайшлi! Калi будуць пытацца мяне, Лякер, скажыце, што я хутка вярнуся.
Мэгрэ быў трошкi ўсхваляваны. Прозвiшча, якое ён толькi што вычытаў у папцы, было такое iнтрыгуючае, што яму стала не па сабе.
Яму, сакратару камiсарыята, было дваццаць шэсць гадоў, i мiнула ўсяго пяць месяцаў, як ён ажанiўся. За чатыры гады, што ён праслужыў у палiцыi, яму прыходзiлася выконваць самыя сцiплыя абавязкi, пачаўшы з дзяжурстваў на дарогах, потым на вакзалах, затым у буйных крамах; толькi з год таму ён быў назначаны на пасаду сакратара ў камiсарыяце квартала Сэн-Жорж.
А ва ўсiм квартале самае шаноўнае прозвiшча было, безумоўна, прозвiшча ўласнiкаў дома 17-бiс па вулiцы Шапталь.
Жандро-Бальтазар. Фiрма па продажу кавы "Бальтазар". Гэтае прозвiшча, выведзенае вялiзнымi бурымi лiтарамi, красавалася на ўсiх станцыях метро. А фургоны гандлёвага дома "Бальтазар", запрэжаныя чацвёркай выдатных бiцюгоў у раскошнай збруi, з'яўлялiся як бы неад'емнай рысай аблiчча Парыжа.
Сам Мэгрэ з задавальненнем пiў каву "Бальтазар". А калi iшоў па авеню Опера, то нiколi не прамiнаў выпадку падыхаць цудоўным водарам падсмажаных зярнятак кавы, якi даносiўся з вiтрын крамаў фiрмы "Бальтазар".
Ноч была светлая i золкая. На спадзiстай вулiцы - нi душы, нiводнага фiякра паблiзу. Мэгрэ ў тыя гады быў амаль гэткi ж хударлявы, як i ягоны спадарожнiк-флейтыст, i калi яны крочылi поруч па вулiцы, iх можна было прыняць за двух падлеткаў.
- Спадзяюся, вы не "пад мухай"?
- Я ўвогуле не п'ю. Лекар забаранiў.
- Вы ўпэўнены, што бачылi, як расчынiлася акно?
- Абсалютна ўпэўнены.
Мэгрэ ўпершыню так спяшаўся - ляцеў як на крылах. Дагэтуль ён толькi суправаджаў свайго шэфа месье Лё Брэ, самага свецкага ва ўсiм Парыжы камiсара, у паасобных выездах палiцыi на месца здарэння i чатыры разы для ўстанаўлення факта адзюльтэра.
Вулiца Шапталь была гэткая ж пустынная, як i вулiца Лярошфуко. Нiводзiн агеньчык не свяцiўся ў асабняку Жандро-Бальтазараў, адным з найлепшых асабнякоў квартала.
- Вы казалi, што ля дома стаяў аўтамабiль.
- Не зусiм ля дома. Хвiлiначку... Во, якраз вось тут.
Сапраўды, не зусiм ля дома. Трошкi прамiнуўшы яго. Мэгрэ, галава якога была набiта апошнiмi тэарэтычнымi выкладкамi адносна паказанняў сведак, запалiўшы васковую запалку, нагнуўся над брусчаткай.