17003.fb2
Лёгкі звон рынуў з вышыні званіцы на цвінтар, на людзей, што выходзілі з царквы, на навакольны парк. Званіца стаяла наўздалёк ад стройнай, са святла пабудаванай царквы, і ў вяроўках званоў біўся, як муха ў павуцінні, клышаногі званар Давід. Дзярбаніў і падцілінкваў так, што званіца як не бурылася.
А з царквы насустрач сонечнаму ліпеньскаму дню выходзілі людзі.
Алесь ішоў недзе пасярэдзіне працэсіі.
– На тваім пострыгу будзе хлопец, якому дадуць трымаць тваю пасму, – сказаў бацька. – Потым ты аддзячыш яму тым самым. Гэта азначае, што вы ўжо ніколі не будзеце ворагамі. Не маеце права.
– А калі і сябрамі не будзем?
Бацька легкадумна засмяяўся.
– Ніхто не прымушае. Але я думаю, вам будзе добра разам. Гэто ўжо маці і я пастараліся. Гэта сын майго лепшага друга, нябожчыка, – мяккая яму зямля, – Мсціслаў Маеўскі.
І вось цяпер Алесь ішоў і напружана чакаў, які ён будзе, гэты невядомы хлопец, з якім яны цяпер не маюць права быць ворагамі. Тое чаканне прымусіла яго быць няўважлівым да царквы і да набажэнства. Помніў толькі суровыя, нечалавеча вялікія вочы анёлаў, іхнія трошкі азызлыя твары і нясмелыя, уседаравальныя ўсмешкі. Помніў застылыя ўсплёскі іхніх крыл над яго галавой і незразумелыя па колеры, – ці ружовыя праз блакітнае, ці блакітныя праз ружовае, – складкі адзенняў. Помніў пералівістую, фіялетавую з золатам фелонь папа і тое, як падала ўніз ягоная епітрахіль – проста, бы драўляная.
Страшнае рыканне дыякана калыхала агеньчыкі свечак, прымушала часам дробна звінець шыбы. Страшнае, бы ў льва з пячоры, рыканне.
Усё гэта было як сон. Ён ведаў, што фрэскі іхняй старажытнай царквы былі дзівам, аб якім казалі ўсе альбомы, нават выдадзеныя ў Парыжы, што іхні пратаіерэй майстра і за гэта ўзнагароджаны камілаўкай, набедранікам і залатым наперсным крыжам, што загоршчынскага дыякана даўно збіраліся за яго дзівосны бас перавесці ў Магілёў і зрабіць іпадыяканам, каб прыслужваў толькі архірэю, ды пабаяліся псаваць адносіны са старым Загорскім. І ўсё гэта было як дурман, і ён бадай што ўзрадаваўся, калі набажэнства скончылася.
Ішоў з прыступак, скоса паглядаючы на новую асобу, якая звалася “пастрыжным бацькам”. Пастрыжны ішоў з боку ад яго, ладны, чырвоны тварам, сівы грывай валасоў і кароткімі вусамі. На чырвоным загарэлым твары дзівоснымі здаваліся наіўна-сінія дзіцячыя вочы.
Гэта быў далёкі дзядзька Алеся, Пятро Басак-Яроцкі, гаспадар невялікага маёнтка, былы каўказскі афіцэр. На поясе ў Басака віселі срэбныя нажніцы.
І вось наперадзе Алесь убачыў кілім, а ля кіліма купку людзей. У баку ад іх стаяў хлопчык, якому было, напэўна, страшнавата ад урачыстасці цырымоніі. Белавалосы, з залацістымі вачыма – бы напоены сонцам мёд, – відаць, трошкі слабейшы за Алеся, больш хударлявы, ён стаяў на кіліме, трымаючы ў руках медальён на доўгім залатым ланцужку. Дзівосныя сонечныя вочы глядзелі трошкі ўгору.
Алесь не ведаў, куды яму ісці, і таму ледзь не зрабіў памылкі, накіраваўшыся да купкі людзей.
Басак-Яроцкі паклаў руку яму на плячо.
– Правей фронт, пляменнічак, – ледзь чутна сказаў ён.
Цяпер Алесь ішоў проста на хлопца. І ледзь ногі яго ступілі на пушысты вялікі кілім – са званіцы зноў грымнулі, радасна заліліся званы.
Хлопцавы вочы ласкава глядзелі на Алеся.
– Глядзець весялей, – шапянуў пастрыжны. – Падайце адзін аднаму рукі.
Алесь адчуў у сваёй руцэ руку Мсціслава.
У той жа самы момант усе астатнія, акрамя гэтых трох на кіліме, нават бацька, апусціліся на адно калена.
– Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данііла, праўнік Акіма і прапраўнік Пятра, схілі апошні раз сваю галаву.
Гэта абвясціў Басак-Яроцкі сваім хрыплаватым басам.
Алесь схіліў галаву.
– Отрак Аляксандр, – сказаў пастрыжны, – ты пастрыгаешся днесь у падлеткі, як гэта загадваюць звычаі гэтай зямлі. Бачыш ты свайго пастрыжнога брата? Абдыміцеся першымі мужчынскімі абдымкамі.
Яны абняліся. Алесь адчуў на плячы руку Мсціслава.
– Скажыце адзін аднаму на вуха некалькі братніх слоў.
Вочы Мсціслава смяяліся недзе ля вачэй Алеся. Потым Алесь пачуў шэпт.
– Папаўся? – спытаў малады Маеўскі. – Плюнь. Яны лічаць, што мы зеляпаны, дык давай мо прыкідвацца далей. Хай ужо цешацца.
– А я і плюю, – з нейкім раптоўным гарачым пачуццём да гэтага хлапца шапнуў Алесь.
Дарослыя з некаторым нават замілаваннем глядзелі на двух прыгожых падлеткаў, якія з такой відавочнай пяшчотай шапталі адзін аднаму на вуха словы братэрства.
– Ты, брат, накшталт таго скоч-тэр'ера. – Мсціслаў аж дрыжаў у абдымках Алеся ад прытоенага смеху. – Ведаеш, як іхніх шчанюкоў пазнаюць, чыстапародныя ці не?
– Ведаю, – усміхнуўся Алесь. – Бяруць за хвост і падымаюць у паветра. Сапраўдныя не вішчаць. Гонар трымаюць.
– Вось і ты трымай гонар. Пастарайся ўжо не вішчаць, як дварняк. Гэта глупства. Нязручна, але затое нядоўга.
Яны не заўважылі, што вусы старога Басака неяк няўлоўна і падазрона паторгваюцца.
– Пацалуйцеся, – сказаў Басак-Яроцкі. – І памятайце, вы казалі словы братэрства і цалаваліся яшчэ тады, калі былі дзецьмі.
Яны пацалаваліся. Басак-Яроцкі палажыў далонь на галаву Алесю.
– Ты насіў дзіцячыя доўгія валасы, з якіх сёння ўпадзе адна пасма. Заўтра іх падкароцяць, і такімі яны будуць, пакуль ты не станеш сапраўдным мужам. А тады насі іх як хочаш, толькі памятай, што людзі нашай зямлі любяць насіць доўгія валасы і вусы, але не любяць і ніколі не насілі барады, калі яны не папы, не манахі і не мудрыя стогадовыя дзяды.
Ён узняў нажніцы.
– З першай пасмай ты не будзеш дзіцём і зможаш сядзець з мужамі, бо сам займееш імя мужа… З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі богу і гэтым палям, шабля – ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць – яны належаць толькі табе і больш нікому. Цябе пастрыгаюць у мужы, каб ты быў незалежны з моцнымі, братні – з роўнымі, памяркоўны і добры з ніжэйшымі.
Цяпер ужо і Мсціслаў глядзеў сур'ёзна, быццам гэтыя словы краналі яго за душу.
– Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам і каб той, хто абразіў цябе, ніколі не абышоўся пустымі прабачэннямі, а крывёй плаціў за сваю абразу…
Ляснулі нажніцы. Каштанавая пасма ўпала ў далонь дзядзькі Пятра.
Ён павольна працягнуў яе Мсціславу. І Мсціслаў таксама патрымаў пасму, а потым схаваў яе ў медальён, а медальён схаваў пад сарочку.
– Сын князя Загорскага стаў мужам, – сказаў Басак-Яроцкі. – Памолімся за ягоны доўгі век, за яго дабрыню і высакароднасць. Памолімся за тое, каб бог паслаў яму вялікія дарогі і сілы на тое, каб усё, што з ім будзе, стала вялікімі здзяйсненнямі.
Аднекуль з-за палаца, з таго боку, дзе была магільня, данёсся празрысты, як лёд, і журботны, як галошанне, спеў срэбнай трубы.