17003.fb2
Дняпро цячэ мiж высокiх берагоў спакойна i ўпэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад iх: наздраватыя вапнякi, чырвоныя з лiловым адценнем плiткi жалезняку i векавечныя, варажскiх часоў, дубы.
Яны чорныя, як косць, гэтыя мораныя дубы. Як абгарэлая чорная косць. I калi бачыш на водмелi напаўзанесенае пяском мокрае бервяно – адразу становiцца зразумела, адкуль узяў народ паданне аб волатах, што спяць, засыпаныя жвiрам i заплеценыя травой, спяць, пакуль не прыйдзе час вялiкай бяды i пакуль iх не паклiча народ.
...Бяда прыходзiла шмат разоў, а яны не ўваскрасалi. Можа, сапраўды скамянелi, як тыя дубы?
Хто ведае?
Але плыве i плыве вялiкая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалi мiма заток, пушчаў i буславых гнёздаў. А калi нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей i далей, да апошняга, далёкага мора....Вёску Азярышча, што прыткнулася над Дняпром, на белапясчаным адхоне, вясной залiвае вада, i яна стаiць на востраве. Царква – убаку, таксама на
востраве, i на вялiкдзень папу з прычтам часам даводзiцца не абыходзiць яе, а аб’язджаць на чаўнах.Прайшоў вялiкдзень, моцна апала вада. На ўзвышшах ужо адаралiся ї адсеялiся. Вёска дрэмле ў лянiвых праменнях майскага сонца, пустая, разамлелая. I ўсё ж Дняпро, амаль зусiм адступiўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоiцца i лянiва точыць нiзы берага... Цiша. Спакой. Дурны крык пеўня над дымным гноем.
...У той майскi дзень на пясчаным адхоне, пад той самай грушай, якой канчаўся цяпер Кагутоў надзел, сядзела чародка дзяцей – тры хлапчукi i дзяўчынка.
Толькi два старэйшыя – кожнаму год па адзiнаццаць – сядзелi, абкруцiўшы клубы кужэльнымi сарочкамi. Трэцi, сур’ёзны мужычок год васьмi, i дзяўчынка, яшчэ гады на два маладзейшая за яго, былі зусiм голыя, але нiколькi, вiдаць, не саромелiся з гэтай прычыны.
З гэтых чатырох два галышы i адзiн трохi адзеты былi вельмi падобныя. Залацiстыя зблытаныя валасы, дзiкаватыя светла-сiнiя вочы i, нягледзячы на дзiцячую рэзкасць, нейкая асаблiвая, няспешная ладнасць у рухах. Кожны, паглядзеўшы на iх, сказаў бы:
– Кагутова племя.
Чацвёрты быў зусiм непадобны на iх. Больш тонкi. Цёмны скурай. З простым носам, як астатнiя тры, але з крутымі ноздрамi. Са спакойным, не па-дзiцячаму цвёрдым ротам.
Ён i сядзеў неяк больш вольна i лёгка. Каштанавыя, вельмi iскрыстыя пад сонцам валасы гэтага хлопца ляжалi буйнымі хвалямi. Цёмна-шэрыя шырокiя вочы спакойна глядзелi на iмклiвую плынь Дняпра.
Нiчога не было на гэтай плынi, нi ветразя, нi чарады качак, i таму гэты занятак хутка абрыдзеў шэравокаму. Ён лёг на спiну i звярнуўся да суседа:
– Пойдзем яшчэ ў ваду, Павёлка?
– Здурэў, Алесь? – салiдна сказаў Павал. – Пачакай, усю ж ваду скаламуцiлi.
Вада ў Дняпры была яшчэ халаднаватая, i таму сябры выбралі для купання невялiчкую затоку, добра прагрэтую сонцам. Купалiся, вiдаць, зусiм нядаўна, бо валасы ў iх былі мокрыя.
– Горача, халера на яго, – уздыхнуў Алесь i апусцiў чорныя вейкi. – Пойдзем праз тыдзень на Равеку. Стафан там надоечы во якога акуня выхапiў.
Павал маўчаў.
– Ты што маўчыш, Павёлка? – сказаў Алесь. I, ужо ўстрывожаны, убачыў, што ў сябра дрыжаць вусны. – Ты чаго, Паўлюк?
– Праз тыдзень цябе, магчыма, тут не будзе, – глуха сказаў Павал.
– Во, дурына. Куды ж гэта я падзенуся?
– Сёння ранiцай – ты якраз апошнi воз гною на Нiзок вазiў – прыязджаў Карп з маёнтка. Сказаў, што паны пагаворваюць: маўляў, досыць. Маўляў, цяжка Мiхалу Кагуту без нашай дапамогi, i час браць Алеся... Гэта каб за цябе бацька “пакормнае” i “дзядзькавое”[4] атрымаў...
У вачах у Алеся з’явiлася трывога. I адразу ж знiкла, саступiўшы месца рашучасцi.
– А я не пайду. Хто мяне прымусiць, калі мне i тут добра?
– Гэ-эх, брат, – тонам дарослага сказаў Павал. – Тут ужо нiчога не зробiш. Возьмуць у двор – i канцы. На тое яны паны. На тое мы мужыкi. Як аддалi яны цябе, так i возьмуць.
– А я ўцяку. Я не iхнi. Я – ваш.
– Прывыкнеш, – працягнуў Павал. – Памятаеш, як шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлi? I страшна ў нас, i чорна. Прывык жа...
– Куды гэта Алеся забяруць? – спытала дзяўчынка.
Стаяла перад iмi, голенькая, круглая. Трымала ў роце палец.
– Iдзi ты, Янька, – з прыкрасцю сказаў Павал. – Што ты ведаеш?
– Куды яго забяруць? Ён жа наш, – у голасе дзяўчынкi было неўразуменне.
– Наш, ды не зусiм.
I тут Алесь ускiнуўся на калені .
– Як гэта не ваш? Як гэта? А чый жа я? Буслаў?! Арышкi-дурнiчкi?!
На вачах яго накiпалi ўжо злыя слёзы. Ён не стрымаўся i адважыў дружбаку гучнага ляпаса. А яшчэ праз хвiлiну яны, адзiн цераз другога, кацiлiся ўнiз, да ракi, узнiмаючы хмары пяску. За кулакамi – свету вiдаць не было. Скацiўшыся на самае ўзбярэжжа затокi, чырвоныя, пыльныя, яны малацiлi адзiн аднаго i раўлi.
Яня, захлынаючыся ад крыку, пабегла да iх, густа ссоўваючы нагамi пясок.
– Не трэ-э-э... Але-е-е... Па-а-а!!!
За ёю паважна, адхiнаючыся назад, быццам круглае пуза магло пераважыць, рухаўся галыш «мужэска полу», Юрась Кагут.
Дзяўчынка крычала ўжо зусiм без голасу i часта тупала нагамi, не заўважаючы, што зайшла ў ваду.
I тады васьмiгадовы Юрась, паглядзеўшы на яе, нагнуўся, чарпануў поўныя прыгаршчы глею i гучна шалёснуў на абедзве галавы.
Бойка спынiлася. Абое глядзелi адзiн на аднаго i на Юрася. А той, пасля паўзы, павольна сказаў:
– Э-к, важна...
I пайшоў да дзяўчынкi:
– Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў... Бач, запырскалася ўся.
Хлопцы глядзелi, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з’явiлiся слёзы.
– Дурнi, – сказаў ён, – напалохалi дзяўчо. I ты дурань... Дурань ты, вось хто... Калi я не ваш, дык я i пайду... Не вельмi трэба... Толькi ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцiнцы магiлёўскiх або мiрскiх старцоў з лiрамi – з iмi рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай i з халернымi вашымi акунямi.
Ён зайшоў па пояс у ваду i пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.
– Чакай, – сказаў Павал. – Давай памагу... Ты... даруй...
Алесь выпрастаўся. Так яны i стаялi адзiн супраць аднаго i напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкi была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалi на твар i грудзi шызыя струменьчыкi. Яны цяклi i ад вачэй, i нельга было зразумець, вада гэта цi слёзы.
– Паўлюк, – цiха спытаў Алесь, – няўжо возьмуць?
– Не ведаю, – няшчыра сказаў той. – Можа, i абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.
Яны мылiся моўчкi. Яня i салiдны Юрась сядзелi ля самага берага, i Юрась браў вялiзнай чарапашкай ваду i палiваў Янiн жывот.
– Дзецi, – прагучаў голас з адхону, – досыць вам боўтацца: вярба са с... вырасце.
Над урвiшчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавiц. Стаяў, абапiраючыся на кантовы чорны кiй з вострым канцом.
– Вылазьце, цi што?
Яны, дзядуля, зараз, – вiскнула Янька.
Позiрк дзеда адразу памякчэў, як толъкi ён глянуў на дзяўчынку.
– То добра. Вылазьце. Я пайду.
Хлопцы моўчкi дамылiся. Юрась i круглая Янька паднялiся ўжо на адхон i знiклi за грушай.
– Вось i печку, у якой летась бульбу пяклi, абурыў Дняпро, – хаваючы вочы, сказаў Алесь.
Сапраўды, у адхоне, на свежай адколiне, вiдаць была толькi неглыбокая чорная ямка.
Яны ўсё яшчэ марудзiлi, быццам бачылi Дняпро апошнi раз. Алесь паставiў нагу на вялiзную камлыгу зямлi, што коса ссунулася ў ваду i напалову затанула ў ёй.
На той частцы, што яшчэ заставалася над вадою, спяшалiся дацвiсцi гусiныя лапкi i жоўты падбел. А iхнiя браты, пад вадою, таксама яшчэ цвiлi, але былi бескаляровыя, быццам iх пакiнула жыццё.
У Алеся балюча сцiснула горла.
– Хадзем, – цiха сказаў яму Павал.
...Ад грушы вяла да хаты вузкая сцежка. Па абодва бакi ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, i надта белымi i танюткiмi здавалiся ствалы яблынь i вiшань, пабеленыя вапнай. Бязважкi салатавы пух ахутваў дрэвы, i асаблiва шэрай i безжыццёвай выглядала ў гэтай зялёнай хмары старая хата Кагутоў з надворнымі пабудовамi, размешчанымi лiтарай “П”. Сцены хаты, сухiя, з глыбокiмi расколiнамi, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха з такiм тоўстым пластом смарагдавага вiльготнага моху, што можна было засунуць руку амаль па локаць.
Арабiны i вiнаград – так завуць у Прыдняпроўi карычку[5] – буянымi хвалямi перахлёствалi цераз мёртвы кaрaвы пляцень, быццам iмкнулiся схаваць ад вачэй людскiх яго пачварнасць.
Над дрэвамi ўжо ўзляталi бронзавыя хрушчы. Сонца хiлiлася на захад, i ў вячэрнiм паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны.
Дзед з малодшымi сядзеў на прызбе, доўгi, снежна-белы ў сваей кужэльнай вопратцы. Сад садзiў ён. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўi пры кожнай сялянскай хаце было не болыш як тры-чатыры дрэвы. Быў, праўда, загад прыдняпроўскай шляхецкай рады, каб кожны садзiў сады, але паслухаўся яго далёка не кожны.
Дзед сядзеў, бязвольна склаўшы карычневыя рукi, а над яго галавою нездаволена басiлi хрушчы.
Непадалёку ад яго ляжала на ўскапанай курамі зямлi Курта. Ляжала на баку, цяжка адвалiўшы страшныя льсняныя саскi, пакутлiва глядзела на людзей.
“Пэўна, нават не пабачу, якiя ў яе будуць шчанюкi”, – падумаў Алесь.
Дзед разбiў буркатлiва-ласкавым голасам цiшыню:
– Дзеткi, Юрась зараз агуркi палье, а вы схадзiце скiньце з вышак карове сена... Доўга, чорт на яго, дажджу няма: паевiцца, пасвiцца, а бруха пустое. Потым парсюкам бульбу пасекчы трэба. Марыля спарыла.
Хлопцы моўчкi пайшлi за хату. Дзед сядзеў нерухома i слухаў, як буркочаць у кошыку пад вiльчыкам галубы. Яня ўзлезла яму на каленi.
– Дзеда, а баяць калi будзеш?
– Вось хлопцы вернуцца. Сёння я не толькi табе з Юрасём, сёння я i хлопцам баяць буду.
Дзед i ўнучка маўчалi. Цiшыня была асаблiва поўная ад буркатання галубоў.
...Урэшце вярнуўся Юрась i сеў поруч з дзедам. Нагавiцы ягоныя былі амаль да каленяў мокрыя, мiж пальцамi босых ног – чорныя земляныя рагi. З хляўца даносiлася частае чахканне секача.
– Сёння Павал з Алесем пабiлiся, – сказаў Юрась.
– Хто першы?
– Алесь.
– Тады добра... Тады нiчога...
– Чаму гэта нiчога?
– А ты забыў, чаму вас, дзяцей, вучылi?
Юрась адказаў бойка:
– Пакормнага панскага сына не бiць i першым з iм бiцца не лезцi.
– Правiльна, – сказаў дзед.
Яня лашчылася да старога галоўкай. Юрась сядзеў натапыраны, як галчаня, i суровы: вiдаць, абдумваў нешта. Потым сказаў:
– Я нешта не чуў, дзеда, каб яго нам за грошы аддалi, Сёння Павал казаў пра нейкае “пакормнае” i “дзядзькавое”... Гата што? I чаму гэта толькi ў нас ды ў Маеўшчыне пакормнiкi ёсць?
Дзед перабiраў шурпатымi пальцамі валосiкi ўнучкi, аж чуваць было, як яны чаплялiся за далонi. Сумна ўсмiхнуўся:
– Зводзiцца стары звычай, Юрак. Калісь па ўсiм Прыдняпроўi i далей гэта як звыклае было. Я помню, да французаў яшчэ, мала хто з паноў, праваслаўных асаблiва, не рабiў гэтага... А цяпер усе радзей i радзей...
– А нашто гэга? – спытаў Юрась.
Дзед гаварыў з iм, як з дарослым, i малому гэта, вiдаць, падабалася, бо слухаў, вушы развесiўшы.
– Каб ведалі, як даецца зямля, – сказаў дзед, – каб не збэсцiлiся на сабаку. Аддавалi, бывала, як толькi чатыры гады дзіцяцi. Хто на тры, а хто і на пяць год. I зусiм не дапамагалi халопскай сям’і. А потым, калі возьмуць хлопца зноў у двор – даюць мужыку пакормнае, за тое, што хлопец з’еў, i дзядзькавое, бо ўсе мы як быццам дзядзькi малому, выхоўвалi яго, розуму вучылi.
– Пойдзе ад нас Алесь, – па-даросламу ўздыхнуў Юрка. – Які яшчэ ён потым будзе?
– Пэўна, усё ж лепшы за iншых, – сказаў дзед. – Чуў, як саха зямлю скрабе. Каб не забыў толькi. З бацькам і дзедам яго нам, можна сказаць, пашанцавала. Акім, прадзед ягоны, таксама нiчагоўскi быў. Можа, i яблычка па яблынi. Можа, i не забудзе вас i мяне... Бо, крый божа, калі будзе, як суседскi Кроер...
– Калі яго забяруць? – спытаў Юрась.
– Заўтра. Заўтра яго забяруць, – сказаў дзед. – Толькi маўчыце, дзеткi. А зараз бяжы, Юрка, прынясi лiру.
Калi Павал i Алесь вярнулiся да прызбы, дзед сядзеў ужо з пацьмянелай, залапанай лiрай на каленях. Павольна, быццам спрабуючы, пакручваў ручку, слухаў чмялiнае гудзенне струн. Курта глядзела на яго i цяжка дыхала.
– Во, – сказаў дзед Паўлюку, якi ўжо сеў на траву, – не любяць яны, чэрцi брахучыя, нашыйнiка... як чалавек... Быў у мяне сабака, нiколi на сворку не iшоў. А тут у мяне скула на шыi села. Жонка-нябожчыца падзерла старую сарочку, закруцiла мне шыю. Дык сабака пабачыў, завiскатаў, кiнуўся скакаць, за горла хапае. Думаў: у гаспадара нашыйнiк. – Уздыхнуў: – Ну то добра, сядайце. Паслухайце, пакуль нашы не вернуцца. Песня пра жарабя святога Мiколы... Толькi вось што, Алесь, калi ты ў Загоршчыне пачнеш расказваць, якiя тут песнi спяваюць...
Алесь пачырванеў:
– Доўга вы тут мяне крыўдзiць будзеце? То адзiн, то другi. Я не горш за вас, калi трэба, маўчаць умею... Перад кiм мне там языкацца?
Дзед уважлiва глядзеў на яго, быццам усё яшчэ вагаючыся.
– Глядзi, сыне. Песня таемная. Не пры ўсiх нават сваiх можна... Але ўсё адно. Я ўжо чалавек стары. Выслухай маю апошнюю навуку...
Дзед павольна павёў ручкай, потым раптоўна i рэзка крутнуў яе. Высокiм енкам заплакалі струны, быццам залямантаваў нехта ў роспачы.
Хлопцы сядзелi ля яго ног, Юрась i Янька ляжалi з двух бакоў, грэлi жыватамi прызбу, але стары Кагут нiкога ўжо не заўважаў. Зусiм цiха пачаў гучаць старэчы i таму слабаваты, але надзiва чысты голас:
У Янькi шырока акруглiлiся вочы.
Дзед змоўк на хвiлiну, быццам прапусцiўшы некалькi асаблiва хвосткiх радкоў, але струны скардзiлiся, можа, нават не менш выразна за словы...
Твар старога стаў паважным, амаль велiчным.
Дзед перастаў граць. Толькi голас, засмучаны і журботны, вельмi цiха вёў песню.
Струны раптам так застагналi, што стала страшна. Гэта былi ўсё тыя ж чатыры-пяць нот, але, здаецца, большай роспачы i болю не было яшчэ на зямлi.
Алесь нясмела ўзняў вейкi i ўбачыў, што пальцы малога Юрася, сцiснутыя ў кулачкi, аж збялелi на суглобах. Убачыў жорсткi вялiкi рот Паўла. Ён i сам адчуваў, што ў яго перарывiста ўздымаюцца грудзi i гарачыя робяцца шчокi...
На нейкi асаблiва ганарысты i жорсткi твар дзеда падалi апошнiя праменнi сонца. Цiха гулi струны, прыглушаныя рукой. А голас з жорсткага рабiўся мяккi i спеўны:
Янька з круглымі ад жаху вачыма забiлася памiж плячом дзеда i сцяной, i дзед толькi на адно iмгненне адарваўся ад струн, каб накiнуць ёй на плечы крысо дзiравай свiткi. Алесь убачыў гэта i сцiснуў далонямi скронi, так шкада яму стала сябе i ўсiх.
Голас дзеда сарваўся.
Юрась з жахам глядзеў на дзеда. I дзед спаймаў яго позiрк, усмiхнуўся i без музыкi, – струны яшчэ замiралi, – амаль скорагаворкай, пaвёў песню далей.
Нясмелая ўсмешка дрыжала ў краёчку вуснаў Паўлюка. Ён нягучна крануў Алеся ў бок, i Алесь адказаў усмешкай. Зноў павялi свой напеў, загулi струны. Цiха-цiха.
З палёгкаю ўздыхнула i легла на бок Курта, быццам i яна зразумела, што ўсё скончылася добра. А сонца сядала, i зелень дрэў набыла аранжавае адценне.
Юрась варухнуўся, думаючы, што ўжо канец, але злавiў строгi позiрк дзеда i застаўся сядзець нерухома...
Алесю стала цяжка, ён лёг жыватом на траву i схаваў твар у далонi.
Сонца амаль дакранулася ужо да зямлi. I твар дзеда стаў ружовы.
З цiхай пагрозай заспявалi струны. Цяпер ужо не толькi колка, але i рука дзеда павольна бегала па iх. Ценi ляжалi ў вачнiцах i пад вуснамi старога, а твар быў чырвоны, быццам аблiты полымем i крывёй.
Гнеўна ўзвiўся напеў.
Трывожна-барвяны твар схiлiўся над струнам. А напеў зноў стаў цiхi, амаль нячутны, пагрозны.
Павольна замiраў гук струн. I, пакуль ён сцiх, доўга яшчэ пасля таго панавала маўчанне.
– Дзеда, – шэптам спытаў Юрась, – а дзе тое жарабятка?
I дзед адказаў таксама цiха:
– Хто ведае. Можа, нават i непадалёку. У Лапаты расце белае жарабя. Ды цi мала яшчэ дзе.
I раптам паветра шумна вырвалася з Алесевых грудзей. Адчуваючы, што яшчэ хвiлiна i ён не стрымаецца, ён усхапiўся з месца i кiнуўся па сцежцы.
Павал памкнуўся быў за iм, але рука легла яму на плячо.
– Сядзi, – сказаў дзед, – яму лепей зараз аднаму.
...Сцежка вывела хлапчука на дняпроўскi адхон. I там, увесь дрыжучы, ён сеў на траву, прыпаўшы тварам да каленяў.
Думкi былi бязладныя, але ён адчуваў, калi вось тут, зараз, ён не вырашыць, як яму быць, ён не здолее вярнуцца ў хату на апошнюю, – ён адчуваў гэта, – на апошнюю сваю ноч.
“Яны не вiнаватыя. Iм цяжка. Араць зямлю – гэта зусiм не тое, што ездзiць на канi. Я нiколi не буду такi, як гэты Кроер, пра якога яны часам ка-жуць. Я куплю ў Кроера ўсiх людзей i зраблю, каб iм было добра. I яны, сустракаючы мяне, не будуць збочваць з дарогi, я буду вiтацца з iмi”.
Слёзы высахлi ў яго на шчоках. Ён сядзеў у прыцемку i сачыў, як бярвянае сонца, унутры якога нешта пералiвалася, сядала у спакойную плынь.
Груша за яго спiною патанула ўжо ў цемры, i толькi вышэй, усе яшчэ залiтая апошнiмi промнямi, нерухома клубiлася яе асуджаная чырвоная квецень.
Па старому, часоў унii, звычаю, якi амаль знiк у XIX ст., беларускiя паны аддавалi сыноў на “дзядзькаванне” (выхаванне) у сялянскiя сем’i.
Какалуша, iрга.
Пачынак – хата ў нечапаным лесе.