166341.fb2
У кубрыку - асколкi разбiтага шкла, расчыненыя шафы...
Начальнiк порта не ведаў, што i рабiць. Шхуна ж не была яго ўласным суднам! Пачынаць здымаць яе з мелi, выклiкаць буксiр з Трувiля, узяць на сябе адказнасць за ўсё, што трэба рабiць у такiм выпадку?
- Калi пакiнуць тут шхуну да наступнага прылiву - капцы! - змрочна сказаў Дэлькур.
- Добра, паспрабуйце зрабiць усё, што ў вашых сiлах... Скажаце, што гэта я загадаў...
Нiколi яшчэ дагэтуль трывога не была такая цяжкая, не прыгнятала так, як цяпер. Людзi мiжволi паглядвалi ў бок пустынных дзюнаў, усё роўна як чакалi, што адтуль з'явяцца Ланэк, Вялiкi Луi, Сэлестэн...
I дарослыя i дзецi iшлi з вёскi ў порт. Калi Мэгрэ падыходзiў да Вiстрэама, насустрач яму выбегла Жулi.
- Гэта праўда?.. Яны пацярпелi крушэнне?..
- Не... Селi на мель... Такi дужы хлопец, як ваш брат, павiнен быў выбрацца...
- Дзе ён?
Нiякавата адчуваў сябе камiсар у гарадку. Толькi ён падышоў да гатэля "Унiверсаль", гаспадар спытаў:
- Я яшчэ не бачыў двух вашых сяброў. Будзiць iх?
- Не трэба...
Мэгрэ сам падняўся ў нумар Люка, якi ляжаў на ложку, звязаны гэтаксама надзейна, як i Мэгрэ якую гадзiну назад.
- Зараз усё растлумачу...
- Не трэба!.. Хадзем...
- Ёсць што новае? Ну i змоклi вы!.. Дасталася вам, вiдаць...
Мэгрэ прывёў яго на пошту насупраць у верхняй частцы гарадка. Тыя, хто мог, беглi на бераг, астатнiя стаялi на ганках.
- Ты што, абаранiцца не змог?
- Ён мяне на лесвiцы скруцiў... Падымалiся на другi паверх... Ён iшоў ззаду... Раптам схапiў мяне за нагу - i ўсё гэта здарылася так хутка, што я i пальцам не паспеў варухнуць. Вы ж яго бачылi!
Убачыўшы Мэгрэ, усе разгубiлiся. Можна было падумаць, што ён усю ноч праседзеў па шыю ў вадзе. На пошце ён нават не змог пiсаць: папера намакала ад вады, што сцякала з яго адзежы.
- Вазьмi пяро... Тэлеграмы ва ўсе мэрыi i жандарскiя аддзяленнi дэпартамента... Дзiў, Кабур, Улгат... Паўднёвыя пасёлкi таксама: Люк-сюр-Мэр, Льён, Кутанс... Правер па карце... Усе вёсачкi на дзесяць кiламетраў ад Вiстрэама... Прыкметы чатырох: Луi, Марцiно, Ланэка, Сэлестэна... Калi адправiш тэлеграмы, тэлефануй у блiжэйшыя мэрыi i аддзяленнi, каб выйграць яшчэ час...
Пакiнуўшы iнспектара займацца тэлеграмамi i тэлефоннымi перагаворамi, Мэгрэ заскочыў у шынок насупраць пошты, выпiў залпам шклянку гарачага грогу. Прыпаўшы да акна, у камiсара цiкаўна ўзiралiся хлапчукi.
Вiстрэам прачнуўся. Усе хвалявалiся, нервавалiся, глядзелi на мора або спускалiся да берага, перадавалi навiны, якiя абрасталi рознымi дэталямi i рабiлiся неверагодныя.
Па дарозе Мэгрэ сустрэў старога рыбака, якi вызвалiў яго ранiцай.
- Ты не расказваў, што...
- Я сказаў, што знайшоў вас, - абыякава адказаў стары.
Камiсар даў яму дваццаць франкаў i зайшоў у гатэль пераапрануцца. Праймалi дрыжыкi. Кiдала то ў гарачку, то ў холад. Мэгрэ глянуў у люстра. Шчацiнне, пад вачыма - мяшкi. Аднак, нягледзячы на стомленасць, галава была ясная. Нават больш ясная, чым звычайна. Ён паспяваў усё заўважыць вакол сябе, адказваў людзям, задаваў iм пытаннi - i рабiў усё гэта з бездакорнай логiкай.
Калi ён вярнуўся на пошту, было каля дзесяцi гадзiн. Люка заканчваў тэлефонныя перагаворы. Тэлеграмы былi ўжо адпраўлены. На яго пытаннi жандары адказвалi, што пакуль нiчога асаблiвага не прыкмецiлi.
- Мадэмуазель, пан Гранмэзон не заказваў тэлефоннай размовы?
- Гадзiну назад... З Парыжам...
Яна назвала яму нумар. Камiсар пагартаў тэлефонны даведнiк i зразумеў, што гэта нумар апарата ў калежы "Станiслаў".
- Мэр часта заказвае гэты нумар?
- Нярэдка. Здаецца, гэта пансiён, дзе вучыцца яго сын.
- Але, у яго ёсць сын. Гадоў пятнаццацi, так?
- Мусiць, так. Але я нiколi яго не бачыла.
- Пан Гранмэзон не званiў у Кан?
- Не, але званiлi яму. З Кана. Нехта з родных цi служачых, бо званок быў з дому.
Затрашчаў тэлеграф. Дэпеша ў порт: "Буксiр Атос будзе рэйдзе поўдзень. Подпiс: параходства Трувiля".
Нарэшце званок з палiцыi з Кана:
- Панi Гранмэзон прыбыла ў Кан у чатыры гадзiны ранiцы. Ноч правяла дома, на вулiцы Дзюфур. Толькi што выехала на машыне ў Вiстрэам.
* * *
Калi Мэгрэ зiрнуў з порта на бераг, то ўбачыў, што мора адступiла ўжо далёка i "Сэн-Мiшэль" заставаўся недзе на паўдарозе памiж вадою i дзюнамi. Усе з трывогай глядзелi на гарызонт. Асаблiва змрочны быў капiтан Дэлькур.
Сумненняў не заставалася. З адлiвам вецер сцiх, але ў поўдзень, калi пачнецца прылiў, узнiмецца сапраўдная бура. Гэта адчувалася па колеры неба яно было нейкае непрыемна шэрае, хваляў - дзiўна зялёных.
- Мэра нiхто не бачыў?
- Служанка перадавала мне ад яго iмя, што яму нездаровiцца i што ён даручае мне кiраваць работамi па ратаваннi судна.
Засунуўшы рукi ў кiшэнi, Мэгрэ павольна накiраваўся да вiлы. Пазванiў. Чакаў, калi яму адчыняць, хвiлiн дзесяць.
Служанка хацела нешта яму растлумачыць. Не слухаючы яе, камiсар пайшоў па калiдоры. У яго быў такi рашучы выгляд, што яна змоўкла i пабегла да дзвярэй кабiнета.
- Гэта камiсар! - крыкнула яна.
Мэгрэ ўвайшоў у пакой, добра ўжо яму знаёмы, кiнуў капялюш на крэсла i кiўком галавы паздароўкаўся з мэрам, якi сядзеў, выцягнуўшы ногi, у фатэлi.