166341.fb2
- Колькi ён зарабляў?
- Па-рознаму, вайна ж усё пераварушыла... Аднак дастаткова, каб купiць дамок. Iду ў заклад, што ў банку ў яго было сама меней тысяч дваццаць пяць.
- А можа, больш?
- Не думаю. Ну, хiба што тысяч на пяць, але не больш.
У гэты час адчынiлi верхнiя вароты шлюза, i судна выходзiла ў канал, а другое, што прыйшло з Кана, рыхтавалася заняць яго месца ў шлюзе, каб выйсцi пасля ў адкрытае мора.
Стаяла цiшыня. Людзi сачылi вачыма за камiсарам i мэрам. З палубы ангельскага карабля матросы абыякава пазiралi на натоўп, не забываючыся манеўраваць.
- Што вы думаеце пра Жулi Легран, пан мэр?
Пан Гранмэзон прамаўчаў, пасля адказаў:
- Дурнiца, якой ускружыла галаву занадта пачцiвае Жарысава далiкацтва... Думае пра сябе... немаведама што... ва ўсякiм выпадку, зусiм не тое, што яна ёсць на самой справе...
- А яе брат?
- Я яго нiколi не бачыў... Мне казалi, што нягодны чалавек...
Перабраўшыся праз шлюз, яны падыходзiлi цяпер да агароджы Жарысавага дома, каля якой усё яшчэ ашывалiся некалькi хлопчыкаў.
- А чаго ён памёр?
- Стрыхнiн.
Выгляд у Мэгрэ быў сама рашучы. Ён ступаў паволi, засунуўшы рукi ў кiшэнi, у роце была люлька, якая пасавала яго шырокаму твару, - у яе ўваходзiла чвэрць пачка махоркi.
На нагрэтай сонцам агароджы ляжала белая кошка. Прыкмецiўшы людзей, яна ўскочыла i ўцякла.
- Вы не будзеце заходзiць? - здзiвiўся мэр, убачыўшы, што Мэгрэ чамусьцi спынiўся.
- Хвiлiнку! Як вы думаеце, цi была Жулi каханкаю ў капiтана?
- Не ведаю, - з раздражненнем адказаў Гранмэзон.
- Вы часта бывалi ў яго доме?
- Нiколi! Жарыс служыў у мяне, а ў такiх выпадках...
Зрабiўшы невялiкую паўзу, мэр усмiхнуўся - шматзначна, з годнасцю вялiкага пана.
- Пакончым з гэтым хутчэй, - дадаў ён, - калi вы не пярэчыце. Неўзабаве абед, у мяне будуць госцi...
- Вы жанаты?
Мэгрэ ўпарта распытваў мэра, паклаўшы рукi на клямку брамкi.
Гранмэзон паглядзеў на яго зверху ўнiз (ён быў вышэйшы - прыкладна метр восемдзесят пяць). Камiсар заўважыў, што мэр крыху касавокi.
- Мушу вас папярэдзiць, што калi вы i далей будзеце гаварыць са мною такiм тонам, то для вас гэта можа скончыцца непрыемнасцю... Пакажыце мне тое, што вы павiнны паказаць.
Мэр сам адчынiў брамку. Калi ён ступiў на ганак, палявы вартаўнiк, якi ахоўваў дом, пачцiва адышоўся ўбок.
Праз зашклёныя дзверы кухнi Мэгрэ кiнулася ў вочы, што ў пакоi сядзелi абедзве жанчыны, але Жулi не было.
- Дзе яна? - спытаўся камiсар.
- Паднялася да сябе... Зачынiлася i не хоча выходзiць...
- Чаму гэта раптам?..
Жонка дазорцы з маяка растлумачыла:
- Ёй стала лепш... Праўда, яна яшчэ плакала, але ўжо меней, толькi калi гаварыла... Я прапанавала ёй з'есцi што-небудзь, i яна адчынiла шафу...
- Ну i што?
- Не ведаю... Мне здалося, яна спалохалася... Кiнулася адразу ж па лесвiцы, мы i пераглянуцца не паспелi, як яна зачынiлася на ключ...
У шафе не было нiчога асаблiвага: посуд, кошык з яблыкамi, талерка з марынаванымi селядцамi, дзве мiскi з рэшткамi лою - мусiць, нядаўна там было мяса.
- Я чакаю, пакуль вы зробiце ласку заняцца справаю, - нецярплiва сказаў мэр з калiдора. - Ужо ж палова дванаццатай... Мне здаецца, што паводзiны гэтай Жулi...
Мэгрэ замкнуў шафу, паклаў ключ у кiшэню i, цяжка ступаючы, рушыў да лесвiцы.
III. КУХОННАЯ ШАФА
- Адчынiце, Жулi!
Нi слова адказу. Чуваць адно, як дзяўчына кiнулася на ложак.
- Адчынiце!
Зноў маўчанне. Тады Мэгрэ ўдарыў плячом у дзверы, i замок вылецеў.
- Чаму вы не адчынялi?
Яна не плакала. На твары - нiякага хвалявання. Больш таго, яна спакойна скурчылася на ложку i, застылая, глядзела на шклянку вады на крэсле. Калi камiсар падышоў да дзяўчыны, яна ўскочыла i кiнулася да дзвярэй.
- Пакiньце мяне адну! - вымавiла яна.
- Добра. Толькi аддайце мне цыдулку, Жулi.
- Якую цыдулку?