166341.fb2 Порт у тумане (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Порт у тумане (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

У пакоi ўжо амаль нiчога не было вiдаць. На вулiцы запалiлi лiхтар.

- Я запалю святло, з вашага дазволу, - сказаў Мэгрэ.

- Хвiлiнку... Закрыйце спярша шторы... Мiнакам неабавязкова бачыць... Вось так... Левы шнур... Асцярожна...

Вялiкi Луi застыў пасярод пакоя. Мэгрэ павярнуў выключальнiк, падышоў да камiна i паварушыў вуголле.

Гэта была яго старая звычка. Яшчэ ён мог, калi быў заклапочаны, стаяць каля печы, заклаўшы рукi за спiну, пакуль не пачынала пячы ў бакi.

Але ж цi змянiлася хоць крыху сiтуацыя? Гранмэзон па-ранейшаму насмешлiва пазiраў на камiсара, якi на хвiлiну задумаўся.

- Вялiкi Луi быў тут, калi... калi з вамi гэта здарылася?

- Не! - суха адказаў мэр.

- Шкада! Вы маглi б упасцi, скажам, на яго кулак...

- Што дазволiла б вам яшчэ больш растрывожыць некаторыя галовы, расказваючы ў партовым шынку розныя фантастычныя гiсторыi... Лепей, мусiць, скончыць з гэтым, камiсар?.. Гэтай драмай трэба заняцца нам абодвум... Вы прыехалi з Парыжа... Прывезлi мне адтуль капiтана ў вельмi нецiкавым стане, i ўсё гаворыць за тое, што не ў Вiстрэаме яго так апрацавалi... Вы былi тут, калi яго забiлi... Следства вы ведзяце, як вам заманецца...

У голасе ў мэра гучала рашучасць.

- Я мэр гэтага гарадка ўжо дзесяць гадоў, ведаю ўсiх яго жыхароў i лiчу сябе адказным за ўсё, што з iмi здараецца. I як мэр кiрую адначасова i мясцовай палiцыяй... Дык вось!...

Ён спынiўся на нейкi момант, каб зацягнуцца цыгараю. Попел упаў i рассыпаўся ў яго на халаце.

- Пакуль вы бегаеце па шынках, я таксама не сяджу склаўшы рукi, хай гэта вас не пакрыўдзiць...

- I выклiкаеце Вялiкага Луi...

- Я выклiкаю i iншых, калi знаходжу гэта патрэбным... А цяпер, мяркую, вы не маеце больш нiчога iстотнага паведамiць мне?..

Ён устаў, каб праводзiць наведнiка да дзвярэй. Было вiдаць, што ногi ў яго трохi зацяклi.

- Спадзяюся, - цiха сказаў Мэгрэ, - вы не будзеце мець нiчога супраць, калi Луi пойдзе са мною... Учора ноччу ён ужо даваў мне паказаннi... Мне трэба задаць яму яшчэ некалькi пытанняў...

Гранмэзон паказаў жэстам, што яму гэта ўсё роўна. Але сам Вялiкi Луi i з месца не скрануўся, усё адно як здранцвеў, - стаяў, апусцiўшы вочы.

- Пакуль што не, - буркнуў ён як звычайна.

- Заўважце, - сказаў мэр, - я зусiм не супраць таго, каб ён iшоў з вамi. I хачу, каб вы зафiксавалi гэты факт у сваёй памяцi i не закiдалi мне, што я ўстаўляю вам палкi ў колы... Я выклiкаў Вялiкага Луi для высвятлення некаторых акалiчнасцей... Калi ён пажадаў застацца ў мяне, значыцца, яму ёсць яшчэ што мне сказаць...

Аднак цяпер у вачах у мэра была трывога - не, панiка! Вялiкi Луi ўсмiхаўся з нейкiм жывёльным задавальненнем.

- Я пачакаю вас на вулiцы! - сказаў Мэгрэ матросу.

Але адказу камiсар не пачуў. Толькi мэр выцiснуў з сябе:

- Да сустрэчы, пан камiсар...

Дзверы былi адчыненыя. З кухнi прыйшла служанка i моўчкi, з незадаволеным тварам праводзiла Мэгрэ да дзвярэй вiлы, якiя адразу ж i зачынiла, толькi ён выйшаў.

Дарога была пустынная. Метраў за сто ад вiлы ў акне нейкага дома гарэла святло, i далей свяцiлiся агеньчыкi, але адлегласць памiж iмi была вельмi вялiкая: пабудовы ўздоўж дарогi Рыва-Бэла танулi ў велiзарных садах.

Засунуўшы рукi ў кiшэнi i ссутулiўшыся, Мэгрэ ступiў некалькi крокаў i апынуўся ў канцы садовага плота, за якiм пачыналася пустка. Усе вiстрэамскiя дамы цягнулiся ўздоўж дзюнаў. За садамi не было нiчога, апроч пяску i асакi.

У цемры з'явiлася чыясьцi постаць. Пачуўся голас:

- Гэта вы, камiсар...

- Люка? - адгукнуўся Мэгрэ.

Яны хутка сышлiся.

- Чалавек з драгi...

- Выйшаў адсюль? - перапынiў Мэгрэ.

- Не, яшчэ тут.

- Даўно?

- Не больш чвэрцi гадзiны... Адразу за вiлай.

- Праз плот пералез?

- Не... Здаецца, чакае некага... Я пачуў вашы крокi i пайшоў паглядзець...

- Вядзi...

Яны абышлi сад i апынулiся за вiлаю. Люка вылаяўся.

- Што такое?

- Яго тут болей няма...

- Ты ўпэўнены?

- Ён стаяў каля таго куста тамарыксу...

- Думаеш, зайшоў у дом?

- Не ведаю...

- Заставайся тут i не сыходзь з месца нi ў якiм выпадку...

Мэгрэ пабег да дарогi. Але i там нiкога не ўбачыў. У акне кабiнета вiднелася палоска святла, аднак да падаконнiка нельга было дацягнуцца.

Камiсар не стаў вагацца. Рашуча прайшоў праз увесь сад i пазванiў у дзверы. Служанка адчынiла амаль адразу.