170215.fb2
У машыне Мэгрэ ўспомнiў, як дваццацiгадовым юнаком ён трапiў упершыню ў сталiцу. Тады яго найбольш уразiў няспынны рух натоўпу, калаўрот сотняў тысяч людзей. Ён з мiжвольнай трывогаю назiраў за тымi, хто, страцiўшы раўнавагу, кiдаўся ў паток i плыў па цячэннi. Але асаблiвае спачуванне выклiкалi ў яго сцiпла i чыста апранутыя людзi. Якiх толькi намаганняў яны не прыклалi, каб застацца на паверхнi i стварыць iлюзiю, што яны жывуць i што гэтае жыццё вартае таго, каб яго пражыць!
Вось i Луi Турэ дваццаць пяць гадоў сядаў кожнае ранiцы ў адзiн i той самы цягнiк, бачыў адны i тыя ж твары, i пад пахаю ў яго быў адзiн i той самы загорнуты ў цырату сняданак; увечары нябога вяртаўся ў сваё жытло, якое Мэгрэ называў у думках "домам трох сясцёр". Хоць сёстры i жылi на суседнiх вулiцах, яны закрывалi нябожчыку далягляд, як вялiзны мур.
- У камiсарыят, шэф? - пытаўся шафёр.
- Не. Дамоў.
Гэтым вечарам ён пайшоў з жонкаю ў кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, той самы, куды хадзiў i Луi Турэ. Яны двойчы прайшлi мiма таго самага тупiка.
- У цябе кепскi настрой? - спыталася жонка.
- Не.
- Ты за ўвесь вечар i слова не сказаў.
- Ты што?.. А я i не заўважыў.
Уранку на горад абрынулася залева. Лiло як з вядра. Вецер вырываў з рук мiнакоў парасоны.
- Такое надвор'е часта бывае на пахаванне, - заўважыла панi Мэгрэ. Багата сёння клопату?
- Яшчэ не ведаю.
- Надзень галёшы.
Мэгрэ так i зрабiў, але ўсё роўна паспеў добра прамокнуць, перш чым удалося сесцi ў таксоўку. Халодныя кроплi сцякалi з капелюша за каўнер.
- На набярэжную Арфэўр.
Пахаванне адбудзецца ў дзесяць. Мэгрэ з нецярпеннем чакаў, калi прыйдзе Нэвэ. Ён вырашыў узяць яго з сабою: а раптам каго-небудзь пазнае на пахаваннi?..
- Ёсць што новае? - спытаўся камiсар у Сантонi. - Не?.. Складзi спiс Жарысавых сяброў, знаёмых, увогуле, усiх, з кiм ён сустракаўся апошнiя гады.
- Я ўжо пачаў.
- Працягвай.
З'явiўся Нэвэ.
- Надвор'е пахавальнае, - буркнуў iнспектар.
У дзесяць яны былi ўжо перад домам Турэ. У знак жалобы з абодвух бакоў дзвярэй былi нацягнуты чорныя палотнiшчы з серабрыстымi махрамi. Ля ганка, на незаасфальтаваных ходнiках стаялi людзi пад парасонамi. Усяго iх было чалавек пяцьдзесят. Многiя заходзiлi ў дом. Вiднелiся людзi i ў суседнiх дварах.
Спачатку прыбыў катафалк. Потым таропка прайшлi святар i хлопчык, якi нёс крыж.
Нiшто не спыняла парываў ветру, мокрая адзежа прыставала да цела. Труна адразу ж намокла.
- Нiкога не пазнаеш? - запытаўся Мэгрэ ў Нэвэ, калi працэсiя рушыла.
Нэвэ пакруцiў галавою.
Жанчына, якой Турэ падараваў парсцёнак, напэўна, не прыйшла. Праўда, на адной кабеце быў лiсiны каўнер, але камiсар заўважыў яе яшчэ раней, калi яна выходзiла з дома насупраць i замыкала дзверы на ключ. I з прысутных мужчын нiкога нельга было ўявiць заўсёднiкам лавак на бульварах.
I ўсё ж Мэгрэ застаўся на пахаваннi да канца. Камiсар двойчы сустрэў позiрк Монiкi. I кожны раз адчуваў, як сцiскаецца яна ад страху.
На могiлках было па калена гразi: магiлу выкапалi на новым участку, куды яшчэ не праклалi дарожкi.
Калi панi Турэ сустракалася позiркам з камiсарам, яна кожны раз уважлiва аглядвала прысутных, паказваючы, што памятае аб ягонай просьбе. Калi ён падышоў да сям'i, якая выстраiлася ў рад ля магiлы, каб выказаць спачуванне, удава шапнула:
- Я нiкога не заўважыла...
Дождж пазмываў пудру з твараў у жанчын, ва ўсiх пачырванелi насы.
Мэгрэ i Нэвэ пачакалi яшчэ хвiлiнку на могiлках i прайшлi ў шынок насупраць. Камiсар заказаў два грогi. А праз некалькi хвiлiн тут была ўжо добрая палова працэсii. Каб сагрэцца, людзi пераступалi з нагi на нагу.
Мэгрэ пачуў абрывак размовы:
- А пенсiю яна за яго атрымае?
- Не. Ён жа быў простым кладаўшчыком у нейкай краме. Такiм пенсii не даюць. Гэта за шваграмi ягонымi жонкi файна жывуць - чыгуначнiкi ўсё-такi. А пан Луi быў у iх увогуле кiмсьцi накшталт сваяка-бедалагi... Вось так вось...
- Дык што ж жонка з дачкою рабiцьмуць?
- Дачка ж працуе... Пакой, можа, здадуць кватаранту...
- Ну што, Нэвэ, хадзем? - прапанаваў Мэгрэ iнспектару.
З машыны сцякала брудная вада. Залева секла i секла.
У камiсарыяце было сыра i холадна, на падлозе вiднелiся брудныя сляды.
- Нiчога новага, Люка?
- Званiў Лапуэнт. З бiстро на плошчы Рэспублiкi. Ён знайшоў пакой.
- Пакой Турэ?
- Ён так думае. Але гаспадыня не надта гаваркая.
- Выклiкалi яе сюды?
- Не. Можа, вы самi лепш туды сходзiце?
Мэгрэ i праўда думаў пайсцi да Лапуэнта, а не сядзець тут у кабiнеце.
Калi Мэгрэ ўвайшоў у бiстро, ён адразу ж знайшоў Лапуэнта: той сядзеў ля камiна i пiў каву.