17004.fb2 Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

IV

Я пачаў гэтую кнігу два гады назад. За спіною былі дванаццаць год жыцця ёю, думак аб ёй, ненапісанай. Былі ўспаміны людзей, кнігі зачытаныя і кнігі, да якіх на працягу амаль стагоддзя не дакраналася нічыя рука, акрамя маёй. Я трымаў у руках халодную сталь інсургенцкіх кордаў і канфірмацыі расстрэлаў, якія, здавалася, сачыліся крывёй...

Чаму магла навучыць кніга, якой было сто год і адзіны экземпляр якой так і астаўся з неразрэзанымі старонкамі? Не ведаю. Але гэта была нібы замураваная частка памяці цэлай эпохі. І мне здавалася, што на кожнай вокладцы – варта толькі ўгледзецца – напісана: “Хто згубіў сваю памяць – згубіў усё...”

Нечапаны аркуш паперы ляжаў на стале. За вокнамі вялізнага пакоя стаяў цёплы і цёмны вечар канца сакавіка. Позні вечар быў у садзе за двума вокнамі; позні вечар быў і на ціхай вуліцы, за іншымі вокнамі.

І раптам за вокнамі з’явіліся агні. Спачатку адзін, потым два, потым маленькае, як стажары, сузор’е, потым два сузор’і, тры, пяць, дзесяць.

Яны рухаліся вуліцай, здалёк і паўз мяне. Я не ведаў, што гэта такое, я проста бачыў, што гэта ўначы людзі нясуць агонь. Так, як вынес яго калісьці на сходы чалавек у белай сарочцы, з мужным і горкім тварам.

Людзі ішлі, ішлі, прыкрываючы далонямі цёплыя агеньчыкі свечак, якія мог згасіць нават слабы подых ночы. І ўсё ж яны ішлі за першымі, і далоні ў іх былі ружовыя, таму што іх наскрозь прасвечваў агонь. І кожны агеньчык быў слабы, але разам яны стваралі зарыва, якое пераможна плыло ў ноч.

І ніколі потым, як бы цяжка ні было, я не сказаў слоў старадаўняга пісца, запісаных ім на палях нейкага там “Апостала”: “Кніга-кніга, ужо мі ад табя моташна”. Заўсёды яна заставалася для мяне ўлюбёным дзіцем, бо кожны раз я ўспамінаў ноч, у якой спачатку з’явіліся першыя, а потым усё людское мора, залітае агнём.

І я помню іх, людзей, што ішлі ў ноч, прыкрываючы жывымі, цёплымі далонямі агонь. Помню.

Над бярозамі, што абступалі царкву, віселі халаднаватыя і празрыстыя зоры. З вокнаў і шырока адчыненых дзвярэй лілося на цвінтар і натоўп аранжавае святло. Зрэдку, калі галасы пеўчых узляталі асабліва высока, – у шатах бяроз, у гнёздах сонна ўскрыквалі і хрыпелі гракі.

У царкве вёскі Мокрая Дуброва, самай блізкай да Раўбічаў і Азярышча, ішла паўночніца па вялікай субоце. Вялікі натоўп тых, што не праціснуліся ў храм, стаяў на цвінтары, слухаў спевы. Сёй-той часам уставаў на пальчыкі і, выцягнуўшы шыю, заглядаў у агністую пячору. Бачыў адчыненую царскую браму, светлыя рызы папоў і зноў апускаўся, пагойдваючы галавой і ўсім выглядам паказваючы, што ўсё як мае быць, як заведзена: ведаем, бачылі, а значыць, можна пастаяць і на цвінтары, і няма асаблівай прычыны, каб дужа шчаміцца ў храм.

Сям-там гаманілі: аб вясне, аб тым, як ачуняла азіміна, і аб тым, у чым благалепіе літургіі вялікай суботы і ў чым яе адрозненне ад благалепія літургіі велікоднай.

Алесь прывязаў каня да агарожы і павольна пайшоў праз натоўп па галоўнай алеі.

Ідучы праз натоўп, ён усміхаўся. Выхаваны старым Вежам, Алесь ніколі не задумваўся аб сутнасці абрадаў. У гімназіі даводзілася выконваць. Можна з імі, а можна і без іх. І цяпер яго кранала хутчэй не тое, дзеля чаго людзі сабраліся тут, а самі людзі і тое, што яны сабраліся.

Вось адзін ціха цягне “ліцы ангельсціі”, выцягваючы шыю і найсаладзейшым чынам заводзячы пад лоб вочы. Астатнія стаяць і глядзяць яму ў рот... Вось скрыўлены рот бабулі... Белагаловы мужык стаіць на каленях, нібы перад плахай, безнадзейна звесіўшы галаву...

Плача, горкімі слязьмі заліваецца баба ў намітцы.

– Чаго ты?

– Ды я-як не плакаць... Пла-ашчаніцу зараз у алтар панясуць. Сорак дзён ён, бацюхна, па зямлі хадзіць будзе... Бачыць будзе ўсіх, усё наша... бачыць.

Чародка дзяўчат і хлопцы вакол яе. Відавочна чакаюць хрыстосавання.

А вось дзяўчына ў сіняй з золатам старадаўняй хустцы. Стаіць, скрыжаваўшы рукі. Тварык закінуты ўгору, рот прыадкрыты. Слухае, а ў вялізных вачах – слёзы... Б’ецца, пабіваецца галавой аб зямлю нейкі шляхціц. Укленчыў, і такое, відаць, нясцерпнае гора, што калоцяцца плечы.

– Не пабівайся так. Не трэба.

Алесь ішоў – і нібы ўсе людзі праплывалі, уставалі перад ім. І ад раптоўнай любві да іх, замілавання і вялікага жалю ў яго нешта дрыжала ў горле.

Бледны, са змарнелым абліччам і бяскроўнымі вуснамі, ён ішоў бліжэй і бліжэй да адчыненых дзвярэй , да скляпенчатай аранжавай плямы, адкуль даляталі спевы.

Нехта асцярожна ўзяў яго за плячо. Азірнуўся – Кандрат Кагут. Светла-сінія, з добрай хітрасцю вочы.

– Юж по вшысткем, – іранічна сказаў Кандрат, – по мшы і по казаню[11].

– Здароў, братка, – узрадаваўся Алесь.

– Здароў. Хадзем са мною. Нашы там.

Кагуты-малодшыя прымасціліся трохі ў баку ад алеі, не сталі праціскацца за бацькамі і дзедам Данілам у царкву. Але яшчэ да таго, як Алесь і Кандрат дайшлі да іх, з-за дрэў выступіла танклявая зграбная постаць Андрэя Кагута.

– Ты з кім, Кандраце? – сказаў, бы праспяваў.

– Вось, – сказаў Кандрат. – Загорскі. Градзе, як жаніх у палунашчы.

– Што я, страшны суд? – адказаў жартам Алесь.

Нечаканыя словы Кандрата зачапілі яго. Ён сапраўды прыйшоў, як жаніх у палуначы, хацеў убачыць Майку.

– Ну, не зусім страшны, – сказаў Андрэй. – А трохі ёсць. – Нясмела ўсміхнуўся, сціпла прыкрыў доўгімі веямі вочы. Алесь не спадабаўся яму.

І амаль адразу Алесь трапіў у абдымкі. Адусюль у вочы лезла адно і тое: залацістыя патлатыя валасы, дзікаватыя сінія вочы, простыя насы, белазубыя ўсмешкі. Ага, вось нехта іншы: Марта, Стафанава жонка. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі – ціхі, вады не скаламуціць, Стафан.

– З велікоднай ночкаю вас.

Адзін Стафан з усіх Кагутоў перайшоў на “вы”, калі Алесь скончыў гімназію.

– Ты што, пазней не мог?

Бацюхны, Паўлюк, гарачы часам, але такі часцей за ўсё салідны Паўлюк! Павёлка, равеснік, вясковы сябра! І гэта за які месяц стаў такі, што не пазнаеш, перайшоў мяжу да дарослага хлопца: кучаравяцца маленькія залацістыя вусікі. Світка на адно плячо, быццам рыхтуецца біцца на кулаках; магерка зухавата заламана назад.

– Гэй, а мяне? – разважлівы голас ззаду.

Нехта торгае за рукаў, Юрась.

– Юраська-Юраська, – смяецца Алесь. – А хто быў галыш мужаска полу?

– Ды ну цябе, – з паважным дакорам кажа пятнаццацігадовы, ладны хлапец.

– Што “ну цябе”? – смяецца Кандрат. – А каму яшчэ ўчора... што?.. Ну што, Алесь?

– Каму яшчэ ўчора бондачку[12] давалі? – падкусвае Алесь.

Рогат.

– Ціха вы, – паважна кажа Марта. – До ўжо. Во, грэх які. Пахрыстосуемся загадзя, Алесь Юр’евіч.

Вочы маладзіцы смяюцца. Яна выцірае хусцінкай рот.

– А хрыстосавацца загадзя – не грэх? – пытае Стафан.

Алесь стаіць сярод іх і адчувае, што горла нібы сціснула. Яму было так дрэнна ўсе апошнія дні, што ён, трапіўшы раптоўна ў сваё, у роднае кола, трымаецца з апошніх сіл.

– Кагосьці яшчэ няма, – глухім голасам сказаў Алесь.

– Мяне, – і з паўзмроку выйшла Янька Кагут у беленькіх чаравічках і сіненькім кабаціку.

Алесь жартам узняў яе, – ого!

Янька глядеза на яго сур’ёзна і строга. Удалася яна не зусім у Кагутоў. Рот маленькі, а вочы ўдвая большыя, чым у іх. Ужо цяпер у яе была тоўстая каса, ледзь не з руку таўшчынёй.

На сцежцы пачуліся крокі.

– Хто гэта тут маю нявесту чапае? – прагучаў юначы прыемны голас.

– Мсціслаў, – віскнула Янька і кінулася да яго.

Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут.

Мсціслаў ускінуў вейкі, і на вуснах ягоных з’явілася ўсмешка:

– Вялікая ноч?

– Вялікая ноч, дружа.

І гэта гучала, як: “Па-ранейшаму?” – “Давай па-ранейшаму, дружа”.

І адразу, нібы пакарыстаўшыся гэтай магчымасцю і хочучы замацаваць яе, Мсціслаў сказаў з іроніяй:

– То чаго гэта пан Загорскі прыехаў у царкву Мокрай Дубровы?

– Бо тут Кагуты, – сказаў Алесь.

– Во шчасце якое, – наіўна сказала Янька. – А мы якараз хацелі ў Мілае ехаць, каб цябе ўбачыць, Алеська.

Кандрат лёгка штурхнуў яе ў бок. Янька не зразумела і адказала брату штуршком, так, што ўсе заўважылі, і сціпламу Андрэю стала няёмка.

Янька глядзела на Мсціслава сінімі вачыма, бліскучымі, як мокрыя каменьчыкі: лавіла словы.

Мсціслаў стаяў і смяяўся.

– Я гэта чаму, – з удаванай наіўнасцю сказаў ён. – Я цябе хацеў знайсці. Я ў Загоршчыну – няма. Я ў Мілае – няма. Куды, думаю, цяпер?

У гэты момант удар звона пракаціўся над голымі яшчэ, але жывымі дрэвамі, паплыў пад свежыя і празрыстыя зоры.

– Пачынаецца, – сказаў Андрэй.

Яны рушылі бліжэй да царквы. Натоўп плыў туды ж і хутка адцёр Кандрата з Андрэем і Мсціслава з Алесем ад іншых.

– Ты малайчына, – сказаў Мсціслаў на вуха Алесю. – Значыцца, вырашыў: мір. Добра, памірым... Яна тут. Я назнарок праціснуўся ў царкву і паглядзеў.

І тут Алесь адчуў, што ён сапраўды больш за ўсё на свеце жадае міру і злагады.

– Зараз званы ўдзярбаняць, – сказаў Кандрат. – Асцярожна, хлопцы. Кажуць, часам ад такой прычыны з цвінтарных дрэў чэрці падаюць.

– Лухта якая! – скзаў Мсціслаў.

– Я і не кажу, што праўда.

– Людзі вераць, – сказаў Андрэй. – Таму што нібыта як людзі ў чысты чацвер свечкі дахаты данясуць і крыжы на ўсіх дзвярах паставяць, то нячысцікі з хат уцякаюць. Куды ім падзецца? На цвінтарныя дрэвы. Сядзяць галодныя, халодныя, бо злезці баяцца. Ну, а як бомкне велікодны звон – валяцца яны з дрэў, як грушы. Шмяк-шмяк! Некаторыя ногі выкручваюць.

– Ты глядзі, – сказаў Мсціслаў, – за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.

Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:

– І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.

– А ў яго хаданская мыза, – сказаў Мсціслаў.

У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.

– Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькі ў хмызы з Мсціславам завалачы... каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукі не пэцкаць, асвенцім.

Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:

– “Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелі пяюць на небясех: і нас на зямлі спадобі чыстым сэрцам цябе славіці”.

Пад зоркамі між снежных бяроз, якія сталі цяпер аранжавыя знізу, плыло, агінаючы царкву, шэсце: нібы нехта павольна рассыпаў чырвоны мігатлівы жар.

Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сіняй з золатам хусце. Яна нібы імкнулася да агнёў, як сіні і залаты сумны махаон. І раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нічога дрэннага, пакуль на зямлі існавала надзея.

– Раўбічы, – голас Мсціслава ўпаў.

І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў.

...Пан Яраш з Эвелінай, Франсам, Стасем і Юллянам Раткевічам ішлі паперадзе. Моцная Ярашава рука сціскала свечку, змрочныя вочы глядзелі паўзверх галоў: ён, відавочна, думаў пра іншае. І такі ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, і так клаліся на яго аблічча і абліччы суседзяў, на бліскучы жалезны бранзалет мяккае святло і змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замілавання да яго і да ўсёй гэтай сям’і.

Набліжалася Майка. Свечка ў тонкай руцэ злёгку нахілена – аплывае жаўтаваты воск. Вочы, як у бацькі, глядзяць паўзверх галоў, ці на белыя, як яе рукі, галіны бяроз, ці на агеньчыкі зор.

Маленькі рот зараз зусім не ганарысты, а добры і ласкавы.

“Майка. Майка. Майка”.

Мінаюць. Зараз спыніць нязручна. Побач з ёю Стах. (Алесь не ведаў, што Стах узрадаваўся б.) Пераліваецца кранутая сям-там срэбрам белая кашміровая сукня.

– Шэсце жон-міраносіц, – сказаў ціха Кандрат.

І, забыўшыся, падтрымаў блюзнерства непапраўны Мсціслаў. Склаў бондачкай вусны і сказаў тонам старой ханжы-дзеўкі:

– Лідуша надзела парфірную сукню і пайшла ў царкву... Меланхолія!

І, сустрэўшы вочы Алеся, раптам зніякавеў:

– О... даруй, мілы!

Андрэй моцна схапіў Кандрата за плячо і павёў трохі далей.

– Патаўпешка, – сінія Андрэевы вочы звузіліся. – Дурное сяло. Ты што, не бачыш?

Яны спыніліся наводдаль. Кандрат пад позіркам брата апусціў галаву.

– Бачу, – нечакана сур’ёзна, з горыччу сказаў ён. – Не падабаецца мне гэта. Улюбіўся як чорт у сухую грушу.

– Не твая справа, – ціха сказаў Андрэй.

І раптам Кандрат ударыў нагою бярозавы ствол:

– Чорт. Ну, будзе яна яшчэ здзекавацца – спалю Раўбічы... Корчака знайду, і разам спалім.

– Тфу, – сказаў Андрэй, – дурны ты.

– А што?

– Каб усе хаты дзяўчатам палілі, калі тыя здзекуюцца... Гэта ж страшна падумаць, што было б... Па ўсёй зямлі попел з ветрам гуляў бы.

...Шэсце тым часам трэці раз абыходзіла царкву. Жаўцелі бясконцыя агеньчыкі, ліліся парча і буркацель, звінелі галасы.

Вось ідзе пан Яраш. Ідуць іншыя. Але нашто глядзець на іх, калі вось плыве за імі... Трохі адстала ад усіх. Ідзе. Попельныя, з няўлоўным залацістым адценнем валасы. Пад матавай скурай на шчоках глыбінны празрысты румянец. Добры рот і вочы, якія глядзяць на бярозы, на шапкі граковых гнёздаў, на цёплыя льдзінкі зор.

Мсціслаў прымусіў Алеся адступіць са сцежкі, а сам зрабіў крок наперад.

– Міхаліна, хадзіце сюды.

Рука ў руцэ, некалькі непаразумелых крокаў па сцежцы... І вось яна ўжо тут, а Мсціслаў знік у натоўпе.

Яны стаялі і глядзелі адно на аднаго. Вычварна зламаныя бровы Майкі на хвіліну вінавата апусціліся.

І яшчэ – ён мог бы паклясціся – у гэтых вялізных вачах на хвіліну прамільгнула радасць, тая, якую не схаваеш, якой не падробіш.

– Майка, – сказаў ён, – Майка. – І дадаў, амаль уладна: – Калі можаш, вер мне.

Яна глядзела на яго змярцвелае аблічча і глыбокія вочы... Гэтыя вочы глядзелі так, што ў душы з’явілася падазрэнне, якое адразу перарасло ва ўпэўненасць: не вінаваты. Няўжо не вінаваты? Пэўна ж не вінаваты. Мсціслаў меў рацыю. Як яна магла нават падумаць, што ён мог быць вінаваты?! Найлепшы, чысты, сапраўдны, той, якога хацелася вечна бачыць, якому заўсёды хацелася пакласці на грудзі сваю галаву, забыцца, адчуць сябе слабай.

У гэты час ад бабінца даляцеў вокліч:

– Хрыстос васкрэсе із мертвых!..

І яшчэ. І яшчэ.

Яны не чулі. І толькі калі ўзляцелі ўгору галасы спевакоў – пад шаты голых бяроз, пад зоры, – яна зрабіла крок да яго.

Звінелі галасы.

Крок, крок. Яшчэ крок.

І ён ціха сказаў:

– Хрыстос васкрос, Майка.

І працягнуў да яе рукі.

Крок.

Іхнія абліччы раптам заліліся вінна-чырвоным. Гэта вакол царквы і вакол цвінтара адначасова запалілі паходні і бочкі са смалой, і недзе наводдаль ад царквы пачалі страляць са стрэльбаў: стары, паганскі яшчэ звычай.

Зарыва трапятала на іхніх абліччах.

Ён стаяў перад ёю, нібы юнак з вогненнай печы, і працягваў рукі.

У яе ўпала сэрца. Каб гневаўся, каб нават груба, па-мужыцку ўдарыў яе – было б лягчэй.

Значыць, вінавата была яна. Без апраўдання.

Яна была не з тых, што даруюць сабе. Такога ўдарыць. Што толькі зрабіла?!

І раптам яе нібы азарыла страшным сполахам.

“Ну добра, былі першыя чуткі. Іх трэба было праверыць. Але тая, апошняя... Што ж было ў той плётцы? Чаму я разгневалася на яе, калі я сама ўвесь час, і ўдзень і ўначы, сама жадала гэтага і марыла аб гэтым.

Дрэнь. І з-за гэтага ледзь не штурхнула на дуэль, забараніла сустрэчы, аддала яго абразам, зрабіла ворагамі яму брата і бацьку. Хлусіла сама сабе і спалохалася, калі... І потым яшчэ смела патрабаваць ад яго чагосьці.

І ўзрадавалася, калі новая хлусня нібыта апраўдвала мяне такую, якая я ёсць... “Здаў у арэнду...”, “Ездзіў з другой...” Але тая паехала адсюль... Але я хіба не разарвала яго душу згодай на ганебныя заручыны?

Забіць сябе мала было за ўсё гэта. Але хіба заб’еш? Значыць, пакараць так, каб потым мучыцца і пабівацца ўсё астатняе жыццё”.

Яна не думала, што гэта замучыць і яго. Жорсткая, паглыбленая ў сябе маладосць, якая толькі сабе не даруе нічога, кіравала ёю.

“Забіць. Страціць. Як? Аддаць сябе самаму нялюбаму, раджаць яму нялюбых дзяцей. Таму, кім пагарджаеш. Таму, хто, – а напэўна, напэўна ён, яна цяпер прадчувала гэта, – з варожасці да пана Юрася, да яго, Алеся, і склеіў тую брыду. Што ж гэта я нарабіла?!”

Усе гэтыя думкі прабеглі ў яе галаве за якую хвіліну. Ён усё яшчэ падымаў рукі, дагаворваючы свой сказ:

– ...Майка.

Яна глядзела ў яго вочы і адчувала, што ў яе падгінаюцца калені ад цеплыні і жалю. Зрабіць яшчэ крок, і...

Гэта быў бы пацалунак. Простае “хрыстосаванне” для іншых. Але яна ведала, што гэта будзе для яе.

“Палон. Астацца вечна. Навекі прызнаць для сябе (бо ён не будзе ведаць) сваю подласць. Ведаць, што за скурай шчаслівай пані сядзіць распусная (так, распусная, бо такой аддаць сябе за такога – гэта распуста), разважлівая гáдзіна”.

Яна магла жорстка асуджаць. Ён уздымаў рукі... Яна не магла... Яна ведала – не вытрымае.

– Не, – сказала яна. – Не. – І скончыла амаль бязгучна: – Гэтага не будзе.

І кінулася ў натоўп.

Ён апусціў рукі і павольна пайшоў да выхада. Свайго аблічча ён не бачыў і здзівіўся б, што Мсціслаў, праходзячы паўз братоў, якія гаварылі з Галінкай Кахно, паклаў руку на Кандратава плячо:

– Кандрат... Ану... Хутчэй.

Яны свідравалі натоўп за Алесем.

Загорскі, выбраўшыся на больш-менш вольнае месца, спыніўся і кінуў апошні позірк на гурт людзей перад бабінцам.

Унь яны стаяць. Яраш са скобкай валасоў і жалезным бранзалетам, Юллян Раткевіч глядзіць на Майку і, здаецца, здагадваецца, што нешта адбылося, Франс. І яе аблічча, такое, што на хвіліну робіцца шкада.

Яму прыйшла ў галаву дурная думка.

Перад імі – між імі і Алесем – палалі паходні і бочкі са смалой. У Раўбіча былі шчыльна сціснутыя вусны. Рука з жалезным бранзалетам сціскала свячу. І ад зарыва падаў крывавы адбітак на цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думкай, змардаваны воблік.

Усе астатнія стаялі вакол яго цесна. Дурная думка... Стаяць... Скача зарыва... Як тыя паны, што пасля змовы Глінскага ішлі на плаху разам з сем’ямі, каб не засталося і роду.

...Франс азірнуўся на сястру і спалохаўся.

– Што з табою?

Ён абвёў вачыма натоўп, і яму здалося, што недзе за паходнямі мільгануў твар Алеся Загорскага. А можа, здалося?

І раптам ён са здзіўленнем падумаў, што побач з нянавісцю ў ім увесь час жыло нейкае цёплае пачуццё да Алеся. Адкуль?

...Алесь, сустрэўшыся на імгненне з вачыма Франса, уздыхнуў і апусціў вочы. Трэба было ісці. У адрозненне ад Франса ён зараз адчуваў только пагарду.

Ён папраставаў ад святла проста ў цемру алеі.

Адмовіць у прымірэнні. Няхай, калі не верыць. З гэтым можна прымірыцца. Хоць і цяжка, але можна. Не кахае – няхай. Няхай нават тое, што ўся сям’я пакрыўдзіла і крыўдзіць далей. Але адмовіць вялікай ноччу ў пацалунку?! Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу.

Адмовіць у пацалунку ў вялікую ноч – такога не бывала. І ён вырашыў маўчаць. Яна, вядома, была ў бяспецы. І менавіта таму плаціць давялося б двум: Раўбічу і Франсу.

Канечне, ім. Бо Загоршчына амаль нічым не рызыкуе. На ўсё сухадольнае наваколле ён, Алесь, найлепшы стралок сярод маладых.

Нават калі б няўдача. Дакончыў бы пан Юры, таксама лепшы.

Вядома, помста. Але нашто? Нашто, калі ўсе яны – рабы кодэкса гонару. Дурасць. І ён таксама дужа разумны, ледзь не зрабіў так, як нейкі там дурны дзедзіц.

...Яго дагналі суровыя Мсціслаў і Кандрат. Пайшлі побач.

Кандрат радаваўся, што ён адзін стаяў тварам да Міхаліны і Алеся, што Галінка і Андрэй не бачылі нічога. Мсціслаў радаваўся, што бачыў усю брыдкую і незразумелую сцэну адзін ён. І кожны з іх імкнуўся трымаць сябе натуральна.

Алесь скоса зірнуў на бесклапотныя абліччы сяброў.

– Ану іх, абрыдла, – сказаў Кандрат.

– Папоўская дзікасць, – азваўся Мсціслаў. – Толькі і добрага, што паскі. Давайце, хлопцы, паспрабуем напіцца.

– Чаму не, – сказаў Алесь.

Здаецца, не бачылі. І гэта добра.

Ён ішоў і бачыў людзей. Мужыка, што стаяў як перад плахай, дзяўчыну ў сіняй з золатам хустцы, бабу ў намітцы, якая па дурасці і цямноце падпявае пеўчым замест “І сушчым ва грабех жывот дараваў” – “і сухі верабей заплот паламаў”, – усё гэтае мора, якое звалася яго народам.

...Сябры селі на коней. Мсціслаў кінуў Кандрату павады заводнага каня.

Кандрат узвіўся ў сядло апошні, і, калі паглядзеў на занадта простую постаць дзядзькавага брата, рукі ў яго самі сціснуліся на павадах: “Д-добра”.

З месца ўзялі ўгалоп. Проста ў ноч, пад зоры...

...Яны не бачылі сумятні, якая раптам пачалася сярод натоўпу, калі людзі сталі заходзіць у царкву.

Міхаліна Раўбіч упала непрытомная.

Палала смала. І проста пад высокія зоры ўзляталі галасы. Пяялі канон Дамаскіна “Уваскрэсення дзень”.

...Коні ляцелі ў ноч.

У гэту ноч сябры вельмі моцна выпілі ў самай захудалай, самай беднай прыдарожнай карчме... А раніцай пан Яраш, давёўшы, урэшце, дачку да памяці распытаўшы яе, якая была прычына млосці, пахаладзеў ад думкі, што на родзе цяпер можна ставіць крыж.

– Ты разумееш, што ты нарабіла? Нават ворагу... Гэта толькі абрад, дзяўчо ты!

Яна не сказала больш ніводнага слова. Два дні Раўбічы чакалі. Пасыльны з Загоршчыны так і не з’явіўся. Выкліку на дуэль не было.

І тады пан Яраш і Франс расцанілі гэта як “помсту пагардай” з боку Загорскіх і тое, што Алесь сапраўды быў вінаваты. Правіна не напалохала іх. Помста пагардай – вельмі. Ім трэба было маўчаць аб гэтым. Толькі ім двом, якія ведалі.

Прымірэнне было ўжо немагчымае. На землях, якія ляжалі побач, на водах, якія плылі побач, сядзелі цяпер смяротныя, непрымірымыя ворагі.

На радаўніцу ўсе ў наваколлі даведаліся, што Міхаліна Раўбіч заручылася з графам Іллёй Хаданскім.


  1. Ужо ўсё... Скончылася набажэнства і казані (польск.).

  2. Бондачка – хвосцік каўбасы з завязкай. Даюць маленькім дзецям, каб не грашылі пад сябе.