17003.fb2
Лета было летам шчасця. Не разумеючы яшчэ да канца, што такое каханне, Алесь ведаў, што яго кахаюць і ён сам кахае. Майка часта бывала ў Загоршчыне і была такая ласкавая, такая добрая з ім, як добрае лета, што стаяла вакол.
Бываў ён у Раўбічах. І там таксама ўсе любілі яго. Нават Франс супакоіўся. Асабліва пасля таго, як упэўніўся, што Алесь ні ў чым яму не пагражае, а Ядзечка, хаця і сумуе, усё ж мірыцца з новым становішчам і ставіцца да Франса памяркоўна і мякка, бо ён харошы хлопец і ёй добра з ім.
Мсціслаў месяца паўтара жыў у Алеся. Таму ўсім было весела. Ездзілі ўсім хаўрусам і да Кагутоў, і да Клейнаў, і да Мнішкаў. Паўсюль было весела.
А ў Раўбічах асабліва. Таму што Вацлаў і Стась пасябравалі, выкідвалі, разам з Наталяй, розныя дурыкі.
Да таго ўсё было добра, што нават Майчына нянька, старая Тэкля, палюбіла Алеся і, калі чула, што ён павінен прыехаць, буркатала:
Во і сонейка маё прыедзе. Бог таму дасць, хто яго любіць. А хто такому дачку аддасць – таму бог дасць удвая.
Бывалі і ў дзеда, і там было лягчэй за ўсё. Вежа не перашкаджаў нічым. Хіба што трохі іранізаваў над маладымі людзьмі. І здзіўляўся сам сабе. Чаго гэта ён, стары сугней, якому пакутай было бачыць людзей, аніяк не пакутуе з той прычыны, што дом поўны моладзі, што паўсюль гучаць галасы, песні, смех, што нельга сесці ва ўлюбёнае крэсла, не сеўшы пры гэтым на партабак Франса, нельга зайсці ў галерэю, каб не перашкодзіць юнакам, якія наладзілі там танцы. Дзіўна, гэта аніяк яму не перашкаджала. Наадварот, нават падабалася.
Пакутаваў спачатку адзін Мсціслаў. Гэтаму, нават пры ягонай легкаважнасці, даводзілася дрэнна. Падабаецца табе дзяўчына, а ёй падабаецца твой лепшы сябра. Гэта яшчэ няхай! З сябрам, тым больш пастрыжным братам, біцца не палезеш. Але пастрыжны брат адступіўся. Дык што б вы думалі? Знайшла другога сябра. Каго хочаце, абы не яго.
Ён быў лёгкі чалавек, але такой ганьбы нават для яго было занадта. Таму хлопец крута змяніў сваё жыццё. Замест весялосці і танцаў браў сабаку і ішоў з ім у палі. Блукаў там, поўны меланхоліі, вёў размовы з сабакам, чытаў сентыментальныя раманы, якія яму зусім не падабаліся. Паспрабаваў нават пісаць вершы, поўныя тугі і сардэчных уздыханняў. Уздыханняў было шмат, рыфмаў – трохі меней, складу і мілагучнасці – зусім мала. Плюнуў.
Скончылася гэта зусім нечакана. Рытуал патрабаваў, каб закаханы наведаў тыя месцы, дзе ён бываў шчаслівы. Мсціслаў меў такіх месцаў няшмат, асабліва ў Азярышчы, куды сябры прыехалі наведаць Кагутоў. Маеўскі пайшоў да вялізнай адрыны, дзе калісьці ён і Алесь лазілі па сене, точачы ў ім хады між стогам і латамі страхі.
Прыйшоў туды і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць.
– Паніч прыйшоў! Вой, ды які ж харошанькі!
Дзеўкі спаймалі яго, пакацілі па сене і скончылі тым, што напхалі яму мурагу між целам і вопраткай. Ганьба была страшэнная. Дзеўкі!.. Мужчыну!.. Калі яны пусцілі яго, Мсціслаў выглядаў так, нібы яго надзьмулі.
Бараніла яго толькі дзевяцігадовая Янька Кагут. Крычала на дзевак, штурхала іх як магла і цягнула за ногі. Гаравала, што напалі на аднаго.
Мсціслаў вызваліўся як мог ад сена, а потым стаў нападаць на дзевак па адной. Раскідваў і валяў іх, як коз. Падстаўляў ножку, скідаў са стога і не даваўся, каб зноў схапілі.
Урэшце зразумеў, што ўсё адно спаймаюць, і разам з Янькай уцёк дамоў. З таго часу хадзіў з ёю і на рыбу, і па маліны, і “глядзець ласёў”. Жартам называў “нявестай”.
А што? На восем год маладзейшая. Скончу вось універсітэт – ажанюся. Я дваранін, з невялікіх, яна – вольная сялянка. Рамантыка! Карамзін!
Рабіў выгляд, што падыходзіць да хаціны. Скідаў шапку:
Здравствуй, добрая старушка. Чувствительное сердце твое не может отказать стрелку. Ибо и старые поселянки любить умеют, под сению дерев пляша. Не можешь ли ты дать мне стакан горячего молока?
Усе рагаталі. А ён з таго часу пакінуў гуляць у расчараванага каханка.
У жніўні Алеся і Вацлава запрасілі ў Раўбічы.
Пан Яраш сустрэў іх ветліва і цёпла, але дзіўна. Алесю адразу здалося, што Раўбіч быў бы куды больш узрадаваны, каб яны прыехалі праз дзень або паслязаўтра. Нешта такое было ў ягонай усмешцы, у залішняй гасціннасці, у тым, што ён, здаецца, не ведаў, куды яму падзець вочы.
Таму Загорскі адразу папрасіў дазволу пакінуць Вацака з Наталяй і Стасем, а самому ўзяць Майку і паехаць з ёй вярхі. Да вечара. Ён казаў гэта, не зводзячы позірку з вачэй пана Яраша. І ён упэўніўся ў тым, што яму сапраўды лепей знікнуць адсюль да самай ночы. І Майцы – таксама. Таму што пан Яраш зусім няўлоўна для старонняга вока, але ўзрадаваўся.
Магчыма, мы заедзем да Басак-Яроцкага, – не адводзячы вачэй, сказаў Алесь. – Тады ён, вядома, не адпусціць нас.
Не, сынок, – сказаў пан Яраш, – гэтага не трэба. Вядома, калі вы захочаце астацца ў пана Яроцкага, тады справа іншая. Думаю, у яго можа быць цікава, тым болей што ні Міхаліна, ні ты там яшчэ не былі. Але толькі ў тым выпадку, калі вам сапраўды захочацца там астацца.
Добра, – сказаў Алесь. – Мы астанемся, толькі калі заедзем туды.
Пан Яраш першы адвёў вочы. Яму на хвіліну стала страшна ад недзіцячай пранікласці хлопца.
Добра, – сказаў ён, – я дам Майцы загад збірацца. Пачакаем, пакуль тое, на стайні.
У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, манежы, праварыне і бегавых дарожках – словам, пры ўсім, што складала конскі завод – некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба.
Там заўсёды былі канапы, каб госці маглі адпачыць. Госці ацэньвалі коней, спрачаліся, мянялі і куплялі, заключалі пагадненні, пілі каву, закусвалі.
У пакоі, куды Раўбіч прывёў Алеся, стаяла вялізная турэцкая сафа, стол з бутэлькамі і закускай і некалькі крэслаў.
Алесь зайшоў і адразу страшэнна здзівіўся: у крэсле за сталом сядзеў чалавек, якога яму менш за ўсё хацелася бачыць і якога ён менш за ўсё спадзяваўся сустрэць тут. Слаба загарэлы, з празрыста-ружовым румянцам на тугіх шчоках, пан Мусатаў сядзеў за сталом і папіваў ледзяную ваду з лімонным сокам.
Вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пільна і весела глядзелі на княжыча. Учэпістыя, прыхавана-нервовыя рукі сціскалі сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі вузкую шклянку, усю запацела-дымную, у пацерачках кропель.
Што такое, пане Аляксандр? – спытаў Мусатаў. – Вы не чакалі бачыць мяне тут?
Чаму не, – сказаў Алесь. – Кожны мужчына можа прыехаць на стайню да пана Раўбіча.
Выйшла падобна на поўху, і Алесь пашкадаваў аб гэтым, убачыўшы Раўбічавы вочы.
Яны, відаць, таксама не чакалі, – усміхнуўся ружовымі вуснамі жандар.
Алесь азірнуўся і ўбачыў пана Мнішака і Юлляна Раткевіча, таго самага прадстаўніка малодшага роду, які некалі на дваранскай зборні падаў запіску аб неабходнасці вызвалення сялян. Нервовае жаўтаватае аблічча Раткевіча было стрымана-злоснае.
Я прасіў бы вас не жартаваць так, – спакойна сказаў Раўбіч. – Я, урэшце, сам запрасіў вас да сябе.
Прабачце, – сказаў Мусатаў. – Я прыехаў не ўчора і не заўтра, як вы мяне запрашалі, а сёння. Самі ведаеце, справы... Але я ад усёй душы ўдзячны вам за лаяльнасць і за пастаянную гатоўнасць памагаць уладам.
Не варта падзякі. Урэшце, каму як не нам клапаціцца аб парадку ў наваколлі.
Алесь ужо нічога не слухаў. Бо за спінамі Мнішака і Раткевіча ён раптам убачыў маладжавы і наіўны твар... пана Выбіцкага, загоршчынскага аконама. Выбіцкі хаваў вінаватыя вочы і выглядаў ніякава, нібы спайманы на чымсьці. І гэта было зразумела, таму што яму не належала тут быць, таму што ніхто – ад пана Юрыя і Алеся і да апошняга мужыка – не думаў, што ён тут. Таму што яшчэ ўчора пан Адам Выбіцкі на дзень адпрасіўся ў пана Юрыя, каб з’ездзіць па пакупкі ў Сухадол.
Недалёка ж ён ад’ехаў ад Загоршчыны.
Варта было б здзівіцца гэтаму, але, урэшце, гэта была ягоная справа...
Да таго ж тут сядзеў халуй, сышчык, якога нельга было дапускаць у справы сваіх людзей. Дзеля нейкай мэты Раўбіч запрасіў яго сюды, вызваліўшы для сябе адзін дзень. “Учора” або “заўтра”. Дрэнна ж Раўбіч яго ведаў. Такі заўсёды з’явіцца тады, калі яго не чакаюць, менавіта “сёння”. “Сёння”, а не “ўчора” ці “заўтра”.
Алеся не абыходзілі справы пана Раўбіча. Але ён бачыў, што Мусатаў з цікавасцю назірае за сустрэчай аконама і маладога гаспадара. Пільныя зеленаватыя вочы глядзелі з іранічнай дапытлівасцю.
Загорскі дастаў з кішэні пулярэс і пачаў корпацца ў ім.
Добры дзень, пан Адам, – неахвотна, нібы злуючыся на аконама, сказаў ён і дастаў з пулярэса сто рублёў.
Дзень добры, пане Алесь, – адказаў Выбіцкі.
Бацька вельмі нездаволены вамі, – сказаў Алесь і ўбачыў, як спалохана здрыгануліся веі аконама.– Ён лічыць, што вы маглі б правесці справу хутчэй... Вазьміце вось.
Рука Выбіцкага непаразумела ўзяла грошы.
Вы затрымаліся на лішні дзень і за гэты дзень не маглі дабіцца нават дробязнай скідкі. Вы ведалі, што без Шаха нашаму заводу – зарэз, і нічога не дамагліся. З вашай літасці мы пераплачваем пану Раўбічу сто рублёў на гэтым жарабцы.
Выбіцкі, нарэшце, зразумеў. Настолькі зразумеў, што нават “абурыўся”.
Вы яшчэ малады, князь, каб чытаць мне натацыі.
Малады я або не – не вам меркаваць. Я – гаспадар і разам з бацькам плачу вам грошы... Мяркую, дарэмна плачу.
Прабачце, княжа, – спалохана сказаў аконам.
Мусатаў адвярнуўся, відавочна страціўшы ўсякую цікавасць да зборні.
Вось так, – сказаў Алесь.
Ён зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярхі ў блізкі свет.
А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску. Карыстаецеся нашай пільнай патрэбай і таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні!
Сабе даражэй, – зніякавеў Раўбіч.
Справа тут у прынцыпе. Адносіны не могуць быць добрасуседскія, калі сусед не саступае суседу.
Раўбічавы вочы няўлоўна смяяліся.
Ну до ўжо, до, – сказаў ён. – Мы тут без вас паразумеліся з панам Выбіцкім. Шах адправіцца ў Загоршчыну адразу ж. Я адмовіўся ад прыбаўкі. І... ведаеце што, даруйце яму.
Ды я і сам не хацеў бы, – сказаў Алесь. – Я ж ведаю яго непадкупную сумленнасць. Ведаю, што ён не стане займацца нічым, акрамя спраў гаспадара. Проста крыўдна было.
Жандар цяпер ужо зусім не слухаў. Наадварот, сам завёў спрэчку з Раткевічам. Ён вёрз нешта такое, што можна было прачытаць у кожнай правай газеце.
Алесь адчуваў, што самая прысутнасць гэтага чалавека тут, у Раўбіча, абражае веліч ягонага пачуцця да Майкі і самае паветра любага дома.
Я прасіў пана Мусатава аб дапамозе, – сказаў Раўбіч. – Проста чорт ведае што. У маёй Хаданоўскай пушчы нейкія падазроныя людзі. Ёсць высечкі. Днямі аб’ездчык бачыў ля вогнішча ўзброеных людзей.
Зробім, – сказаў Мусатаў. – Трэба звязацца з земскай паліцыяй. Ну і, канечне, вы самі павінны памагчы людзьмі.
Ён канчаткова супакоіўся. А Загорскі глядзеў на Раўбіча і, сам не ведаючы чаму, адчуваў, што той гаворыць няпраўду.
“Проста запрасіў гэтага блакітнага сышчыка, – думаў Алесь, – запрасіў, адцягваючы ўвагу ад чагосьці. Не чакаў, што прыедзе менавіта сёння. Перастараўся, пане Яраш. Гэтак гуляючы, можна і галаву зламіць”.
І раптам гарэзлівая думка прыйшла яму ў галаву. Уласна кажучы, нічога не каштавала вытурыць адсюль Мусатава, прычым так, што ён і не здагадаецца. “Не выпендзам, але бардзо проша”. Хай сабе пабегае. А між тым паветра ў Раўбічах адразу стане чысцейшае.
Па-мойму, вы не туды глядзіце, пан Раўбіч, – сказаў Алесь.
Што-небудзь ведаеце? – спытаў Мусатаў.
Нічога не ведаю, – сказаў Алесь. – Але страху сёння нацярпеўся. Шчасце, што пісталет быў у хусце, то я недвухсэнсоўна высунуў яго, каб рукаяць тырчала. Мяркую, толькі таму і абышлося. А іначай мог бы і галавою налажыць. Ва ўсякім разе, грошы аддаў бы не Выбіцкаму, а іншаму...
Хто іншы?
Еду сюды. Толькі праехаў камень Выдравай грэблі – ну, яшчэ там, дзе лес ля самай дарогі, – перасякае дарогу чалавек на вараным кані. Стаў на ўзбочыне і глядзіць. Ды пільна так, нядобра. Вочы сінія, бязлітасныя. З сакваў пісталеты тырчаць. Пастаяў, усміхнуўся на мой дэрмаш з пісталетам, пасварыўся пальцам і знік у напрамку да Дняпра... Пайшоў, відаць, у Кортаўскі лясны востраў.
Чаму мяркуеце так?
А таму. Ля Кортава адзіны на ўсю тую паваротку Дняпра брод. Зручна. Калі перапраўляцца ды ў Янаву пушчу ісці, то толькі там. А калі ўдзень перапраўляцца не рызыкне, то і ў Кортаўскім востраве перасядзець можна.
Аблічча не запамяталі?
Чаму ж не, – Алесь біў на тое, што Мусатаў анічога не ведае пра дзве сустрэчы яго з Войнам. – Нос гарбаты. Аблічча загарэлае такое, як гарчыца. Я чаму і падумаў, што падазроны, што нельга звычайнаму чалавеку, які пад дахам сядзіць, ну вось хаця б вам, пане Мусатаў, так загарэць. Адразу відаць, што не сядзіць, а цэлымі днямі пад сонцам гойсае... Што яшчэ? Ага, валасы чорныя і нібы хто ў іх павуціннем сыпануў. Усе сівізною перавітыя...
Мусатаў збялеў.
Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б.
Устаў і пайшоў з пакояў. Раўбіч, счакаўшы трохі, выйшаў за ім.
Здорава гэта ў цябе палучаецца, – сказаў ён. – Выручыў... Зарэзаў ты мяне без нажа!.. Шаха цяпер адсылай... І брэшаш ты ўсё на сваю карысць.
А хто на чужую карысць брэша? – сказаў Алесь.
Т-так.
Нічога, дзядзька, заплацім.
Вочы пана Яраша з раптоўнай пяшчотай зірнулі на юнака.
Хочаш – заставайся, – з нечаканым парывам сказаў ён. – Не ездзі.
Не, – сказаў Алесь, – вярхі ездзіць лепей, чым тут сядзець. З Міхалінай гаварыць лепей, чым з уласным аконамам.
Горды, – сказаў Раўбіч, – так і не даруеш?
За што? У вас свае справы, у мяне – свае.
Калі Майка і Алесь выйшлі на конны двор, з-за ягонай брамы даляцеў да іхніх вушэй дзікі пошчак капытоў. Апалон Мусатаў не вытрымаў Алесевай весткі, а на гэта і разлічваў юнак.
Жандар выехаў з двара назнарок павольна, трымаючы гонар, нібы яго аніяк не ўсхвалявала чутка аб з’яўленні Войны. Але на доўгі час вытрымкі ў яго не хапіла, і ён прыўдарыў так, што толькі пыл закурэў пад капытамі каня. Што ўжо што, а ў смеласці жандару нельга было адмовіць.
Яны ехалі пустымі раўбічаўскімі ржышчамі, і Алесь вучыў Міхаліну ездзіць ”па-сапраўднаму”.
Ты сядзі ў сядле толькі ў час конскай хады. Калі конь ідзе рысссю ці наўскапыта – ты ўставай у страмёнах і хіліся наперад. Галоп будзе роўны, чалавек не будзе скакаць у сядле. Гожасць у такога палёту дзівосная, зручнасць – выключная. Ну, пагналі.
Вырашылі ехаць да загорскага замчышча, а адтуль у лес. Майка настаяла, хаця Алесь і лічыў, што гэта далёка. Але ёй хацелася туды, бо гэта была дарога шчасця, і руіны, і дно той крыніцы, у якую яны, дзеці, заглянулі калісь.
Кастусь табе нічога не піша?
Прыслаў нядаўна ліст... Ён са мною.
Кастусь спадабаўся мне, – сказала Майка, – ён харошы і вельмі сумленны. Лепшы твой набытак за ўсё жыццё, калі не лічыць Мсціслава.
Ну і цябе, канечне, – засмяяўся Алесь.
Сакрэтаў у лісце няма?
Няма.
Алесь дастаў з пулярэса ліст, спісаны роўным дробным почыркам друга.
Прыгожа піша, – сказала Майка.
Галоўнае, разумна піша. Вось, слухай... “Дарагі Алесь! Уяві сабе, што я пішу ўжо не з Масквы, а з Пецярбурга, якога калісьці так не любіў і ў якім не хацеў жыць. Але зрабіць нічога было нельга. Брат Віктар з Маскоўскага універсітэта звольніўся, а мы вымушаны трымацца адзін за аднаго. Ён слабейшы фізічна, я – бяднейшы. Без абаетнай дапамогі прападзем, як рудыя мышы.
Словам, я “звязаў кілбасу”, абышоў і назад вярнуўся, і столькі лішняй дарогі зрабіў. Але не шкадую. Не шкадую і Масквы, бо яна – дзівосная. Не шкадую цяпер і Пецярбурга, бо тут жыццё, як вір, і нашмат болей цікавых і нашых людзей. Канечне, нагляд стражэйшы і да “брамы пад архангелам” аж занадта блізка, а начальства пачасту крычыць “ашкір”, як на авечак, але людзі – дзіва. І горад – дзіва! Размыты, увесь сіні і залаты. Прыгажосць невыказная. Здатны быў бы пакахаць яго самым гарачым каханнем, каб не выходзіла адсюль столькі благога і цяжкага. Але, як падумаць, людзі не вінаватыя. Вінаватыя нелюдзі... Бачыў, між іншым, нашага “Лабыра”. Ехаў па Неўскім. У абліччы самае цікавае – прычоска, а падбароддзя зусім няма. Едзе сабе ў ландо такі даліктун, свіны тата, глядзіць на свет звысоку. Стрэліся позіркамі, і я нават спалохаўся, а што, як раптам здагадаецца аб пачуццях адной з тых мурашак, якія сноўдаюць ля ног. Зразумеў: ненавіджу. Кацюга, людаед, кат роднай нашай зямлі”.
Як гэта ён не баіцца? – перапыніла Майка.
Ён нічога не баіцца. А ліст з аказіяй прыйшоў, з верным чалавекам. Дык вось... “Каб вочы маглі спапяляць, – адзін попел ад яго астаўся б. Падумаць толькі, колькі ж ліха можа нарабіць адзін?
Дык вось, дванаццатага ліпеня Віктар з універсітэта звольніўся, і мы адразу паехалі “жалезным зміем” у Пецярбург. Нанялі пакойчык на Васільеўскім востраве. Першага жніўня падаў рэктару прашэнне, каб ласкава дазволіў здаваць прыёмныя экзамены. Прозвішча рэктара – Плятнёў. Друг Пушкіна, але чалавек, здаецца, досыць старамодны і да асаблівых навін не схільны. Прасіцца буду на юрыдычны, па разраду камеральных навук. Спачатку думаў быў у медыкі, як Віктар, але раздумаў. Здароўе людзей – гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. З камералаў выходзяць самыя лепшыя гаспадары і адміністратары. А гэта – галоўнае. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў. Унь у нас на Гродзеншчыне. Неўраджаі некалькі год, халера лютуе, тыфус косіць людзей, гарачкі іх кладуць.
А яны, сабакі, на нас ціснуць. На ўсю краіну адна навуковая ўстанова: Горацкая акадэмія (гэта калі не лічыць смаргонскай, дзе мядзведзяў вучылі). Вядома, так ім лягчэй нас у кіпцюрах трымаць. Што з беларуса возьмеш? Цёмная бутэлька. Віленскі універсітэт закрылі, гімназіі ў Гродна ды Беластоку закрылі. З нашай, Свіслацкай, зрабілі вучылішча на сорак вучняў. А было ж некалі чатырыста!
Ну, добра! Вучыцца буду, як вол. А вывучуся. Не ведаю, як будзе з платай за навучанне. Пяцьдзесят рублёў срэбрам у год – гэта для мяне зашмат. Можа, вызваляць па беднасці. І яшчэ каб стыпендыю нейкую атрымаць. Але гэта раней як на другім-трэцім курсе не атрымаецца, так што няма чаго і думаць. Буду даваць урокі”.
Ты б прапанаваў яму дапамогу, – перапыніла зноў Майка.
Не возьме. Ды яшчэ і аблае. Ён горды.
То што рабіць?
Папрасіў дзеда, каб Ісленьеў патрос сувязямі.
Хіба можа?
А што? Ён рускі, пецярбуржац. У кар’еры яму ніякія сувязі не памогуць, а ў такой лухце знойдуцца. Дзед пад сакрэтам накіраваў грошы за навучанне на ўвесь тэрмін. А там скажуць – “вызвалілі”. Толькі ты нікому не кажы.
Не скажу.
Стыпендыю з часам атрымае. А не атрымае – зробім, як з платай. Ну і ўрокі. Я палічыў. За нядрэнны пакой – дзесяць рублёў. Есці, каб хаця два разы – восем. Кнігі – пятнаццаць. Форма з дзвюма зменамі – дваццаць. Значыць, за ежу і дах у год дзвесце шаснаццаць. А разам з вопраткай і кнігамі – усяго дзвесце пяцьдзесят адзін рубель.
Я не думала, што ты і практычны.
Я – усялякі... То слухай далей... ”Дуніна-Марцінкевіча, аб якім ты пішаш, не ведаць – сорам. Першы наш сапраўдны паэт. У сорак шостым годзе надрукаваў у Вільні сваю “Ідылію” (здаецца, так), а ў мінулым, у Мінску, “Гапона” ды “Вечарніцы”. “Гапона” з “Вечарніцамі” дасылаю, “Ідылію” дастань сам. Трохі гэта, канечне, занадта дабрэчае і на ружовай вадзіцы з панскімі (прабач, Майка, – сказаў Алесь) соплямі замешанае, але ён можа быць і злы. Нічога, што ён, пакуль тое, кроераў у нашым жыцці не заўважыў. Будзе і гэта. Галоўнае, наш чалавек. Таленавіты. Галоўнае – дыхнула наша пісьменства, з часоў агульнай панскай здрады забітае, загнанае. Сіраціна наша з табою першы свой голас падала. А чысты! А звонкі! Золата на хрусталі. Васількі ў жыце! Срэбныя кропелькі Каб ты ведаў, Алеська, як хочацца вершы пісаць! Але ведаеш: лёс разгарнуцца не дасць. І хапаеш сам сябе за руку. А Марцінкевіч малайчына! Я зайздрошчу табе, што ты яго бачыў.
З тваёй гімназічнай гісторыі і пасмяяліся мы, і задумаліся потым. Але мне стала трохі сумна, што ты гэты год не будзеш паступаць ва універсітэт і станеш, дзедавым намаганнем, прывучацца да гаспадаркі. Як паедзеш, то цяпер, вядома, у Пецярбург, а не ў Маскву. Будзем разам. А пакуль тое, я табе падрабязна пра свае справы пісаць не буду. Так, трошкі. Папера, сам ведаеш”.
Шкада, – сказала Майка.
“Ты ведаеш, – чытаў Алесь, – я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы. Я раней іх ведаў па горшых узорах, па жандарах, што да нас панасылалі. Сам ведаеш, добры чалавек на такое не пойдзе, сумленных і шчырых у такім асяроддзі – дарэмна шукаць. А тут прыглядзеўся – лухту гэта на іх нашы панкі, накшталт твайго Лізагуба, вярзуць. І тое праўда, што няма дрэннага народа. Канечне, гэта не яны нас на часткі шматуюць, у пятлю пхаюць, выбіваючы дух. Гэта дзяржава катаў, абрыдлівая, страшная, гнілая. Турма людзей, турма плямёнаў. Жандары, алілуйшчыкі, прадажная погань! З турмы, з турмы гэтай трэба вырывацца, калі хочам жыць. Трэба разумець, што справа ў рондзе[77], а не ў народзе. І што калі адасабляцца, то ад яго, а не ад людзей, што самі шукаюць сяброўства з намі. Шмат харошых хлопцаў. І сярод нашых, і сярод палякаў, і сярод рускіх.
“Современник” чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча – Дабралюбаў. Чалавек, па ўсім відаць, страшэнна памяркоўны, страсны і чысты. Нашы хлопцы ганарацца. Вучыцца ён у педагагічным. Гэта ў будыніне універсітэта. Пад адным дахам. Памятаеш, у Грыбаедава (па тваім спіску цытую):
Есть в Петербурге институт
Пе-да-го-гический – так, кажется, зовут?..
Там упражняются в расколах и в безверьи
Профессоры!
Прафесары “доупражнялись”. Цяпер узнялі голас выхаванцы. Вось яно як!
Пасля напішу аб усім. Перадавай прывітанне бацькам, дзеду, Мсціславу. І, вядома, Майцы. Я люблю яе. Перадай.
Майка паружавела. Варухнула вуснамі.
Во гэта кавалер! Не тое, што ты.
Алесь, нібы не слухаючы, чытаў далей:
”Яна сапраўдная беларуская дзяўчына. І таму, прабач, браце, я не хацеў бы для цябе небяспекі”.
Майчыны шчокі сталі чырвоныя.
Што ты напісаў?
– Напісаў, што мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражей за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна – мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дыгнуць нагою ды сказаць je suis de passaga[79]. Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці.
Яна зірнула на яго з павагай.
Урга і Касюнька імчалі па свеце. Снежна-белы і мышастая. А свет вакол быў жоўты ад іржышчаў і хрустальна-сіні ад неба. Сям-там на апошніх лапіках поля жанчыны яшчэ ваявалі з каласамі. Жоўтыя бароды жменяў здрыгаліся і бязвольна клаліся пад сярпом. І тонка-тонка, высока, далё-ока дрыжалі, плакалі ў чыстым паветры празрыстыя крынічкі галасоў.
Бедная мая, – глухім голасам сказаў Алесь. – Бедная мая зямля!
Жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна прыстоіла Касюньку да Ургавай рысі і пяшчотна пагладзіла каштанавыя валасы хлопца.
Яна ніколі не ведала, чаго, калі ад яго чакаць. “Нечаканы, як прадзед Акім”, – казаў Вежа. Сапраўды, нечаканы, як удар маланкі. І таму страшэнна прывабны.
Я цяпер ведаю, – сказаў ён. – Ты думаеш, ты дарэмна была барвянай у тым белым пакоі? Не, ты такая і ёсць.
Ён глядзеў на яе дзіўнымі, зусім новымі, вялізнымі шэрымі вачыма. І ёй раптоўна стала страшна.
І валасы ліловыя... Усё ў свеце такое складанае. А мы нічога не ведаем. У ружы, напрыклад, блакітны вячэрні пах. Ён гучыць, як струна віяланчэлі, калі яе кранеш у глухім пакоі. А ў бадзяка, у чартапалоха, пах пярэсты,чмяліны, і ён зусім як басовае “до”.
Незразумелыя вочы, здаецца, бачылі яе да самага дна.
Я твае валасы пахнуць дурманам і таму, вядома, ліловыя.
Коні глыталі шырокі, добры і страшны абшар.
Натоўп дваран ішоў падземным ходам да Раўбічавай камяніцы. Пан Яраш крочыў паперадзе з кандэлябрам у руцэ. Крокі глуха гучалі пад шэрымі, нібы запыленымі, скляпеннямі. Вычварныя чорныя цені кідаліся ва ўсе бакі на кожнай паваротцы.
Ішлі ў маўчанні, якое нават прыгнечвала. Пятнаццаць чалавек не хацелі абмовіцца і словам.
Урэшце пан Яраш сказаў глухім голасам:
Прыступкі, панове.
Пачалі падымацца. Потым Раўбіч адчыніў жалезныя дзверы, і гурма выйшла на дзённае святло, што падала праз закратаванае акно ў вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпенчатай столлю. Востра шыбнула ў твары саладкаватым серным смуродам. На сталах стаялі колбы, рэторты, палаў у саганах агонь. Лёгкі дымок цягнуўся пад выцяжны каўпак.
Чатыры чалавекі ўзняліся са сваіх месцаў, калі натоўп уцягнуўся ў сутарэнне. Глядзелі, нібы чакаючы, насцярожана і нядобра. Суконныя плашчы. Бледныя, нібы фарфоравыя, абліччы людзей, якія рэдка бачаць сонца. Бледныя, як парасткі бульбы ў склепе.
Спакойна, панове, – сказаў ім Раўбіч. – Гэта свае.
Звярнуўся да гасцей:
Спадзяюся, прозвішчаў вы не спытаеце. Але яны таксама свае. І ім аніяк нельга выйсці адсюль. Усе ўжо дзесяць год думаюць, што яны за мяжой. А яны туды не могуць. Нянавісць не дазваляе. І таму свядома ахвяруюць сабой.
Група Зянкевіча? – спытаў Мнішак.
– Але[80]. Гэтыя два сябры – хемікі. Біліся столькі год – і ўсё ж вынайшлі такі гарт сталі, што яна больш надзейная, чым златавустаўская. Не ломіцца ад удару молатам. Сячэ хусцінку. Маем такіх шабляў ужо трыста сорак і дзве.
Малавата, – сказаў Раткевіч.
Адразу нічога не бывае, – Раўбіч адчыніў нізкія дзверцы. – Там яшчэ ход. У другое сутарэнне. І ў ім нешта каля пяцісот пудоў пораху. Самаробнага, але не горшага за фабрычны.[80]
Прах і агонь? – спытаў Мнішак.
Нічога, гэта надзейна. Ход цягнецца на трыццаць сажняў. А ўрэшце, у жыцці і смерці наш гаспадар – бог. Я паклікаў вас дзеля таго, што ўсё гэта трымаць у камяніцы стала небяспечна. На мяне могуць склеіць і другі данос. Блакітныя актывізаваліся... Вам давядзецца добра папрацаваць у гэтую ноч, панове. Гарбом.
Яны не могуць, – усміхнуўся аксамітнымі вачыма з’едлівы Януш Біскуповіч, той самы паэт, Мацееў бацька, з якім Алесь і пан Юры ездзілі да Кроера. – Яны на панства хворыя. Як гэта гарбом? У іх няма гарба.
Пасмяяліся. Янушу ўсё даравалі. Баяліся языка.
Раўбіч звярнуўся да “хемікаў”:
Адразу ж ж старанна згасіце агонь. Жалезныя рэчы загарніце ў тканіны і пакладзіце ў кладоўцы. Падлогу засцяліце кілімамі.
Адзін з бледнатварых схіліў галаву.
А вы бліжэй пад вечар скінеце чаравікі (я тут нарыхтаваў для вас мяккія такія боцікі з аўчыны, накшталт індзейскіх макасінаў), выцягнеце і здасцё мне ўсё металічнае: партабакі, ключы, крэсівы, калі хто не давярае сярнічкам, кашалькі з срэбнымі грашыма.
Пакуль той закалат, дык ужо кашалькі адбіраюць, – сказаў Біскуповіч.
Трэба... І за адну ноч, як простыя фурманы, завязем усё гэта ў мой Крыжыцкі лес, у схованку. Там надзейна. Людзі ў леснічоўках адной вяроўкай са мною звязаны. Схаваем – і ўсё.
Паны схілілі галовы на знак згоды.
Вас пятнаццаць, ды я, ды іх чатыры... Дваццаць чалавек. Па дваццаць пяць пудоў на чалавека і каня. Па адной ездцы.
З ачага, куды ”хемік” выліў вядро вады, ірванула, засычэла пара.
Нішто сабе лазня, – сказаў Біскуповіч. – А дзе венікі?
Венікі табе Мусатаў падорыць, – жоўчна ўсміхнуўся Раўбіч.
Раўбіч кака, – сказаў пан Януш. – Раўбіч чарадзей. У Раўбіча з падполаў серай цягне. Да Раўбіча нячыстая сіла па начах праз комін лётае.
Памаўчаў.
А і малайчына Раўбіч! Я ведаў, але не думаў, што такі зух!
Хадзем наверх, – сказаў Раўбіч. – Пагаворым.
Яны падымаліся вінтавымі сходамі даволі доўга, пакуль не далезлі да верхняга паверха камяніцы, вялікага пакоя з камінам, у якім яшчэ асталіся гнёзды ад пожагаў і дзве старажытныя кулеўрыны ля акенца.
Кулеўрыны глядзелі жараламі ў нязмерны парк. На чашападобную лагчыну, на будыначкі маёнтка, на падкову возера, на дзве выцягнутыя званіцы раўбіцкай царквы, на далёкую шэрую пляму лазні ў гушчары.
Пасярэдзіне пакоя стаяў стол, укрыты цяжкім парчовым абрусам, і крэслы. На стале, на крэслах, проста на падлозе ляжалі жаўтаватыя, пергаментныя, і белыя, папяровыя, скруткі карт, стальныя і гусіныя пер’і, чарніліцы з атрамантам.
Сядайце.
Усе паселі. Януш Біскуповіч, пан Мнішак, Выбіцкі, Юллян Раткевіч.
Жоўчнае, знясіленае неадчэпнай думай аблічча пана Яраша, ягоныя вочы-правалы дабрэюць, калі Раўбіч глядзіць на гэтых. Надзейныя, свае людзі. Нават на эшафоце будуць такія. І той нядрэнны, і яшчэ вось гэты. І той. Восем чалавек, на якіх можна спадзявацца, як на сябе. Шасцёх ведае горш, але ім таксама трэба верыць. Прадстаўнікі далёкіх паветаў. Двох рэкамендаваў Біскуповіч, двох Раткевіч Юллян. Па адным – Мнішак і Выбіцкі. І толькі аднаго з ахвотаю не бачыў бы, хоць гэта і дрэнна – мяшаць у агульную справу асабістыя пачуцці. Сядзіць Мікола Браніборскі. Сквапны, хваткі, як у галаўня, рот усміхаецца. Не, даваць волю ўласнай нелюбові нельга. Прыгнёт ненавідзіць, сялян тады вызваліць сам прапанаваў, абедзвюма рукамі падпісаўся пад Раткевічавай запіскай. З Кроерам тады пабіўся. А ў справу прыйшоў сам. Сам прапанаваў Янушу стварыць змову, сказаў, што, калі дваране сталі баязліўцы – адзін пойдзе, бо немагчыма больш на такі глум глядзець. Трэба прымусіць сябе добра ставіцца да яго. Так, як да даўжэзнага, нібы калядная свечка, Юлляна. Так, як да рэкамендаванага ім Вірскага. Як да малазнаёмага Ваневіча.
Трэба верыць.
Вось, панове, – сказаў Раубіч. – Мусатаў шнырыць вакол. Дбаннем маладога Загорскага спіхнулі яго ў Янаву пушчу, пакуль вывезем порах і зброю. Мяркую, усе згодныя са мной?
Біскуповіч схіліў галаву.
Тады прыступім да чарговай зборні падспуднай рады. Тут усе.
Цяжкія Раўбічавы вочы абвялі прысутных.
Усе вы ведаеце, што сказаў у сваёй прамове перад дэпутатамі польскага сената, дваранства і духавенства дзесятага мая гэтага года імператар Аляксандр. Motto ягонай лазенскай прамовы была – ніякіх мар.
Żadnych mavzeń, – ціха пераклаў Мнішак.
“Ніякіх мар, панове. Здолею ўтаймаваць тых, хто захаваў бы мары... Дабрабыт Польшчы залежыць ад поўнага зліцця яе з іншымі народамі майго царства”. Любельская маршалка Язерскага не дапусцілі адказваць цару. Забараніў намеснік, Гарчакоў. Гэта прымус, гэта вынарадаванне, гэта навязванне манархічнай сістэты. “Ніякай аўтаноміі, нават фінскай”. ”Ніякай самадзейнасці, нават абмежаванай”. Вось што недвухсэнсоўна сказаў імператар. Калі такі глум царат учыняе ў Польшчы – чаго можна чакаць ад яго нам? Што ён можа даць нам, акрамя яшчэ горшага рабства? Агульнае абурэнне пануе на нашых, на польскіх, на літоўскіх землях. Трон Раманавых зжыў сябе паўсюль. Яны самі распісаліся ў сваёй неспраможнасці даць шчасце і волю падданым і народам. І таму я пытаю ў прадстаўнікоў падспуднай рады: пакладзем мы канец нашым ваганням; будзем цярпець далей або паставім перад сабою ясную мэту, скажам самім сабе, што мы жывём для паўстання, для вялікай змовы, для людовай вайны з усім, што крыўдзіць, ганьбіць і зневажае нас?
Настала маўчанне.
То як?
Калі паўставаць? – спытаў Біскуповіч.
Паўстаць, каб толькі пусціць кроў, – гэта дурасць, – сказаў Раўбіч. – Паўставаць трэба з надзеяй на перамогу. Шкада, што ў часе вайны нас было замала, каб ударыць у тыл... Але за тры гады вайны колькасць нашых паплечнікаў патроілася. Я разлічыў рост нашых арганізацый. Мы будзем мець належную колькасць людзей праз шэсць год. Значыць, прыблізна шэсцьдзесят другі год.
Браніборскі свіснуў:
Мы паўстаём або гуляем у слімакоў?
Усе маўчалі. Потым Раткевіч Юллян сказаў:
Доўга.
Затое верна, – сказаў Раўбіч. – Ты думаеш, Юллян, мне не баліць кожны дзень няволі? Душа запяклася! З раніцы першая думка аб гэтым. Вечарам – апошняя. Не магу ўжо жыць... Раз на месяц абавязкова прыходзіць вар’яцкае жаданне: пачаць. Пачаць. Пачаць адразу, з тымі людзьмі, што ёсць. Нічога і нікога не чакаючы. Нават не баюся загінуць.
Памаўчаў.
Але думку тую гоніш. Ну, пачнеш непадрыхтаваным. Ну, загінеш і сяброў загубіш. Зямлю шыбеніцамі заставяць. Мы не маем, не маем права рызыкаваць. Загінуць – добра. Загінуць – трэба. Але так, каб ад гэтай загібелі быў нейкі плён.
Яны думалі. Потым небывала сур’ёзны Біскуповіч сказаў:
Рацыя...
Пан Яраш падрыхтаваў нейкі план? – спытаў Мнішак.
Замест адказу Раўбіч хрумснуў вялікім пергаментам, раскручваючы яго на стале. Паклаў на адзін канец цяжкую шаблю ў похвах. Два другія рагі прыціснулі срэбнай чарніліцай і кавалкам губчатай крыцы.
Я заўважаю, паны не кураць, – з усмешкай сказаў Раўбіч. – Курыце.
Усе разгублена паглядзелі адзін на аднаго. Сапраўды, чаму не кураць?
І раптам рогат пракаціўся над галовамі. Усе смяяліся, зразумеўшы, што падсвядома ў кожнай галаве цвіком сядзела думка аб пяцістах пудах пораху.
Лухта, – сказаў Раўбіч. – Гэта зусім не пад камяніцай.
Кіньце, хлопцы, – сказаў Біскуповіч. – Тут і без пораху, як на скрут галавы.
Гэта яны баяцца, што ад іхніх люлек абурэнне выбухне, – сказаў Раткевіч. – Не бойцеся. Не такі ўжо ён вогненебяспечны, наш народ. І не такое ўжо з нас, з кожнага, добрае крэсіва, каб іскры сыпаліся.
Пацягнула тытунёвым дымком. Закурэлі цыбукі гаспадарскіх доўгіх трубак, захліпалі люлькі гасцей, запунсавелі кончыкі цыгар.
Усе маўчалі, гледзячы на мапу. Прыдняпроўе, зрэзанае сінімі стужкамі рэк, зялёнымі плямамі лясоў, цёмнымі кропкамі вёсак і гарадоў ляжала перад імі.
І таму ва ўсіх трохі сціснула дыханне, як перад першым адчайдушным крокам у ледзяную ваду Дняпра.
Мяркую, паны не змянілі сваёй думкі аб тым, што галавой падспуднай рады і ваяводам прызначаны я? – спытаў Раўбіч.
Не змянілі.
Тады слухайце. Грунтам для майго плана было ваша паходжанне, панове, – сказаў Раўбіч. – Тыя мясціны, у якіх вы пачалі збіраць свае групы. Свае будучыя загоны. Веданне мясцовасці і людзей – вось ваша неацэнная перавага. Таму я і схіліўся да дыспазіцыі, якую прапаную вашай увазе. Адхіленні ад прынцыпу паходжання – невялікія, і тыя людзі будуць кіраваць унутранымі атрадамі, наводзіць парадак, прыходзіць на дапамогу тым, каму будзе цяжка. Трымаць асявую лінію Дняпра ад Лоева да Дуброўны, сто семдзесят – сто восемдзесят вёрст па птушыным лёце. Калі ж улічыць усе лукавіны Дняпра, то ўдвая больш. Сачыць пільна, каб не праляцеў пясчанік-кулік. Трымаць моцна, як трымаюць уласнае дзіця.
Паны слухалі ўважліва і змрочна.
Дык вось, – сказаў Раўбіч. – Сухадол – гэта фарпост. Гэта вузел. Адсюль пачынаецца асявая лінія Сухадол – Загоршчына – Вежа – Дошчыца. Яе трэба трымаць, калі прарвуцца з-за захаду ці ўсходу. Пакідаць за сабою – любою цаной. Калі яна падзе – гэта клін, гэта меч у цела паўстання. А Сухадол – рукаяць гэтага мяча. І таму я пакідаю яго за сабой. Другое, што нам трэба адразу зрабіць, – гэта адбіцца ад магчымых сікурсаў, ад падмацаванняў, якія абавязкова пойдуць на дапамогу ўрадавым войскам... у той мех, які я, з вашай дапамогай, мяркую ўчыніць ім.
Як? – спытаў Мнішак.
Глядзіце. Пан Біскуповіч з наваколляў Елянца. Паўдзённы край майго ўчастка даходзіць да вас. Я трымаю гэтую лінію, і частку асявой лініі Дняпра, і ўчастак па Друці. Вы бачыце?
Бачу, – сказаў Біскуповіч.
Пан Вірскі з Даўгалесся. Вы трымаеце Дняпро на дваццаць вёрст на паўночны захад, дзе мост па гасцінцы Гомель – Глінная Слабада (вельмі важна), і на паўднёвы ўсход, прыблізна да Холмечы і Старадубкі.
Помню, – сказаў Вірскі.
Пан Якуб Ваневіч.
Слухаю вас, – грузлы крамяны Ваневіч паклаў руку на кут між Дняпром і Сожам.
У вас другі па важнасці вузел. Трэць усёй справы залежыць ад вас. Авалодаць сваім рогам, трымаць яго жалезнай рукой – на што атрымаеце ледзь не найбольшую дапамогу людзьмі і зброяй – і не дапускаць сікурсаў з поўдня.
Раўбіч вёў лінію паўздоўж ракі...
Прашу паноў улічыць: вы ўсе седзіцё на левым, пераважна нізкім беразе Днепра. Таму ўсім нам давядзецца загадзя авалодаць усімі ключавымі вышынямі гэтага берага. Я павінен паклапаціцца аб умацаваннях Доўгай Кручы, Гарадзішча, Чырвонай Гары, Спароўскіх вышынь, Луцкіх гарбоў і гэтак далей. Вы, Біскуповіч, авалодаеце Выбаўскімі і Смыцкімі. Ад Рэчыцы да Лоева асабліва цяжка, бо там пяцідзесяцісажнёвы абрыў грады падыходзіць з варожага боку амаль да ракі, а ў нас мясцовасць нізкая і забалочаная. Дадатковая цяжкасць для вас, Ваневіч, але вы былы афіцэр, ды яшчэ са здольных. На першы раз вам паможа забалочаная мясцовасць і нетры. Паколькі пачнем вясной, а разліў там часам дасягае шасці вёрстаў ушыркі – гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Падбайце толькі аб тым, каб звесці пад сваю руку, на ўсе высоты, якія ў той час будуць астравамі, усе магчымыя плыўныя сродкі. Каб вы мелі поўную свабоду для манеўравання, а вораг яе не меў... Я разумею, не ўсё на вайне выходзіць так, як на паперы. Але ж, ва ўсякім разе, павінен быць план і наша вялікае імкненне зрабіць усё, што ад нас залежыць і што ў нашых сілах, каб наблізіць яго да рэчаіснасці.
Разумею, – сказаў Ваневіч.
Ваш левы фланг, Ваневіч, змыкаецца з правым флангам суседа ля самага Гомля. Там якраз край шасцідзесяцісажнёвага плато падыходзіць да самай ракі. Там скрыжаванне дарог, якое трэба трымаць нават коштам жыцця... Пан Яноўскі з-пад Радугі.
Яноўскі, які нервова і горача абводзіў усіх густа-сінімі вачыма, ледзь не ўскочыў з месца, пачуўшы сваё прозвішча. Ён быў самы малады з усіх. Яму было дваццаць год.
Ведаю, – заспяшаўся ён. – Гэта лягчэй. Высокі край плато. І цяжэй. Скрыжаванне шляхоў на сцюдзёную Гуту – Ярылавічы – Чарнігаў, на Улукаўе – Карму над Харапуццю, на Вузу – Караблішча і на Баршчоўку Рэчыцу – Перасвятае.
На апошнім шляху вам памо жа Вірскі. На Сцюдзёнагуцкім – Ваневіч, на Караблішчанскім шляху – толькі мінімум перасцярогі. Ён будзе ляжаць цалкам у нашай зоне... Але вам і без таго будзе цяжка.
Ведаю, – сказаў Яноўскі. – Памром, а не адступім.
І густа заліўся чырванню. Пашкадаваў, што кінуў апошнія словы.
Пан Вітахмовіч, вы трымаеце ўчастак Чачэрск – Карма – Гайшын – Прапойск. Ён зручны вышынямі, але нязручны лясамі.
Спалім, – спакойна сказаў Вітахмовіч. – Папярэднім летам, у засуш, пусцім пал.
Паны глядзелі на мапу і пачыналі разумець Раўбічавы меркаванні.
Раўбіч называў і называў участкі і прозвішчы, і ўрэшце пятля замкнулася. Акрэслены чырвоным алоўкам, шырэйшы зверху і вузейшы знізу, ляжаў на мапе кавалак зямлі: няроўны крамянёвы нож, накіраваны вастрыём на поўдзень.
Усе моўчкі глядзелі на з’езджаны, па сто раз бачаны, але цяпер такі незвычайны кавалак зямлі. У сініх стужках рэк, у зялёных плямах пушчаў, у кропках вёсак і гарадоў. Родны край.
Цяжкая, ахопленая жалезным бранзалетам, Раўбічава рука лягла на Сухадол і наваколле.
Тут – цэнтр. Тут пачатак. Пан Мнішак – гэта сувязь і ўзаемаадносіны між атрадамі, – Раўбіч усміхнуўся. – Галава кур’ераў, дымавой сувязі і агнявых віцаў... Па Дняпры ўжо створаны ядры будучых атрадаў, групы Турскага, Севярына Юдэніча, Вітахмовіча-Драгавінскага і Ракутовіча.
Людзі маўчалі, засцяроджана пускаючы дым.
Мы прыдбаем стрэльбы самі. Скажам, малёўскія склады зброі нам не па зубах. Астаюцца два арсеналы, узяўшы якія мы ўзброім сябе і абяззброім ворага. На самай поўначы і на поўдні. Горкі і Сухадол. На Сухадол нападу я і загоны Турскага і Вітахмовіча-Драгавінскага. Івіцкі-Лаўр разам з Севярынам Юдэнічам наваляцца на Горкі.
А магілёўскія палкі? – спытаў разважлівы Эсьмон.
Не думаю, каб яны рызыкнулі кінуць горад. Пажар успыхне ў розных месцах. Адначасова з нападам на арсеналы нашы людзі зробяць падманны выпад у бок Магілёва...
Каго вы хочаце высунуць на гэта? – прабасіў Сіпайла.
Хто павінен дзейнічаць з захаду ад вас, Раткевіч? – спытаў Яраш.
Браты стрыечныя, Грынкевічы. Усяслаў і Тумаш.
Як мысліце іх?
Ці не занадта якабінцы. Спяць і бачаць разню.
Нічога. Рэзаццца на Дняпры давядзецца найбольш... Вось яны і будуць рабіць той выпад. Колькі ў іх зараз людзей?
Згадзілася падтрымаць нешта каля пяцісот чалавек.
Будзе больш. Раён прыдатны. Доўгі Мох, балоты ля Трылесіны. На поўдні іхняй зоны Свержанскія лясы. Ім і палохаць дзядзьку губернатара. На Горкі ён, маючы іх у тыле, не пойдзе. А рушыць на поўдзень – яны сустрэнуць яго першыя і не дадуць падаць дапамогу Сухадолу. А потым – усе на Магілёў.
Раўбіч уздыхнуў.
Ну вось. У дэталях потым. Памятайце толькі: на той тэрыторыі, што мы збіраемся падняць, жыве нешта каля дзевяцісот тысяч чававек. Ніводзін з гэтых людзей не павінен зазнаць крыўды. Калі мешчанін пачне зводзіць рахункі з ваенным, раскольнік – з католікам, а паляк – з пратэстантам, – скончыцца ўсё гэта загібеллю. Таму я прапаную радзё сёння ж дамовіцца аб тым, каб ні ў якім разе не дапусціць несправядлівасці. Усе людзі, колькі іх ні ёсць, дзеці Адама. Я патрабую ў рады аднаго: строгага пакарання за ўсобіцы. Мы не павінны наследаваць імперыі. Мне здаецца, гэта зямля павінна стаць зямлёй справядлівасці для ўсіх. Вось што я хацеў сказаць.
Людзі маўчалі. Прыдняпроўе ляжала перад імі на стале, а над ім плыў густы дым...
...Алесь сам не разумеў, як яны маглі заблудзіцца. Але ноч ужо даўно спусцілася на пушчу, а яны ўсё яшчэ кружлялі патаемнымі сцежкамі сярод вялікіх, здавалася, да самага неба, дрэў.
Па зорах зведаць дарогу было нельга. Неба густа аблажыла чорнымі хмарамі. Так густа і глуха, што ў пушчы стала цёпла, як пад коўдрай.
Сіняя маланка палахнула зусім нізка над дрэвамі. Збіралася навальніца. Урга і Касюнька мякка ступалі па гліцы. Майка сядзела на мышастай кабылцы стомленая, амаль безуважная. Ёй хацелася спаць.
Заблудзіліся, – сказаў Алесь.
Канчаткова?
Да раніцы.
Дзе прыстроімся?
Пусцім коней на волю. У пушчу яны не пойдуць. Будуць выбірацца на нейкія галявіны.
Ён паспрабаваў, спешыўшыся, мацаць стаўбуры дрэў. Паўночны бок знаходзіў, але што гэта магло даць, калі нельга было ўбачыць пальцаў рукі. Праедзеш крокаў дзесяць і зноў пачнеш кружляць. Дый каня ў пушчы ”проста на поўнач” ці ”проста на поўдзень” не пагоніш. Гэта табе не поле. Нетры вакол.
Таму, выбраўшыся на першую-лепшую сцежку, ён даў Ургу волю.
Маланкі рвалі неба ўсё часцей, але ў іхнім святле вочы бачылі адно і тое ж: чарна-сінія ствалы дрэў, блакітны тор сцежкі, цяжкія шаты над галавой.
Яны ехалі так каля гадзіны.
Трэба было некуды хавацца. Пад якую-небудзь разложыстую старую яліну. Ён так бы і зрабіў, але наступная магутная маланка нібы агнём высекла з цемры маленькую галявіну, а на ёй – нізкую прыземістую будыніну з грыбам страхі, ссунутай ледзь не да зямлі, з шырока разяўленай зяпай цёмных дзвярэй. Па ўсім відаць, лясную адрыну.
Майка! Хутчэй! Прыстанак!
Ён пагнаў каня да адрыны. Скочыў з Ургі, узяў на рукі лёгенькае цела Майкі.
Бяжы туды.
Дождж насунуўся такой сцяною, што, пакуль ён заводзіў коней у адрыну, плечы ў яго прамоклі наскрозь.
Чарговая маланка пафарбавала свет у сінія і чорныя вертыкальныя палосы: сцены адрыны былі з даволі рэдкіх жэрдак. Па небе сцёбнула нібы вялізнай агнявой пугай. Алесь убачыў коней, дыван з бярозавых галін, якія кладуць “пад ногі сену”, самое сена, што займала палову будыніны, а ля яго – постаць Майкі.
Лезь туды. Захутайся. Накрыйся сенам. Тут прадзімае.
Падсадзіў яе. Кінуў коням па бярэмю сена і прывязаў, каб не зглумілі шмат. Потым палез сам.
Сапраўды, трохі прадзімала: праз шчыліны веяў вільготны, дрыготкі павеў. Свет штохвілінна фарбаваўся ў сіняе і чорнае, палосамі. І Майчына постаць таксама рабілася паласатая.
Халодна табе?
Трохі.
Ён вылаяў сябе. Яна ж была дзяўчына. Магла застыць.
Алесь выкапаў у цёплым сене доўгую ямку.
Кладзіся.
Колецца.
Тады стань на ногі на хвілінку.
Калі яна ўстала, ён усю яе абвіў плашчом з ног да галавы і, узняўшы на рукі, асцярожна палажыў у ямку. Потым пачаў закідваць яе сенам. Спачатку на ногі. Потым на грудзі, на плечы.
Урэшце асталася на паверхні толькі галава. Валасы і вузкае, блакітнае ў святле маланак аблічча, і бліскучыя вочы, што ўважліва і патаемна глядзелі на яго.
Табе холадна, – сказала яна. – Кладзіся таксама сюды.
Ён лёг і адчуў яе побач. Подых з яе вуснаў часам нібы гладзіў яму шчаку, а побач, зусім блізка, блішчалі ў змроку яе вочы. Гэта было прыемна. І адначасова страшна.
Ты накідай на сябе сена. А то давай я раскручуся і дам табе частку плашча.
Не, – сказаў ён.
Яна нічога не разумела. Яна проста забыла пра ўсё ў хвіліну сумеснай непрыемнасці. Сябру было дрэнна, і яна прапанавала. Але яе шэпт здаваўся яму іншым, не такім, як пры сонцы, а прапанова спалохала так, што яшчэ некалькі хвілін ледзяныя хвалі страху падымаліся аднекуль ад ног, заліваючы сэрца.
Гэта было немагчыма: легчы з ёю побач, пад адным плашчом. Гэта было, як мяжа. І невядома было, што тады рабіць, як гаварыць, як заўтра паглядзець у вочы?!
Дый ці будзе яно яшчэ, тое заўтра, пасля такога найвялікшага ў свеце блюзнерства.
Вядома, не будзе.
Вецер веяў і веяў у шчыліны. Свежы і халодны, ён прабіраў наскрозь.
Зусім ты нядобры, – сказала яна. – І самому халодна, і мне. Злуешся на мяне?
Не.
То чаму?
Алесь лёг у ямінку побач з ёю.
Бачыш, так цяплей.
Ён прыціснуўся да яе бокам, адчуваючы пах яе скуры і пах піжмы, канюшыны і нібыта медуніцы. Ён адчуваў яе цеплыню і цеплыню сена, а вецер цяпер толькі зрэдку гладзіў ягоны твар.
Гэта было толькі як наканаванне, за якім ішла цемра і ўсё самае жахлівае, што магло быць на зямлі.
Ну вось, цяпер добра. Я засну цяпер, – сказала яна.
Прамуркатала і заціхла. Пакінула яго аднаго.
Калі ён прысунуўся бліжэй, яна нешта муркатнула ў сне і даверліва прыціснулася да яго.
І тут ён зразумеў, што не можа, не павінен аддацца ва ўплыў гэтаму невядомаму, за якім канец усяму. Ён адчуваў, што назаўсёды перастаў бы паважаць сябе, што падмануў і растаптаў бы самае лепшае, што было дадзена кімсьці яму і ёй.
Але ад гэтага гора яго не было меншае.
Божа, вызвалі мяне... Вызвалі мяне... Вызвалі...
Насланнё згасала і на згасала ў пакутным болю. І ён тужыў за ім, але што, што было рабіць...
За шчылястымі сценкамі зноў узнік незразумелы шум, а разам з ім – галасы.
”Адкуль? ”
Ён асцярожна падпоўз да сценкі.
Наступная сіняя бліскавіца вырвала з цемры тое, чаго яны не бачылі з-за адрыны, калі пад’язджалі да яе. Бо адрына стаяла ў самым вузкім месцы галявіны, закрываючы ўсё астатняе.
Алесь убачыў маленькі ставок, грэблю і аксамітную страху млынка. Зусім недалёка. Сажняў за пяцьдзесят. Значыць, шум млынавога кола заглушыла сцяна дажджу.
Сцежка, па якой яны выехалі да адрыны, мела працяг на другі бок. Тут адно рзгалінаванне яе ішло да млына, а другое знікала ў лесе. І на скрыжаванні... ён заўважыў гэта пры другім усплёску маланкі... стаялі два чалавекі. Высокая жанчына ў чорнай хусціне і стары ў белым, па ўсім відаць – жабрак.
Вада залівала ўсё між стваламі, і калі наступная маланка секанула цемру, усё між дрэў і на паплаўцы ўспыхнула. Нібы зямлю залілі расплаўленым срэбрам .
Стары стаяў, прыкрыўшы крысом світкі ліру. Доўгія вусны падалі ніжэй барады.
“Дзе гэта мы? – падумаў Алесь. – Няйначай, гэта Паківачоў млын”.
Пойдзеш гэтай сцежкай, – сказала жанчына ўладна. – Берагам Папараці зараз нельга. Там дзве кладкі нізкія. Іх заліло. Ды тут нават бліжэй. Праз гадзіну выйдзеш да Дняпра.
І паказала рукою ў нетры.
Бывай і прабач. Справа пільная. Лапаты цябе і сагрэюць, і накормяць, і адплацяць за ўсё. Ды я не забуду. Не першы раз, дзякуй богу, памагаем.
Але ж.
Баркалабаўскім, калі будзеш там, перадай: хадзіць пакуль не трэба. Скажы: воўчыя красы ў жніўні... А Лапатам скажы: на пэўнай хароміне хутка чырвоны Будзімір заскача, шэранькага Варгана да кучаравых божых авечак пусціць.
Добра.
Таму што, перадай, той, хто трэба, уцёк. З таго месца ўцёк, дзе людзі шышкі ядуць, а ў бочцы плаваюць... Ну, ідзі.
Жанчына тройчы пацалавалася з жабраком. Наступны ўсплёск азарыў белую постаць, што ўваходзіла ў лес, і чорную вялікую постаць жанчыны, якая прамавала да млына...
Алесь вярнуўся на сваё месца і, прытуліўшыся да Майкі, пачаў думаць. Некуды зніклі і жах, і насланнё. Ён проста адчуваў яе побач з сабою, слухаў яе ціхія ўздыхі і баяўся за яе, бо адчуваў, што вакол пануе небяспека, што ў гэтым лесе і гэтым млыне пануе, жыве і крадзецца да адрыны нешта нядобрае і пагрозлівае. І ён баяўся за яе, бо адчуваў: яна па-новаму бязмерна дарагая яму. Стала такой пасля гэтай ночы жаху і наслання. Але ехаць адразу таксама было нельга. Яны нагоняць жабрака на лясной сцежцы, спудзяць яго і гэтых людзей, якія рыхтавалі нейкую сваю цёмную справу. А за сценамі дождж. Хочаш не хочаш, а трэба было ляжаць.
І ён ляжаў, не адчуваючы нічога, акрамя бязмернай пяшчоты і дабрыні, якія аж не змяшчаліся ў сэрцы.
А знадворку раскалваўся, трапятаў ва ўспышках, узнікаў і зноў паміраў у цемры, бурыўся свет.
...Дождж, здаецца, суняўся. Алесь разбудзіў Майку і, захутаную, падсадзіў яе на Касюньку.
Скіраваў коней на сцежку, на якой знік баркалабаўскі старац.
Яны ехалі доўга, бо Алесь увесь час стрымліваў коней. Але кожнай дарозе бывае канец, і ўрэшце лес скончыўся. Налева цурчала Папараць, а перад імі, далёка, трапяталі бліскавіцы ў чорных глыбінях Дняпра.
І тут, калі яны ўжо лічылі, што ўратаваліся, неймавернай сілы ўдар раскалоў неба над іхняй галавой. Аглушаныя, залітыя сляпучым святлом, яны не разумелі, дзе яны і што з імі. А калі расплюшчылі вочы – убачылі, што пярун кінуў свой распалены молат проста ў вялізны сухі дуб, які стаяў ля дарогі, за нейкія дваццаць крокаў ад іх.
Сухадрэвіна раскалолася ад верхавіны і амаль да кораня, расшчапілася трохі і асталася стаяць. А полымя заліло дрэва, нібы лаваю, і па расколіне паліўся ўгору паток агню. Чырвоны, плоскі, схаваны ў чорнай расколіне, ён нагадваў вадаспад, які бяжыць з падножжа на вяршыню скалы...
Раўло і цягнула да хмар. Плыла ў неба распаленая вогненная рака.
Ва ўрадзе.
Я тут праездам (франц.)