17003.fb2
Зала губернскіх дваранскіх збораў нагадвала мора ў непагоду. Уся гэтая паўкруглая зала, усе месцы за калонамі, подыюм і амфітэатр хораў – усё гэта было напхана людзьмі.
Старшыня Басак-Яроцкі, у сваім каўказскім афіцэрскім мундзіры і пры ўсіх рэгаліях, стаміўся біць малаточкам у гонг і толькі з дакорам пагойдваў галавою:
– Чорт ведае што. Дваране яшчэ называюцца. Горш за малых дзяцей.
– Дай ім выкрычацца, Пятро, – спакойна сказаў Юры Загорскі.
Ён высіўся ў першым радзе ганаровых крэслаў на подыюме. Побач з ім прыстроіўся стары граф Хаданскі. На сінім ад брытвы абліччы, як заўсёды, гуляла паблажлівая ўсмешачка.
Трохі далей, адсунуўшыся ад Таркайлы, сядзеў Ісленьеў. Румяны, як яблыка, старэчы твар яго быў нездаволены, трошкі нават грэблівы: размовы, размовы, размовы – абрыдла.
У канцы стала, ля урны, наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Рукою прыкрыў рот. Людзям у зале відаць было паўзверх рукі хітрае, з іскрай, вока.
Пан Юры, маршалак Юры – бо тут ён быў зусім іншы, невядома адкуль і веліч узялася – абводзіў вачыма залу.
...Усе знаёмыя, кожны твар, кожная постаць. Вунь сядзіць адзіная сярод усіх жанчына, Надзея Клейна (у яе ў доме няма дарослых мужчын, і ездзіць яна ў зборню прынцыпова). А вось там хвалюецца пан Мнішак з яго замучаным тварам і стрыманым гонарам у вачах. Ля яго Раткевіч Юллян, галава малодшага роду Загорскіх, чалавек з нервовым жаўтаватым абліччам. Ён гаворыць аб нечым з Мнішкам. Часам да іх схіляецца з задняга рада галава Міколы Браніборскага, таксама сваяка з малодшага роду. Непрыемная галава, сквапная, з хваткім, як у галаўня, ротам. Гэты, відавочна, запраўляе справамі ў сваім кутку і зараз нешта рыхтуе.
У першым радзе жоўчнае, знясіленае нейкай неадчэпнай думай аблічча Яраша Раўбіча. На падлакотніку крэсла цяжка ляжыць безвалосая рука з жалезным бранзалетам. Вочы-правалы часам сустракаюцца з вачыма пана Юрыя і змяжаюцца, як у стомленай птушкі.
...Пан Іван Таркайла з братам. Гэтыя, відаць, нешта прачулі, бо сядзяць насцярожана. Абодва пышнавусыя, абодва ў дыхтоўных, на сто год, сурдутах.
“Ох, нешта будзе. Дальбог, будзе”, – думае пан Юры.
Тым больш што ў заднім радзе сядзіць далёкі брацік жонкі, любенькі пан Кастусь Кроер, распатланы, як заўжды на падпітку, з ашалелымі шэрымі вачыма, такімі вар’яцкімі, што хоць ты перахрысціся, зазірнуўшы ў іх выпадкам.
Кажуць, пасля бунту ў Півошчах брацік зусім расперазаўся: п’е як апантаны, распуснічае, марнатравіць набытак. Па вёсках стаіць лаянка, плач, мардабой. Пасябраваў, сволач, з Мусатавым, даў яму, кажуць, куку ў руку, толькі каб той памог яму спаймаць таго збеглага мужыка, што кінуў вілы... Як бо яго? Кошык?.. Корчык?..
І вось загонавыя, разам з блакітнымі, гойсаюць па лясах, ловяць. Ды толькі трасцу вы яго без здрады зловіце... Колькі год гуляюць славутыя бандыты? А колькі пашанцуе. Прайдзісвет гуляў некалькі год. Чортаў Бацька – шаснаццаць і яшчэ адно лета, пакуль сабутэльнікі па п’янцы не далі доўбняй, ды трапілі, відаць, па голым месцы. А Чорны Война гуляе ўжо дваццаць год. Лясы нямераныя, сцежкі знаёмыя.
Пан Юры амаль жадаў, каб у адной з вёсак Кроера адбылося нешта дзікае. Тады дваранская грамада, пад яго, пана Юрыя, кіраўніцтвам, мела б права і магчымасць патрабаваць апекавання над гэтым раз’юшаным сабакам. Адабраць, за няздатнасць і п’яную прыдуркаватасць, права кіраваць жывымі людзьмі, маёнткі ў апеку, а пана Канстанціна пад хатняе зняволенне, гуляць з нянькай у дурня ды чытаць чэцці-мінеі.
Хай адзін знявечаны. Затое астатняя тысяча душ уздыхнула б з палёгкаю.
І нічога, нічога ж з ім нельга зрабіць, пакуль ён бандыцкім баронам сядзіць у сваіх вёсках. “Мой дом...” І ідзіце вы, маўляў, да д’ябла з вашымі ра́джаннямі, пан маршалак і пан губернатар.
Стары Вежа глядзеў на сына і ўсміхаўся. Усё ж чагосьці варты. Нават усе гэтыя soi-disant gros bonnets[63] глядзяць на яго не без павагі.
Урэшце, павагу ў іх прыдбаць лёгка.
Вежа нахіліўся да Ісленьева, шапнуў яму:
– Глядзі, як мой будзе ўтаймоўваць “совет нечестивых”.
– Вы буркатун, князь, – сказаў Ісленьеў. – Вы зноў лаеце гэтых людзей, і ўрад, і веру. Проста дзіву даешся.
Яны ўсміхнуліся. З усяго гэтага хаўрусу Вежа паважаў толькі аднаго Ісленьева. Паважаў за чысціню, хаця і ставіўся да яго з нейкай дзіўнай паблажлівасцю, бо Ісленьеў мяккацела служыў.
...Загорскаму ўдалося навесці цішыню. Ён зрабіў Басаку-Яроцкаму знак казаць далей.
Старшыня для парадку яшчэ раз ударыў у маленькі гонг. Бронзавы гук неяк жаласна праляцеў вялізнай пацішэлай залай, прагучаў пад скляпеннямі і змоўк.
– Ціха, панове дваране, – сказаў Яроцкі. – Мы назнарок пакінулі час на тое, каб абмеркаваць запіску, пададзеную дваранскаму губернскаму з’езду і падпісаную васьмю дваранамі... Браніборскім, Вітахмовічам, Вірскім, Панафідзіным, Яноўскім... Раткевічам...
– Сем пар чыстых, – сказаў Кроер, і ўсе паглядзелі на яго.
– Ямантам...
– Сем пар нячыстых, – сказаў Кроер, але ўжо цішэй.
– І Мнішкам... Пры гэтым пан Мнішак паставіў подпіс толькі ўчора... А пан Раткевіч, хаця ідэя запіскі была ягонай, зняў свой подпіс, не згаджаючыся з дапаўненнямі, унесенымі Браніборскім, і згадзіўся зноў паставіць толькі сёння, патрабуючы, аднак, магчымасці выказаць асобную думку.
– ...у палонцы, – сказаў Кроер.
– Пане Браніборскі, – сказаў Яроцкі, – ідзіце сюды, чытайце.
Браніборскі ўзняўся, чаканячы крок, пайшоў на подыюм. Чырвоная саф’янавая папка з залатымі снурамі заціснута пад пахай, галава ўскінута.
...Дастаўшы з папкі лісты блакітнай паперы, Браніборскі пачаў чытаць, трымаючы ларнет куды вышэй ліста.
Усе слухалі. Гэта былі звычайныя звесткі аб бядотным становішчы губерні, аб градзе, аб нечуванай хваробе бульбы, калі клубні амаль нельга адрозніць ад гразі, аб плацяжах па закладах, аб недаборах... Усе ведалі гэта, але звесткі, сабраныя ў купу, гучалі цяпер значна больш важка і нават застрашліва.
Становішча было сапраўды пагрозлівае.
Скончыўшы з уступнай часткай, Браніборскі абвёў усіх позіркам, змоўк на хвіліну – у зале не было чуваць людзей – і ўзвысіў голас:
– “Для отвращения гибельных последствий несостоятельности владельцев, происходивших от постигших губернию в минувших годах неурожаев, прибегнуть к чрезвычайным средствам, а именно...”
Зала маўчала.
– “А именно: изъявить готовность отказаться от крепостного права над людьми и при представлении высшему правительству о нуждах дворянства просить о дозволении составить комитет для начертания на вышеизложенном основании будущих прав и обязанностей как владельцев, так и крестьян”[65].
Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас:
– Рацыя!
І ў адказ яму паляцела з розных канцоў:
– Правільна!
– Досыць ужо!
– І яны галадуюць, і мы!
Раптам узвіўся над сваім крэслам пан Кроер.
– Не!
Яго вар’яцкія шэрыя вочы, пашыраныя, ашклянелыя, абводзілі людзей.
– Не і яшчэ раз не! Хто прыдумаў? Галадранцы прыдумалі! У якіх сваіх душ няма. Зайздрасць іх бярэ! Мнішкі прыдумалі, Вірскія! Людзі з двума дваровымі. Жабракі!
– Я не жабрак і не галадранец, – сказаў даўжэзны, як калядная свяча, Юллян Раткевіч: жаўтаватае аблічча яго было нервова-злоснае. – Я не галадранец. А мая асобная думка – вось яна. Браніборскі прапануе адступіць ад мясцовага прынцыпу: “Сяляне не нашы, а зямля наша” і ад прынцыпу цэнтральных губерняў: “Сяляне нашы, а зямля – іхняя” ў імя прынцыпу: “Мужыкі не належаць нам – зямля не належыць ім”. Гэта, я лічу, несумленна, гэта пазбаўляе мужыкоў набытку, робіць іх жабракамі. А мне, дый усім тут, непатрэбны работнікі-жабракі, памагатыя-жабракі. Я шкадую, што пусціў Браніборскага і дазволіў яму дапаўняць маю запіску. Шкадую, што цяпер застаўся ў меншасці з панам Мнішкам. Я лічу правільным прынцып: “Яны – не нашы, а зямля – напалову”. А то атрымалася, што я пачаў гэтую справу, бо мне асабіста прыгон нявыгадны. А гэта не так. Усё.
– Ты пачаў гэтую справу, бо ты якабінец, – Кроер крычаў з круглымі ад гневу вачыма, – бо ад цябе смярдзіць французяцінай. Глядзіце, дваране! Гэта пачатак вашага канца!
Шум выбухнуў вакол яго. Сабутэльнікі цягнулі пана на месца. Раткевіч ірваўся да Кроера.
– Мужыцкія дабрадзеі! – крычаў Кроер. – Якабінцы! Княствамі ім валодаць абрыдла! Яны ў басякі захацелі, у рымары!
...Ісленьеў схіліўся да Вежы і ціха спытаў у яго:
– Ну? Чакалі вы гэтага?
– Даўно чакаў, – Вежа глядзеў на віраванне натоўпу. – Ды толькі трошкі не так чакаў.
– Чым вы гэта ўсё тлумачыце?
– Подласцю, – спакойна сказаў Вежа.
– Чаму-у?
– Дурань Кроер не мае рацыі, – сказаў Вежа. – Яны не ў якабінцы захацелі і не ў рымары. Такіх сярод іх – Мнішак ды Раткевіч. Гэта – святыя ёлупы. Як быццам нехта ім дазволіць быць святымі ў гэтым прытоне. А астатнія? Чуеце, як на Кроера крычаць? Хіба толькі тыя, што падпісалі? Не, большасць. Большасць супраць прыгону. І яны не ў рымары захацелі, а ў багатыя людзі. І вось таму я не за тое, каб адмянілі прыгон у іхніх маёнтках.
– Н-не разумею вас, – сказаў Ісленьеў. – Адкараскацца, адкруціцца захацелі ад сваіх мужыкоў, – сказаў Вежа. – У голад кінуць... Мне, граф, вядома, не хочацца, дзеля ўнука, каб прыгон адмянілі... Але каб вырашылі сумленна адмяніць – я першы аформіў бы. Грэшная, злая справа. Састарэлая. Непатрэбная.
Вусны ягоныя былі горкія.
– Як бабу... цалавалі, дык завушніцы абяцалі, а як баба раджаць, дык яны ўцякаць... Было: яны нашы, таму што зямля наша. А тут выходзіць, усё наша: і грошы за заклад, і зямля, – толькі яны не нашы. Нашто яны нам з голым пузам? Хай у старцы ідуць. Хай самі за сябе плацяць нядоімкі, якія дагэтуль за іх плацілі мы. А нядоімак у гэтых вось гаспадароў набралася ледзь не ад часоў цара Гароха... Людзі галодныя – дзе ім плаціць? Урад ішоў на некаторую адтэрміноўку, каб апошняй шкуры з мужыка не злупіць. А вы спытайцеся ў гаспадароў – ці забылі яны хаця адзін год мужыка пастрыгчы? Вось... Вось яно і ёсць.
– Што б вы прапанавалі?
– Пачуеце, – сказаў Вежа. – Яны ў мяне павінны спытаць. І я адкажу.
Галас усё нарастаў.
– Вырадкі! – крычаў Кроер. – Сацыялісты!
– Кроер, я абарву вам вушы, – сказаў Раткевіч. – Я мяркую, вы яшчэ не заклалі ў карчме вашай шпагі?
Кроер зароў. І тут перад ім раптоўна стала Надзея Клейна.
– Ну, – сказала яна. – Ну! Што ты збіраешся рабіць, аспід, дай я гляну.
– Жанчына, адыдзі!
І тут Клейна спрытна, як кошка, схапіла яго пухлай ручкай за вуха.
– Не торгайся, бацюхна... Я табе цяпер не жанчына. Я на зборні. Такая, як усе. Сядзь, бацюхна. Сядзь ціхутка. І слухай, што разумныя людзі гавораць.
Зала рагатала. І рогат зрабіў тое, чаго не зрабілі б аголеныя шпагі. Кроер сеў.
І адразу ўдарыў у гонг Басак-Яроцкі.
– Я полагаю, лучше всего решить этот вопрос, ввиду расходившихся страстей и резкого размежевания собравшихся, путем баллотировки. Но раньше, думается мне, надо опросить нескольких, известных своим состоянием, возрастом или умом, дворян.
– Але, – загулі галасы.
– Тады я пачынаю, – сказаў Яроцкі. – Пан граф Хаданскі.
Хаданскі ўстаў. Паблажлівая завучаная ўсмешачка нерухома ляжала на яго вуснах.
– Не разумею прычыны спрэчкі, – сказаў ён па-французску. – Сярод Янак пакуль што не заўважана ні Лавуазье, ні Мармантэляў. Пан Раткевіч, вядома, выступае за народ, а не за сваю кішэню. Ён сам казаў, што ён робіць гэта не праз выгаду.
– Дурань, – ціха сказаў Вежа. – Заўсёды думаў, што Хаданскі дурань. І злосны. Чалавека хоча зганьбіць.
– Дык вось, – казаў далей Хаданскі, – я заступіўся б за пана Раткевіча, але нашто мне заступацца за мужыка, які не адчувае аніякай патрэбы ў змене свайго становішча? Ён яшчэ не дарос да волі. Яму яшчэ трыста год будзе патрэбен сатрап з бузуном. Калі пакінем яго мы, культурныя, ён знойдзе на сябе іншага жорава. Горшага. – Ён схіліў галаву. – Я заклікаю ўсіх дваран, якія хочуць араць зямлю, хочуць, каб у крэслах гэтай зборні сядзелі Зохары і Яўхімы, а на месцы маршалка – крывавы кат... я заклікаю ўсіх гэтых дваран класці белы шар за мужыцкую волю.
І сеў. Частка залы ўхвальна зашумела.
– Ясна, – сказаў Яроцкі. – Пані Клейна.
– Не ведаю, бацюхна, – сказала старая. – Па-старому мне зручней. Але як падумаю, што на зборах замест буяна Кроера будзе сядзець мой дзед Зохар, як тое зараз паабяцаў Хаданскі, дык мне аж адразу весялей робіцца.
Махнула рукой:
– Белы шар.
Усе маўчалі. Потым Яроцкі ўздыхнуў:
– Пане Раўбіч.
Раўбіч глядзеў на Загорскага. І Загорскі, асцерагаючы яго, адмоўна паківаў галавою.
– Я адкажу балаціроўкай, – глуха сказаў Раўбіч.
Загорскі кіўнуў.
– Ваша справа, – сказаў Яроцкі. – Пане маршалак.
– Волю, – сказаў пан Юры. – Я з Раткевічам.
– Пане Ваневіч.
– Волю.
– І, нарэшце, самы ўплывовы з дваран губерні – князь Загорскі-Вежа.
Загорскі ўстаў.
– Волю, – сказаў ён. – Волю ў тых маёнтках, на якіх няма нядоімак і дзе заплочаны працэнты па закладных.
Словы ўпалі ў насцярожаную цішыню залы, як карцеч. Тыя, у якіх трапіла, зашумелі. Прыблізна трэцяя частка залы, у тым баку, дзе сядзеў Браніборскі.
– Чаму вы крычыцё, панове? – звузіўшы вочы, спытаў Вежа. – Хіба я сказаў нешта нечаканае, нешта такое, аб чым вы не думалі?
– Лухта! – крыкнуў Іван Таркайла. – Я даю мужыкам пазыкі, я адказваю за нядоімкі, за неплацеж падаткаў, што ляжаць на мужыках. Яны не вартыя таго самі, вось што.
– Сядзьце, хрысціянін Таркайла, – грэбліва сказаў Вежа.
– Што б вы прапанавалі? – вонкава спакойна спытаў Браніборскі.
– Прадайце прадметы раскошы, – сказаў Вежа. – Заплаціце закладныя. Заплаціце нядоімкі: разам нажывалі іх, разам і адказвайце. А там, чыстыя, будзеце думаць.
Суровыя бровы старога разышліся:
– Згаленне? Магчыма. Але ж вы жылі з іхняй працы на вашай зямлі. Дык вось, калі вы ўсе будзеце чыстыя – вызваліце іх. Аддайце ім палову зямлі, і, вольныя, яны пойдуць і на вашу зямлю таксама. За грошы. І гэтая палова вашай зямлі дасць вам утрая больш, чым цяпер уся.
Было ціха. Потым нехта з асяроддзя Кроера паспрабаваў свіснуць.
– Чаму ж вы так? – спытаў Вежа. – Я ж, здаецца, не за адмену стаю? Я ж прапаную пакінуць на год усё, як яно ёсць.
І тут край Браніборскага і Кроера выбухнуў выгукамі:
– Сацыяліста! Гверыльера!
Вежа з удаваным непаразуменнем паціснуў плячыма.
– Карбанарый! Кінжальшчык! Лувель! Якабінец!
Яроцкі дарэмна біў у гонг. І тады Вежа, зрабіўшы яму знак спыніцца, падаўся наперад.
– Ну, – амаль шапнуў ён.
Ён абводзіў рады вачыма, і выгляд у старога быў такі, што тыя, па кім прабягаў яго позірк, адразу змаўкалі. Запанавала цішыня.
– Вось так лепей, – сказаў Вежа і дадаў: – А для сябе... для сябе я стаю за белы шар.
І рэзка кінуў:
– Воля!
Сядзеў, адразу страціўшы ўсялякую цікавасць да таго, што адбываецца ў зале. Ён разлічыў правільна, ён зразумеў іх і таму здолеў сутыкнуць ілбамі. А-адна сволач! Што ж, цяпер асталося толькі апусціць свой белы шар і ехаць дадому, да ўнука.
Добра, што хлопчык не сярод гэтых пачвар, што ён не бачыць разгулу нізкіх чалавечых страсцей.
– “На основании сто десятой статьи устава о службе по выборам, – чытаў Пятро Яроцкі, – третий том, и сто двадцать восьмой статьи девятого тома свода законов Российской империи (издание сорок второго года) – постановления дворянства производятся посредством баллотировки и признаются обязательными, если они приняты единогласно или не менее как двумя третями голосов всех присутствующих дворян”.
Ён кашлянуў.
– Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове. Прашу браць шары.
Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны.
Шар гучна ўдарыўся аб чыстае дно.
А потым шары пачалі падаць часцей і часцей, і ўдары рабіліся ўсё больш і больш глухія.
...Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо даўно гарэлі гарадскія агні.
Маршалак Юры падышоў да бацькі. Стары Вежа чакаў, стоячы ля акна і гледзячы на цьмяную ў цемры стужку Дняпра. Пан Юры ўспёрся на падваконне побач з ім.
– Гэтыя шары грукалі страшна, – сказаў Вежа. – Як камяні па труне.
– Сапраўды, бацька, – адказаў пан Юры. – Пахавалі мы гэтымі шарамі запіску Раткевіча. Усё.
– А што, хіба пахавалі?
– Пахавалі, бацька. У зборні было чатырыста дваццаць восем дваран. Каб запіска аб адмаўленні прайшла – трэба было не менш за дзвесце шэсцьдзесят два галасы. І вось.
– Колькі?
– За адмену дзвесце шэсць, супраць – сто восемдзесят сем.
Вежа рушыў быў да выхаду, але потым спыніўся. Твар ягоны быў жорсткі, калі ён сказаў сыну:
– Ты, маршалак, павінен быў са шкуры вылезці, а даведацца аб прапанове Раткевіча. Пэўна, не адны гэтыя восем чалавек ведалі?
– Не адны.
Стары свідраваў сына вачыма.
– Раўбіч ведаў?
– Аднекуль ведаў. Раткевіч да яго даволі блізкі.
– Ну вось. Ты павінен быў ведаць. Павінен быў сказаць мне.
– Чым бы ты памог?
– Грашыма. Я прывёз бы ў зборню ўсю дробную шляхту, у якой ёсць галасы, але няма мужыкоў, няма нават грошай, каб паехаць у губерню, дзе, урэшце, ім, пакрыўджаным, няма чаго рабіць. А яны б галасавалі, як ты, як я... Я прывёз бы толькі сто чалавек – і Кроер паляцеў бы рылам.
– Нашто табе гэта рабіць?
Вежа ўсміхнуўся.
– Так проста. Клейне прыемна сядзець побач з Зохарам, мне – сутыкнуць гэтую сволач, прымусіць іх біцца. Урэшце, мне проста забаўна было б паглядзець, а што з гэтага будзе. І я не люблю Кроера.
Так званыя тузы (франц.).
Свята, якое ў сярэдзіне мінулага стагоддзя стала дзіцячым, але ў сярэднія вякі адзначалася ў памяць выратавання ад “чорнай смерці”. Галоўнай асобай на свяце была Паляндра, увасабленне смерці і чумы, чалавек у лахманах і масцы. Чэмер (перац) прыводзіў Паляндру да людзей (“чорную смерць” завезлі з усходнімі таварамі). Людзі вадзілі Паляндру між агнёў, здзекаваліся і ўрэшце праганялі прэч.