17003.fb2
Каляды адзначыў свежы і пушысты снег. Снег быў на ўсім: на слупах платоў, на стрэхах, на дрэвах, на футры начнога вартаўніка і ў вёдрах з вадой – толькі пранесеных ад студні да хаты.
Зямля памаладзела.
Майка Раўбіч, прачнуўшыся перад каляднай раніцай, адразу зразумела, што на дварэ снег, так светла было ў пакоі. І яна выскачыла з ложка, захінула на падушку коўдру, каб не разышлася цеплыня, і босая падбегла да акна.
За акном было белае і чорнае: снег і галіны дрэў.
Ногі трошкі зябнулі на падлозе, і дзяўчынка кінулася зноў у ложак, які не паспеў дзякуючы яе хітрасці астыць, і аж засмяялася ад шчасця, што цёпла, што на дварэ снег.
А потым задумалася, не ведаючы, здалося ёй тое, што яна бачыла мінулым вечарам, ці было сапраўды.
Напярэдадні нянька Тэкля страшыла яе, што вось падыходзяць Каляды і цяпер якраз прастора для розных нячысцікаў, якія спяшаюцца перад Божым нараджэннем нахапаць сабе як мага больш гарэзлівых і непаслухмяных дзяўчатак.
– Лазнік вось... Як во-озьмецца за бок, ды я-ак пацягне пад палок, ды як пачне казытаць – тут ужо маліся як хочаш – не дапаможа. Бо не слухалася бацькоў і нянькі Тэклі.
– А які ён, Лазнік?
– Страшны, – адрэзала Тэкля. – Адзенне ў яго з венікаў; замест вусоў – два лазенныя апарышы. А сам увесь курэе, як пара. І гарачы такі, казытлівы.
– Не веру я табе, бабуля. Унь казалі на свяце Агню[65], што Паляндра страшная. А то быў Тодарка-вадавоз. І смяшыў дзяцей. І зусім ён не страшны.
– А вось паглянеш, паглянеш, – страшыла старая.
І тады Майка вырашыла паглядзець. Пасля вячэры яна, замест таго каб ісці ў бібліятэку, накінула футра і крадком пайшла змрочным паркам да лазні. Яна не баялася, што ёй перашкодзяць: бацька заўсёды дазваляў ёй рабіць тое, што яна хоча.
Пранізаны ветрам, звонкі ад марозу парк, рэдкія стылыя зоры ў галінах. Рыпнула фортка ў частаколе, высокім, страшным у цемры, з конскімі чарапамі, што невыразна бялелі ў змроку.
Яна сапраўды ўбачыла Лазніка. У лазні свяціўся жоўты бляклы агеньчык, і дзяўчынка, прыпаўшы знадворку да васьмікутнічкаў тоўстага, пузырыстага шкла ў свінцовай раме, убачыла венічны прылазнік, падобны на пячору, калматы ад соцень венікаў, а на зэдліку – Яго.
Ён быў падобны і непадобны. Венікі былі не на ім, а вакол. Пэўна, распрануўся і скінуў іх. Але нават без венікаў ён быў страшны, хаця зусім не курэў: такі чорнавалосы, цёмны і невыразны праз шкло.
Дрыжучы ад страху, яна распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за ім.
Лазнік, відаць, пачуў нешта. Ён узняў вочы і паглядзеў на акенца.
Яна адарвалася ад шкельцаў, скацілася ўніз па сходцах з галерэйкі і кінулася бегчы так, як не бегала ніколі ў жыцці. Ледзь не згубіла ў хмызах футрачка, падрапала рукі ў жывой агароджы, балюча выцялася нагою аб камень. Я цяпер вось ляжала і думала, было гэта ці не.
Апальшчык у калідоры грукнуў дровамі аб жалезны ліст ля печкі, і яна ўявіла, як добра гэтыя дровы пахнуць: свежасцю, водарам марознага дрэва і падталым сняжком.
Яраш Раўбіч, увайшоўшы ў пакой, таксама прынёс водар снегу і чысціні. Сеў на краёчак ложка.
– Што ж ты ляжыш, доня? Сарокі снег прынеслі.
– Я яшчэ трошачкі-трошачкі, – сказала яна.
Аблічча Раўбіча, калі на яго не глядзеў ніхто з чужых, было зусім не жоўчным. І вочы глядзелі без дапытлівасці, не цягнулі душу з чужых вачэй. Было ў іх нават нешта вінаватае, нешта накшталт вечнага ўсведамлення нейкай хібы ў тым, што ён робіць.
Майка гуляла бранзалетам, круцячы яго на бацькавым запясці:
– Шыпшына, у-у, як колецца... Курган, у-у, як высіцца... А ото “бу-у” – страшны рагаты бугай. Гам – і з’есць.
– Бугай? Гэта зубр.
– А зубр хіба не бугай?
– Няхай так. Але ж зубры нікога не ядуць... Аднойчы шляхцюк у моцны мароз ехаў пушчай, намасціўшы ў санкі сена. Зубру захацелася сена. Ён падышоў, асцярожна падчапіў соннага шляхцюка на рогі і паклаў яго на снег.
– Няпраўда, татка. А коні?
– А коні думалі, што гэта карова. Коні ж не баяцца кароў.
Майка засмяялася.
– А потым зубр пайшоў за санкамі і еў сена, пакуль не ўклаў усё. А шляхцюк лаяўся: “Карова ты брыдкая! Бугай ты халерны! Каб цябе так ваўкі ўклалі, як ты маё сена ўклаў, каб...”
Дзяўчынка, смеючыся, прыпала шчочкай да жалезнага бранзалета.
– А зубр?
– З’еў і пайшоў. Яны добрыя. Яны страшныя толькі для ворагаў, зубры.
– Ласа-зубр. Харошы зубр. У, які жалезны!
Раўбіч пагладзіў яе па галаве.
– Досыць, дзетка. Не варта табе гуляць з гэтай штукай. Гэта цацка для дарослых.
Прыўзняў яе разам з коўдрай.
– А я табе сакрэт скажу. Хочаш?
– Хачу.
– Алесь прыслаў па цябе коней. Хочаш з мамай з’ездзіць да яго на Каляды?
– А ты?
– Я не магу, – сур’ёзна, як дарослай, сказаў Раўбіч. – Мне трэба паехаць аж на другі канец губерні. Разумееш, мужчынскія дваранскія справы. Гэта табе не цікава. Дык хочаш?
– Хачу, татка, – уздыхнула яна. – Толькі цябе шкада.
– Тады апранайся. Сама. Як дарослая. Апранайся, Міхалінка.
І сам разгарнуў вакол яе ложка і ўмывальніка японскую шырму.
– Тата, – спытала з-за шырмы Майка, – Лазнік ёсць?
– Які Лазнік? А-а. Не, дзетка. Нікога такога няма. Ні лазнікаў, ні вадзянікоў – нікога. Гэта толькі буркатлівыя бабулі палохаюць дзяўчатак. Але ты не вер і нікога-нікога не бойся. Страшныя бываюць толькі злыя людзі.
Майка пырхала ў далонькі пад умывальнікам.
– А каго ж я тады ўчора ба-ачыла ў нашай лазні? Праз акно. Сядзіць, чорны такі. І ад венікаў распрануўся.
Раўбіч асекся.
– Ну, адзін, можа, і астаўся, – урэшце сказаў ён. – Толькі ён стары, ён, напэўна, скора пойдзе ў лес і засне там назаўсёды ў бярозах. А пакуль ходзіць сабе з лазні ў лазню. Носіць дзецям падарункі перад калядамі. І табе прынёс. І залаты медальён прынёс замест таго, што ты... згубіла. Ты ж цяпер амаль дарослая, дзяўчына. А значыць, можаш насіць золата.
– Тата, хіба мы бедныя, што носім жалеза?
– Гэта не проста ржавае жалеза. Гэта жалеза нават без парушынкі іншага металу...
Памаўчаў.
– Не, дзетка, мы не бедныя. Мы яшчэ трымаемся за стары-стары звычай, які стаў нашым фамільным. Мы, мужчыны з Раўбічаў, носім толькі жалеза, бо золата вельмі брудны метал. Самы брудны, які ёсць на зямлі.
– А як жа мне яго насіць?
– Дзяўчаткам можна. І потым, гэта старое золата. Яго здабылі дзяды... жалезам. Такое – можна.
Майка, ужо зусім апранутая, выбегла з-за шырмы і кінулася Ярашу на шыю. Ён падхапіў яе, лёгенькую, цёплую, – самы дарагі цяжар на зямлі.
“Божа, – думаў ён, – што ж гэта я раблю ўсе апошнія гады?! А яны што? Што яна будзе рабіць, маленькая?”
Але ён ведаў, што ўсё застанецца па-ранейшаму, і нічога ёй не сказаў, толькі пацалаваў цёмна-блакітныя вочы.
– Слухай, – сказаў ён, – слухай мяне, лапуся. Будзь разумнай, не крыўдзь Алеся, не “выабражай” над ім, як вы, дзеці, кажаце.
Ён, вядома, разумеў гэты смутны цень, гэтае далёкае абяцанне “дарослага” ва ўлюбёнай дачцэ. Але гаварыць аб гэтым было нельга. Рана.
– Я менш за ўсіх іншых хацела б крыўдзіць яго, – уздыхнуўшы, сказала яна. – Ды што зробіш, калі ён такое ведзьмедзяня? То спрытны і вясёлы, а то цяльпук цельпуком.
– Ты ўсё ж пастарайся, – сказаў Раўбіч.
– Я пастараюся, – сказала яна.
...Выехалі ў зімнім вазку ўпяцёх. Маці, Франс, Майка, малодшая сястра Наталля і Стась, самы малы з усіх.
Праз шкельцы вазка былі відаць лагчыны, заснежаныя лясы, птушкі-пасмяцюхі, што прылятаюць з далёкай Лапландыі і зімуюць у нас, бо тут для іх цёпла, адхоны над белым Дняпром і ліловыя хмызнякі на грывах.
Фурман спяваў нешта сумнае і шырокае, пагойдваў у такт спевам галавою.
Звонка вішчалі пад палазамі марозныя каляіны.
Вецер прынёс далёкае выццё і рэдкі гарматны гул лёду на Дняпры.
Ад нерухомасці ўсім у вазку было трошкі халаднавата.
А потым з грады заўважылі далёкія агні ў снягах. Коні пабеглі шпарчэй. Вазок спыніўся, рэзка завярнуўшыся, ля параднага ганка.
...Сыпанулі насустрач людзі, хутчэй неслі дзяцей у дом, расхутвалі іх, пахучых з марозу, садзілі на доўгую гарачую ляжанку ў гардэробнай, давалі па глытку гарачага віна з карыцай.
Алесь то паціскаў руку Франсу, то схіляўся да Майкі, то цалаваў маленькую Наталку (Майку цалаваць ён саромеўся).
А потым у дзверы сыпанула сапраўдная дзіцячая калатэча: Мсціслаў, Ядзенька Клейна, Янка, чорны, як чобат, і неўтаймавана вясёлы. Ногі, рукі, усмешкі, віск, смех.
– Што ўжо што, а шуму такі будзе. І не кажы, кума, – казаў пан Юры.
Ён быў шчаслівы. На каляды ў Загоршчыну нечакана прыехаў стары Вежа.
Вежа сустрэў дзяцей на верхніх прыступках сходаў, вялізны, з прыгожай сівою грывай валасоў. Браў дзяцей на рукі, глядзеў ім у вочы.
– Гэта чыя ж такая? Твая, пані Надзея?
– Мая.
– Гожая якая. А гэта? Ого, ну, гэта я сам разумею. Новы прыдняпроўскі дваранін, усыноўлены Ян Клейна. Бач ты які, братка! Маеш ад мяне шаблю.
– Дзякуй вам, – сур’ёзна сказаў мурын. – У Ракі шмат ворагаў.
Дзед нечакана ўздыхнуў і пацалаваў Янку:
– Прыйдзе час – сам знайду табе жонку і зброю. Алеся хаця любіш? Будзь яму другам. Як нітка за іголкай. Ты, брат, глядзі. Табе яшчэ давядзецца ўсім жыццём даводзіць... што ты – наш.
Узяў за скроні Мсціслава.
– Пусціце мяне, калі ласка, – сур’ёзна сказаў Мсціслаў.
– Чаму гэта?
– Мы ўжо дарослыя.
– Правільна, – згадзіўся дзед. – Вы дарослыя. Дык, значыць, ты найлепшы сябар майго ўнука?
Урэшце чарга дайшла да Майкі. І тут дзед зрабіў ласку сесці на падстаўленае сынам крэселка.
– Раўбічава. Ану, дай паглядзець на цябе.
Доўга разглядаў попельныя, з залацістым адценнем валасы, бэзавую сукенку з кароткімі рукавамі, цёмна-блакітныя, удавана наіўныя вочы.
– Чорцік? – спытаў ён. – Чаго табе не хапае дзеля таго, каб стаць харошым і добрым, чорцік?
Майка ўсміхалася высокім краёчкам рота. Яе злаваў гэты агляд, яна адчувала ў ім нешта няёмкае, і сама сабе вырашыла адыграцца за яго на адзіным чалавеку, якога было чамусьці прыемна дражніць: на Алесю.
– Даросласці, – сказаў дзед. – Жыццё табе дазваляла ўсё, капрызны чорцік. А вось калі яно пачне супраціўляцца, пачне мяць, – тады ты зразумееш і станеш харошым, чорцік з дзівоснымі вачыма.
Пагладзіў яе лапку.
– Будзь добры з... людзьмі, чорцік. Так ці не так? Будзеш?
– Паспрабую, – зрабіла яна кніксен.
Пайшла далей. Дзед глядзеў на яе і думаў:
“Самая добрая пара будзе для Алеся. Сумленная сям’я. Адна з нямногіх, сапраўдных. Але хто ведае, што будзе з дзяўчынкі праз сем год”.
І пасля размовы з дзецьмі Вежа стаў асабліва з’едлівы з гасцямі, шакіраваў іх усіх мужыцкай мовай уперамешку з самай вытанчанай французскай, назнарок нападаў на тое, што было дорага субяседніку, – словам, расклеіўся.
На яго глядзелі са здзіўленнем, дзівуючыся каструбаватым мужыцкім сказам, якія ён вымаўляў з асаблівым смакам. Пакуль што на людзях гэта дазвалялася толькі Клейне.
Яны проста забылі, што Вежа і раней вызначаўся гэтым. Забыць было лёгка: стары не з’яўляўся між іх цэлых дзесяць год.
А ён накіраваўся да дзяцей. Сам адчыніў ім дзверы ў залу, дзе стаяла нешта цьмянае, таямніча распасцершы лапы. Сам загадаў запаліць свечкі, страляў разам з усімі з ляскавак, памагаў разбіраць падарункі, першы вёў за руку дзіцячы карагод.
Проста па анфіладзе, з пакоя ў пакой, рухаўся стракаты ланцуг, а наперадзе лёгка пераступаў нагамі сівы чалавек бадай што сажэннага росту і напяваў:
У блакітнай гасцінай карагод, раздурэўшыся, наляцеў на падстаўку з кітайскай вазай. Чарапкі з сінімі рыбамі разляцеліся ў бакі.
Дзед чухаў патыліцу і раптам з лёгкай хады перайшоў на скокі.
Ніхто не бачыў, што Клейна стаіць у дзвярах і назірае за скокамі. І раптам усе змоўклі. А Клейна сказала:
– А вось пані Антаніда заўважыць ды ёмашнікам вас, лайдакі. За гэтым старым дурнем дый вы ў побрыкі.
Як быццам тут была вясковая хата, у якой вадзіліся ёмашнікі.
– Гэта мы святкуем, – сказаў дзед і крыкнуў: – Касьян, падбяры чарапкі! Раніцай раздасі дзецям па адным у каробачцы. Гэта будзе “грамада разбітай вазы”. Год праз сорак склеіце. Адзін аднаго не губляць.
Бацька глядзеў з дзвярэй на скокі вакол разбітай вазы і рагатаў.
– Ану за мной! – крыкнуў ён і павёў дзяцей зноў да ялінкі.
Яна ззяла ў паўцемры, вялізная, уся ў таемных ценях, пахучая. Чырвоным святлом гарэла на яе верхавіне віфлеемская зорка. А ў галінах, бы ў зялёнай пячоры, стаялі лялечныя авечкі, і валхвы ў дзівосных уборах ішлі да ясляў.
...А потым наведалі палац сяляне з казою. З тварамі, намазанымі сажай, у вывернутых кажухах, у дзівосных “турэцкіх шапках” – яны прынеслі з сабой мароз, гукі дуды, цымбал і бубна.
Каза была ў шэрым ваўчыным футры з вяхотным хвастом, у сушанай авечай масцы. Замест барады ў яе быў пук каласоў. Каза мэкала і спявала дураслівым голасам.
Гэта была ўжо не забава, а важная справа. Бо ад казы залежаў наступны ўраджай. Усім вядома, што душа нівы, каму пашанцавала яе ўбачыць, падобная на спрытную казу, якая бегае на задніх ножках. Такая ўжо істота. Спачатку ёй добра жыць, але потым жніцы жнуць жыта – і ўсё менш і менш застаецца месца, дзе магла б схавацца душа нівы. У адчаі яна хаваецца ў апошнюю жменю каласоў, – гэта і ёсць барада казла. Апошнюю жменю зразаюць асцярожна. Яна ляжыць пад абразамі і выходзіць з хаты толькі на каляды, прывязаная да галавы казы. Тут яна радуецца і вырашае зрабіць, каб людзям было добра.
І людзі не кідаюць яе. Людзі трымаюць “душу” да вясны, а вясной выносяць і асцярожна “адпускаюць”, кладуць у высакаватыя зялёныя ўсходы.
І зноў душа насяляе сваё царства, не даючы загінуць ніводнай расліне, а сама вольна ходзіць на задніх ножках па ўсіх абшарах прыдняпроўскіх ніў.
...Перарывіста раўла дуда. Спявалі галасы:
...Разгарачаныя скокамі, Алесь і Майка выбеглі з пакояў і спыніліся ў халаднаватай лоджыі. Праз вялікія вокны свяцілі марозныя зоры.
Дзве малюсенькія постаці сталі каля акна і прытуліліся адна да адной, бо стала трошкі жудасна. Адчуваючы пад рукою яе плечыка, Алесь сказаў:
– Зоры. Настаўнік кажа, што на іх таксама ёсць людзі.
– А мы іх ніколі не ўбачым, – сказала яна. – А што, Алесь, можа там быць, як у нас у Загоршчыне? Ёсць там такія, як мы?
– На адной няма і на другой няма, – сказаў Алесь. – А на тысячнай, можа, і ёсць. Стаяць недзе, як мы, такія самыя хлопчык і таечка, і глядзяць на нас і думаюць: а ці ёсць там хто?
– І таксама не ўбачаць ніколі, – уздыхнула яна.
Зоры мігцелі над паркам.
– Алесь, – спытала яна, – можа нарадзіцца чалавек з такімі вачыма, што ўбачыць іх?
– Не ведаю, – сказаў Алесь. – Вочы ва ўсіх розныя. Бачыш Коўш?
– Бачу.
– А вунь другая зорка ў ягонай ручцы. Паглядзі, што ты бачыш ля яе?
– Ой, – шапнула Майка. – Яшчэ адна зорачка.
– Гэта Міцар і Алькор, – сказаў Алесь. – У цябе добры зрок. А вунь тую зорку як ты бачыш?
– Ніяк, зорка як зорка.
– А я ведаю, што яна падвойная. Гэта альфа Вагаў. Настаўнік здзіўляецца, якія ў мяне вочы. Ён правяраў. Ён бачыць толькі ў трубу тое, што я добра бачу і так. Ведаеш, Вечарніца мае сярпы, як месяц. А калі на ёй серп, то часам можна заўважыць, што астатняя яе частка попельная... Я заўважаю нават яшчэ больш. Ля Воўчага Вока[67] ёсць дзве зусім малюсенькія зорачкі. Але я іх бачу толькі ў прыцемку, калі на небе зусім мала зор. Тады ніхто не забівае іх сваім ззяннем.
Памаўчаў.
– Можа, і народзіцца некалі чалавек з такім зрокам, што ўбачыць на зорках людзей.
– Слухай, – сказала яна. – Давай зробім... ведаеш што?
– Ведаю, – сказаў ён, нейкім шостым пачуццём адгадаўшы, што яна думае. – Трэба назваць дзве гэтыя зоркі ля Воўчага Вока. Іх жа ніхто не бачыць. Дык мы дамо адной тваё імя, а другой – маё. І гэта будзе наша таямніца. І нашы імёны будуць вечныя, як тыя зоркі. Заўсёды.
– Заўсёды-заўсёды, – сказала яна. – Нават калі нас не будзе... праз тысячу год... Зорка – Майка і зорка – Алесь.
...Святкі ішлі далей: у танцах, пераапрананнях, варажэннях, у палёце санак, а хутаных вясёлкавым
снежным пылам. А ля Воўчага Вока жылі і свяціліся, нікому невядомыя, зорка – Майка і зорка – Алесь. Ім было
добра і весела разам з усімі, але яшчэ лепш адным.
Яны гаварылі і гаварылі. Алесь расказваў ёй аб сустрэчы на поплаве з Чорным Войнам. Яна аж пахаладзела, дачуўшыся, як ён падобны да яе Лазніка. Але яна нічога не сказала яму аб ім.
...Аднойчы, на чацвёрты дзень каляд, яны ўцяклі ад усіх і пайшлі ў далёкія, нежылыя пакоі дома “шукаць цікавага”. Цікавае было ўсюдых. То гэта была “скрыначка Пандоры”, якую яны знайшлі на століку ў кутнім пакоі. Яны доўга не маглі адчыніць яе, а потым выпадкова націснулі бліскучую пласцінку, і са скрынкі, адразу за адкінутым вечкам, выраслі кавалер і дама з бісквіту[68]. Яны павольна круціліся ў нейкім невядомым танцы, а вакол іх, жвава пагойдваючыся, круціўся чорт.
Цікавыя былі старыя партрэты, бо яны не маглі прачытаць лацінскіх і вязевых надпісаў на іх. Цікавы быў калейдаскоп, які яны знайшлі ў пустым пакойчыку. Калейдаскоп ляжаў у скрынцы, разам з рознакаляровымі шкельцамі. Дзеці селі на канапу і пачалі праз гэтыя шкельцы глядзець у акно, на дрэвы і аблокі.
Яны паглядзелі праз сіняе шкельца – і свет за акном стаў сіні і нежывы.
– Я не хачу такой зямлі, – сказала яна.
– Я таксама. Нá табе жоўтае шкло.
Жоўтае было вясёлае і радаснае. Свет ляжаў перад Майкай жоўценькі, і яна смяялася.
А потым трапілася чырвонае шкельца. Застрашлівае барвянае неба, цяжкія крывавыя аблокі, такія няўмольныя, павольныя, жахлівыя.
– Страшна, – сказала яна. – Вазьмі хутчэй.
Яны сядзелі моўчкі, аглушаныя страшным відовішчам. Майка была такая прыгнечаная... Алесь сам не ведаў, як гэта ў яго выйшла. Але ён абняў яе зусім бязважкімі рукамі і няўмела пацалаваў у нерухомы раток.
На хвіліну яна была раззлавалася, але потым толькі сышла з канапы і села на маленькае крэселка каля сцяны. Яна сядзела маўклівая і такая танюткая ў сваёй бэзавай сукенцы, што яму стала шкада яе.
Але ён не ведаў, як выпрасіць дараванне. Ён проста глядзеў на яе вялікімі ўмольнымі вачыма. А Майка нават павек не ўзняла на яго.
Тады ён адвёў вочы на сцяну і заўважыў дзіўнае. Заходняе сонца ляжала на сцяне пакоя. І там жа, на сцяне, Алесь убачыў чарнатварую Майку з фіялетавымі валасамі і ў сукенцы аранжава-барвянага колеру. Чорную-чорную Майку з фіялетавымі зіхоткімі валасамі.
– Майка! – крыкнуў ён такім голасам, што спалохаў яе. – Майка, глядзі на мяне. Доўга-доўга глядзі.
Непаразумелая, яна ўсё ж падпарадкавалася.
Захад ляжаў на сцяне пакоя. Яна глядзела на хлопчыка, на яго зялёную куртку, бачыла яго ўмольныя і спалоханыя вочы і разумела, што дарэмна пакрыўдавала на яго.
– А цяпер глядзі на сцяну.
Яна адвяла вочы і ўбачыла чорны цень Алеся, апрануты ў пурпур.
– Ты, – сказала яна, – ты... зусім чорны, ты зліваешся з ценем, цябе не відаць. Толькі адзенне барвянае... плавае.
– А ты ў аранжава-барвяным... Твае валасы ліловыя.
Яны паўтаралі і паўтаралі дослед, спалоханыя да глыбіні душы.
...Чорны хлопчык у пурпуры. Майка нездарма чытала раманы.
– Як... галаву табе адсеклі, – сказала яна. – Як... прывід барвянага чалавечка.
Ён пільна глядзеў на яе. І тады яна спахапілася:
– Ой, я нешта не тое сказала. Даруй мне, Алесь.
Устаўшы з месца, яна хуценька падышла да канапы, схілілася над ім і, абняўшы яго за шыю, сама, бязважка і чыста, пацалавала яго ў прыгожы рот.
Свята, якое ў сярэдзіне мінулага стагоддзя стала дзіцячым, але ў сярэднія вякі адзначалася ў памяць выратавання ад “чорнай смерці”. Галоўнай асобай на свяце была Паляндра, увасабленне смерці і чумы, чалавек у лахманах і масцы. Чэмер (перац) прыводзіў Паляндру да людзей (“чорную смерць” завезлі з усходнімі таварамі). Людзі вадзілі Паляндру між агнёў, здзекаваліся і ўрэшце праганялі прэч.
Юпіцер.
Смерць Кроера ў Кроераўшчыне зробіць значныя змены: папы пакінуць піць, а мужыкі пачнуць есці (польск.).