17003.fb2 Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

XVII

Раніцай сонца прабівалася праз плюшч на вялізную верхнюю тэрасу, што з фасаднага боку. У вальерах сварыліся і шалёна крычалі папугаі.

Дзед сядзеў у крэсле. Перад ім дымела філіжанка шакаладу і стаяла бутэлька белага віна. Убаку сядзела за каклюшкамі Глебавічна.

А перад Алесем акрамя шакаладу ляжалі лісты жоўтай слановай паперы, стаяла ў чарніліцы кітайская туш. Дзед у гэтых адносінах быў вялікі сноб, – пісаць, дык пісаць так, каб была асалода: ільсняным чорным па гладкім жаўтаватым, тады пішацца нешта талковае. “Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер’і: скрабуць ды рыпяць”.

А пер'і былі адмысловыя: гусіныя, тонка завостраныя, мяккія, заўсёды з левага крыла, каб зручна ляжалі ў руцэ.

Дзед прыгубляў віно і пачынаў, быццам бавіўся новай гульнёй, але так, што гэтага нельга было заўважыць:

– Разважанні аб злачынстве і пакаранні...

Пяро ў Алеся пачынала бегаць.

– Не спяшайся, – казаў дзед. – Выслухвай і запісвай самае галоўнае... Дык вось, мы спыніліся на неадпаведнасцях паміж людскімі законамі і натуральным законам прыроды...

Дзед думаў хвіліну.

– Чалавек следуе законам натуры толькі ў горшым. Ён карае смерцю нават за тое, за што натура даруе ў літасці і жорсткасці сваёй... А між тым, безумоўна, падлягае смерці толькі адно злачынства – здзек з чалавечай душы, катаванне чалавечага цела... Сюды трэба аднесці гвалт над жанчынай...

– Бацюхна, – з дакорам казала Глебавічна. – Яму рана.

– Маўчы... Заўтра я, магчыма, памру, так і не дачакаўшыся, калі яму будзе “час”. Хай слухае. Ён не зразумее гэтага брудна...

– Табе лепей ведаць, – прымірылася яна.

– Вы гаварылі, што ў Півошчах стралялі, – сказаў Алесь. – Што атаман Прайдзісвет забіваў з голаду... Тады і... нас.

– Магчыма, сынок.

– Ба-ацюхна мой, – уздыхнула Глебавiчна. – Вы ж не ўдарылі нікога за ўсё жыццё.

– Ён разважае разумна, матухна, – казаў князь. – Я не ўдарыў, але маё становішча такое, што я м а г у ў д а р ы ц ь чалавека, які не можа адказаць. Значыць – розніца невялікая.

– Вы пан літасцівы.

– У літасці ўся і справа. Літасцівы. Ашчаслівіў. А яго сын, скажам, будзе нелітасцівы. Або мы загінем падчас навальніцы на Дняпры. Усе.

– Свят-свят, – хрысцілася Глебавічна. – Вы нешта жахлівае кажаце.

– Так, дзядуля, – казаў Алесь. – Я і сам гэта думаў. А потым прыйдзе нейкі Кроер.

– Вось, – казаў дзед. – І таму мы, незалежна ад нашых добрых якасцей, удзельнічаем у адным вялізным злачынстве, імя якому... Расійская імперыя.

Стары вальтэр'янец усміхнуўся. Зялёны і сонечны цень ляжаў на яго абліччы, а ў вальерах далёка і прыглушана крычалі птушкі.

– Чаму ж не змяніць гэтага? Ёсць разуменне, ёсць воля, ёсць зброя.

– 3 кім змяніць, сынок? Каб было з кім – я першы блаславіў бы цябе на гэта, – сумна ўсміхаўся стары. – Няма з кім. Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей. І вось таму я кажу табе гэта, каб ты не быў падобны да іх. Ніколі не бяры прынады, ніколі не бяры славы і ўлады – хаця б цябе сілком цягнулі да іх. Ніколі не йдзі на раду нечасцівых, блажэн муж.

Ззяла сонца, заліваліся птушкі ў шатах дрэў і вальерах. А стары маленькімі глыткамі, толькі мачаючы вусны, піў віно, і твар яго быў незвычайны, горкі і з'едлівы, і ад гэтага прыемны.

– Няма з кім, сынок... Часы... Равеснік Шэкспіра меў бы магчымасць бачыць большасць славутых англійскіх драматургаў. Равеснік Фельдфебеля – ледзь не ўсіх славутых мярзотнікаў і паганцаў свету, бо і ў тым і ў другім выпадку існавалі ўмовы, якія спрыялі іх з'яўленню і развіццю. Або прасцей: якая эпоха, такія і таленты.

– А мы? – спытаў Алесь.

– А што мы? Гісторыю Прыдняпроўя павінен быў бы пісаць кат. Ён меў магчымасць назіраць за канцом усіх колькі-небудзь значных людзей твае і мае радзімы. І ён быў бы самы дасведчаны, бо толькі ён адзін мог ведаць, колькі патаемных запаветаў перадалі яны пласе сваімі абяскроўленымі вуснамі... Больш ніхто не ведаў. Больш ніхто не чуў...

Алесь даўно пакінуў запісваць. Але стары не заўважаў гэтага.

– Вось, скажам, славутыя цар-гармата і цар-звон... Гэта – пагарда да законаў прыроды і механікі, пагарда свядомая, пагарда ў імя царскага дурнога гонару, у імя варварскага імкнення здзіўляць усіх памерамі, велічынёй, вагою... Сотні людзей пакутуюць, здабываючы жалеза і медзь, задыхаючыся дымам ля формаў... І ўсё дзеля таго, каб гармата не страляла, а звон ляжаў на зямлі, не вытрымліваючы сваёй вагі, і не званіў...

Алесь, трошкі зачараваны гэтай жоўчнай логікай, пакрысе пачынаў супраціўляцца.

– Ёсць жа зброя, каб ваяваць. Можна пераконваць, спрачацца, збіраць сяброў...

– Гэта значыць, палітыка? – бязлітасна пытаў стары.

– Як бы ні звалася.

– Палітыка – брудная справа. Ты ведаеш, у чым яна, палітыка?

– Напэўна, ёсць і добрая палітыка.

– Хто гэта табе сказаў? Тыя, што ўбіраюць свае справункі ў павінае пер'е? А самі яны, кажучы прыгожыя словы, што робяць? Ты на іхнія справы глядзі, – ваўкі. Mon fils, il n’y a qu’une politique, c’est de tenir le pot de chambre á l’homme au pouvoir, et de le lui verser sur la tête quand il n’y est plus[60].

I князь адсоўваў келіх. Уставаў.

Потым разам ішлі гуляць. Аглядалі пакоі, залы для баляў, малых прыёмаў, грэчаскую залу для антычных статуй, егіпецкую для манет, затым самую вялікую, версальскую – для фарфору і новых карцін. Версальская зала здавалася бясконцай: верхняе святло халаднавата лілося сюды, адбіваючыся ў люстрах. Мармур высачэзных калон з канелюрамі трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць.

Аглядалі жылыя пакоі, удвая ніжэйшыя, чым парадныя, аглядалі бібліятэку з бясконцымі шафамі, у якіх чарнелі старажытнымі дошкамі і залаціліся новым цісненнем незлічоныя кнігі.

І ўсяго гэтага было так многа, што рабілася непрытульна. Нашто гэта? Адразу зразумела, чаму ў іх амаль не жывуць, чаму аддаюць перавагу пакойчыкам, удвая ніжэйшым і прытульнейшым.

Увечары Алесь ішоў у тэатр і там смяяўся і абліваўся слязьмі над гаротным лёсам Аглаі з “Палескага разбойніка” і дрыжаў ад шкадобы і тугі, калі ў “Рычардзе ІІІ” пачвара кароль, забіўшы Яе мужа, з д'ябальскай хітрасцю ашукваў Яе. Яна стаяла, гордая ў сваёй нянавісці, і пакрысе той, гарбаты, абуджаў у ёй гонар жанчыны, якую кахаюць. На вачах у Алеся нараджалася каханне, аб якім ён толькі невыразна чуў... У яе мокрых вачах, цьмяна асветленых нянавісцю, нараджаўся аднекуль цэлы свет: давер, боль, а за ім святло саміх нябёс.

Ён яшчэ не мог стрымлівацца, і таму ў зале часта гучалі яго рыданні. І людзі на сцэне адчувалі, што адзін удзячны глядач замяняе ім поўную залу.

Калі праз шмат год славутую актрысу пыталі, ці памятае яна дні, калі іграла лепей за ўсё і хто гэта бачыў, яна адказвала:

– Памятаю. Але гэтага ніхто не бачыў. Толькі адзін. Усё маё астатняе толькі падробка пад тыя дні. Толькі для аднаго я магла так іграць.

– Дзе ж ён, гэты шчаслівец?

– Шчаслівец?.. Не...

Яна болыш нічога не казала. І невядомы “адзін” стаў легендай.

Нельга сказаць, што ў яго не было засмучэнняў. Неяк дзед расказаў, як два гады таму назад некалькіх “фалангістаў” захуталі ў саваны і, прывязаўшы да слупоў, трымалі, з мяхамі на галовах, доўгі час пад рулямі, а потым загналі ў Сібір. Гэта было ў Пецярбургу, і сярод “фалангістаў” быў пісьменнік. Як не прачытаць такога? У дзеда знайшоўся часопіс з яго аповесцю. Аповесць звалася “Бедныя людзі”, і Алесь, з цяжкасцю адольваючы мову, прачытаў яе за два дні...

У гэтыя дні якраз скончыўся тэрмін, які вызначыў дзед. Алесю трэба было ехаць. Дзед хадзіў змрочны, дый Алесь месца не знаходзіў. Дзед, зведаўшы ўнука за гэтыя дні, цяпер жахаўся, што мог адштурхнуць яго ў першы ж дзень. Усе свае рысы, усе рысы людзей, якіх ён паважаў, ён прададчуваў у гэтым чалавеку. Вежа бачыў ва ўнуку самога сябе, толькі нязмерна палепшанага, і ганарыўся гэтым.

Напярэдадні стары не вытрываў.

– Едзеш? Напэўна, рад?

– Дзядуля... – з дакорам сказаў унук.

– Едзеш толькі на некалькі дзён... Вядома, бацькі... Але за навукай тваёй буду сачыць я. Прынамсі, год-два, пакуль мне не стане цяжка. І калі я захачу цябе бачыць – па першаму ж майму слову ты павінен ляцець сюды і жыць столькі, колькі я захачу.

Я зраблю гэта... – сказаў унук.

Алесь папрасіў дзеда даць яму з сабою часопіс, каб паказаць аповесць маці.

– Тут усё тваё, – змрочна сказаў стары. – Зрабі ласку ніколі не пытацца.

...У Загоршчыне хлопца сустрэлі радасна, нават з гордасцю, што ён змог заваяваць сэрца старога. Сінія вочы бацькі ззялі цеплынёй, маці ўсміхалася сыну пяшчотна і сумна, як заўсёды.

Маці прачытала аповесць і засмуцілася. Потым яна сядзела ў загоршчынскім архіве і нешта шукала па “Прывілею”, “Аксамітнай кнізе”, “Срэбнай кнізе Загорскіх” і па граматах і з'явілася на вячэру трошкі заспакоеная, быццам зразумеўшы нешта...

– Загубілі генія, – сказала яна.

Алесь маўчаў.

– Нават калі вернецца, дык вернецца знявечаны, – сказала матуля. – Што ж гэта за подлы век?! Чалавек такой уражлівасці – хіба ён вытрымае?

Яна адышла да балюстрады і пачада глядзець у цёмны парк.

– Загубілі не толькі генія, – сказала яна ўрэшце, – загубілі чалавека адной крыві з намі і нашага далёкага сваяка.

– Сваяка? – Алесь ускінуўся. – Як сваяка? Усе казалі, што ён сын лекара.

– 3 нашых, – сказала маці. – Род стары, але вельмі заняпалы. Я думала, і не асталося з іх нікога. Аж ёсць. Іхні маёрат – Дастоева пад Пінскам, і яны кінулі яго, збяднеўшы, год сто назад. Яны – ад “сына кахання” аднаго з Загорскіх, малодшая, бакавая галіна наша. А герб іхні – “Радван”.

– Не можа быць.

– Глядзі, – маці разгарнула аркуш з выпіскамі. – Занадта знаёмае прозвішча. Глядзі: шаснаццатае стагоддзе, адгалінаванне “Радвана”. Глядзі: 1607 год – працэс Марыны Дастаеўскай-Карловіч... Глядзі: вось яе брат Яраш сядзіць у Мазыры. 1630 – Дастоева мае ўжо трох гаспадароў. У тым самым годзе суддзя Пятро Дастаеўскі разбірае справу аб чарадзействе. 1649 – селянін на копным судзе прызнаўся ў рабунку, учыненым над маентнасцю Рамана Дастаеўскага. А вось сакавік тысяча шэсцьсот шасцідзесятага года, справа аб прапажы рэчаў, закапаных у зямлю падчас нашэсця ворага. Падпісаўся Ян Дастаеўскі. Першы і адзіны подпіс па-польску...

– Ал-ле, – сказаў Алесь.

– Значыць, канец “Радвана”. Абсёкся род. Колькі ўжо іх, адсечаных галін. Ды хіба сякера шкадуе? А малады чалавек быў бы светач людскі.

...Спакой у Загоршчыне перарваўся толькі вяселлем старэйшага сына Кагутоў, Стафана. Маці за два дні да вяселля адпусціла Алеся ў Азярышча.

Весялосці было – хоць захлыніся. Усе былі рады Алесю. Зноў жартаваў Кандрат, зноў ласкавымі, трошкі жаноцкімі вачыма глядзеў Андрэй. Міхал і Марыля дыхнуць баяліся на хлопца. Паўлюк, гаспадарлівы Паўлюк, паказаў яму ўсё, што ён прыдбаў за той час, калі яны не бачыліся: сапраўдную скураную прашчу, ласіны чэрап з рагамі і пячору, якую ён адшукаў у яры, на беразе Дняпра. Яня хацела сядзець толькі на ягоных каленях. Юрась паказаў яму дзве найлепшыя грыбныя мясціны.

Гэта была простая, непатрабавальная любоў. I ён акунуўся ў яе, сам плацячы тым самым, як акунуўся з удзячнасцю ў песні, якім яго пачаў вучыць дзед Даніла Кагут. Таксама Даніла, як і той. Ды і ў чым, урэшце, розніца? Гэты дзед не родны, але блізкі і просты. А песні ягоныя – дзіва! I мова ягоная – лёгкая, звыклая. Стары Вежа часам гаварыў па-мужыцку, але як складана гэта было! А тут было проста, як дымная асець, проста, як зоркі праз дзіравую страху адрыны.

Гналі і настойвалі “тройчы дзевяць”[61], варылі піва, збіралі грыбы на вясельны квасны боршч. Янька хадзіла ўся ў муцэ і папраўляла хустачку тыльным бокам далоні, як маці. Кандрат лізнуў яшчэ цёплага піва і рабіў выгляд, што ён такі п'яны – проста жах, не ведае, дзе ў яго што, і ўсё хацеў сесці на галаву, як гэта робяць зусім дурныя шчанюкі.

Напярэдадні вяселля вырашылі паехаць на рыбу, каб і рыба была на вясельным стале. Юрась і Паўлюк павінны былі лавіць вудамі, блізнюкі – пазычанай у Лапатаў таптухай, Алесь і Стафан – крыгай.

Душагубак напазычалі ў суседзяў аж пяць штук (Паўлюк і Юрась павінны былі ехаць у адной) і адправіліся лавіць у зарожак ля Лысай Гары.

Гэта была воля!

I хіба ён сам, Алесь, не быў усе гэтыя дні вольны сярод вольных? Хіба не мог ён адказаць такой самай песняй на песню, якую спяваў нехта ў лугах, на беразе старыцы? Хіба не было і ў ім нечага ад гэтай ракі, ад палёту буслоў?

Думка была такая нечаканая, і ён – як вырас, нарадзіўшы яе.

...Чаўны плылі пад самым берагам. А на беразе стаялі дзяўчаты. Не, не ўсе дзяўчаты: у адной на галаве паверх хусткі быў жаночы белы нагалоўнік, што ляжыць цюрбанам і спускаецца на плечы і шыю, пакідаючы вольным толькi аблічча.

Алесь нечакана здзівіўся, такія яны ўсе былі гожыя і чамусьці не такія, як заўсёды. Сёння ён не мог бы запхнуць камусьці з іх хрушча за каўнер, каб паслухаць, як вішчыць. Ён бачыў іх нейкімі новьмі вачыма. Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія... тулавы.

Паўлюк, які веславаў з Алесем, сказаў ціха:

– Азярышчанская толькі адна. А то вітахмоўскія. Відаць, на фэст ідуць у Мілае. А то з імі Уладзька, салдацкая ўдава. Пэўна, да парома не хочуць ісці.

Дзяўчаты сапраўды махалі рукамі.

– Дзядзечкі, перавязіце!

Кандрат, які веславаў першы, пачаў аграбацца, прапускаючы наперад Стафана. Зубы ў вясёлага блізнюка ззялі: прадчуваў жарты.

– Нельга, дзеўкі, – сказаў Стафан. – Бачыце, душагубкi.

Салдацкая удава хмыкнула:

– А можа, я і хацела б з табою душу загубіць, саколік?

– Раней бы... – сказаў Стафан. – Цяпер... позна.

– Ну і сокал ты. Позна яму, гаротнаму.

– А дзядзечкі, перавязіце. Ці ж нам пад кручай начаваць?

– Утопімся, дзеўкі, – разважліва сказаў Стафан.

Не ўтопіцца, хто вісець маець, – сказала ўдава.

Няспрытны на язык Стафан толькі галавою пакруціў.

– А то перавёз бы, – сказала Уладзька. – Пад дубам пасядзелі б... Жолуд адшукалі.

– Што я, свіння? – знайшоўся Стафан.

– Свіння не свіння, а так, падсвінак, – сказала ўдава.

– Насвінак, – сунуў свае тры грошы Кандрат.

– Ты ўжо маўчы, – адказала Уладзька. – Варушыцца там у сваёй таптусе, як верабейка ў веніках.

На Кандрата пасыпаўся град нязлосных здзекаў.

– А якія ж усе ўдалыя хлопцы... Бацькавічы... Асабліва гэты, з падковай на лобе...

– Гэта, дзеўкі, каб ведалі, за каго ў цемры б'ецеся, – скаліў зубы Кандрат.

– Дужа ты каму патрэбен, Копша[62].

– Ад Копшы яшчэ ніхто не ўцёк, ні каралева, ні святая дзева.

– Не, дзеўкі, вы на яго дарэмна, – сказала Уладзька. – Глядзіце, які гожанькі. Галоўка, як макаўка. Праўду кажуць, на дурня і бог ласкавы...

– Ласкавы бог, ды табе не памог. Са мною звёў. Добрая пара: ён гол, як біч, ды васцёр, як меч, а ў яе вочы па яблыку, а галава з арэх.

Дзяўчаты ўбачылі, што хлопцы зацяліся.

– Кінь ты, Уладзька, няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не глядзіць.

Ды і пайшлі на ўзгорак. Іхнія каляровыя цені гайдаліся ў вадзе ля самых чаўноў.

– Дык не перавязеце, мужыкі? – спытала Уладзька.

Не. Сама бачыш, – сказаў ужо здалёк Стафан.

Уладзька раззлавалася.

Эх вы! Дык спаймаць вам таго язя, што кудысь лазе.

Ніхто нічога не зразумеў, акрамя старэйшых. Затое Кандрат зарагатаў так, што адкінуўся ўбок. I тут – душагубка вільнула і cтала дагары дном, а Кандрат юкнуў пад яе, проста галавою ў ваду.

Хлопцы рагаталі цяпер усе. Рагатаў і Кандрат, вынырнуўшы. Рагаталі дзеўкі на адхоне... Мокрага Кандрата пасадзілі зноў у доўбленку, паплылі далей.

Андрэй ехаў апошні і заўважыў, што не ўсе дзеўкі ўзняліся на адхон. Адна стаіць на тым самым месцы, велікавокая, сціплая, Кахнова Галіна.

– Чаго ж ты стаіш? – ласкава ўсміхнуўся Андрэй.

Не хачу на паром. Там, пэўна, Лапатаў Янук.

Янука Лапату Андрэй не любіў. Яршысты, злосны чалавек.

– Што ж, так і будзеш стаяць?

– Можа, нехта паедзе, – уздыхнула яна. – Шкада, што ў вас душагубкі.

Андрэй усміхнуўся. Гожая галава, апушчаная, як кветка “сну”, трошкі ўбок, прыўзнялася.

– А можа... паспрабуем?

– Абернемся.

– Пастараюся не вывернуць.

Яна ступіла крок. Надта ўжо не хацелася на паром.

– Д-добра, – уздыхнула яна.

– Сядай, Галінка, – сказаў Андрэй, амаль паставіўшы човен на пясок. – Давай руку і сядай спіной да мяне... Вось так.

Адапхнуўся і асцярожна, быццам міску з вадой нёс, пагнаў душагубку на другі бок.

Вада несла іх роўна-роўна, зялёная ля берагоў, бяздонна-блакітная на сярэдзіне. Галінка сядзела нерухома, але Андрэй бачыў: баялася.

– Ты толькі птрунькі не спраўляй, Кахнова Галінка, – мякка сказаў ён.

– Я... не буду, – сказала яна ціха.

Ну вось і добра. Ты лепей на свет глядзі.

Ён памог ёй вылезці з чоўна.

– Дзякуй, – сказала яна.

– Нічога, – сказаў ён, і таму што шкада было адпусціць яе, не сказаўшы больш ніводнага слова, спытаў: – Як у вас там гарох сёння?

– Сёння ў нас гарох нічога, – сказала яна. – Падсох – аж звініць.

I ў нас сёння нічога, – сказаў ён. – Укалотны.

Памаўчалі.

– А песні ў вас там на выселках іграюць?

– Іграюць.

– Трэба будзе зайсці.

– Зайдзіце, калі час будзе... Гэта ж вы дзядзькавыя браты нашага пана?

– Эге, вось і ён там у чоўне ехаў.

– Не ведалі дзеўкі, – сказала яна. – Маўчаць трэба было.

– Чаг-го? Ён харошы хлопчына. Можа, і разам калі зойдзем. Ён песні любіць.

– Пра вас кажуць: добра спяваеце.

– Гэ, лухта!

Ён моўчкі сядзеў у чаўне, гледзячы на яе.

– Дык, кажаце, добры гарох... Гэта добра... Ну, бывайце ўжо. Добрага вам свята...

Алесь здалёку глядзеў, як яны гаманілі і як потым Андрэеў човен даганяў іх па спакойнай вадзе. I ўсё гэта было як працяг ягоных думак. Ён не здзівіўся б, каб за першым жа ўзгоркам адкрыўся вачам гарадок за частаколам, зусім як у адной дзедавай кніжцы. I каб было ў ім свята, і каб гарэлі дымныя вогнішчы, каб былі дзевы, падобныя на тую, і вотракі, падобныя на Андрэя. Гэта ж была тая самая рака, што і за тысячу год да іх дзён, тыя ж берагі і тыя ж дубы на іх. Ён блытае сваіх продкаў, а яго далёкія нашчадкі будуць блытаць яго з Андрэем, а іх – з тымі, што жылі на гэтых берагах даўно-даўно. Таму што пройдуць такія вялікія тысячы год, што ўсім будзе ўсё адно...

I гэта неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да ўсіх людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў па берагах вялікай ракі. Ягоны курган зблытаюць з іхнімі. Пройдуць вялікія тысячы год, і людзям будзе ўсё адно. Таму, відаць, і трэба трымацца за тых, каму не ўсё адно, і любіць іх.

Ён думаў, што гэта – толькі працяг таго нязмернага шчасця, якое жыццё любоўна дарыла яму, повязі яго, шчаслівага, з усім жывым. Ён як быццам адчуў усю недарэчнасць часу і вызваліўся ад яго ланцугоў.

...У гэтым новым настроі ён быў як бы ўсеабдымным.

У Вежы былі змены: дзед знайшоў настаўніка, сухарлявага і надта разумнага маладога чалавека. Настаўнік пачаў выкладаць Алесю родную гісторыю, літаратуру і грамадскае права. Ён рабіў гэта добра, але хлопчыка як быццам нічога не абыходзіла.

Настрой усеабдымнасці зрабіў тое, што Алесь цяпер вельмі часта лётаў у сне, пад самай столлю, потым выплываў з акна і плыў над зямлёй. Духі займала. Аднойчы ён спытаў аб гэтым у новага настаўніка і атрымаў адказ:

– Атавізм.

– А гэта не ад вершаў?

I прыкусіў язык. Няварта было камусьці гаварыць пра тое, што жыло ў ім.

– Вершы – глупства, – сказаў настаўнік, папраўляючы доўгія валасы. – Гэта добра для сытых, а вакол столькі бедных людзей. Ім трэба асвета. Настаўнікі. Медыкі.

Бедных людзей было сапраўды шмат, і вершы iм былі непатрэбны. Але ж ён пытаў не аб тых вершах, якія ў кнігах. Ён пытаў аб тых, якія носяць чалавека над зямлёй і дазваляюць адначасова быць з усімі.

Алесь замкнуўся, нікога не пускаючы ў свой свет. Ён слухаў спрэчкі новага настаўніка з Вежам і адчуваў сябе ў нечым вышэй за іх. Яны не ведалі яго таямніцы, якая давала змогу яму, Алесю, любіць усіх людзей, як самога сябе, бо ўсе былі адно, і над гэтым адным не было ўлады часу.

Настаўнік і дзед не разумелі гэтага. Яны спрачаліся.

– Нашчадкі славянафілаў, – віраваў настаўнік. – Захад для іх распуста, злосць, крамола. “А вось мы – непарушнае адзінства праваслаўнага блажэнненькага народа з праваслаўным белым царом. Носьбіты велічы! Трэці Рым! Сіла, якая ўратуе гнілы свет. Крыж на Сафіі, гасудар-бацюхна, славяне богабаязныя, душа смірэнна мудрая! Свет велічы і праўды – не тое, што бязбожныя заходнія аспіды...” А за іхнімі гэтымі ідэямі – бруд. Мы – нашчадкі іншых людзей, мы нясём радзіме адмаўленне, свежы струмень вады ў яе дрыгву.

Дзед велічна ўсміхнуўся.

– Я паважаю вашы думкі, – сказаў ён. – Але не вы дый не вашы апосталы першыя сказалі пра гэта. Яшчэ нейкі баярын бубнеў аб “багамерзскіх немцах з іхняй геаметрыяй”. А другі рэзаў яму бараду. Гэта было і гэта будзе праз дзесяць і праз пяцьдзесят год. Паўторыцца старая казка аб заходніках і славянафілах. I толькі падставы будуць іншыя, а вонкавыя праявы падобныя і страшэнна смешныя.

– Што ж вы, адмаўляеце погляды рыцараў духу? – аж бляднеў настаўнік. – Тых, што ў Петрапаўлаўку ледзь не трапілі?

– Я таксама ледзь не трапіў у Петрапаўлаўку, – казаў дзед. – Што ж я, па-вашаму, чалавек поступу і святла?.. Я не бэшчу заходнікаў. Яны былі патрэбны і неабходны. А нашчадкі, узяўшы ад іх усё горшае, ператварыліся ў карыкатуру на іх... Славянафілы ж, якія былі, такія і засталіся, толькі што не выціраюць масляных рук аб валасы, расчасаныя страхой, і не смаркаюцца ў руку, хаця схільныя ўхваляць і тое і другое.

– А вы што ж?

– Я лічу, што людзям патрэбна новая вопратка... Але сам неяк дахаджу ў старой. Калі, вядома, не траплю ў вашу разню.

– Хто каго будзе рэзаць?

– Адны адных. Вялікая вайна за шкарлупіну выедзенага яйка. Княства, як цяпер мудрагелістыя гегелісты кажуць, “і-дэ-алё-гічных” лапцей супраць герцагства “тэ-о-рэ-тычных” манішак. Абсалют дурасці! Будзе рэзаць “тупаканечнікаў” – не спадзявайцеся на мяне.

...Нават немагчымае належала Алесю. Ён быў гаспадаром часу, вякоў, абшараў, бо ўсе людзі вялікай ракі і ўсе Людзі, увесь Род гэта ён, а ён – яны.

...Канчаткова ён зразумеў бязмернае і бяздоннае шчасце, разлітае для яго, у адзін з вечароў, калі забрыў у заглохлы куток саду, непадалёку ад урвішча кахання. Там расла маленькая яшчэ груша, а вакол было залаціста-асмужанае паветра канца жніўня. Ён сеў на камень, узняў вочы і застыў: груша цвіла вялізнымі залатымі кветкамі.

Клубень “залатога шара” невядомым чынам трапіў пад грушу і, дасягнуўшы дакуль мог, выкінуў пышны букет жоўтых кветак, сярод якіх віселі сакавітыя румяныя плады. Здалёк здавалася, што гэта груша расквітнела казачнымі залатымі агнямі. I ён не здзівіўся, бо ўсё было для яго, і гэта было толькі першьм здзяйсненнем немагчымага.

Грушы цвілі для яго залатымі агнямі.


  1. Мой сын, iснуе толькi адна палiтыка: трымаць начны гаршчок перад чалавекам, якi знаходзiцца пры ўладзе, i вылiць гэты гаршчок на ягоную галаву, калi ён пазбаўляецца гэтай улады (франц.).

  2. Гарэлка, настоеная на дваццацi сямi карысных травах.

  3. Сякач, які трымаецца наўздалёк ад дзікіх свіней, адбіваючы і зводзячы ў лес хатніх. Восенню звычайна прыводзіць іх да весніц, быццам разумеючы, што без шчэці ім лясной зімы не вытрымаць. Парсюкі ад адзінцоў вельмі жывучыя і ніколі не хварэюць, але дрэнна нагульныя. Прыдняпроўскія сяляне адзінцоў не любілі, бо свіння за лета, ходзячы паўсюль, не нагульвае вялікага тлушчу – нявыгадна.