170215.fb2
- Перад тым, як знiк. Два днi назад.
- Ён сказаў вам, куды ён дзенецца?
- Не. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Ён перакананы, што яго абвiнавацяць у забойстве.
- Чаму?
- Таму што ён заходзiў на вулiцу Ангулем.
- Калi вы зразумелi, што мы напалi на ягоны след?
- Калi ваш iнспектар сустрэўся з гэтай пляткаркаю, Блянш. Яна мяне ненавiдзiць. Потым выхвалялася ў аддзеле, што нагаварыла дастаткова, каб збiць з мяне, як яна сказала, пыху. Я хацела падбадзёрыць Альбэра. Сказала яму, што не трэба хавацца: гэтым адно навядзеш на сябе падазрэнне.
- Але ён не паслухаўся?
- Не. Ён быў такi напалоханы, што нават слова па тэлефоне сказаць не мог.
- А якiя ў вас ёсць доказы, што ён сапраўды не забiў вашага бацьку?
- А навошта яму было яго забiваць?
Гэтым разам яна i праўда была зусiм спакойная.
- Мы ж з Альбэрам пры жаданнi маглi атрымаць ад яго любыя грошы.
- А калi б бацька адмовiўся?
- Ён не змог бы. Альбэру трэба было адно: сказаць, што ён раскажа ўсё маёй мацi. Я ведаю, кiм вы мяне лiчыце. Але калi б вы пражылi лепшыя гады ў Жувiзi, ды яшчэ ў такiм доме, як наш...
- Вы бачылi бацьку ў дзень смерцi?
- Не.
- Альбэр таксама не?
- Я амаль упэўнена. Мы ў той дзень, як звычайна, разам абедалi i пра бацьку нават не загаварылi.
- Вы ведалi, куды звычайна бацька хаваў свае грошы? Наколькi я зразумеў, вашая мацi мела звычку правяраць увечары ягоны кашалёк.
- Яна заўсёды гэта рабiла.
- Чаму?
- Таму што аднойчы, гадоў дзесяць назад, мацi знайшла на ягонай насоўцы сляды губной памады. Я добра запомнiла гэты выпадак. Бацькi тады яшчэ не надта зважалi на мяне. А яна вусны не фарбуе. Бацька кляўся, што адной жанчыне ў яго на працы стала блага i ён змачыў насоўку шкiпiнарам i правёў ёй па вуснах, таму i сляды.
- Напэўна, ён казаў праўду.
- Але мацi не паверыла.
- Выходзiць, ваш бацька не мог вярнуцца дамоў маючы ў кiшэнi грошай больш, чым магло быць, калi ён працаваў у Капланаў?
- Грошы ён хаваў у сваiм пакоi на вулiцы Ангулем.
- На версе шафы?
- А вы адкуль гэта ведаеце?
- А вы?
- Аднаго разу, калi я прыйшла да яго папрасiць грошай, ён залез на крэсла i дастаў з шафы жоўты канверт. У iм былi тысячафранкавыя бiлеты.
- I шмат?
- Вялiкi пачак.
- Альбэр пра гэта ведаў?
- Ведаў. Але я ўпэўнена, што не ён забiў бацьку. Ды ён бы нажом i ўдарыць не мог.
- Адкуль такая ўпэўненасць?
- Неяк ён парэзаў сабе сцiзорыкам палец, дык ледзь не самлеў, як кроў убачыў.
- Вы, прабачце, жывяце з iм?
Яна пацiснула плячыма.
- Няўжо вы думаеце, што ў наш час...
- Дзе вы сустракаецеся?
- А дзе прыйдзецца. У Парыжы хапае месцаў для гэтага. Вы, можа, скажаце, што палiцыя пра гэта нiчога не ведае?
- Ну што ж. Падсумуем гутарку. Па-першае, зусiм вiдавочна, што вы шантажыравалi бацьку. Згодны?
Яна змаўчала.
- Па-другое, колькi за iм нi сачылi, так i не ўведалi, як жа ён зарабляе грошы.
- А мы i не надта старалiся ўведаць.
- Разумею. Вас цiкавiў вынiк.
Монiка неяк спачувальна ўсмiхнулася. Яна, канечне, лiчыла Мэгрэ прасцяком.
- Цяпер вы ведаеце ўсё, - сказала яна, збiраючыся ўстаць. - Заўважце, я не разыгрывала з сябе святую. А што вы думаеце пра мяне, дык мне гэта ўсё роўна.