166341.fb2 Порт у тумане (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

Порт у тумане (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

- Я ўжо казаў вам, пан Мэгрэ, што i я са свайго боку вяду расследаванне. Я не ўмешваюся ў вашыя справы, дык, будзьце ласкавы, не ўмешвайцеся i вы ў мае... I не здзiўляйцеся, калi я падам на вас у суд за парушэнне недакранальнасцi жытла з узломам.

Цяжка сказаць, чаго было больш у гэтай сцэне: камiчнага цi трагiчнага. Мэр хацеў здавацца важным, трымаўся, расправiўшы плечы, але з яго вуснаў па-ранейшаму цякла кроў, а твар быў як адзiн вялiзны сiняк, халат быў увесь памяты...

Нарэшце, прысутнасць Вялiкага Луi, здавалася, усё роўна як падсцёбвала яго.

Памятаў ён, мусiць, i пра папярэднюю сцэну, якую няцяжка было ўявiць: катаржнiк, напэўна, бiў з блiзкай адлегласцi i з такою сiлаю, што ўрэшце не мог ужо i размахнуцца як след.

- Выбачайце, пан мэр, але я не магу пайсцi ад вас зараз. Улiчваючы той факт, што вы - адзiны грамадзянiн Вiстрэама, у якога ноччу дзейнiчае тэлефон, я дазволiў сабе даць ваш нумар, бо мне павiнны званiць.

Замест адказу Гранмэзон суха сказаў:

- Зачынiце дзверы!

Сапраўды, дзверы былi зачыненыя.

Мэр узяў адну з рассыпаных на камiне цыгар, хацеў запалiць, але, вiдаць, адзiн ужо дотык цыгары да вуснаў выклiкаў у яго вельмi непрыемнае пачуццё, бо ён з раздражненнем адкiнуў яе.

- Калi ласка, Люка, злучы мяне з Канам.

Камiсар перавёў позiрк з мэра на Вялiкага Луi. Думкi iмклiва праносiлiся ў яго галаве.

На першы погляд жорстка адлупцаваны Гранмэзон павiнен быў здавацца пераможаным, слабым не толькi фiзiчна, але i маральна: яго ж заспелi ў надзвычай непрыемнай сiтуацыi, якая так унiжала яго!

Дык не! За колькi хвiлiн ён падабраўся i хоць збольшага вярнуў сабе рэспектабельны выгляд паважанага буржуа.

Цяпер ён быў амаль спакойны i глядзеў на Мэгрэ высакамерна.

У Вялiкага Луi роля была прасцейшая. Ён быў пераможца, на iм не было нiводнае драпiны. I яшчэ хвiлiну назад ва ўсмешцы ў яго ззяла амаль дзiцячая радасць.

Але неўзабаве матрос пачаў адчуваць сябе неяк няёмка i не ведаў цяпер, што рабiць, як стаць, куды глядзець.

"Хто з iх можа быць галоўны ў гэтай справе?" - задаваў сабе пытанне Мэгрэ.

Нi адзiн, нi другi адказ вiдавочным не здаваўся. Пад падазрэннем заставалiся абодва.

- Алё! Палiцыя Кана? Камiсар Мэгрэ просiць перадаць вам, што ён будзе ўсю ноч у доме мэра... Мэра... Тэлефануйце па нумары адзiн... Алё!.. Ёсць што-небудзь новае? Ужо ў Лiзьё?.. Дзякуй! Але.

Паклаўшы слухаўку, Люка сказаў камiсару:

- Машына толькi што праехала праз Лiзьё. Яна будзе тут праз сорак пяць хвiлiн.

- Калi я не памыляюся, - пачаў мэр, - вы сказалi...

- Што я застануся тут на ўсю ноч. З вашага дазволу, натуральна... Ужо два разы вы пачыналi расказваць мне пра ваша ўласнае расследаванне. Думаю, лепей за ўсё будзе, калi вы дазволiце аб'яднаць вынiкi, якiя мы атрымалi абодва.

Мэгрэ не iранiзаваў. Ён злаваўся, бо нiчога не разумеў у сiтуацыi.

- Растлумачце мне, калi ласка, Луi, чаму, калi мы ўвайшлi, вы... хм... бiлi пана мэра?

Але Вялiкi Луi не адказваў, пазiраючы на мэра так, нiбыта прапаноўваў яму: "Гаварыце вы!"

Гранмэзон вымавiў:

- Гэта мая асабiстая справа.

- Вядома! Кожны мае права быць адлупцаваным, калi яму гэта даспадобы, усмiхнуўся раззлаваны Мэгрэ. - Люка, папрасiце гатэль "Лютэцыя".

Удар быў дакладны. Гранмэзон разявiў рот, хочучы нешта сказаць. Яго рука сцiснула мармуровую дошку камiна.

Люка гаварыў па тэлефоне:

- Пачакаць тры хвiлiны?.. Дзякуй... Але...

Мэгрэ гучна запытаўся:

- Вам не здаецца, што расследаванне прымае дужа дзiўны характар? Дарэчы, пан Гранмэзон, вы маглi б зрабiць мне паслугу... Вы - суднаўладальнiк i, пэўна, ведаеце некаторых людзей вашага кола з iншых краiн. Цi не чулi вы пра такога... чакайце... як гэта яго... Марцiно... цi Мацiно... з Бергена або Транхейма... Нарвежца, словам...

Маўчанне. Твар у Вялiкага Луi пасуровеў. Матрос машынальна налiў сабе ў шклянку вiна.

- Шкада, што вы яго не ведаеце... Зараз ён прыедзе...

Усё! Можна было нi пра што больш не распытваць: нiхто не адкажа нi слова! Нiхто i не ўздрыгне нават! Гэта можна было зразумець па адных толькi паставах мэра i матроса.

Гранмэзон змянiў тактыку. Ён прытулiўся спiнаю да камiна - вуголле палала каля самых яго ног, - i, гледзячы на яго збоку, можна было падумаць, што ў пакоi толькi ён адзiн i быў.

Ну i твар быў у яго цяпер! Размытыя рысы, з падцёкамi i сiнякамi, кроў на падбародку. Сумесь рашучасцi i пакуты. Адчувалася, што ён панiкуе.

Вялiкi Луi, паставiўшы ногi на крэсла, усеўся на яго спiнцы. Пазяхнуўшы тры цi чатыры разы, ён задрамаў.

Зазванiў тэлефон. Мэгрэ хутка зняў слухаўку.

- Алё! Гатэль "Лютэцыя"? Алё?.. Не вешайце слухаўку... Дайце мне, калi ласка, панi Гранмэзон... Але, яе... Яна павiнна была прыехаць сёння пасля абеду цi ўвечары... Я чакаю...

- Спадзяюся, - бляклым голасам пачаў мэр, - вы не збiраецеся ўблытваць маю жонку ў вашыя, скажам так, прынамсi, дзiўныя манеўры?

Але камiсар моўчкi чакаў, прыцiснуўшы слухаўку да вуха i разглядваючы сурвэту на стале.

- Алё!.. Слухаю... Як вы кажаце?.. Паехала назад?.. Хвiлiнку... Давайце па парадку... Калi яна прыехала?.. У сем гадзiн... Выдатна!.. На сваёй машыне i з шафёрам... Кажаце, павячэрала ў гатэлi, а потым яе паклiкалi да тэлефона?.. I адразу ж паехала назад?.. Дзякуй... Не, гэтага дастаткова...

Нiхто не паварушыўся. Гранмэзон здаваўся яшчэ больш спакойным. Мэгрэ павесiў слухаўку, неўзабаве зняў зноў.

- Алё! Паштовае аддзяленне Кана?.. З вамi гавораць з палiцыi... Будзьце ласкавы, скажыце, абанент, ад якога я вам тэлефаную, заказваў размову з Парыжам яшчэ да майго званка?.. Кажаце, хвiлiн з пятнаццаць назад?.. Мусiць, прасiў злучыць з гатэлем "Лютэцыя"?.. Дзякую вам...

На лобе ў Мэгрэ блiшчалi кропелькi поту. Ён паволi набiў пальцам люльку, потым налiў вiна ў адну з дзвюх шклянак, што стаялi на стале.

- Мяркую, камiсар, вы ўсведамляеце, што вашыя цяперашнiя дзеяннi процiзаконныя? Вы залезлi ў дом, зламаўшы дзверы. Застаяцеся тут без майго дазволу. Ды яшчэ сееце панiку ў маёй сям'i. Нарэшце, трымаецеся са мною ў прысутнасцi iншага чалавека, як са злачынцам. Вам прыйдзецца адказваць за ўсё гэта.

- Адкажу!