17003.fb2
На тым беразе цягнулася і цягнулася Доўгая Круча.
Дняпро ў гэтым месцы быў просты, як страла, і як страла імчаўся паміж берагамі – высокім і нізкім. А круча на тым беразе была самым дзіўным, што калі-небудзь ён свавольна ўтвараў.
Даўжынёю з вярсту і вышынёю сажняў на пяцьдзесят, роўная, нібы па лінейцы праведзеная ў даўжыню і ў вышыню, яна была з крывава-чырвонай гліны, цвёрдай, як камень, непрыступнай ні для нягоды, ні для вады. І на гэтай строме, карэннямі ўгору, там-сям віселі сосны з залацістымі стваламі і свежай гліцай, віселі паміж небам і зямлёй, скарлючаныя, перавітыя, як вязка змей, няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто.
За кручай і вышэй яе Дняпро шырэў, разліваючыся. Круча стрымлівала яго, не давала прарвацца ўніз і змыць усё на сваім шляху.
Касюнька ступала стомлена, але ўсё яшчэ гулліва. І вось за Кручай, за невялікім разлівам, перад Алесевымі вачыма паказаліся ўзгоркі, на якіх, як вока сягала, густа зелянеў неаглядны парк. А ў парку, на грэбені высокай грады, зіхацела нешта блакітнае і залатое. Белае, блакітнае і залатое ў пералівах вясёлкавых вадзяных струменяў.
За мостам дарога зварочвала і вяла ўздоўж Дняпра. Сажняў праз пяцьдзесят ён заўважыў пазалочаную паркавую агароджу, нібы звітую са сцяблін і траў, простую і прыгожую. Агароджа ішла і ўправа і ўлева, губляючыся ў зеляніне. А там, дзе да яе падыходзіла дарога, была брама, шырока расчыненая ў зялёны змрок алеі. Людзей не было. Толькі недзе далёка, у шатах, мякка гучалі нейкія струны, як Эолава арфа. Алесь не ведаў, што за ім сочаць і што цяпер на яго непрыкметна глядзяць дзве пары вачэй.
Пастаяўшы перад брамай, пагладзіўшы Алму, якая прыўстала на луцэ, топчучы лапамі хвасты дзвюх качак, малады коннік паціснуў плячыма і рушыў каня ў змрок алеі. Сонца было яшчэ даволі высока.
Адхон, зарослы векавымі дрэвамі, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалі звілістым серпанцінам мармуровыя сходы з шырокімі прыступкамі. Але гэта відавочна было не для каня. Затым алея павярнула ў шырокі яр, дзе буяла разнатраўе. Ён не ведаў, што з самага “вялікага сядзення ў камяніцы” за паркам перасталі сачыць. Калі ж сядзенне скончылася, дзеду так спадабалася чароўнае спалучэнне працы садоўніка, які распланаваў і да часу выхоўваў дрэвы, і свавольства прыроды, якая вызваліла іх ад прыгнёту нажніц, што ён загадаў пакінуць парк у спакоі. І вось цяпер парк буяў, і ў ім было надзіва хораша. Сярод буйнага лесу, ледзь ачышчанага ад ветрабою і пустазелля ды ад куставога смецця, трапляліся вельмі рэдка, толькі каб паказаць, што гэта не лес, што гэта назнарок, то два-тры дзікія камяні над уваходам у пячору, то зялёны амур, увесь у штучна ўзрошчаным на ім моху. Амур глядзеў на конніка, прыклаўшы палец да вуснаў, а ля яго ног было высечана на камені: “Сhut!”[57]
Алея забірала, па нябачнай дузе, усё лявей і лявей, і вось вачам адкрыўся бакавы двор палаца, прагна, быццам клюшнямі краба, ахоплены двайной каланадай. У тым месцы, дзе яна расступалася, залацілася расчыненая агароджа вялізнай брамы. І зноў мёртвая цішыня. Пясок двара роўны, і на ім ніводнага следу. Быццам ён так і ляжыць сто год.
Пасярэдзіне двара моўчкі стаіць мармуровая, у натуральную велічыню, копія з фларэнтыйскага Давіда.
Алесь злез з каня і пачаў адвязваць качак, спіною адчуваючы бязлюддзе і мёртвую цішыню.
………………………………………………………………………………
Ён не здрыгануўся, ён увесь час чакаў гэтага і, усё яшчэ стоячы спіной да голасу і адвязваючы качак, адказаў:
– Дзень добры!
Потым, трымаючы качак у руцэ, павярнуўся на голас.
На верхняй прыступцы нізкага ганка стаяў, невядома як і адкуль з'явіўшыся, чалавек.
Ён быў, бадай што, трошкі менш сажнёвага росту, магутны, але здаваўся маленькiм і самотным сярод гэтага мёртвага двара.
Чалавек стаяў і глядзеў на яго з вышыні спакойна, трошкі іранічна і дапытліва.
Алесь працягнуў чалавеку качак.
– Гэта вам.
– Спадзяешся, што за дзень больш не з'ясі? – халодна спытаў той.
– Спадзяюся.
Чалавек ацэньваў. У чалавека была сівая грыва валасоў, якая, насуперак звычаям веку, не ведала парыка.
Нерухомы чалавек усё глядзеў на Алеся і ацэньваў:
“Да чаго падобны на прадзеда, на Акіма. Нават жэсты. Нават манеры. Нават голас. Валасы, праўда, і ў нявесткі каштанавыя, але гэта не ад яе... Такія вось у Акіма, у бацькі, былі... І не спешчаны... Сакалятнік, як прадзед... Манеры толькі горшыя: велічы мала. Гэта ўжо ад праклятага веку... Усё Акімава... Не, не ўсё... У таго былі сінія вочы, а ў гэтага шэрыя, матчыны... Значыць, дрэнь унук, бо гата жанчыне добра, а мужчыну, ды яшчэ Загорскаму – н-не... Будзе як сынок: ні цёплы, ні халодны... Ды яшчэ, крый божа, у царкву пацягнецца... Да пацукоў, да Кур'яновага пляменнічка-капрала...”
I, нібы адразу страціўшы ўсякую цікавасць да Алеся, чалавек сказаў:
– Так таму і быць... Хадзем, князь...
Гэтае “князь” прагучала роўна, спакойна.
Вежа кінуў качак на гарматны ствол і пайшоў паперадзе, выціраючы далоні. Пайшоў, не цікавячыся, ідзе за ім нехта ці не.
Касюнька асталася сярод двара, і толькі Алма пабегла за дзедам, зрэдку азіраючыся на ўнука, быццам не разумеючы, што звязвае яго са старым і што наогул трэба з ім рабіць: кусаць за лыткі ці падціскаць хвост...
– Сабака?.. Хто дазволіў?
– Ніхто, – сказаў Алесь, гледзячы проста яму ў вочы. – Я падумаў, што калі вы не хочаце бачыць людзей, дык, можа, сабака зробіць хоць трохі разнастайным наша баўленне часу?
– Маеш рацыю, – сказаў стары князь. – Сабачая нізасць не так рэжа вока. Яна – прыроджаная... Даволі мілы сабачка.
Выйшлі з тунеля, і тут вачам адкрыўся партэрны фасад палаца, вялізны, трохпавярховы, з круглым бельведэрам, што быў укрыты золатам.
– 3 паўднёвага фасада ёсць каскад, – сурова сказаў князь. – Сотня статуй. Некаторыя з механізмамі. Не будзеш даглядаць, загубіш – шэлег табе цана.
Алесь маўчаў. Яму не хацелася гаварыць з гэтым чалавекам. А князь, здавалася, не заўважаў.
Чацвёртая балюстрада абрывалася над адхонам. Уніз вялі сходы, паўз якія праязджаў Алесь. А далей алея, бераг Дняпра, далячынь. Без канца.
...Князь спяшаўся. Ён ужо шкадаваў, што вырашыў пазнаёміць гэтага чужога чалавека з яго будучымі ўладаннямі. Гэта было ўтомна.
– Надумаешся прыехаць... па неадкладнай справе – адразу ж едзь, – суха сказаў князь.
– Наўрад ці надумаюся прыехаць.
– Чаму гэта?
– Дома весялей.
– Магчыма. Але забаўляць цябе мне, летнаму чалавеку, не да твару. У мае часы дваране твайго ўзросту валілі дзікоў... У вас замест гэтага, здаецца, царква?.. Ёсць яна?
– Ёсць.
– Табе, вядома, там цікавей. Прыедзеш – пастаў там за мяне свечкі Кур'яновым святым, Кукшы, ды Сергію, ды яшчэ якой-небудзь святой Матруне Мокрападоліцы.
– Пастаўлю, – суха сказаў Алесь. – Чаму не зрабіць паслугі таму, хто веруе.
Удар быў несправядлівы, пад самае сэрца, але хлопец не ведаў гэтага.
Князь, падціснуўшы вусны, паглядзеў на яго, але нічога не сказаў.
Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам.
– Мой арсенал, – сказаў Вежа. – Зброя, як кажуць, з часоў Гастамысла і да нашых дзён. Тут яе чысцяць, берагуць... Тут вучаць – у тым двары за мурам – коней, каб не баяліся стрэлаў... Усё гэта нікому не патрэбна... Як усё на зямлі.
...У арсенальнай зале адбылася сутычка.
Князь паказваў шаблі, старыя мячы, кінжалы, корды. І вось адна шабля, лёгкая нават на выгляд, з похвамі, інкруставанымі чырвонай яшмай і мядовым бурштынам, здалася Алесю такой прывабнай, што ён пацягнуўся да яе і пачаў абмацваць інкрустацыю рукамі.
Князь цярпець не мог гэтай прывычкі – мацаць.
– Віншую, – сказаў ён. – Гэта цябе на дзядзькаванні навучылі такім манерам, каб усё церці? Ды, можа, яшчэ, папляваўшы, крысом світкі?
Алесевы шчокі запунсавелі. Чапаць можна было ўсё, акрамя яго мужыцкага мінулага. Хлопец узняў вочы:
– А чаму б і не ўзяць у рукі?
– Гэта інкрустацыя.
– Гэта – сталь, – сказаў Алесь. – Усё астатняе толькі прывесак да яе. А яго можа і не быць.
– Гэта парадная зброя, – суха растлумачыў стары. – Аздоба.
– Зброя не можа быць аздобаю.
– Ого, – сказаў князь. – Дзе ж гэта ты вучыўся павазе да зброі?
Алесь глядзеў проста ў вочы гэтаму чалавеку, якога ён, здаецца, пачынаў ненавідзець.
– У мужыкоў, – сказаў ён. – У тых, у каго яе мала, але ўся яна пры справе.
– Пры спра-аве, – сказаў князь. – Панскія дровы сячэ.
Мала што яна можа секчы, – сказаў Алесь.
Халодная ярасць аж звінела ў ягоных вушах. А князь падбаўляў жару:
– Каб яна пры справе была, як ты кажаш, не сядзелі б мы тут з табою. Так што ты мне сваіх чарнапятых не хвалі.
Са скрухаю паківаў галавою:
– Аддалі, называецца. Адно цікава было б ведаць: чаму цябе там для душы навучылі? У што ты верыш, акрамя “лусне пан па шчацэ – падстаў другую”?
– Я веру ў каня святога Міколы, – збялеўшы, сказаў Алесь. – І я пайду пры гэтым кані...
– Я шмат бачыў маладых людзей, смелых на язык, – сказаў дзед. – Яны, на жаль, не былі смелыя на справу... Ён “пры кані”... А ты не баішся, што гэты конь цябе ўбрыкне?
– Ён ведае сваіх.
– Ён ведае тых, хто ўмее ездзіць...
Яны выйшлі з арсенала ва ўнутраны двор і спыніліся ля ўвахода на круглы манеж. Жэрдкі адгароджвалі іх ад арэны.
Якраз у гэты момант некалькі конюхаў вывелі са стайні каня. Яны часта пераступалі нагамі і нацягвалі вяроўкі, не даючы жывёле магчымасці кінуцца ўбок або павярнуць галаву і схапіць зубамі.
Конь дрыжаў ад ярасці. Маленькія вушы былі прыціснуты, белыя ноздры раздзьмуты. Ён ірваўся, але тыя, што так крыўдна прыніжалі яго, моцна нацягвалі вяроўкі.
– Тромб! Тромб! – пяшчотна шапнуў дзед.
Адзін з конюхаў здалёк звярнуўся да пана:
– Збіў усіх і ў стайню заляцеў. Як пачуе стрэл – вар'яцее.
– Паспрабуйце некалькі дзён страляць амаль няспынна, пакуль не атупее.
– Спрабавалі, княжа.
– Паспрабуйце яшчэ раз. Іначай які ж з яго конь? Ні на паляванне, нікуды. Татарам хіба на махан...
Пачуліся стрэлы. Жывёла прысядала на заднія ногі. Высакародны белы дрыкгант, увесь у дробных чорных плямах і смугах, як леапард.
– Пусціце! – нечакана крыкнуў Алесь. – Вы што ж, не бачыце? Ён не хоча.
– Памаўчаў бы ты, – суха сказаў князь, – хрысціянін.
– Ды ён жа не хоча. Ён пратэстуе! А яны не могуць!
– А ты можаш? – спытаў князь.
Алесь апусціў галаву. Усё было скончана. Прыніжэнне няшчаснага Тромба завяршыла ўсё. Ëн ненавідзеў гэтага чалавека ўсёй сілай сваёй дзіцячай нянавісці. Так, ён не мог. Але чым вінаваты Тромб?..
Тромб раптам кінуўся ўбок, даў свечку – і людзі паляцелі ад яго.
Людзі сыпанулі хто куды – той на мур, той у стайню, толькі вароты ляснулі.
Поле бітвы ў імгненне асталося за канём. А ён то біў пярэднімі капытамі ў вароты, то насіўся па манежы.
Князь адчуў нейкую пустату і павярнуўся.
...Алеся не было побач з ім. Хлопец падлез пад жэрдкі. Ён быў ужо амаль на сярэдзіне манежа… Iшоў да каня, танюткі, вельмі маленькі на пустым, сляпуча белым крузе.
Позна было крыкнуць. Позна кінуцца надапамогу. І Вежа толькі ўчапіўся пальцамі ў валасы.
Раз'юшаны конь заўважыў новага ворага, стралою кінуўся да яго і ўскінуў у паветра страшныя пярэднія капыты.
Князь не заплюшчыў павек – проста ў яго на хвіліну пацямнела ў вачах. Зараз апусціцца капыт... Ён сам не помніў, як ногі перанеслі яго пад жэрдкі, на дапамогу, на бязглуздую дапамогу.
Конь апусціў капыты... на пілавінне. Хлопец стаяў амаль паміж ягоных ног. Шыя каня была закінута, вочы глядзелі зверху на чалавечка, і ашчэраная пашча была ў некалькіх вяршках ад Алесевага аблічча.
Над манежам вісела вострая цішыня. Крыкні – і ўсё сарвецца. І ў гэтай цішыні пяшчотны, журлівы хлапечы галасок праспяваў пяшчотныя словы:
– Не трэба... Не трэба... Тромб...
Цяжка сказаць, як гэта адбылося. Можа, конь стаміўся, можа, ён разумеў, што нельга чапаць слабога дзіцяці. Але ён адвёў храпу і гучна пырхнуў.
Рука працягнула яму на далоні кавалак цукру. Ён зноў прыціснуў вушы – у людзей за цукрам заўсёды ідзе бізун.
– Вазьмі, Тромб, – спакойна сказаў чалавечак, і ў голасе яго цяпер не было журлівасці. – Вазьмі... Ну.
Тромб скасавурыўся. Хлапчынка быў маленькі і нястрашны. І гэта белае на далоні...
Ён пацягнуўся і ўзяў цукар. І Алесь адчуў, як нешта ў ім упала, адчуў слабасць.
Князь падыходзіў да яго, і Алесь сказаў глухім, каб не расплакацца, голасам:
– Загадайце прывесці мне маю кабылку... Я хачу дадому.
Вочы іх сустрэліся. І адным гэтым позіркам стары спасціг душу дзіцяці.
– Даруй мне, сынок, – сказаў ён. – Даруй.
Цс-с! (франц.).