17003.fb2 Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

XXII

...Алесь чытаў, седзячы на зашклёнай тэрасе. Шыбы былі вельмі старыя і таму набылі лёгкае фіялетавае адценне. За садам плыло сонца, свецячы проста Алесю ў твар, і літары ў кнізе здаваліся чырвонымі.

Ён знайшоў у дзедавай бібліятэцы Яна Баршчэўскага. Кніга звалася “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Зараз ён адольваў ужо чацвёрты том. Гэта было першае пацверджанне, што не ён адзін адкрыў Мора, і таму ён шмат мог дараваць аўтару.

Гэта было добра. Перад ім паўставаў сімпатычны чалавек, які кожнай вясной, як пералётная птушка, не мог уседзець у Пецярбургу і пехатою, з кіем у руках, ішоў на радзіму, у Беларусь. Ён ішоў і слухаў спевы жаўранкаў у гарачай вышыні. А ў душы яго нараджаліся радкі... Паўставаў чалавек, які ў завіруху ставіў на акно свечку, каб падарожныя ішлі да яго. Ён карміў і паіў людзей, толькі каб яны расказвалі яму гісторыі і паданні.

Было шкада, што ён піша па-польску, устаўляючы ў кнігу беларускія дыялогі. У сваёй мове ён мог бы стаць вялікім. У чужой – толькі вышэй за сярэдняга.

Баршчэўскі, здольны і добры чалавек, шмат у чым блізкі да Гогаля, назваў сябе беларусам, а радзіму – Беларуссю, магчыма, нават занадта настойліва. Ён пяшчотна любіў край, яго паданні, яго людзей.

“Ну, а я?” – падумаў Алесь.

...І якраз у гэты момант прыйшлі ў Загоршчыну, да яго, Кандрат і Андрэй. Кірдун прывёў іх на тэрасу, і вось яны сядзелі перад ім, такія падобныя, што аж смяяцца хацелася, і адначасова такія непадобныя. Хто ўмеў так жартаваць, як Кандрат, і хто спяваў такія песні, як Андрэй? Даражэй за ўсё былі іхнія ўсмешкі – хітраватая ў Кандрата і ласкавая, амаль жаноцкая, у Андрэя. Правільна зрабіў бацька, што адпусціў іх і аддаў Паўлюка з Юрасём у школку. І Алесь без жалю адклаў кнігу чалавека, які адкрыў Мора на шэсць год раней за яго, Алеся, нават паспеў напісаць аб гэтым, але не разумеў хваль, з якіх гэта Мора складалася.

– Слухай, Алесь, – сказаў урэшце Кандрат. – У нас да цябе справа.

– Ну? – сказаў Алесь.

– Але раней ты дасі нам слова, што аб гэтым ніхто не даведаецца, нават бацькі...

– Мы тут думалі, аж галовы папухлі, – сказаў Андрэй. – Але цяпер Масленіца. Усе ездзяць. У госці. А Кроер... твой далёкі сваяк...

– Стойце, хлопцы, – сказаў Алесь, – нічога не разумею. Ды мы і не ездзім туды ніколі. Мае не любяць Кроера.

– Тым лепей, – сказаў Кандрат, з палёгкаю ўсміхнуўшыся. – А мы думалі... Значыць, усё добра.

І засмяяўся:

– Юрасю бацька два шлапакі адваліў. Прыйшоў хлопец з царквы, а ў кішэні ў яго аж чатыры грыўні. Бацька пытае: адкуль? А той кажа: “А там, дзе ўсе бралі, дык і я ўзяў. З блюда”. Мы аж пакіслі са смеху.

Андрэй глядзеў убок. Дый смех Кандратаў быў няшчыры. Алесь з болем бачыў гэта, бачыў, што хлопцы ледзь не сказалі яму аб нечым і вось цяпер пераводзяць размову на іншае.

– Як хочаце, хлопцы, – суха сказаў ён. – Але я думаў, што вы мне верыце, што я для вас і застаўся братам. Нават цяпер. Што ж, няхай...

– Ды мы нічога, – сказаў Кандрат. – Мы толькі хацелі прасіць, каб не ездзіў да Кроера... Не любяць яго...

– Сам ведаю, – суха сказаў Алесь.

Маўчалі. Алесь ведаў: дружбе і адкрытасці канец. А тут яшчэ Кандрат нечакана, толькі каб не маўчаць, пачаў расказваць чарговую пабрахеньку.

– У Лапаты госці былі. Паклалі іх, падпітых, у чыстай палове. А дзеці ўзялі ды прысунулі да дзвярэй стол. Уначы ўстае чалавек, шукае выйсці. Як ні мацае – няма дзвярэй... Аж зубамі скрыгалі.

Андрэй раптоўна аж крэкнуў з прыкрасці за брата. Строга ўскінуліся вейкі.

– Вярзеш немаведама што, боўдзіла, – сказаў ён. – Ану давай, кажы ўсё. Алесь наш, мужык. Не скажаш – усяму канец. Дзе веры няма, дык якое ўжо сяброўства?

– Што вы, – сказаў Алесь. – Чаму канец? Ды я і не хачу.

– Бачыш? – сказаў Андрэй.

Кандрат усё яшчэ вагаўся. І тады вочы Андрэевы ўспыхнулі.

– Не хочаш? Тады я сам. Толькі ты, Алесь, ведай: на цябе ўсе спадзяванні. Маўчы ў імя маці і пана Езуса.

– Гэта ўжо дарэмна, хлопцы.

– Не дарэмна, – сказаў Андрэй. – Кожны за сваіх: дваране за дваран, мужыкі за мужыкоў. А калі давядзецца – тады нам канец. Бо ведалі, а не сказалі. Дзеда старога добра калі адхвошчуць. А нам, і Лапатам, і Кахновым людзям, можа, і Сібір.

– Тады і казаць не трэба, – сказаў Алесь ужо сур’ёзна.

– Трэба, – сурова сказаў Андрэй. – Мы дзядзькавыя браты. Раз змоўчым, два змоўчым – і канец братэрству.

Ён перадыхнуў:

– Кроера хочуць забіць, а маёнтак ягоны спаліць. Корчак. Той самы, што вілы кінуў. У яго кроў у сэрцы запяклася на пана Кастуся. Ягоныя дзеці торбы пашылі і ў акрайцы пайшлі. За самім Корчакам ганяюцца, як за зверам. І Корчак рашыў: забіць. Той, хто забіў, – гэта ўжо не чалавек, ён горшы за вар’ята. Ён атручаны забойствам. За змяю бог сто грахоў даруе. І ён заб’е ў адзін з дзён масленіцы. Каб не ў пост грашыць. Так што не ездзі і сваіх адгавары.

– Мы ніколі не ездзім, – сказаў Алесь. – Мы – ворагі. Я нікому не скажу, можаце мне верыць. Толькі ж яго спаймаюць. Мусатаў за ім паўсюль ганяецца. Шкада смелага чалавека!.. А хто гэта вам сказаў аб забойстве?

– Пятрок Кахно чуў ад Лапатаў. А тыя да Паківача ездзяць, дзе Корчак хаваўся.

– Балбатун ваш Пятро, – сказаў Алесь. – З радасці, што гэтую брудную свінню забіць збіраюцца, распусціў язык.

– Ён нікому больш не сказаў, – пачырванеў Андрэй. – Не думаў я, што ты, Алесь, нас папікаць будзеш.

Цяпер сорамна стала Алесю.

– Я не папікаю. І я нікому больш не скажу. Магіла!!!

Гэта была самая страшная клятва аб маўчанні. Хлопцы паверылі і пайшлі, супакоеныя.

...Раніцай наступнага дня ў Загоршчыну прыскакаў з Кроераўшчыны ганец, мужык год пад сорак. Пан Юры і Алесь якраз выходзілі з дома, калі мужык цяжка споўз са свайго нехлямяжага коніка.

Конік адразу як заснуў, тупа расставіўшы клышаногія тупалкі. Мужык стаяў ля яго, камячыў у руках брудную прадзёртую магерку і не глядзеў на паноў, толькі на мокры снег, у якім танулі яго раскіслыя поршні.

– Накрыйся, – сказаў пан Юры. – Не люблю.

Дзікаватыя светлыя вочы мужыка на імгненне прыўзняліся.

– Высакародны пан Канстанцін Кроер памерлі. Яны просяць, каб дваране стаялі... каля труны.

– Як гэта ён просіць? – яшчэ не верачы, спытаў пан Юры. – Мёртвы просіць?

– Яшчэ як... жывыя былі.

– Як здарылася?

– У адначассе... амаль. Кажуць, жыла лопнула. Ужо і ў труну паклалі.

Пан Юры перахрысціўся.

І ўбачыў белую галаву мужыка, на якой раставалі мокрыя хлапякі апошняга снегу.

– Накрыйся, кажу табе. Ідзі ў чалядню. Папрасі там гарэлкі. І аўса каню.

– Не, – сказаў мужык. – Загадана яшчэ спавясціць...

Загорскі раззлаваўся:

– Ідзі, кажу, шкапа ты затурканая. Іначай я, пакуль тое, сам цябе ў пугі вазьму. Логвін, Карп, вазьміце яго, дайце сухія поршні, гарэлкі – словам, што трэба.

Мужык пайшоў паміж слуг, пакорліва апусціўшы галаву.

– Збірайся, Алесь, – сказаў пан Юры, узбягаючы па прыступках.

Не ехаць было нельга. Бацька так і сказаў маці.

Нечакана маці адмовілася.

– Ты можаш ехаць з Алесем, – сказала яна. – Табе трэба. А я не магу. Я не любіла яго.

Паехалі ўдвох. Верхам. Па насціле з лазы пераехалі тоўсты, але ўжо слабы, як мокры цукар, дняпроўскі лёд. Дарога ішла спачатку паплавамі, потым заснежаным узвышшам, якое пераходзіла недзе далёка справа ў Чырвоную гару. Хутка павінна была адкрыцца вачам Кроераўшчына.

Мокры, там-сям ужо брудны снег укрываў палі, а на снезе сядзелі вугальна-чорныя вароны. Часам яны ўзляталі, і тады адразу рабілася зразумела, як цяжка ім ляцець праз сыры, важкі вецер. На полі Загорскіх дагнаў Януш Біскуповіч, асабісты вораг Кроера, таксама вярхом. Павіталіся. Алесь з цікавасцю разглядаў спадарожніка, яго жвавы прыгожы твар з аксамітна-цёмнымі вачыма. Біскуповіч быў неабыякавы яму яшчэ і з той прычыны, што лічыўся самым багатым з усіх паляўнічых Прыдняпроўя на “песні рога”.

Ён складаў не толькі іх, але яшчэ і вершы: сур’ёзныя і чулыя – па-польску, жартоўныя – па-тутэйшаму. Кроер ледзь не вызваў яго на дуэль за верш аб Півошчынскім бунце. Там, між іншым, былі такія радкі:

Пан жандар яго цалуе,

Хоць ён кукішам глядзіць.

Пан Юры ставіўся да Біскуповіча з павагаю, але быў відочна здзіўлены, што той таксама едзе.

– Як жа гэта вы?

– Кожны павінен спадзявацца на апошнюю літасць.

– А спрэчку вы з ім завялі дарэмна, – сказаў пан Юры.

– Грозны рак, ды ў с... вочы, – усміхнуўся Біскуповіч.

– Ну, прарокаў няма.

– Ёсць прарокі, – сказаў Біскуповіч. – Магчыма, на добрае, а магчыма – і на дрэннае, але мая эпіграма нечакана хутка спраўдзілася.

– Якая?

– А тая, якой я адказаў на яго пагрозы.

Пан Юры ўспомніў і, не вельмі весела, зарагатаў. Гэтую эпіграму помнілі ўсе і ведалі, што Кроер не даруе яе. Бо нішто не клала на ягонае яснаванне такой клейны, як гэтыя два радкі:

Smierć Krojera w Krojerówszczyznie zrobi zmianę znaczną:

Panowie pić przestaną, chlopi zaś jeść zaczną[68].

І вось Кроер памёр. Цяпер сапраўды не будзе каму паіць падонкаў, а мужыкам стане лягчэй.

...Кроераўшчына здзівіла Алеся. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым лёсавідным суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Нідзе ані дрэўца, ані кусціка. Абшчынны векавы дуб на плошчы абсечаны ўвесь, акрамя адной толькі разгаліны, і тая тырчыць пад неба, як быццам чалавек, лямантуючы, ускінуў адну руку. Мужыкі, што трапляюцца насустрач, зацкавана глядзяць у зямлю.

Вялізны панскі дом стаіць таксама на пустым месцы, непрытульны і страшны. Дом быў проста вялікай камяніцай, але страшнае запусценне панавала вакол. Невялічкая паўкруглая брама, глухі ніжні паверх, два крылы ганка.

Тое самае было і ў пакоях. Старая занядбаная раскоша, маўклівыя слугі, маўклівыя купкі гасцей, што з’ехаліся адддаць апошні гонар нябожчыку.

А быў калісьці багаты дом, нават вельмі багаты.

Пан ляжаў у параднай зале, вокны якой пачыналіся на ўзроўні чалавечага росту. У зале стаяў стол. Побач з ім пюпітр, за якім чытаў псалтыр чалавек у манашым адзенні. Капюшон закрываў яго аблічча.

А на стале, у дубовай труне, ляжаў Кроер. Дзве тоўстыя – з руку – васковыя свечкі кідалі жаўтавата-ружовыя адбіткі на нерухомы твар.

– Адгуляўся, – сказаў бацька.

А ў паўцемры залы гучалі страшныя манатонныя словы псалмаў “у суцяшэнне сумуючым”.

Святло дня ледзь прабіваецца ў высокія вокны, пыльнае, бы ў склепе, грыфельна-шэрае. І асветленая пляма – гэта толькі твар Кроера, рукі, складзеныя на грудзях, і чырванаватая парча, што закрывае цела да самых рук.

Людзі ішлі паўз труну і жагналіся. Некаторыя з відавочнай асалодай і з удавана журботнай мінай на абліччы.

Пан Юры з Алесем спыніліся ў нагах нябожчыка.

– Бывай, швагер, – сказаў пан Юры. – Хай Бог будзе літасцівы да цябе, як даруе ён усялякую правіну.

Алесевы вочы трохі спалохана аглядалі траюраднага матчынага брата. І раптам хлопчык здрыгануўся: праз прыплюшчаныя павекі выглядала жаўтаватая палоска бялка.

Кроер глядзеў.

– Ідзі, – сказаў пан Юры. – Рана табе. Ідзі і не глядзі.

Яны прайшлі паўз труну.

– Швагер прыйшоў, – пачуў пан Юры ціхі голас. – Дзень добры, швагер.

Не разумеючы, адкуль голас, пан Юры азірнуўся. І раптам па зале, як вецер па начных галінах, прабег уздых жаху:

– О-о-ох-х!

Яны азірнуліся. Натоўп адхіснуўся ад труны, як жыта пад ветрам.

Мярцвяк сядзеў.

Алесь сціснуў сківіцы, каб не закрычаць. А нябожчык сядзеў і глядзеў на людзей. Потым дастаў з-пад чырвонай парчы вялізную бутэльку шампанскага.

Сект стрэліў у столь – па бутэльцы паліліся белыя ручаі. І адначасова шырока расчыніліся дзверы ў сталовую, і ўсе ўбачылі там мора агню ад свечак, бочкі з віном ля сцен, сурвэты, бель абрусаў, сталы, што знемагалі ад ежы, якая грувасцілася на іх.

У зале грымеў хор звычайных сабутэльнікаў пана. Спявалі задастойнік:

– “Ангел вапіяша благадатней: чыстая Дзева, радуйся! І пакі рэку: радуйся! Твой сын васкрэсе трыдневен ад гроба, і мёртвыя ваздвігнувый: людзіе, весяліцеся!”

Пан Юры непаразумела глядзеў на ўсё гэта.

– Свіння, – сказаў Біскуповіч. – Маці Божую не пашкадаваў, блюзнер.

І тады пан Юры плюнуў.

А нябожчык, працягваючы чашу з сектам, вёў:

– “Са страхам божыім і вераю прыступіце...”

Пан Юры цягнуў Алеся да дзвярэй.

– “Не прэпятствуйце дзецям прыходзіць да мяне”, – спяваў мярцвяк.

І, працягваючы чашу, узглашаў:

– Пійце ад нея ўсі.

– “Відзехом святло сапраўднае, – спявалі галасы, – прыяхом духа нябеснага... То бо нас уратавала ёсць”.

Пан Юры не ішоў, а ляцеў да дзвярэй. І тут дарогу яму перагарадзілі ўзброеныя загонавыя.

– Швагер, – сказаў Кроер. – Траюрадны швагер, куды ж ты? Паслухай мяне.

Загорскі спыніўся.

– Прабачце, панове, за жарт, – сказаў Кроер. – Іначай ніхто не прыехаў бы.

– І правільна, – сказаў Біскуповіч. – Бо ў гэтым доме ад кожнай п’янкі хто-небудзь ды памрэ.

– Забудзем спрэчкі, – казаў далей Кроер. – Мне абрыдла аднаму. Забудзем спрэчкі хаця на некалькі дзён. Я нічога не шкадую. А ты куды, швагер?

У пана Юрыя дрыжалі ноздры. Ён зрабіў крок да дзвярэй – загонавыя самкнуліся. Загорскі, Алесь і Біскуповіч паклалі рукі на эфесы кордаў.

Кроер абводзіў усё гэта вар’яцкімі, у чырвоных мяшках, вачыма.

І, відаць, не пажадаў псаваць свята.

– Пусціце іх, – кінуў ён. – А ты, швагер, пачакай маёй смерці яшчэ год дваццаць.

Ён меў на ўвазе спадчыну. Але Загорскі рассунуў рукамі загонавых і пайшоў, не азіраючыся. Гэты чалавек не мог абразіць яго.

– І даруй, – сказаў Кроер.

Потым ён стаў у труне.

– Астатніх прашу не скардзіцца. Дарога доўгая, мокрая – жывіце тут.

Людзі аглядаліся. Ва ўсіх вокнах узвышаліся ўжо ўзброеныя загонавыя. Чалавек трыццаць, прапусціўшы Біскуповіча і Загорскіх, самкнуліся і стаялі ў дзвярах. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці.

Але ніхто не пратэставаў. Буйных дваран, з якімі Кроер пабаяўся б сварыцца, у зале не было. І людзі рушылі ў сталовую залу.

Цяжка зачыніліся за імі дубовыя дзверы.

Кроер кінуў парчу на плячо, накшталт плашча, і саскочыў на падлогу. Яго трошкі хістала, ён быў знясілены шматдзённай п’янкай, але сіліўся стаяць роўна.

Адзін з загонавых падышоў да яго і нешта сказаў, і ў Кроера вышчарыліся зубы.

– Дзе? – страшным ціхім голасам спытаў ён.

– Ля ганка, пане.

Кроер, цягнучы за сабою край парчы, памкнуўся да дзвярэй. На хаду спыніўся.

– Усе з акон. Усе да дзвярэй і не адыходзіць. Іначай – засяку... на зямлі. Сачыце, каб ніхто з гасцей не ўцёк... каб трупамі ляжалі да раніцы.

І амаль выбег з параднай залы.

...Ён перагнаў Загорскіх з Біскуповічам, калі тыя выходзілі на ганак. І не звярнуў на іх аніякай увагі, кінуўшыся на прыступках уніз.

Пан Юры кінуў аднаму з загонавых, які праводзіў іх:

– Коней.

– Зараз, – заспяшаўся той.

Яны чакалі коней, стоячы на ніжняй прыступцы, і глядзелі на тое, што адбывалася ніжэй сходаў, на пляцоўцы, укрытай бруднаватым патоўчаным снегам.

На пляцоўцы стаяў у атачэнні трох “блакітных” і дзесятка земскіх бялявы мужык у расхрыстаным кажуху. Рукаў кажуха быў адарваны: з вялікай дзіркі, як махры эпалета, падалі на плячо касмыкі аўчыны. Звычайны мужык год пад трыццаць, засівералы, дужы. Незвычайныя былі толькі вочы. Чорныя, дрымучыя, яны з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі.

У баку ад гэтай ку

пкі людзей стаяў Мусатаў. Глядзеў як быццам у другі бок, пагладжваў шчэцістыя бакенбарды. Зеленаватыя, як у рысі, вочы прабеглі па абліччах Алеся, пана Юрыя, Біскуповіча і абыякава пачалі разглядаць, бы першы раз бачылі, бліскучыя ад вільгаці дзікія камяні будынка, высокія вокны, падушкі зялёнага моху ля вадастокаў.

Мусатаў ведаў шалёны нораў Кроера, ведаў, што той можа з гарачкі ўчыніць такое, чаго потым і рукамі не развядзеш, тым больш што сведкам будзе сам маршалак. І Мусатаў пайшоў паўз Кроера да сходаў. Праходзячы, зрабіў яму прывітальны жэст.

Кроер усміхнуўся. Ён зразумеў гэта так, што Мусатаў развязвае яму рукі. “Што ж, добра. І якая, сапраўды, каму можа быць справа да рахункаў гаспадара са сваім рабом”.

Мусатаў знік у доме. І Кроер, дачакаўшыся гэтага, падышоў і спыніўся крокі на тры ад мужыка.

– Што, Корчак, нядоўга давялося хадзіць? Пагуляў – плаці.

Вар’яцкія вочы глядзелі з усмешкай.

Корчак маўчаў.

Тры чалавекі на ганку ўскінулі галовы, пачуўшы прозвішча.

– Бацька, што гэта ён? – спытаў Алесь.

– Брыда, – сказаў пан Юры. – Ты не слухай, сыне, мы не маем права ўмешвацца.

Кроер рабіў то крок управа, то крок улева: разглядаў.

– Дык пан Корчак ужо і эпалет прыдбаў? У генералы пану Корчаку захацелася? Можа, гаспадар Корчак і ў імператары мерыцца?

Корчак маўчаў.

– Мерыцца, – з удаваным шкадаваннем сказаў Кроер. – Непісьменны, бедалага. Не чытаў. Не ведае, чым цар Мурашка скончыў[70].

– Чаму не ведаю? – сказаў раптам Корчак з нейкім заліхвацкім адчаем. – Вельмі нават добра ведаю:

Галовачка бедная ад жару трашчыць,Ножкі на чырвоным на жалезным сядле.

У адказ пан Кроер ударыў, відаць, не вельмі моцна, бо быў знясілены п’янкай.

Алесь глядзеў на гэта разгубленымі вачыма: ён упершыню бачыў, як б’юць звязанага.

Галава ў Корчака не хіснулася ад удару. З нейкай злоснай радасцю ён сказаў:

– Дрэнна б’еш... А шкада, паночак, што мяне па дарозе да сваіх схапілі. Вух, як бы з гэтага кубла дымком ірванула! – Корчак глытнуў паветра. – Шкада... Аднаго шкада: разлічыцца не паспеў...

Кроер адпачываў, і вочы яго былі каламутныя ад гневу.

– Дык у цябе яшчэ і свае былі? – ціха спытаў ён.

– А як жа. Не святым жа я духам жыў са жніва да масленай. Хавалі, памагалі.

– Дзе хавалі? Хто?

– А гэта ты ўжо сам даведайся.

Кроер плюнуў і зноў, неяк наўскасы пасоўваючы сваю доўгую постаць, рушыў па брудным снезе да звязанага.

– Дзе? – ён ударыў зноў, на гэты раз пад ніжнюю сківіцу.

Корчак сплюнуў крывёю ў снег.

– Уцэліў-такі, – сказаў ён. – Вядома. Над пешым арлом і варона з калом.

Гэта было ўжо занадта. Кроер адчуваў сваю п’яную слабасць і стаў шукаць вачыма чагосьці больш важкага.

Якраз у гэты момант конюх прывёў панам коней. Пан Юры разбіраў павады. І тут Кроер заўважыў у руках у конюха карбач. Ірвануў яго з рук дваровага і з подбегам, сагнуўшыся, ударыў Корчака па твары. Карбач не быў падплецены свінцом – толькі падвіты гнуткім медным дротам, – і гэта ўратавала Корчака ад смерці.

Твар у Корчака заліўся крывёю. Вусны ў пана трэсліся. На шчоках плямамі з’яўляўся і знікаў румянец. Дзесяць, дваццаць, сорак удараў...

Алесь глядзеў на расправу шалёнымі вачыма. Білі звязанага чалавека, які не мог бараніцца...

Корчак не мог ужо стаяць. Ён сеў на снег, заліты крывёй, хапаў паветра.

– Да-бі, – толькі і здолеў сказаць ён.

І паваліўся тварам у снежную кашу.

– Аз-зіят, – вонкава спакойна сказаў пан Юры і дадаў: – Аляксандр, у сядло.

Алесь не мог адвесці вачэй... Удар... Яшчэ... Яшчэ ўдар. Яны падалі, як па сэрцы.

Чалавек у снезе выцягнуўся.

І тады, сам не разумеючы, што ён робіць, падлетак кінуўся да Кроера і падставіў руку. Карбач рассек адным махам вопратку і скуру, закруціўся вакол запясця. І тут Алесь перахапіў яго і з усяе сілы таргануў на сябе.

Яму ўдалося вырваць акрываўлены бізун з рук дарослага. Бледны, з чырвонымі плямамі на шчоках, Кроер непаразумела глядзеў на Алеся.

– Сволач, – у дзіцячым горле нешта клекатала. – Нізкі, злы чалавек.

Паразумеўшыся, Кроер пагрозліва пасунуўся на яго.

І тады Алесь, калоцячыся ад злосці, ведаючы, што гэты можа ўдарыць яго, размахнуўся і – як трымаў – дзяржальнам, з усёй сілы, упершыню ў жыцці, уляпіў... проста ў перакошаны твар.

Кроер схапіўся за сківіцу. Потым ускінуў кулакі.

...І тут дужая рука пана Юрыя адкінула яго ад сына. Мільгануў паўз іх Біскуповіч, схапіў карбач і адшпурнуў яго ў снег.

– Слухай, ты, – сказаў пан Юры. – Дзярмо! Гніль! Калі ты зачэпіш яго, ты жоўцю рыгаць будзеш...

– Чакайце, Загорскі, – спакойна сказаў Біскуповіч. – Не пэцкайце рук.

– В-арта! – ледзь выдушыў з сябе Кроер, і гэта прагучала ціха, але гнеўна.

Рукі пана Юрыя і Біскуповіча леглі на рукаяці кордаў.

– Вы пашкадуеце, Кроер, – спакойна сказаў Біскуповіч. – Каб праламаць вам галаву, хопіць хвіліны.

Кроер азірнуўся. Але жандары відавочна баяліся ўмешвацца ў спрэчку высокіх паноў. Стаялі моўчкі.

Пан Юры спакойна пасадзіў Алеся на Ургу і падвёў Біскуповічу ягонага каня.

Ускінуліся ў сёдлы. З месца – толькі брудныя снежныя пырскі паляцелі – узялі наўскапыта.

...Вёрст праз пяць, калі стала зразумела, што пагоні не будзе, пусцілі разгарачаных коней рыссю. Алесь загаліў рукаў, разглядаючы крывавы рубец.

– Ён мяне ўдарыў, – непаразумела сказаў ён.

Бацька з жалем глядзеў на сына.

– Ты пагарачыўся, – сказаў ён. – Таму што тры чалавекі маглі б налажыць галавою за аднаго, якога ўсё адно чакае Сібір, смерць у рудніках... А як бы тужыла твая маці... Або пана Біскуповіча жонка... Абяцай мне, што ты...

Алесь не вельмі ветліва сказаў:

– Гэтага я не магу абяцаць.

– Правільна! – сказаў Біскуповіч.

...Корчака сапраўды чакала Сібір. Калі Мусатаў, пачуўшы Кроераў крык да варты, выбег з дому, заліты крывёю, але ўсё яшчэ жывы Корчак непрытомна ляжаў у снезе.

Мусатаву ўдалося адгаварыць раз’юшанага пана ад пагоні. Корчака ён аддаў жандарам і загадаў везці яго ў Сухадол.

...А Кроер прыклаў да сківіцы снег і накіраваўся ў дом.

– Гарэлкі, – толькі і здолеў сказаць ён загонавым.

...Пачаўся неўтаймаваны, страшны разгул. Тры дні Кроераўшчына захлыналася ў віне. Галас стаяў над тымі, хто абпіўся, песні, лаянка.

На пяты дзень на нагах засталіся толькі Кроер ды Іван Таркайла. Сядзелі пры святле адной свечкі ў хатняй малельні, чокаліся адзін з адным і ашалелымі вачыма сачылі, каб другі выпіў да кроплі. Кроер пачаў быў ужо працэджваць віно з бутэлькі праз пальцы, бо ў кожнай бутэльцы сядзеў чорт, вельмі падобны на марскога канька, – але ўсё неяк абышлося. Каб не лаяцца, вырашылі ўвесь вечар гаварыць па-французску. Іван гэтай мовы не ведаў, а п’яны язык Кроера і на сваёй з цяжкасцю сплятаў два-тры словы.

– Ішлі б спаць, чэрці, – грубіяніў Пятро, лёкай Таркайлы.

– О, мон, дыё... нон... Алон!.. Перапіць – кураж! – вёрз немаведама што Таркайла.

Пятро смяяўся. Кроер глядзеў на яго цьмянымі вачыма.

– А ты чаго рагочаш, Пятро? Панімаеш нас?

– Ён в-ведае, – казаў Таркайла.

– Знаеш французскі язык?

Пятро пакрыўдзіўся:

– Анягож.

– Ну то які ён?

– Чырвоны, – сказаў Пятро. – Як... сабачы...

– Пр-равільна, – сказаў Таркайла. – Златавуст.

Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі (магло быць дрэнна, калі задумаюць асвяжацца ў палонцы ці скакаць на конях), а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы:

– Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і п’юць, як перад загібеллю.

– Дзіва што, – сказала кухарка. – Цяпер яшчэ, кажуць, у Пецярбургу змея пусцілі па жалезных каляінах... Змей, разумееш, бяжыць па дарогах. Гэта ўжо канец свету.

– Але, – згадзіўся Пятро. – Гэты не пашкадуе. Гэты зжарэ ўсіх.


  1. Смерць Кроера ў Кроераўшчыне зробіць значныя змены: папы пакінуць піць, а мужыкі пачнуць есці (польск.).

  2. Дарэчы, наконт… (франц.)