17003.fb2 Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

XXXI

Майка – май, Майка – май, - звінелі за вокнамі кроплі. І Майка Раўбіч, рассмяяўшыся ад шчасця і прадчування, прынікла да акна. Зеленаватыя, як марская вада, вочы дзяўчыны прагна глядзелі на мокрыя дрэвы, на бялюткі сад, на чорныя куртыны, ля краёў якіх ужо цвілі аксамітныя браткі.

Прыцемак насоўваўся на сад. Мяккі, вільготны, майскі.

Толькі што адгрымела першая навальніца. Нястрашная, грамыхліва-радасная, майская навальніца. І цяпер пад вокнамі старога цёплага дома аж шалеў ліловы і сіні бэз.

Мокры і салодкі вецер ляцеў у вокны.

Увесь гэты дзень вялікі дом у Раўбічах аж віраваў у сумятні і калатэчы. Рыхтаваліся ехаць на баль у Загоршчыну. Падшывалі, прасавалі, мыліся. Ніткі аж свісталі ў руках швачак. Тлум сціхнуў толькі гадзіну назад.

Міхаліна стаяла ля акна, паклаўшы рукі на падвоканне, нібы аддаўшы іх пяшчотным пацалункам свежага паветра.

Гэта ўсё ж было шчасце. Шчасце першага “дарослага” балю, шчасце першай “дарослай” бальнай сукенкі, белай у амаль белым, толькі трохі блакітным карункавым чахле.

І сорамна, і трошкі ганарліва было глядзець на аголеныя плечы і рукі, яшчэ тонкія, але ўжо не дзіцячыя, на бела-ружовую ружу ў попельных, з няўлоўным залацістым адценнем валасах.

Яна не ведала, ці прыгожае гэта ўсё: матава-белы, з празрыстым глыбінным румянцам твар, рот – адным краёчкам трохі ўгору, бровы – доўгія і вычварна зламаныя, і таму трошкі ганарлівыя.

Але яна бачыла сябе нібы новай, чужой, і гэтая чужая шаснаццацігадовая дзяўчына падабалася ёй.

Вялізныя, цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы глядзелі на яе з люстэрка насцярожана, дапытліва і шчасна.

І гэта было такое шчасце, што яна засмяялася.

А ў суседнім пакоі дурная нянька Тэкля раскатурхвала Наталю. Не магла пачакаць, пакуль паедуць.

– Уставай... Устань, ласачка... Заснула, не памаліўшыся... Нельга спаць без малітвы...

Наталя мармытала нешта і адпіхвала рукі старой. Божа мой, ну нашто гэта. Во дурная нянька. Дзеля малітвы будзіць дзіця. Нічога не скажаш, рэзон.

– Трэба аці божачку сказаць... Іначай ваўчаня за бачок ухопіць.

А бадай ты... Пільная патрэба ўзяла.

– Ды я не хач-чу, - хныкала Наталя. – Я... спаць.

– Чытай-чытай.

Майка прыслухалася. Сонны галасок чытаў у суседнім пакоі:

Среди ужасного тумана Скиталась дева по скалам.Кляня жестокого тирана, Хотела жизнь предать волнам.

– Так-так, - ухваляла яе Тэкля.

І зноў шапацеў сонны галасок:

Теперь куда я покажуся,Родные прочь меня бегут.Нет, лучше в море погружуся,Пускай оно меня пожрет.

Майка прыснула.

– Усё, - з уздыхам сказала Наталя.

І раптам добры жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна хутка прайшла ў сястрын пакой. Наталя, заспаная і ружовая ад сну, торкала чарнявай галоўкай у падушку.

Дзяўчына, адчуваючы нейкую вельмі блізкую, зусім не сястрынскую, шкадобу да Наталі, падышла да яе і ўзяла на рукі, зусім не баючыся, што самне сукенку. Наталка расплюшчыла чорныя вочы, ахапіла Майчыну шыю гарачымі танюткімі рукамі.

– Майка, - сказала за спіной пані Эвеліна. – Зараз жа пакладзі. Самнеш сукенку.

Наталя прытулілася мацней, як паратунку шукаючы. У Майкі сціснула сэрца:

– Матулечка, возьмем Наталю, возьмем Стася... Загорскія крыўдуюць, калі не бяром...

Цёмна-блакітныя вочы пані Эвеліны глядзелі на сёстраў. Потым усмешка кранула яе вусны:

– Н-ну...

– Едзем, едзем... Наталечка, едзем... – і Майка заскакала вокол маці.

...Выехалі ўсе разам, у дзедаўскай карэце-прорве, якую трымалі спецыяльна на такія выпадкі.

Майка адчувала сябе дзіўна. Сэрца захлыналася ад чакання. Чаго яна чакала – яна не ведала і сама. Хутчэй за ўсё – беспрычыннага, маладога, такога вялікага, што аж сэрца спыняецца, шчасця.

З Алесем яны мала бачыліся ўсе гэтыя гады. Разы два. Бо яна была ў інстытуце. Ён – у гімназіі. А ўлетку, калі ён жыў у Загоршчыне, бацька вазіў яе то на воды, то ў госці да цётак. За гады міжволі вырасла нейкая дзіўная адчужанасць. Чужым і чамусьці маладзейшым за яе здаваўся ёй суседскі хлапец, якому яна калісьці падарыла свой жалезны медальён.

І ўсё ж яна чакала.

У яе быў такі шчасны выгляд, што Яраш Раўбіч схіліўся да яе. Вочы без райка вінавата ўсміхнуліся.

– Што з табою, доня?

– Нічога, - ніякавата сказала яна. – Мне здаецца, павінна нешта здарыцца.

– У цябе заўсёды павінна нешта здарыцца, - сказаў паважны Франс.

А пан Раўбіч глядзеў на дзяцей і думаў, што Франс дарослы хлапец. Ды і Майка ўжо амаль дарослая паненка... Ён думаў і з пакутлівай усмешкай, нібы катаржнік свой ланцуг, круціў жалезны бранзалет з трыліснікам, коннікам і шыпшынай на капцы. Круціў вакол запясця рукі.

...Італьянскія аркады белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі. Палалі суцэльныя вокны. Па крузе павольна пад’язджалі да сходаў карэты і брычкі. Плыў прыступкамі ўгору стракаты натоўп.

Майка сышла на зямлю і, побач з Франсам, рушыла насустрач музыцы, святлу, духмянай цеплыні. Музыка спявала нешта весняе, такое мяккае і страснае, што слёзы прасіліся на вочы.

На верхняй прыступцы стаяў Вежа з панам Юрыем і паняй Антанідай.

– Раўбіч, - ціха сказаў ён. – Радасць, радасць мне... А ты чуў, што царок сказаў на прыёме маскоўскіх дваранскіх маршалкаў?[75]

Падняў палец:

– “Существующий порядок владения душами не может остаться неизменным…” О! Як думаеш, радасць?

Шыракаватае ў сківіцах аблічча Раўбіча загуляла жорсткімі мускуламі. Цень лёг у вачніцах.

– Каб гэта ад шчырага сэрца – радасць была б. А так гэта, па-мойму, нешта накшталт прапановы Браніборскага. Гаворыць аб радасці, а ў самога шчэлепы, як у галаўня. Прагныя.

– І я думаю, - іранічна ўсміхнуўся дзед. – У лібералізм гуляе. Як ягоны дзядзька. Ну і скончыць таксама... адпаведна... Гулі ўсё... Les merveilles gymnastiques[76].

Вузкая, да смешнага маленькая ручка пані Антаніды кранула дзеда за локаць.

– Бацька, тут дзеці.

Дзед замаўчаў. Потым зірнуў на нявестку і даволі лагодна ўсміхнуўся. Ён вельмі памякчэў да нявесткі за гэтыя гады: быў удзячны за ўнука.

– Пані Эвеліна, - усміхнуўся Юры, - радасць райская, што прыехалі... Франс, вы паважны, як магістр масонаў...А Стах... Не, глядзіце вы, які наш Стах... А ты, Наталечка, усё маладзееш. Што ж з табой далей будзе, алянятка?

Смяяліся снежныя зубы.

– І Майка, - нечакана сур’ёзна сказаў ён. – Вы сёння дзівосная, Майка... Алесь зараз прыйдзе. Ён пайшоў размясціць хлопцаў.

Вежа глядзеў на Майку.

– Ты! – спытаў ён. – Колькі ж гэта?

– Шаснаццаць, - сказала пані Эвеліна.

– Та-ак. Бадай што, цяпер ужо цябе не назавеш чорцікам...

– Што дзіўнага, - сказаў Раўбіч. – Скончыла інстытут.

Дзяцей адвялі ў іхнюю залу, у тую самую, дзе калісьці дзеці разбілі вазу. Майка ўспомніла: чарапок з хвастом сіняй рыбкі і дагэтуль ляжыць у скрыначцы.

У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Будзе лепей, чым назнарок нацерці.

Майцы адразу падумалася: “А нам цяпер сюды, у гэты пакой, ужо нельга. Мы цяпер дарослыя”.

На хвіліну прыйшоў жаль. А потым зноў вярнулася радасць.

Яна ўступала ў залу з тым самым пачуццём, што і раней. Бачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды. Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: “Нашто яны так глядзяць на мяне?”

Думка адразу ж знікла. Бо стракатая чародка людзей абкружыла яе.

– Гэта хто? Бог мой! Ядзя! Ядзечка!

Ядзечка стаяла ўсё такая самая, усё гэтак жа падобная на ляльку. Але яна была.. яна была ледзь не з Майку ростам. Тоненькая, зграбная...

– Маюнька! Маюнька! – смяюцца сінія вочы.

А потым пайшло. Чорны ўсмешлівы Янка і ягоныя рукі, што моцна сціскаюць яе далонькі.

– Майка! Майка! – глядзіць у вочы, нібы не верыць. – Як мы рады! Як узрадуецца Алесь!

– Табе добра, Янка?

– Мне добра. Я цяпер сын, рачоны Ян Клейна.

...Куды гэта глядзіць паўз яе доўгі, такі “састарэлы” Янка?

Міхаліна паглядзела туды, і ў той самы момант на хорах заспявалі скрыпкі. Нібы назнарок. І ад іхняга задуменнага спеву зноў глыбока ўпала сэрца.

За пяць крокаў ад яе стаяў Алесь і дзіўна, нібы спалохана, нібы не пазнаў, глядзеў ёй у вочы.

Яна таксама не адразу пазнала яго. Зусім дарослы. Выцягнуўся амаль з пана Юрыя і, відаць, будзе вышэйшы. І такі самы загарэлы. Аблічча аж аліўкавае, і на ім асабліва светлыя – аж свецяцца – цёмна-шэрыя шырокія вочы.

Але чаму ён так разгубіўся, нібы ўбачыў дзіва? І што гэта ў ім такое новае?

Ага, вочы сталі не такія мяккія. І ў постаці няма нічога ад медзведзяняці: стройная, гнуткая постаць.

Алесь схіліўся і пацалаваў ёй руку.

– Я вельмі ўзрадаваны, - голас чамусьці асекся. – Мы так даўно не бачыліся.

– Вельмі даўно. І хаця б... адзін ліст.

– Гэта вы, Ма... Міхаліна, не адказалі мне.

– Я, па-ранейшаму, Майка.

Паўза.

– Сходзім да Вацлава. Я з Вежы. Ледзь паспеў пераапрануцца.

У “зале разбітай вазы” Стась, Вацлаў і Наталя гулялі ў жмуркі. Вадзіў Вацак, і Алесь назнарок “спаймаўся” яму.

– Спаймаў!

– Не, брат, гэта я цябе спаймаў, - сказаў Алесь.

І ўзняў Вацака высока-высока.

– Алеська! Братка! – крыкнуў Вацак, боўтаючы нагамі ў паветры.

– А паказаць табе, як барсук дзяцей гладзіць? – спытаў Алесь, прыціскаючы брата да грудзей.

– Не-а, - малы закрыў галаву рукамі. – Супраць поўсці гладзіць будзеш. Дулі калупаць.

– Ты ў мяне разумны, - засмяяўся Алесь.

Майка заглядзелася на яго. Высокі, шырокі ў плячах, ён стаяў, трымаючы брата, як перайка.

Наталя ціха падышла да Майкі і пацерлася шчакой аб яе далонь. Міхаліна прысела і, расчырванеўшыся, правяла носам па вачах сястры.

Якраз у гэты момант Алесь, падхапіўшы на рукі яшчэ і Стася, зірнуў на дзяўчыну. Нешта разгубленае зноў мільганула ў ягоных зрэнках.

– Ну, до ўжо, хлопчыкі, - глухавата сказаў ён. – До.

– Алесь, - віскнуў спушчаны на подлогу Вацак. – А Наталя харошая. А Наталя казала, што яе не бралі, аж потым Майка ўзяла. Яна разумее, што мне без Стася і Наталі сумна. Яна харошая.

– Вельмі харошая, - сказаў Алесь. – Гуляйце, хлопцы.

Падвёў, падштурхнуў хлопцаў да Наталі, абняў усіх трох. І тут ягоная рука выпадкова дакранулася да Майчынай рукі.

Майка раптам адчула: здарылася нешта нязнанае. Зірнула на Алеся і ўпэўнілася, што ён таксама адчуў, затрымаў на яе плячах і руках чужы позірк.

Здарылася непапраўнае.

А ў зале пяшчотна звінела музыка, клічучы іх да сяброў.

...Яны танцавалі разам вальс, і гэта была пакута. Даводзілася трымацца як надалей адзін ад аднаго. І ён стаў чужы. І яны сталі чужыя. І немагчыма было больш танцаваць разам. Таму, што ўсе глядзелі і ўсё-ўсё бачылі.

Таму Міхаліна нават узрадавалася, калі перад мазуркай убачыла ля калоны двух сяброў. Яна не любіла Хаданскага, але тут ён здаўся ёй свойскім, дураслівым. Стаяў сабе, пакручваў залацісты чуб.

Вось заўважыў яе, схіліўся да Мішкі Якубовіча і нешта шапянуў яму на вуха. Гусар засмяяўся, паказваючы белыя зубы. І відаць, што дурань, але прыемны дурань, таксама свойскі. І няма ў ім таго, што так яе палохае ў Алесевых вачах. Проста зух у бліскучай форме. Белазубы і дзёрзкі, шчодры п’янчук.

Калі Хаданскі перайшоў залу і запрасіў яе на мазурку, яна пайшла танцаваць, нават не зірнуўшы на Алеся. І яшчэ раз з Хаданскім. А потым з Якубовічам. А потым яшчэ з Хаданскім.

Назнарок не глядзела на Алеся. Раз толькі выпадкова сутыкнулася з ім вачыма і ўбачыла суровыя вочы і няшчасны, глыбакасумны твар.

Урэшце Алесь заўважыў, як яна непрыкметна выслізнула на тэрасу, і рашуча выйшаў за ёй.

Над цёмным парканам трапяталі недзе далёкія зарніцы. У свежым ад дажджу паветры стаяў вільготны водар бэзу.

Алесь прайшоў у самы канец тэрасы, куды не падала святло з акна, і там, ля парэнчаў, убачыў тонкую Майчыну постаць. Майка не павярнулася на крокі, а калі ён пазваў яе, коса ўскінула на яго дзікаватыя і нібы разгневаныя вочы.

– Што з табой?

– Так, - апусціла яна вейкі.

– Ты робіш мне балюча. А я помню цябе.

– Хіба?

У адказ ён распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок.

– Вось твой медальён.

Разам з жалезным ланцужком пацягнуўся і залаты. Ён быў прывязаны да жалезнага ланцужка. Калі Загорскі ўзяў Майчын медальён на далонь, залаты саслізнуў з далоні і захістаўся ў паветры, звісаючы між вялікім і ўказальным пальцамі.

Амулет старога дзьмутага золата, цьмяны і зіхоткі. А на ім Коннік з дзіцячым, нібы апухлым, тварам бароніць Авечку ад Льва, Змія і Арла.

– Усё як раней, - сказаў Алесь. – Высакароднае жалеза, а ў ім пасма тваіх валасоў і надпіс па-беларуску... Твой... Першы... Ты помніш вярбу?

– Не, - сказала яна раптоўна нейкім жорсткім, нібы не сваім, голасам. – Не ўсё, як раней.

У першую хвіліну яна бадай што ўзрадавалася, а потым у радасць пракраўся боль. Яна сама не ведала, што з ёю.

– У цябе яшчэ адзін, - сказала яна. – Чыстае наша жалеза змяняў на золата.

Ёй чамусьці хацелася яшчэ раз уразіць яго. Яна не магла іначай, так з ім было цяпер няпроста.

– Вядома, - сказала яна, - хто ж будзе трымацца звычайнага жалеза? Каму яно цяпер патрэбна?

– Я...

– Не трэба мне твайго “я”. Барані сваю Авечку, якая першаму-лепшаму дорыць трохсотгадовыя фамільныя медальёны.

– Міхаліна, - сказаў ён, - калі ты будзеш так...

Яна не адказала. Крутнулася. Пайшла тэрасай. Усё хутчэй і хутчэй. Ноч і святло з акон, чаргуючыся, беглі на танюткай постаці.

І пачаўся здзек.

...Гулялі ў загадкі. Вяла Майка. Той, хто адгадае, меў права пацалаваць тую паненку, якая загадвала. Франс Раўбіч і ненатуральна ажыўлены Мсціслаў так і сачылі за вуснамі Ядзечкі, калі надыходзіла яе чарга.

– Ядвінька пытае, што расце без кораня, а людзі не бачаць.

Маўчанне.

– А галоўныя ворагі – слімак і порах, - дадала Міхаліна.

Франс і Мсціслаў аж нагамі капалі. Алесь даўно здагадаўся, але не хацеў перашкаджаць ім.

Майка залілася смехам. Ён гучаў весела і трохі здзекліва, асабліва пасля таго, як яна зірнула на Алеся.

– Панове, - сказала Майка, - што ж вы, панове? Некаторыя амаль скончылі гімназію.

Гледзячы ёй у вочы, Алесь нядбайна кінуў:

– Камень. Камень расце без кораня. Порах разбівае яго звонку, камень слімак точыць знутры.

Ядзечка працягнула яму вусны. Маладым людзям накрылі галовы вэлюмам. Зайграла на хорах скрыпка. І ў снежным паўзмроку Алесь убачыў, як апусціліся веі колішняй лялькі, і зразумеў, што ён не абыякавы для яе.

Калі вэлюм з шолахам споўз з іхніх галоў, Алесь заўважыў насцярожаныя вочы Франса, сумна-ўсмешлівы позірк Мсціслава і яшчэ вусны Міхаліны. Куточак Майчынага рота прыўзняўся вышэй, чым звычайна.

Алесь зірнуў у вочы Мсціславу і павольна апусціў павекі на знак таго, што ён усё зразумеў.

– Загадка пра чалавека, - сказала Майка. – Задаю я.

Загорскі бачыў звужаныя, чымсьці нядобрыя вочы.

– Божанькаў лянок, - сказала Майка, з ходу вяжучы слоўную вязь, - звіў з ланцужком ланцужок. Змяняў жалеза на золата. Залатой шабляй хоча невядомую авечку бараніць.

Гэта было глупства. Няскладнае, нядобрае. Ніхто, канечне, нічога не зразумеў і не мог адгадаць.

– Гм, - сказаў Мішка Якубовіч, смеючыся чорнымі вачыма. – Божанькаў лянок – гэта, вядома ж, я.

Зарагатаў:

– І жалеза на золата я змяняў, узяўшы на год водпуск. І авечак ад мяне бараніць трэба.

Алесь глядзеў проста ў Майчыны вочы.

– Я, - сказаў ён. – Тлумачыць не буду, але я. Спадзяюся, панна Раўбіч не адмовіцца, калі ў сэрцах зямных дзяўчат засталася іскра шчырасці.

...На іхнія галовы накінулі вэлюм. Вежа здалёк глядзеў на ўсю гэтую гісторыю аж вельмі няўхвальна.

Алесевы вочы глядзелі ў Майчыны вочы. Між імі лёгка мог бы стаць трэці, так далёка стаяў Алесь.

– Дзякуй вам, Міхаліна Яраслаўна, - ціха сказаў Алесь. – Не бойцеся. Я проста скарыстаў апошнюю магчымасць застацца ўдвох. І потым, я ж павінен быў адгадаць. Проста каб вы ведалі, што я нічога не баюся і ні аб чым не шкадую.

– За што дзякуй? – ціха спытала яна.

– За сумленнасць. За тое, што нікога не пусцілі ў нашу дзіцячую таямніцу.

Убачыў разгубленыя вочы і скінуў з галавы вэлюм. Усе, напэўна, глядзелі з непаразуменнем на дзве постаці, што так і не варухнуліся пад флёрам. Ну і няхай.

Вэлюм споўз на падлогу. Алесь падышоў да Мнішкавай Анэлі і схіліў галаву. І, нібы ў адказ, з гонарам і павагай схіліў ля сценкі галаву стары Вежа.

...Усю астачу вечара яны танцавалі паасобку.

Спачатку Майку душыў гнеў і глыбокая крыўда.

Але потым яна ўспомніла, што сама дамаглася гэтага, успомніла той страх, які адчувала, калі Загорскі быў побач, успомніла, з якой радасцю, як збавенне ад смерці, адчула яна запрашэнне Якубовіча. І тады яна павесялела.

Вечар быў кароткі. Яна сто разоў да гэтага сніла яго ў сне. Сніла гэты баль, і музыку, і зарніцы за вокнамі, і нясцерпнае шчасце ад танцаў і ўласнай маладосці. Усяму гэтаму немагчыма было ставіць мяжы. А Загорскі быў такой мяжою. Няхай прывабнай, але і страшнай у сваёй безагаворачнасці.

Яна танцавала, і ёй хацелася танцаваць, як часам хочацца спаць у сне. І таму, калі раптам танцы скончыліся, калі запрасілі на вячэру, слёзы з’явіліся на Майчыных вачах. Так не хацелася гэтай непатрэбнай вячэры, так не хацелася траціць часу.

За вячэрай ап’яненне прайшло. Яна заўважыла, што Алесь так і не прыйшоў, не сеў за сталы.

Да канца вячэры знікла з-за стала Ядзечка. А потым непрыкметна, нібы іх і зусім не было, здолелі ўцячы Мсціслаў і Франс.

Мішка Якубовіч сядзеў насупраць, жартаваў, выскаляў белыя зубы. Чорныя вочы нахабна і дзёрзка смяяліся. І раптам Майка адчула, як нараджаецца недзе ў душы трывога. Яна не ведала, адкуль яна, трывога. Здавалася толькі, што губляеш нешта важлівае. Урэшце яна не вытрымала і, пад умольным позіркам вачэй маладога Іллі Хаданскага, паднялася з месца і пакінула застолле.

Выйшла на тэрасу – нікога. Абложаны хмарамі, нібы ў мяшку, глуха стаяў загоршчынскі парк. Зарніцы сталі ярчэйшыя. Яны шугалі і шугалі. Гэта, напэўна, ад іх рабілася нясцерпнай трывога.

Майка абмінала палац. Злёгку храбусцеў пад нагамі жвір.

Ад пляцоўкі з арэлямі даляцеў голас Ядзечкі:

– Алеська! Дзе гэта ты знік? Хадзі да нас. Мы гайдаемся.

– Ну і добра, - сказаў Алесь. – Чаго гэта вы, як маленькія, з балю ды на арэлі? Сукенку памнеш.

– Алесік, даражэнькі, глядзі, якая ноч! Якія зарніцы! Толькі і гайдацца.

Зарыпелі ў цішыні канаты: відаць, Алесь моцна налёг нагамі на дошку арэляў.

Майка падышла зусім блізка. У гэты момант успыхнула зарніца, і дзяўчына ўбачыла Алеся, які ўзносіўся галавою проста ва ўспышку.

Ён, здавалася, быў вышэйшы за дрэвы, вышэйшы за слупы арэляў, вышэйшы за ўсё на зямлі.

Зноў успышка. І зноў ён высока. Ён адзін, бо Франс за ягонай спіною: відаць, уставаў на ніжняй кропцы плёту, штурхаючы чоўнік.

– Алесь! Алесь! Ну, ты проста як архангел! І галава ў хмарах! – крычаў Ядвіньчын голас.

– Архангел з рожкамі і хвосцікам, – смяшліва сказаў Мсціслаў.

Майка аперлася далонню на ствол ліпы. Сэрца ў яе падала ад адчування непапраўнасці таго, што сёння здарылася...

Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распрасцёртымі рукамі, пагрозліва цёмнымі вачніцамі і валасамі, што стаялі дыбарам над галавой.

– Глядзіце, - рыпенне ўплялося ў словы Франса: юнак, відаць, налёг на гальму, - Майка тут. Майка прыйшла.

– Сядзіш ты тут, Ядвінька, як квяціна ў крапіве, - сказала Майка.

– Гэта хто крапіва? Мы? – з пагрозай спытаў Франс.

Майка разумела, што ім з Мсціславам дрэнна. З неасэнсаванай варожасцю і за сябе, і за брата, і за Маеўскага яна адчувала, што Ядзечка дорага дала б, каб быць на арэлях удваіх з Алесем, што яна цягнецца да яго. А брату дрэнна. І Мсціславу з ягонымі сонечнымі вачыма – дрэнна. Ёй здавалася, што яна пакутуе галоўным чынам за іх.

І яшчэ яна ведала, што Мсціслаў даруе Алесю ненаўмысную крыўду. Проста таму, што любіць яго непарушнай братняй любоўю, таму, што ім, пастрыжным братам, ніколі нельга сварыцца. А Франс не даруе ніколі. І гэтая насцярожанасць можа пашкодзіць ёй як нішто.

– Злазь, Франс, - сказала яна. – Саступі мне, калі ласка.

– А я куды?

– Перайдзі да... Мсціслава.

Чырвоны сполах пракаціўся над пляцоўкай, і яна убачыла, што Алесь глядзіць на яе.

– Я злезу, - сказаў ён. – Гойдаць будзе Франс.

Ад скачка пад яго нагамі рыпнуў жвір.

– Вырашылі ўцячы? – амаль шэптам спытала яна. – Годны ўчынак. Спалохаліся маіх досціпаў?

– Не, Міхаліна... – таксама шэптам адказаў ён. – Проста...

І, падсадзіўшы яе, пайшоў прэч.

...Праз гадзіну яна стаяла ў тым самым цёмным кутку тэрасы і глядзела ў парк. Дождж злёгку спырснуў траву і кветкі, краем зачапіўшы Загоршчыну. Сполахі шугалі цяпер недзе далёка-далёка.

Пані Антаніда заўважыла Майку ля парэнчаў і падышла да яе.

– Ну што? Што з табой, дзяўчынка?

У Майкі перахапіла горла ад нечаканай пяшчоты гэтай жанчыны.

– Не ведаю... Але мне нешта так цяжка! Я такая няшчасная!

– Я разумею... Разумею... – і пяшчотна-тонкая рука яе лягла на Майчыну руку.

– Гэтага не трэба рабіць, дзяўчынка. У гэтым няма праўды... І ты нічога, нічога не зробіш...

– Чаму не зраблю? – з ноткай пратэсту спытала яна.

– Так... Такі ўжо закон, - і, усміхнуўшыся вінаватай усмешкай, пайшла.

... Майка ішла праз залу ў пакоі, сама не ведаючы, куды яна ідзе. Ля самага выхаду ў зімнюю лоджыю насустрач ёй трапіліся бацька і пан Юры. Пан Юры толькі ўсміхнуўся ёй.

– Малітва дзевы, - весела сказаў ён. – Вышэй галаву, панна Міхаліна.

Бацька адстаў ад яго і, дачакаўшыся, пакуль пан Юры аддаліцца, ціха сказаў дачцэ:

– Мы з ім трохі выпілі ў буфетнай... Яму непрыемна... Хаця ён і не кажа.

– Ах, бацька, што да гэтага мне? – нечакана страсна сказала яна.

– Не муч хлопца, - жорстка сказаў пан Яраш. – Не гуляй людзьмі ў гэтым доме. Трымай сябе, як належыць дзяўчыне. Не падабаецца, то і маўчы. Нібы ўзрадавалася, што можаш усё рабіць... А душа чалавека не ў чалавечай, яна – у божай руцэ.

Упершыню ў жыцці яна бачыла бацькаў гнеў.

– Больш ты сюды – ні нагой. Досыць мне сораму. І калі яшчэ ўбачу гэтыя твае гулі – паедзеш на Піншчыну, у Боева, матчыным пасагам упраўляць. Пад наглядам Тэклі.

Крутнуўся. Пайшоў даганяць пана Юрыя.

Міхаліна выйшла ў лоджыю. Неба ачысцілася, і за непамерна высокімі вокнамі мігцелі незлічоныя зоркі.

– Ах, ды што яны ўсе прывязаліся? – вырвалася з грудзей.

Вырвалася разам з плачам. І яна, апершыся на падвоканне, заплакала.

Што яны ведалі? Што яны ведалі пра яе, і пра медальён, і пра хлопца, які ўзносіўся галавою ў зарніцы? Што яны ведалі аб тым пачуцці ганебнай наканаванасці, якое ўвесь вечар валодала ёю?

Нібы і змагацца нельга. Нібы ўсё даўно вырашана за яе на небе, а яна проста бездапаможнае кацяня, з якім лёс робіць усё, што захоча.

Ніхто не думае, што яна чалавек. Ні бог, ні дарослыя, ні Алесь, ні... яна сама. Але ніколі не скажа гэтага. Ніколі.

Яна ведала, што яна і надалей будзе з’едлівай і нядобрай. Проста таму, што нельга, каб наканаванне ламала табе рукі. Але, хай ёй прабачаць усе, яна не хацела губляць юнака, які ляцеў між зарніц.

Амаль страціла яго. І за хваляй пагарды пойдзе хваля пакорлівасці, і, магчыма, прыніжэння. І так будзе заўсёды. Біся ў кіпцюрах лёсу, як спайманая птушка.

“Я не хачу! Не хачу! Божа, як я хачу гэтага!”

Разам са слязьмі нібы знікала нешта. На месца рашучасці прыходзіла безнадзейная пакора. Зоркі за акном вясёлкава расплываліся ў яе вачах. Сярод іх, недзе ля Воўчага Вока, былі іхнія зоркі. Дзе яны былі зараз, зорка Майка і зорка Алесь?

І раптам шкадаванне і няўтольная, вострая, ніколі ў жыцці яшчэ не адчуваная пяшчота авалодалі ёй.

Яна ўжо нічога не баялася, ні аб чым не думала, нічога не збіралася сцвярджаць. Яна проста прайшла лоджыяй і спусцілася сходамі ў парк.

Зоры ззялі над галавою. Яна ішла і ішла алеямі, нібы ў сне, не ў змозе даць сабе адказ на пытанне, куды і чаго яна ідзе.

Зоры ззялі над галавою. Раптам нібы нехта сыпануў іх і ў траву. Слабыя, зеленаватыя, яны мігцелі ў ёй, амаль пад нагамі.

Гэта былі светлякі.

Цалкам неасэнсавана яна брала халодныя агеньчыкі ў руку. Урэшце рука заззяла, нібы ў ёй ірдзеў зялёны жар.

Вытаргнуўшы з галаўной сеці некалькі срэбных ніцей, яна спрытна пляла іх пальцамі.

Яна рабіла гэта, не ведаючы, што сотні пакаленняў жанчын рабілі гэта да яе. Рабіла, нібы ў сне.

Потым яна ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак.

...Алея за алеяй. Майку чамусьці цягнула да става, дзе стаяла “крохкая” вярба. Але яна не паспела дайсці да яе. Калі да става асталося ўжо зусім нямнога і адтуль дыхнула вільготным павевам, яна ўбачыла цень, што рухаўся ёй насустрач.

– Ты? – спытаў цень.

– Я.

Ніколі яшчэ яму не здавалася такім патрэбным быць з ёю. І ніколі яшчэ ён так не гневаўся.

– Вазьмі свой медальён, – сказаў ён. – Я не думаў, што гэта будзе так. Але, відаць, праўда, што на зямлі няма нічога вечнага.

Зоры ззялі над яе галавою. Зоры ззялі ў валасах.

– І ты можаш? – глуха спытала яна.

– Нічога, у мяне застанецца яшчэ адзін. Гэта цётчын медальён. Ён, як яна казала, тройчы тры разы ўратуе мяне. Лухта. Шкада, што яна не дала мне нічога ад дробных жаночых учынкаў. Урэшце, нічога. Спраўлюся сам.

І працягнуў ланцужок:

– Вазьмі.

Яна раптам зрабіла яшчэ адзін крок. Бязвольна і пакорліва ўпала галавою на ягоныя грудзі. Ён стаяў, працягнуўшы рукі ўздоўжз тулава.

– Алесь, - сказала яна. – Алесь...

Была ноч і вярба. Быў усход. А потым было сонца.

І, калі яно ўзнялося над дрэвамі, ад круглых лістоў вадзяных гарлачыкаў ляглі на дно цені.

І цені белых вадзяных лілей на дне става былі, як заўсёды, чамусьці не круглыя, а нагадвалі разарваныя пальмавыя лісты.


  1. 30 сакавіка 1856 года.

  2. Дзівосы гімнастыкі (франц.).