165823.fb2 Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

- Калi назбiраць тры поўныя серыi, можна бясплатна атрымаць арэхавую спальню.

Мэгрэ прыняў душ - тады ў кватэры яшчэ не было ванны. Потым паеў супу: ён заўсёды еў суп ранiцай у сябе ў вёсцы i захаваў гэту звычку ў горадзе.

- Ты, канешне, не ведаеш, калi вернешся?

- "...у гэтыя гадзiны цi днi службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак", - з усмешкай сказаў ён.

Мадам Мэгрэ вельмi добра ведала свайго мужа. На яе галаве ўжо красаваўся капялюшык. Яна любiла праводзiць мужа на работу, быццам дзiцё ў школу, але да самага камiсарыята не даходзiла, бо ён бы адчуваў сябе няёмка пры сустрэчы з якiм-небудзь сваiм калегам.

Роўна а дзесятай на вулiцы Лярошфуко спыняўся кабрыялет камiсара, запрэжаны няўрымсным стаеннiкам, i фурман забiраў лейцы з рук гаспадара. Максiм Лё Брэ быў, мусiць, адзiны палiцэйскi камiсар ва ўсiм Парыжы, якi меў уласны экiпаж i жыў у Мансо ў адным з новых гмахаў па бульвары Курсэль.

Перш чым з такiм форсам з'явiцца ў камiсарыяце, ён паспяваў адведаць клуб Гоша, пафехтаваць там, паплаваць у басейне i пабываць у масажыста.

Рапарт Мэгрэ ўжо ляжаў на стале камiсара, i Мэгрэ думаў пра гэта з глухой трывогай. Гэта быў ягоны першы рапарт. Ён усю ноч да дня старанна працаваў над iм, сiлячыся нiчога не ўпусцiць з зусiм яшчэ свежых у памяцi тэарэтычных выкладак.

Пасля падзей на вулiцы Шапталь флейтыст Жустэн Мiнар так i не пакiнуў Мэгрэ, правёў яго назад да самага камiсарыята. Яны спынiлiся ля ўвахода.

- Вы жанаты? - спытаў Мэгрэ.

- Жанаты.

- Жонка, напэўна, непакоiцца.

- Гэта не мае значэння.

I Жустэн зайшоў у камiсарыят. Мэгрэ занатаваў паказаннi музыканта, даў яму падпiсаць. Аднак флейтыст усё не iшоў дадому.

- Жонка ўчынiць вам скандал.

- Гэта не мае значэння, - з мяккай упартасцю паўтарыў Жустэн.

Чаму Мэгрэ думаў цяпер пра гэта? Ён амаль сiлай справадзiў яго на золку. Развiтваючыся, флейтыст нясмела i разам з тым настойлiва запытаўся:

- Вы дазволiце мне прыйсцi пабачыцца з вамi?

Ён падаў скаргу на дварэцкага Луi, у якой рашуча настойваў на ўмяшаннi палiцыi. Усе гэтыя паперы, прыведзеныя ў бездакорны парадак, ляжалi цяпер на стале камiсара, паверх штодзённых, менш значных рапартаў.

Рэдка хто бачыў, як прыходзiў Максiм Лё Брэ, таму што iшоў ён бакавым калiдорам i трапляў проста ў свой кабiнет, але прыход яго быў чуцён, i на гэты раз у Мэгрэ ёкнула сэрца.

На лаве ўжо месцiлася з тузiн звычайных клiентаў, у большасцi бедных людзей, галоты; ён па чарзе выклiкаў кожнага, выдаваў даведку аб месцы жыхарства цi аб маёмасным становiшчы, рэгiстраваў згубленыя цi знойдзеныя рэчы, адпраўляў у камеру падабраных на бульварах жабракоў цi гандляроў забароненымi таварамi.

Пад насценным гадзiннiкам у чорным футарале цьмяна паблiскваў каўпак электрычнага званка, i калi гэты званок зазвiнiць...

Мэгрэ прыкiнуў, што спатрэбiцца хвiлiн дванаццаць, каб прачытаць ягоны рапарт i паказаннi сведкi Мiнара. Мiнула дваццаць хвiлiн, а выклiку ўсё не было, i толькi лёгкае шчоўканне званка пасведчыла, што шэф прасiў злучыць яго з некiм па тэлефоне.

Абабiтыя дзверы аддзялялi кабiнет Лё Брэ ад залы камiсарыята. Яны заглушалi нават самыя гучныя галасы.

Цi не з Рышарам Жандро, сваiм частым сатрапезнiкам, перагаворваўся па тэлефоне Лё Брэ?

Званка не было. Раптам дзверы прыадчынiлiся.

- Мэгрэ!

"Добрая прыкмета? Цi кепская?"

- Зайдзiце, дружа.

Перш чым сесцi за стол, камiсар, пыхкаючы цыгарэтай, некалькi разоў абышоў пакой. Нарэшце ён паклаў руку на папку з паперамi, памаўчаў, нiбы падбiраючы словы, уздыхнуў:

- Я прачытаў вашы цыдулкi.

- Слухаю, месье камiсар.

- Вы зрабiлi так, як былi абавязаны зрабiць. Ваш рапарт вельмi талковы, вельмi скрупулёзны.

- Дзякую, месье камiсар.

- У iм нават пра мяне iдзе гаворка.

Ён жэстам спынiў Мэгрэ, якi памкнуўся запярэчыць.

- Гэта зусiм не папрок, наадварот.

- Я стараўся як мага дакладней запiсаць усё бачанае i пачутае.

- I вы мелi магчымасць агледзець увесь дом?

- Мяне вадзiлi з пакоя ў пакой.

- I вы маглi ўпэўнiцца, што нiчога надзвычайнага не аказалася?

- У пакоi, азначаным Жустэнам Мiнарам, цюлевая фiранка была прышчэмлена рамай, як быццам той, хто зачыняў акно, вельмi спяшаўся.

- Але гэта магло быць зроблена невядома калi, цi ж не так? Дзе доказ, што фiранка прышчэмлена толькi што, а не шмат дзён назад?

- Бацька, месье Фелiсьен Жандро-Бальтазар, як мне падалося, вельмi ўсхваляваўся, калi ўбачыў мяне ў доме.

- Вы напiсалi - "перапалохаўся".

- Такое маё ўражанне.

- Я асабiста ведаю Жандро, мы некалькi разоў на тыдзень сустракаемся з iм у клубе.

- Я ведаю гэта, месье камiсар.

Камiсара - сiмпатычнага, пародзiстага мужчыну - можна было бачыць на ўсiх свецкiх прыёмах, таму што ён быў жанаты на адной з самых заможных спадкаемнiц Парыжа. Аднак, нягледзячы на свой вобраз жыцця, ён усё ж прымушаў сябе настойлiва працаваць. Павекi яго ўкрывала тонкая сетка зморшчынак, ля вачэй вырысоўвалiся глыбокiя "гусiныя лапкi". Вiдаць, гэтай ноччу, як, зрэшты, i большасцю папярэднiх, ён спаў не даўжэй за Мэгрэ.

- Паклiчце да мяне Бесана.