17003.fb2
Скончыўся месяц траў, адквітнеў за ім месяц кветак.
Аднесла ветрам арэхавы пылок, згінула да наступных надзей і новай вясны вампір-трава, адышлі пярэста-зялёныя “капыцікі марыінай асліхі” – падалешніцы. Прыйшоў пчаліны, касазвонны месяц цвету ліп.
Усё мянялася. Нішто не мянялася толькі ў Загоршчыне.
І вось аднойчы, прачнуўшыся пазней звычайнага ад прыглушанага звону гадзінніка, Алесь адчуў, што нешта не так. Не ўвайшоў Фельдбаўх, не з’явілася ў дзвярах хмурнаватае аблічча добрага Кірдуна.
І хлопец на нейкую хвіліну адчуў сябе самотным і пакінутым на волю лёсу. Толькі на адну хвіліну, бо ў наступны момант ён успомніў, што прыйшоў той дзень і з ім, магчыма, нейкая воля, магчымасць быць хоць трошкі гаспадаром самому сабе.
На гэта намякала адзенне, вольна раскладзенае на спінцы крэслаў, і тое, што дзверы ў ванны пакой былі адчынены, – рабі сам, што хочаш. З асалодаю ўспомніўшы гэта, ён пацягнуўся і раптам, быццам кім падкінуты, сеў на ложку.
За акном пачуўся гулкі гук. Аднекуль з-за дома, з берага паркавага стаўка, ударыла гармата. Потым другі раз... трэці... восьмы... адзінаццаты.
Дзверы расчыніліся рэзка, як быццам таксама ад удару гарматы. На парозе стаяў пан Юры, белазубы, загарэлы. Махровы персідскі халат расхінуўся на грудзях. Ад усёй постаці, ад хвалістых густых вусоў, ад сініх смяшлівых вачэй так і веяла здароўем.
– Паставіць на ногі лайдака-князя, – грозна рыкнуў бацька. – Лайдак-князь спіць і не ведае, што яго чакаюць вялікія справы.
Алесь не паспеў спахапіцца, як дужая мужчынская рука рванула коўдру і бліскавічна, асабліва гучна ляснула па мяккім месцы.
– Stehe auf, – грымныў бацька, на хвіліну так удала ўдаючы Фельдбаўха, што аж страшна стала. – Eine außerordentlich perfekte Fürterhalbwüchsigerverrichtung ist keine Bettharrung auf’ne Vonsichselbstvollziehung, nüch?[19]
І сцягнуў сына за нагу з ложка.
– Мыцца, мыцца разам.
У ванным пакоі, ля глыбокага басейна, бацька скінуў халат і пантофлі, і толькі тут старонні заўважыў бы, як яны падобны, пан Юры і Алесь. Хлапечыя, але моцныя формы сына абяцалі з часам зрабіцца падобнымі на гладкія і магутныя формы бацькі.
Бацька нечакана злавіў яго і, прыўзняўшы, так спрытна кінуў галавою ў басейн, што Алесь колам перавярнуўся ў вадзе.
– Адмірал, чалавек за бартом! – крыкнуў бацька, затым услед пляснуўся у блакітную ваду і схапіў сына за пятку. – Купанне Ахіла пачынаецца. У ролі маткі героя князь Юры Загорскі.
...Пасля купання яны апрануліся ў суседнім пакоі, і гэта было вельмі падобна на маскарад, бо абодва апранулі ўзверх батыставых сарочак з карункавай грудзінай і вузкіх нагавіц да калень яшчэ і шырокае мясцовае адзенне, што чакала дзесяцігоддзямі падобных выпадкаў, лежачы ў скрынях паміж лісцяў дарагога турэцкага тытуню.
Бацька ўсклаў на сябе суконны паднізень вішнёвага колеру, а паўзверх яго чырвоную, тканую золатам чугу, крэкчучы нацягнуў малінавыя боты і чырвоныя замшавыя пальчаткі. Потым сын памог яму абкруціць вакол таліі залататканы слуцкі пояс. Бацька прыціснуў канец пояса далонню на жываце і павольна круціўся, сочачы, каб пояс лёг гожымі складкамі.
Цяпер прыйшла чарга Алеся. Ён таксама нацягнуў боты, толькі белыя. Пасля замест паднізня бацька накінуў на яго шырокую белую кашулю з адным плячом, – на другім яе закалолі сярэбранай фібулай. Паўзверх кашулі пан Юры, па-мужску няспрытна, апрануў сына ў вузкую белую чугу, такую самую, як і ў самога, толькі тканую серабрыстымі і блякла-залацістымі травамі.
– Велікародныя гаспадары Загорскія, князі Сухадола і Вежы збіраюцца на вайну.
– Куды на вайну?
– Вядома куды. На аршанскае поле.
– Каго біць?
– Там скажуць!
– А за што?
– А так, – сказаў бацька. – Без дай прычыны. Каралеўскі загад.
Святочныя, яны выйшлі на тэрасу, дзе іх чакала маці з маленькім Вацлавам, гувернёры і некалькі слуг на чале з Кірдуном. Маці і Вацлаў былі ў звычайных святочных адзеннях з белага індыйскага мусліну і карункаў, гер Фельдбаўх у сурдуце, месье Жано – у зграбным чорным фраку.
Затое слугі, падобна гаспадару з сынам, былі таксама ў старой паюцкай вопратцы.
Маці прывіталася з сынам і ўстала за мужчынамі. Усе пачалі спускацца з тэрасы. Алесь ішоў, апусціўшы вочы, калі раптам нешта неўсвядомленае прымусіла радасна задрыжаць яго веі.
Ён ускінуўся – перад ганкам стаялі ў святочных уборах Кагуты: Міхал, дзед Даніла, Андрэй, Кандрат, Павал, Юрась. Толькі Марылі не было ды старэйшага Стафана.
Кінуўся быў да іх – бацькава рука ўладна сціснула плячо.
Кагуты стаялі моўчкі. Ніхто з іх не глядзеў на пана Юрыя; толькі на Алеся глядзелі ўсе. І Алесь, адчуваючы амаль фізічны боль у сэрцы, ішоў да іх.
Толькі наблізіўшыся, ён ўбачыў, як моцна яны цяпер адрозніваюцца ад яго, які высахла-белы стары Даніла, якая ссутуленая, прыгнутая цяжарам зямлі, спіна ў Міхала, якія нязграбныя рухі ў сыноў, быццам спуджаных святочнай вопраткай і дзівоснымі абставінамі. Усе яны хавалі вочы. Толькі Паўлюк, здзіўлена і нават неяк адчужана, глядзеў на паніча.
Кірдун з аброццю на плячы зайшоў перад панамі і стаў твар у твар з Міхалам.
Ён працягнуў адзін канец аброці Міхалу, другі – пану Юрыю.
– Дзе тая аброць, на якой ты вадзіў гэтага стрыгуна? – спытаў Халява.
– Вось, – паспешлівыя пальцы Міхала выцягнулі з-за спіны сырамятную цёмную аброць.
Кірдун узяў і працягнуў другі канец гэтай аброці пану Юрыю. Так яны і стаялі, злучаныя дзвюма аброцямі, мужык і пан...
Цяпер гаварыў Юры.
– Ці абаранялі паніча твае сцены? – спытаў Загорскі.
– Абаранялі. Як сыноў, так і яго.
– Дай, – сказаў пан.
Андрэй ступіў да паніча і выняў са скуранога вацка шчопаць сажы, тлустай сажы з хатняй сцяны.
– Маж, – сказаў бацька. – Каб помніў.
Калі Андрэй мазаў сажай пасму валасоў на Алесевай галаве, хлопец узняў на яго ўмольныя вочы. І толькі Андрэй, перахапіўшы позірк, непрыкметна для іншых усміхнуўся яму краёчкам вуснаў.
Вацок з астатняй сажай таксама схавалі ў ларэц.
– Ці вадзіў ты яго па зямлі, куды мы ўсе пойдзем? – спытаў бацька.
– Так, – сказаў Міхал.
– Тады атрымай трыццаць, – бацька глянуў на Алеся і паправіўся, – не, нават сорак восем дзесяцін... Той клін, што за Лугавым. Каб табе і дзецям тваім было па якой зямлі хадзіць... Гэта зямля вызваляецца ад пабору і давеку астанецца за тваёй сям’ёй.
Юрась, відаць, загадзя падрыхтаваны, стаў на калені, і Юры паклаў яму на рукі шчопаць падножнага.
– Ці вучыў ты майго сына быць літасцівым да жывёл, як то належыць чалавеку?
– Так.
– Тады атрымай сем коней-двухгодак і дзве каровы для жанчын.
Веі ў Алеся былі вільготныя. Што б там ні было, а гэта яго, Алеся, прадавалі зараз, і ў гэтым было яго падабенства з другімі людзьмі ў белым.
– Дом твой будзе моцны, – сказаў пан Юры. – Пад кожную пяту твае хаты і хаты сыноў ты пакладзеш па дзесяць рублёў, бо выхоўваў у працы і поце майго сына. Шэсць сыноў – дзвесце сорак рублёў...
Скураны мяшочак бразнуў, упаўшы паміж двума строямі.
…Пасля Алеся пасадзілі на Ургу і пан Юры павёў яго вакол маёнтка. Астатнія ішлі за ім. Бацька спыніўся на высокім урвішчы Дняпра і абвёў рукою ўсё, што вакол.
– Гэта тваё, – сказаў ён. – Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць.
Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Потым падаў бацьку кароткі корд у срэбных, з залатымі травамі похвах.
Бацька стаў побач з канём і засунуў шаблю ў пятлю высокага сядла.
– Ты носіш добрую зброю, каб не злоўжываць ёю, і багатую вопратку, каб не ганарыцца ёю перад астатнімі.
І ён злёгку пацягнуў сына нагайкай па спіне, а потым прымацаваў гарапнік да другой пятлі сядла.
– Помні.
За ўсімі гэтымі цырымоніямі не заўважылі, як стамілася пані Антаніда. У яе забалела галава, і пан Юры нават з некаторай радасцю адпусціў яе.
– Стаміўся? – спытаў бацька, з паблажлівай ласкавасцю заглядаючы ў вочы сына.
– Не.
– Гэта добра. Зараз, браток, пачнем абрад, на якім нікому не дазволена прысутнічаць, акрамя нас… Добра запомні… Бо давядзецца перадаваць сыну…
Твар ягоны быў стомлены, відаць было, што яму абрыдзела ўсё гэта, але нават ён знаходзіцца зараз пад страшным цяжарам нечага абавязковага, наканаванага і непахіснага.
…Яны мінулі палац і пайшлі па незнаёмай алеі ў тую частку ірэгулярнага парку, куды бацька дагэтуль ніколі не вадзіў Алеся.
Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Замест светлых ліп, ясакараў і італьянскіх таполяў паабапал алеі ўсё часцей трапляліся чорныя і нейкія зімнія яліны ды змрачнаватыя векавыя дубы. Яленец суцэльным магутным дываном укрываў палянкі, нечапаная папараць клубілася над зрынутымі дрэвамі. Парк быў ужо сапраўдным лесам.
І тут бліснуў у непралазным гушчары празрысты, відаць, ад магутных крыніц, стаў, а над ім, на цьмянай ад ценю паляне паўстала дзіўная будыніна, вузкая і высокая, змураваная з шэрага і ружовага каменя-дзікуна.
Такой яна была на вышыню аднаго паверха. Вышэй камень быў абчэсаны, былі нават там-сям раманскія арачкі. А яшчэ вышэй, амаль да верхавін пяцісотгадовых замшэлых дубоў, узносіліся дзве карункава-змрочныя гатычныя вежкі. Змрачнаватая, значна большая ў вышыню, чым у даўжыню і шырыню, будыніна думала аб чымсьці, што не датычылася двох чалавек, якія зараз ішлі праз заценены луг да яе дзвярэй, і гэты яе спакой быў спакоем канца.
Перад ёю, у высокай траве, ляжалі па крузе сем абчасаных камянёў, а ў цэнтры круга ляжаў восьмы, з правільна круглым заглыбленнем наверсе.
– Сядай на зямлю, – сказаў пан Юры. – І слухай.
Неўсвядомлена пранікаючыся нечым страшнаватым, Алесь сеў.
– Глядзі, – сказаў бацька.
На баку цэнтральнага каменя быў выбіты няўмела парушаны ва ўсіх прапорцыях вобраз добрага пастыра, які нясе на плячах агнца.
– А цяпер уяві, што сорак доўгіх чалавечых жыццяў ляжыць паміж табою і гэтым пастырам. Сорак. А ты сорак першы.
Яны маўчалі, схіліўшы галовы. Пад вяршынямі дрэў быў такі спакой – лісток не шалахнецца.
– Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар. Будуць і тыя, каму зробіцца нясцерпна цяжка, і я малюся богу, каб гэта не быў ты. Таму што ніхто не пазбегне. Кожны павінен будзе несці на рамёнах слабага, ягоны боль і ягоную крыўду. Хто гэты слабейшы – кожны выбірае сам. Друг, вера, жанчына або яшчэ нешта, пакуль невядомае… А цяпер паглядзі: на другой грані яшчэ больш старыя рысы. Гэты маладзік – гэта серп, а гэтыя калматыя трысцінкі – каласы. Хто будзе жаць – аб гэтым маўчаць гады і маўчаць стагоддзі. Ніхто яшчэ не дадумаўся, бо той, хто іх выбіў, памёр і не скажа… Пасядзі хвіліну, сыне, падумай або проста памаўчы.
Алесь маўчаў і так. Яго краналі не словы, а проста мёртвы сон камянёў, дрэў, будыніны, якую абкружалі, сціскалі дубы.
– Тут было паганскае капішча, – сказаў нарэшце бацька. – Якому богу яны маліліся – ніхто не ведае. Бо з іх не ўцалеў ніхто… Яны пакінулі гэтыя камяні і гэты серп маладзіка і зніклі, як аблокі. Тут яны збіраліся, а гэты камень і чаша на ім былі, відаць, ахвярнікам. Колькі год так было – невядома. А потым з Полацка прыйшоў Дняпром бліжні дружыннік Глеб, і тады гэтыя людзі ўбачылі кроў. Не варта было, калі не хацелі крыжа? Вядома. Але хто звяртаў увагу на тое, чаго хоча і чаго не хоча мурашнік? Не звяртаў і Глеб… Капішча шукалі доўга. І знайшлі… І вось пад гэтымі камянямі загінулі ўсе яго абаронцы. Да аднаго.
Бацька памаўчаў.
– Тут было раней два рады камянёў. Вонкавы ўзялі і залажылі ў падмурак будынка. Але потым Глеб раздумаў. Відаць, таму, што тут быў такі спакой і нельга было не палюбіць гэтага месца. Таму ён проста загадаў асвяціць галоўны камень вобразам пастыра, але тых камянёў з падмурка не выняў. Ты іх можаш убачыць… Спачатку пабудавалі першую частку будыніны, самы ніз. Другую трэць надбудавалі праз трыста год, калі ўжо і косці Глеба згнілі ў Куцеянскіх пячорах. Вежкі надбудавалі яшчэ праз дзвесце год… І вось усё гэта стаіць: камяні на беразе става, дубы, што ў тры разы маладзейшыя за іх, і камяніца.
– Што гэта? – спытаў Алесь.
– Гэта магільня Загорскіх, сыне.
Бацька павольна адхінуў траву ад вобраза пастыра.
– Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася. У нас – толькі магілы. Толькі адны магілы, раскіданыя па гэтай зямлі. Курганы на беразе Дняпра, капцы на сялянскіх могілках, твая і мая магільня, сыне… Вось яна…
Моўчкі, быццам усё было сказана, яны пайшлі да магільні.
Бацька адчыніў дзверы. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. У нішах, пад замком, ляжалі скруткі нейкіх дакументаў, кнігі ў драўляных вокладках. Паміж імі стаялі срэбныя каўчэгі для асабліва важных манускрыптаў.
Бацька зняў з цвіка доўгую гнуткую кальчугу.
– Бачыш, гэта пра яе сказаў Сімяон Вежа: “Бог сведка, тады было гора. Я сам бачыў чалавека, у якога на кожным дробным кольцы кальчугі была выбіта назва месца, дзе яны рабіліся: сутычкі і сечы, змовы і паядынкі… Чалавек той быў мой бацька”.
Кальчуга пералівалася ў руках бацькі.
– Бачыш, на грудзях і жываце ніводнага вольнага кольца…
Па каменных плітах падлогі пан Юры прагрукаў да адной пліты, у якой было кольца.
Пашча ямы адкрылася перад імі. Прыступкі вялі ўніз. Пан Юры першы спусціўся туды. Працягнуў Алесю руку.
Потым унізе пыхнула губа, а за ёю кнот тоўстай і высокай, у рост хлопца, чырвонай свячы ў нізкім свечніку.
Глыбокае і вузкае памяшканне было паточана на сценах нішамі, падобнымі да пячных чалеснікаў. Частка іх, не больш трэці, была закрыта – гэта былі месцы пахавання. Налой з евангеллем, свяча і нішы – больш нічога. Ды яшчэ на столі старая чырвоная фрэска: архангел з мячом у адной руцэ і царквою на далоні ў другой.
– Вось, – сказаў бацька. – Гэта ўсё яны. Гэта ніша Акіма Загорскага. А тут яшчэ дзве пустыя. Старога Вежы і мая…
Яму было цяжка гаварыць.
– У наступную… палажы гэта.
Ён выцягнуў з-за пояса жалезную скрыначку, тую самую, у якую клалі сёння сажу.
– Ідзі, – сказаў ён. – Праз сто год гэта пакладуць табе пад галаву.
Алесь падышоў да цёмнай нішы і засунуў у яе куфэрачак.
– А цяпер ідзі сюды.
Яны стаялі ля свечніка. Бацька апусціў руку на плячо сына.
Полымя свячы рабіла ягоны твар суровым, бадай велічным. Толькі гэта давала Алесю змогу не адчуваць гідоты і пратэсту супраць усяго, што тут рабілася, супраць самай думкі пра трэцюю нішу.
– Паўтарай за мной, хлопчык, – сказаў бацька.
– Добра, – шэптам сказаў Алесь.
– Я прыйшоў да вас, – шэптам сказаў бацька.
– Я прыйшоў да вас.
– У мяне няма нічога, акрамя вас.
– У мяне няма нічога акрамя вас, – ужо больш цвёрдым голасам паўтараў малады.
– У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
– У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
Бацька выпрастаўся, як ад нейкага натхнення.
– Я клянуся любіць вас.
– Я клянуся любіць вас.
– Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас.
– Я клянуся… далёка ад вас.
– Бо я ўсё адно буду тут, з вамі. Ба мяне нельга аддзяліць ад вас.
– Бо я… з вамі… Бо мяне нельга аддзяліць ад вас.
– Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
– Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
– Аман.
– Аман.
Выключна пікантна-вытанчаныя адпраўленні, вартыя сапраўды княжацкага недарасля, ёсць не ўпаванні ў ложку на самапраісцяканне, ці не так? (Парыдыйны стыль) (ням.).