170215.fb2
- Змянi гарнiтур, - прапанавала жонка.
- Навошта? Усё роўна змокну.
I ўсё ж камiсар паслухаўся жонку...
Прыехаўшы ў камiсарыят, Мэгрэ зайшоў у аддзел нораваў.
- Ты ведаеш такую Марыету, цi Мары Жыбон? - спытаўся ён у iнспектара. Не?.. Будзь ласкавы, правер па картатэцы.
- Маладая?
- Гадоў пяцьдзесят.
Iнспектар узяў скрыначку з пажаўцелымi i запыленымi карткамi. Доўга шукаць не прыйшлося.
- Нарадзiлася ў Сэн-Мало, у картатэцы ўжо адзiнаццаць гадоў. Тры арышты. Усе да вайны*. Два - за абкраданне клiента.
* Аповесць напiсана ў 1952 годзе.
- Сядзела?
- Адпусцiлi. За адсутнасцю доказаў.
- Што яшчэ?
- Чакайце. Пагляджу ў другой скрынi...
Iмя яе траплялася яшчэ на некалькiх картках, але ўсе яны былi даваенныя.
- Да вайны была масажысткаю ў салоне на вулiцы Марцiр. Жыла з нейкiм Наталi, асуджаным за забойства. Я згадваю гэтую справу. Iх было трое. Яны забiлi хлопца з iншай банды каля тытунёвай будкi на вулiцы Фантэн. Так i не ўдалося разабрацца, хто парнуў нажом. Вось i далi ўсiм траiм па дзесяць гадоў.
- Гэты Наталi цяпер на волi?
- Памёр.
Гэтыя факты нiчога не давалi Мэгрэ, адно пацвярджалi ягоныя здагадкi адносна мiнулага панi Жыбон.
- А чым яна цяпер займаецца? - спытаўся камiсар.
- Не ведаю. Можа, памерла.
- Не, жывая яшчэ.
- Значыцца, завязала. Вярнулася, можа, на радзiму i прыкiнулася там самавiтай дамаю.
- Не, яна ўсё яшчэ ў Парыжы. I здае мэблiраваныя пакоi на вулiцы Ангулем. Неафiцыйна. I, заўважце, у доме амаль што адны дзеўкi.
Iнспектар зацiкавiўся.
- Аднак я не думаю, што яны прымаюць у гэтых нумарах.
- Мы б ведалi, - запэўнiў iнспектар.
- Паназiрайце, галубкi, за гэтым домам. Можа, суседзi што-небудзь падкажуць. Мае хлопцы могуць не пазнаць вашых добрых знаёмых.
- Зробiм усё як след.
Прыйшоўшы ў свой кабiнет, Мэгрэ не паспеў i сесцi, як увайшоў Люка.
- Што новага?
- Па тэлефоне яна не званiла нiкому. Але сёння ўранку да нас звярнулася адна старая, якая жыве са сваiм пляменнiкам на вулiцы Гэй-Люсака. Яна выходзiла з дому, а калi вярнулася, дык выявiла, што з буфета знiкла каўбаса, якая дзве гадзiны назад была яшчэ на месцы. Тады яна ўзяла стары рэвальвер мужа, з якiм той ваяваў яшчэ ў першую сусветную, i абшукала кватэру. I знайшла пад пляменнiкавым ложкам хлебныя крошкi i насоўку. Чужую, не пляменнiка!
- Чым гэты пляменнiк займаецца?
- Студэнт. Працуе рассыльным у кнiгарнi на бульвары Сэн-Мiшэль.
- Цiкава... Дык, значыцца, цётка выклiкала палiцыю?
- Яна патэлефанавала нам, i я адразу паслаў Леруа ў кнiгарню распытаць гэтага хлопца. Ён затросся, а потым дык нават заплакаў.
- Жарыс - ягоны сябра?
- Так. Жарыс папрасiў у яго прытулку.
- З якой прычыны?
- Ён нiбыта пасварыўся з бацькамi, а бацька ў яго такi жорсткi, што нават забiць можа.
- I колькi гэта ён пражыў пад ложкам?
- Адзiн дзень i адну ноч. Першую ноч ён сноўдаўся па горадзе. Прынамсi, так ён расказваў сябру. Я папярэдзiў усе пасты. Вiдаць, зноў бадзяецца.
- Грошы ў яго ёсць?
- Гэты хлопец не ведае.
- Вакзальныя пасты напагатове?
- Вядома.
Цiкава, падумаў Мэгрэ, а што цяпер адбываецца ў Жувiзi? Удава з дачкою i з сёстрамi са шваграмi, напэўна, паабедалi i разважаюць цяпер наконт будучынi панi Турэ i Монiкi...
Швагры, глытнуўшы па кiлiшку, сядзяць цяпер, мабыць, у фатэлях i паляць цыгары. I ўдаве, бадай, чарачку паднеслi - каб узняць тонус.
Цi згадваюць яны нябожчыка? Наўрад цi. Абмяркоўваюць, хутчэй за ўсё, пахаванне. Адзначылi ж, мусiць, што, нягледзячы на залеву, народу сабралася багата?.. Цi ўцямiлi хоць, што гэта перш за ўсё пашана да нябожчыка, якога самi яны так зневажалi?..