170215.fb2
Жарыс пачырванеў.
- Я сказаў яму толькi, што яна цяжарная.
Дык вось у чым сакрэт! Мэгрэ выгляду не падаў, але здзiвiўся: як жа ён сам не падумаў пра такую паваротку?
- Колькi месяцаў?
- Трохi болей як два.
- Вы былi ў доктара?
- Яна адна хадзiла.
Мэгрэ адкiнуўся ў крэсле, набiў тытунём новую люльку.
- Што ж ты збiраўся рабiць у Амерыцы?
- Што прыйдзецца. Я працы не баюся. Мог бы стаць каўбоем.
- Каўбоем? - усмiхнуўся сам сабе Мэгрэ: ён згадаў тых асiлкаў, якiх бачыў на ранча Арызоны i Тэхаса.
- Я мог бы працаваць на залатых капальнях. Словам, як-небудзь я б ужо выкруцiўся.
- I ажанiўся б з Монiкай?
- Яна i так мая жонка. Хiба што мы не распiсаныя...
- Як сябе паводзiў пан Турэ, калi даведаўся, што Монiка цяжарная?
- Не паверыў... Нават заплакаў... Але я пакляўся, што намеры ў мяне...
- ...самыя добрыя. I што ён тады сказаў?
- Абяцаў дапамагчы. Грошай у яго пры сабе не было. Ён даў мне крыху.
- Дзе яны?
- У Монiкi. Яна хавае iх у сваiм стале на працы.
- А астатнiя?
- Астатнiя ён абяцаў даць у аўторак. Ён збiраўся атрымаць вялiкiя грошы.
- Ад каго?
- Не ведаю.
- Ён не сказаў, адкуль яны раптам возьмуцца?
- А я i не пытаўся.
- Чаму?
- Ён бы ўсё роўна не адкрыўся. Ён нiдзе не працуе. Я так i не змог зразумець, як ён зарабляе. Мабыць, яны ўдвух гэтымi справамi займалiся.
- З кампаньёнам, значыцца? Ты яго бачыў?
- Адзiн раз, на бульвары.
- Худы, падобны на клоўна?
- Ну.
- Дык вось, яму я i налiў каньяку, якi ты бачыў. Гэты чалавек сядзеў тут незадоўга да цябе.
- Тады вы ўсё ведаеце.
- Я хачу ведаць i тое, што ведаеш ты.
- А я нiчога i не ведаю.
- Дык чым, ты думаеш, яны б маглi займацца?
- Можа, выцiскаюць з каго-небудзь грошы.
- Дык ты i сам вырашыў выцiснуць iх з яго?
- Грошы патрэбныя нам на дзiця.
Мэгрэ зняў слухаўку:
- Люка? Зайдзi да мяне на хвiлiнку.
Калi Люка прыйшоў, Мэгрэ сказаў:
- Пазнаёмся: Альбэр Жарыс. Ведаеш, ён i Монiка Турэ чакаюць дзiця. Ты зараз заедзеш па яе i зводзiш да доктара. Да якога яна сама захоча. Калi не ведае, да якога, звадзi да доктара прэфектуры. Я б хацеў ведаць, колькi месяцаў яна цяжарная.
- А калi яна адмовiцца?
- Тады скажы, што я буду вымушаны арыштаваць яе разам з дружком. Вазьмi машыну i адразу ж, як толькi доктар агледзiць яе, патэлефануй мне.
- Навошта вы гэта робiце? - запытаўся Жарыс, як толькi iнспектар выйшаў.
- Таму што я павiнен усё праверыць.
- Вы мне не верыце?