170215.fb2
- А чаму, вы можаце сказаць?
Яна пацiснула плячыма.
- Вы ж былi ў нас дома. Бачылi яе.
- Дакладней можна?
- Яна думае толькi пра сябе, пра сваё становiшча ў грамадстве, пра сваю старасць. Злуецца, што выйшла замуж не так удала, як сёстры, i што ёй прыходзiцца рабiць выгляд, што яна жыве не горш.
- А бацьку вы любiлi?
Яна маўчала, i Мэгрэ перапытаў.
- Я думаю, - адказала яна, - не вельмi прыемна гаварыць пра гэта цяпер.
- I яго вы не надта любiлi?
- Яго можна было толькi пашкадаваць.
- Што вы маеце на ўвазе?
- Ён нiчога не рабiў, каб палепшыць сваё становiшча.
- У чым палепшыць?
- Ва ўсiм. - I тут яна загаварыла з iмпэтам: - Я вось дык толькi i думаю пра тое, каб палепшыць нашае так званае жыццё. Мне яно абрыдла. У мяне адна мэта - з'ехаць.
- Выйсцi замуж?
- Выйсцi не выйсцi, але з'ехаць.
- I вы гэта збiралiся зрабiць у блiжэйшым часе?
- На днях.
- А з бацькамi вы раiлiся?
- А навошта?
- Значыцца, вы з'ехалi б, не сказаўшы нi слова?
- А чаму не? Што б гэта ў iхнiм жыццi змянiла?
Мэгрэ было ўсё цiкавей слухаць дзяўчыну. Ён нават забыўся на сваю люльку, i яму прыйшлося запальваць яе два разы.
- Скажыце, а калi вы даведалiся, што бацька не працуе болей у Капланаў? спытаўся ён раптам.
Мэгрэ чакаў, што дзяўчына расхвалюецца, але тая, вiдаць, падрыхтавалася да падобных пытанняў. Iнакш растлумачыць яе поўны спакой нiяк было нельга.
- Гады тры назад. Не памятаю дакладна. У студзенi цi лютым.
Фiрму, згадаў Мэгрэ, закрылi ў кастрычнiку.
- А як вы даведалiся?
- Выпадкова. Неяк пад вечар я разносiла квiткi...
- Вы ўжо тады працавалi на вулiцы Рывалi?
- Я пайшла працаваць туды ў васемнаццаць. Дык вось, мне трэба было якраз у той самы дом, у двары якога была бацькава кантора. Было ўжо цёмна, а святло ў ёй не гарэла. Я спыталася ў кансьержкi, у чым прычына, i тая сказала, што фiрма Капланаў закрылася.
- I, вярнуўшыся дамоў, вы нiчога не сказалi мацi?
- Нiчога.
- Чаму?
- Не хацела яго выдаваць. Ён пазбягаў сцэн. А тут пачалiся б такiя разборы...
- Ён баяўся мацi?
- Хутчэй, хацеў, каб яна не чапала яго.
У голасе дзяўчыны чулася пагарда.
- А ў бацькi вы спыталiся, дзе ён цяпер робiць?
- Не.
- Дык вы высачылi яго?
- Высачыла. Назаўтра паехала ў Парыж раней за яго, сказала, што ў мяне тэрмiновая праца, а на вакзале дачакалася ягонага цягнiка. I пайшла ўслед за iм.
- Што ж ён рабiў у той дзень?
- Хадзiў па розных установах. Папалуднаваў булкаю. Потым спынiўся каля дошкi аб'яў. I я ўсё зразумела: ён шукаў працу.
- Але ж ён кожны месяц, як i раней, прыносiў у дом зарплату?
- I мяне гэта вельмi дзiвiла. Я ўсё чакала, калi ён нарэшце прыйдзе дамоў без грошай. А ён замест гэтага неяк нават аб'явiў мацi, што запатрабаваў у Каплана надбаўкi i той яе даў!
- Калi гэта было?
- Прыкладна праз паўгода. У жнiўнi.
- I вы вырашылi, што бацька знайшоў працу?