166341.fb2 Порт у тумане (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Порт у тумане (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

- Вы бачылiся з братам?

Яна ўздрыгнула.

- Калi?

- Сёння ноччу цi ранiцай.

- Луi тут?

Здавалася, што пытанне напалохала яе, збiла з панталыку.

- "Сэн-Мiшэль" прыйшоў.

Гэтыя словы крыху яе супакоiлi, быццам яна баялася, што брат з'явiцца тут без шхуны.

- Дык ён адправiўся ў Кан?

- Не! Ён пайшоў спаць на драгу.

- Хадзем! - сказала яна. - Мне холадна.

Вецер з мора ўсё свяжэў, а хмары яшчэ больш зацягвалi неба.

- I часта ён спiць на старых суднах?

Яна не адказала. Гаворка абарвалася сама сабою. Яны iшлi, чуючы толькi шапаценне пяску пад нагамi i гудзенне прыбярэжнай машкары - устрывожаная людзьмi, яна спынiла свой пiр i кружыла цяпер над водарасцямi, выкiнутымi на бераг прылiвам.

"Яхта... Асадка з залатым пяром", - круцiлася ў галаве ў Мэгрэ.

Камiсар думаў. Ранiцай цяжка было растлумачыць, хто б мог згубiць на пiрсе гэтую асадку: знаходка нiяк не вязалася нi з экiпажам "Сэн-Мiшэля", нi з ягонымi гасцямi, людзьмi для такой рэчы дужа простымi. "Яхта... Асадка з залатым пяром..."

Цяпер з'яўлялася логiка! Багаты немалады мужчына шукае яхту для падарожжаў i губляе асадку з залатым пяром...

Але заставалася яшчэ растлумачыць, чаму гэты чалавек, замест таго каб прыйсцi ў порт са шхунаю, сышоў з яе i перасеў у лодку, потым выбраўся на пiрс i схаваўся на дразе, якая цi не напалову ўжо затанула.

- У той вечар, калi знiк Жарыс, брат, як прыходзiў да вас, нiчога не казаў пра свайго пакупнiка? Не казаў, напрыклад, што той на шхуне?

- Не... Ён толькi аб'явiў мне, што справа амаль ужо скончана.

Яны падышлi да маяка. Жарысаў дом стаяў побач, злева, i ў садзе яшчэ вiднелiся кветкi, пасаджаныя капiтанам.

Жулi пахмурнела, разгублена азiрнулася вакол, як чалавек, якi ўжо не ведае, што рабiць у жыццi.

- Мусiць, вас хутка выклiчуць да натарыуса з нагоды завяшчання. Цяпер вы багатая...

- Ды кiньце вы! - сказала яна суха.

- Што вы хочаце сказаць?

- Самi добра ведаеце... Казкi ўсё гэта - пра багацце... Капiтан не быў багаты...

- Вы не можаце гэта ведаць.

- Ён нiчога не ўтойваў ад мяне. Калi б у яго былi сотнi тысяч франкаў, ён сказаў бы. I, вядома, купiў бы летась зiмою паляўнiчую стрэльбу за дзве тысячы франкаў. Яна ж яму так спадабалася! Ён убачыў яе ў мэра i даведаўся пра цану...

Яны падышлi да брамкi.

- Вы зойдзеце?

- Не... Я, мабыць, хутка вас убачу...

Яна не рашалася ўвайсцi ў дом, дзе зноў застанецца адна.

* * *

Прайшло некалькi гадзiн. Нiчога не здарылася. Мэгрэ хадзiў вакол драгi, паглядаючы на яе, усё роўна як разявака ў нядзелю, якi з мiжвольнай пачцiвасцю назiрае новае для сябе вiдовiшча. А тут было што разглядаць: вялiкiя трубы, каўшы, ланцугi, кабестаны...

Гадзiн у адзiнаццаць ён выпiў аперытыву з партавiкамi.

- Не бачылi Вялiкага Луi?

Яго бачылi ранiцай. Ён выпiў у шынку дзве чаркi рому i рушыў некуды па шашы.

Мэгрэ хацелася спаць. Ноччу ён, мусiць, прастудзiўся. I настрой у яго быў, як у чалавека, якi захварэў на грып. Гэта можна было прыкмецiць па яго рухах i млявым твары.

Камiсар i не спрабаваў хаваць свой дрэнны настрой, што яшчэ больш устрывожыла наведнiкаў шынка, якiя ўпотайкi паглядвалi на яго. Размова не клеiлася. Капiтан Дэлькур спытаў:

- Што мне рабiць са шлюпкаю?

- Прышвартуйце яе дзе-небудзь.

I зноў Мэгрэ задаў пытанне без неабходнай хiтрасцi:

- Нiхто не бачыў сёння на вулiцы незнаёмага?.. Не заўважылi нiчога такога каля драг?..

Нiхто нiчога не бачыў! Але цяпер, пасля гэтага пытання, усе пачалi нечагась чакаць.

Цiкава: людзi чакалi, што здарыцца нейкая драма. Прадчуванне? Пачуццё таго, што ланцуг падзей не замкнуўся, што ў iм не хапае нейкага звяна?

Пачуўся гудок парахода, якi запрошваў у шлюз. Партавiкi ўзнялiся. Мэгрэ пайшоў на пошту паглядзець, цi няма яму якiх паведамленняў. Люка адбiў тэлеграму, што прыедзе ў дзве гадзiны дзесяць хвiлiн.

У названы час цягнiчок, якi iшоў уздоўж канала Кан - Вiстрэам i быў падобны на дзiцячую цацку - са сваiмi вагонамi ўзору тысяча васемсот пяцiдзесятага года, прагудзеў удалечынi. Пад грукат тугiх тармазоў i свiст пары ён спынiўся каля самага порта.

Люка выйшаў, падаў камiсару руку. Здзiвiўся, убачыўшы хмурны твар Мэгрэ.

- Ну як?

- Нармальна.