166341.fb2 Порт у тумане (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

Порт у тумане (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

Яны падыходзiлi ўжо да домiка Жарыса, калi да iх наблiзiўся чыйсьцi цень. Каб пазнаць адно аднаго, трэба было стаць твар у твар. Чалавек, што падышоў да iх, не надта ўпэўнена сказаў Вялiкаму Луi:

- А, вось i ты... Спяшайся, адплываем...

Мэгрэ паглядзеў на недарослага капiтана-брэтонца, пасля на мора, якое з грукатам кiдала свае магутныя хвалi на пiрсы. Неба, скрозь у хмарах, якiя плылi i плылi, было трывожнае.

"Сэн-Мiшэль" стаяў на якары каля паляў, у поўнай цемры, калi не лiчыць маленькае лямпачкi, што гарэла пад рубкаю.

- Хочаце адплываць? - спытаўся камiсар.

- А што ж нам рабiць?

- Куды курс?

- У Ларашэль, загрузiмся вiном...

- Вялiкi Луi вам вельмi патрэбны?

- А вы думаеце, можна ўправiцца ўдвух у такое надвор'е?

Жулi змерзла. Слухаючы мужчын, яна пераступала з нагi на нагу. Луi глядзеў то на Мэгрэ, то на судна, на якiм ужо скрыпелi шкiвы.

- Чакайце мяне на шхуне, - сказаў камiсар Ланэку.

- Толькi...

- Што?

- Праз дзве гадзiны вада спадзе, i тады нам у мора не выйсцi...

У вачах у Ланэка прамiльгнуў нейкi цьмяны неспакой. Вiдаць было, што яму нiякавата. Ён таксама пераступаў з нагi на нагу i не мог нi на чым спынiць позiрк.

- Мне трэба зарабляць на жыццё!

Капiтан i Луi коратка пераглянулiся, i Мэгрэ зразумеў, якiмi думкамi паспелi яны абмяняцца. Iншы раз iнтуiцыi можна даверыцца.

Ланэкаў позiрк здаваўся нецярплiвым i выказваў нешта накшталт гэтага: "Судна побач... Застаецца аддаць швартоў... Умантуль разок палiцэйскаму - i парадак!"

Пасля кароткiх ваганняў Вялiкi Луi змрочна зiрнуў на Жулi, крутнуў галавою.

- Чакайце мяне на судне! - паўтарыў Мэгрэ.

- Але... - пачаў быў капiтан...

Мэгрэ не адказаў i падаў брату i сястры знак iсцi за iм у дом.

* * *

Яны сядзелi ўтраiх на кухнi. У жалезнай печы дамавiта гарэў агонь, гудзенне якога часам пераходзiла аж у грукат - такая была цяга.

- Дай нам чаго-небудзь выпiць, - сказаў камiсар Жулi.

Дзяўчына дастала з шафы графiн з кальвадосам i размаляваныя шклянкi.

Мэгрэ адчуваў, што быў тут цяпер лiшнi. Жулi дорага б заплацiла, каб застацца з братам сам-насам. Той сачыў за ёй вачыма, у якiх угадвалiся любоў i нейкая няўклюдная пяшчота.

Як сапраўдная гаспадыня, Жулi, налiўшы мужчынам, засталася стаяць i падкiнула ў печ вугалю.

- Светлая памяць капiтану, - сказаў Мэгрэ.

Потым запала доўгае маўчанне. Мэгрэ не спяшаўся з размоваю.

Цiшыня давала кожнаму магчымасць лепш адчуць прыемную, цёплую ўтульнасць пакоя.

Патроху гудзенне ў печы загучала пад роўнае цiканне гадзiннiка як нейкая мелодыя. Пасля ветру i холаду шчокi расчырванелiся, вочы заблiшчалi. Паветра ў пакоi напоўнiлася вострым пахам кальвадосу.

- Капiтан Жарэс... - задуменна сказаў камiсар. - Цяпер я сяджу на яго месцы, у яго крэсле... Плеценым крэсле, якое скрыпiць пры кожным руху... Калi б капiтан быў жывы, дык вярнуўся б у гэты час з порта i, пэўна, таксама папрасiў бы крыху спiртнога, каб сагрэцца... Так, Жулi?..

Дзяўчына адвярнулася.

- Ён не адразу пайшоў бы спаць... Iду ў заклад, што капiтан зняў бы абутак, вы прынеслi б яму пантофлi... А ён сказаў бы: "Ну i надвор'е... "Сэн-Мiшэль" усё-такi вырашыў выйсцi ў мора, памагай яму Бог..."

- Адкуль вы ведаеце?

- Што?

- Што ён так казаў: "Памагай яму Бог"? Менавiта так ён i гаварыў!..

Дзяўчына расхвалявалася i глядзела на камiсара з удзячнасцю. Вялiкi Луi ўнурыўся.

- Больш ён гэтага не скажа... А якi быў шчаслiвы... Меў прыгожы дом, сад з кветкамi, якiя так любiў, i грошы ў яго былi... Здавалася, усе яго любяць... I ўсё ж такi нехта паклаў усяму гэтаму канец, раптоўна, усыпаўшы крыху белага парашку ў шклянку з вадою...

Жулi зморшчылася. Яна ледзь трымалася, каб не заплакаць.

- Крыху белага парашку - i ўсё... А той, хто гэта зрабiў, будзе жыць шчаслiва - нiхто ж не ведае, хто ён!.. Хоць, мусiць, быў нядаўна сярод нас...

- Маўчыце! - папрасiла Жулi, умольна склаўшы рукi. Па твары ў яе цяклi слёзы.

Але камiсар ведаў, што робiць. Ён цiха, паволi вымаўляў слова за словам. Гульнёю гэта нельга было назваць - Мэгрэ аддаўся ёй сам. Вiною таму быў iдылiчны спакой гэтага вечара, якi так хваляваў душу, варта толькi было ўявiць сабе ў чатырох сценах кухнi каржакаватую Жарысаву постаць.

- У нябожчыка толькi адзiн сябар - я!.. Чалавек, якi б'ецца ў адзiноце, каб адкрыць праўду i перашкодзiць забойцу Жарыса быць шчаслiвым.

Жулi, не вытрымаўшы, рыдала - Мэгрэ гаварыў далей:

- А ўсе вакол маўчаць, усе хлусяць, так што мiжволi падумаеш, што ўсе ў нечым вiнаватыя, усе маюць дачыненне да злачынства!

- Гэта няпраўда! - крыкнула Жулi.

Вялiкi Луi, якi адчуваў сябе ўсё больш нiякавата, зноў налiў у абедзве шклянкi.