166341.fb2
- Мне не толькi няма чаго вам сказаць, але i хочацца папрасiць вашага дазволу папярэдзiць нарвежскага консула, каб ён прыняў неабходныя меры.
I гэты туды ж! Гранмэзон пагражаў ужо, што паскардзiцца, цяпер i Марцiно збiраецца зрабiць тое самае! Хiба што адзiн Вялiкi Луi нiкому нiчым не пагражаў, згодзен цярпець што хочаш, было б толькi што выпiць.
Чуваць было, як бушаваў шторм, якi з прылiвам дасягнуў свайго пiку.
Позiрк у Люка быў вельмi красамоўны. Канечне, ён думаў: "Ну i ўлiплi ж мы ў гiсторыю! Хоць бы што-небудзь высветлiлася!.."
Мэгрэ хадзiў па пакоi, сердаваў, палiў.
- Значыць, вы нiчога не ведаеце, нi адзiн, нi другi, пра знiкненне капiтана Жарыса i яго смерць?
Абодва моўчкi пакруцiлi галавою. Раз-пораз Мэгрэ спыняў свой позiрк на Марцiно.
У гэты момант звонку пачулiся хуткiя крокi i стук у дзверы. Пасля кароткiх ваганняў Люка пайшоў адчыняць. Убегла Жулi. Яна цяжка дыхала. Спынiўшыся, ледзь вымавiла:
- Камiсар, мой брат...
I адразу ж здзiўлена змоўкнула, убачыўшы перад сабою гiганцкую постаць Вялiкага Луi, якi ўстаў з крэсла.
- Ваш брат?.. - перапытаў Мэгрэ.
- Нiчога... Я...
Яна паспрабавала ўсмiхнуцца, усё яшчэ цяжка дыхаючы. Адступаючы спiнаю назад, наткнулася на Марцiно, павярнулася да яго.
- Прабачце, пан...
Стала ясна, што яна не знаёмая з iм.
Праз адчыненыя дзверы ў пакой урываўся вецер.
IХ. ЗМОВА МАЎЧАННЯ
Жулi спяшалася ўсё расказаць:
- Я была дома зусiм адна... Мне было страшна... Легла спаць не раздзеўшыся. Раптам у дзверы моцна пастукалi... Прыйшоў Ланэк, братаў капiтан...
- "Сэн-Мiшэль" у порце?
- Ён быў у шлюзе, калi я праходзiла мiма... Ланэк хацеў тэрмiнова пабачыць брата... Здаецца, яны спяшаюцца адплыць... Я сказала яму, што Луi нават не заходзiў да мяне... I ўстрывожылася за яго, бо ён плёў нешта дзiўнае, я нават не разабрала нiчога...
- Чаму вы прыйшлi сюды? - спытаўся Мэгрэ.
- Хацела даведацца, цi няма для Луi якой небяспекi... Ланэк сказаў, што небяспека ёсць i што, мажлiва, нiчым ужо не паможаш... А ў порце мне перадалi, што вы тут...
Незадаволены матрос пацiснуў плячыма, быццам казаў тым самым, што жанчыны часта хвалююцца праз любую драбязу.
- Вам пагражае небяспека? - спытаўся Мэгрэ, спрабуючы злавiць яго позiрк.
Вялiкi Луi засмяяўся. Смех у яго быў штучны i здаўся iдыёцкiм.
- Чым устрывожаны Ланэк?
- А я адкуль ведаю?
Агледзеўшы прысутных, камiсар задуменна, з горыччу вымавiў:
- Значыцца, вы нiчога не ведаеце! I ўсе ў аднолькавым становiшчы. Вы, пан мэр, не знаёмы з панам Марцiно i не ведаеце, чаму Вялiкi Луi, якога вы прымаеце, як добрага знаёмага, гуляеце з iм у шашкi, кормiце i поiце, пачынае раптам бiць вас па твары кулакамi, проста м а л а ц i ц ь...
Нi слова ў адказ.
- I гэта яшчэ не ўсё! Вы лiчыце такiя паводзiны матроса натуральнымi! Не баронiцеся! Адмаўляецеся нават падаць на яго скаргу. Ды што там - i не думаеце выставiць "вашага сябра" за дзверы!
Камiсар павярнуўся да Вялiкага Луi.
- Вы таксама нiчога не ведаеце! Праводзiце ноч на дразе, але хто там быў з вамi - сказаць не можаце... Вас прымаюць у гэтым доме, як дарагога госця, а за гасцiннасць вы плацiце гаспадару лупцоўкаю... I, вядома, вы, як i ўсе, нiколi не сустракалiся з панам Марцiно!..
Нiхто нават не ўздрыгнуў. Усе ўпарта разглядвалi карункi на сурвэце.
- I вы, пан Марцiно, таксама ведаеце не больш за iншых. Вам вядома хоць, на чым вы прыбылi з Нарвегii ў Францыю? Не?.. Вам ямчэй спаць на старой канапе на борце драгi, чым у мяккiм ложку ў гатэлi... У Парыж вы едзеце спачатку на ровары, пасля купляеце машыну... Але вы не ведаеце нiчога i нiкога! Нi пана Гранмэзона, нi Луi, нi капiтана Жарыса... Ну, а вы, Жулi, натуральна, ведаеце пра ўсё гэта яшчэ менш за iншых!..
Камiсар разгублена зiрнуў на Люка. Той зразумеў: i думаць нават не прыходзiлася, каб арыштаваць усiх.
Кожны з iх паводзiў сябе вельмi дзiўна, манiў i сам сабе пярэчыў. Але ж i нiхто не даваў сапраўднага доказу!
Гадзiннiк паказваў адзiнаццаць вечара. Мэгрэ выбiў люльку ў камiн.
- Я вымушаны прасiць вас усiх заставацца ў руках правасуддзя. Мне, несумненна, прыйдзецца яшчэ задаць вам некалькi пытанняў, нягледзячы на тое, што вы нiчога не ведаеце... Мяркую, пан мэр, вы не маеце намеру пакiнуць Вiстрэам?
- Не!
- Я вам удзячны... Вы, пан Марцiно, маглi б зняць нумар у гатэлi "Унiверсаль", дзе спынiўся i я...
Нарвежац пачцiва нахiлiў галаву.
- Люка, правядзi пана ў гатэль, - сказаў камiсар памочнiку i павярнуўся да Вялiкага Луi i Жулi. - Вы абое iдзiце за мною...
Выйшаўшы з вiлы, Мэгрэ рушыў спачатку ў шынок. У перапынку памiж шлюзаваннямi партавiкi пiлi там гарачы грог, грэлiся. Камiсар адпусцiў жандараў, што чакалi яго тут, як ён загадаў. На дварэ зiрнуў услед Люка i Марцiно. У гатэлi яшчэ гарэла святло: гаспадар не клаўся спаць, чакаў пастаяльцаў.
Жулi была без палiто i дрыжала цяпер ад холаду. Луi зняў куртку i сiлаю накiнуў яе дзяўчыне на плечы.
Дзьмуў такi моцны вецер, што амаль немагчыма было гаварыць. Закладвала вушы. Халоднае паветра апякала твар, балелi павекi. Iшлi, нахiляючыся ўперад. Партавiкi ў шынку глядзелi iм у спiну.
- Гэта "Сэн-Мiшэль"? - спытаўся камiсар, убачыўшы паруснiк, якi выходзiў са шлюза ў порт. Судна здалося Мэгрэ вышэйшым, чым тады, калi ён убачыў яго ўпершыню.
Матрос нешта прабурчаў. Камiсар ледзь зразумеў, што той хацеў сказаць: судна выгрузiлася ў Кане i цяпер iшло ўлегцы па новы груз.