170215.fb2 Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

- А вы не маглi б папярэдзiць яе па тэлефоне?

- Па-першае, у нас няма тэлефона, а па-другое, яна ўжо пайшла з працы i едзе на вакзал. Пачакайце мяне.

Яна паднялася наверх па лесвiцы, якая ўся рыпела пад ёю - дом быў пабудаваны з уцэненых матэрыялаў, i дажыць да старасцi яму наўрад цi было наканавана.

Унiз яна спусцiлася ў чорным, напарфумленая. Падышоўшы да машыны, панi Турэ спынiлася, усё роўна як сумнявалася, цi памесцiцца яна ў такiм маленькiм аўтамабiлi. Нехта назiраў за iмi з суседняга акна.

- Сястра жыве за два кварталы адсюль. Няхай шафёр паверне направа, а потым на другую вулiцу налева.

Домiкi сясцёр здавалiся блiзнятамi. Адрознiвалiся яны хiба што колерам шкла ў акенцы на дзвярах: тут яно было жоўтае.

- Я зараз вярнуся, - сказала панi Турэ, выйшаўшы з машыны, аднак затрымалася хвiлiн на пятнаццаць.

Вярнулася яна разам з сястрою, падобнай на яе як дзве кроплi вады i таксама апранутай у чорнае.

- Сястра паедзе з намi. Я думаю, месца хопiць. Яе муж пойдзе да мяне i дачакаецца Монiкi. Сёння ў яго выхадны. Ён кантралёр на чыгунцы.

Мэгрэ сеў побач з шафёрам. Сантонi ледзь уцiснуўся на сядзенне побач з мажнымi жанчынамi. Па дарозе сёстры перашэптвалiся.

Калi яны прыехалi ў Iнстытут судмедэкспертызы, цела Луi Турэ ўжо ляжала на мармуровай плiце. Нябожчыка згодна з загадам Мэгрэ яшчэ не распраналi. Камiсар сам адкiнуў з твару забiтага прасцiну.

Мэгрэ назiраў за сёстрамi. У цемнаце ён прыняў iх за блiзнят. А цяпер, пры яркiм святле, заўважыў, што сястра гады на тры-чатыры маладзейшая.

- Вы яго пазнаяце?

Панi Турэ трымала ў руках насоўку, але не плакала. Сястра трымала яе пад руку.

- Гэта Луi... Нябога... - уздыхнула ўдава. - Цi магла б я падумаць уранку... - Раптам яна заўважыла: - Яму ж нiхто не закрыў вочы...

- Можаце гэта зрабiць.

Сёстры пераглянулiся: а чый гэта абавязак?.. Разважыўшы, панi Турэ з урачыстым выглядам закрыла мужу вочы.

Прашаптаўшы: "Бедны Луi..." - яна звярнула ўвагу на чаравiкi нябожчыка, бачныя з-пад прасцiны, i адразу ж нахмурыла бровы.

- Што гэта?.. Хто надзеў яму гэтыя чаравiкi?

- Яны былi на iм, калi мы яго знайшлi.

- Не можа быць. Луi нiколi не насiў жоўтых чаравiкаў. Прынамсi, за ўсе дваццаць шэсць гадоў, што мы разам жылi. Ён ведаў: я такога колеру не дапусцiла б. Жанна, ты бачыла?

Сястра згодна кiўнула.

- Вы ўсё-такi падумайце, - сказаў Мэгрэ, - цi былi ў яго такiя адзежа i абутак... А можа, гэта не ён?

- А хто ж? Але чаравiкi не ягоныя. Я ж чышчу iх кожны дзень. Магла я запомнiць iх колер?.. Сёння ўранку на iм былi чорныя чаравiкi на двайной падэшве, ён надзяваў iх ца працу.

Мэгрэ адкiнуў прасцiну да канца.

- Палiто ягонае?

- Ягонае.

- А гарнiтур?

- Таксама. А гальштук - не. Ён нiколi не надзеў бы такога яркага гальштука. Гэты ж амаль чырвоны!

- Якi лад жыцця быў у вашага мужа?

- Сама мерны. Сястра можа пацвердзiць. Уранку ён ад'язджаў на працу, сядаў у аўтобус, ехаў да вакзала на цягнiк у восем семнаццаць. На Лiёнскiм вакзале ён спускаўся ў метро i выходзiў на станцыi Сэн-Мартэн.

Супрацоўнiк Iнстытута зрабiў Мэгрэ знак, i камiсар, зразумеўшы яго, падвёў сясцёр да другога стала, на якiм былi раскладзены рэчы, знойдзеныя ў кiшэнях у забiтага.

- Спадзяюся, вы пазнаяце гэтыя рэчы?

На стале ляжалi срэбраны гадзiннiк з ланцужком, насоўка без меткi, пачаты пачак цыгарэт, запальнiчка, ключ i, побач з кашальком, два сiнiя бiлеты.

- Квiткi ў кiно, - адзначыла панi Турэ.

Мэгрэ дадаў, зiрнуўшы на iх:

- Кiнатэатр "Навiны дня", бульвар Бон-Нувэль. Калi я не памыляюся, квiткi сённяшнiя.

- Не можа быць. Ты чуеш, Жанна?

- Цiкава, - адказала сястра.

- Будзьце ласкавы, гляньце, што там у кашальку.

Праверыўшы кашалёк, панi Турэ зноў нахмурыла бровы.

- У Луi не было столькi грошай уранку.

- Вы ўпэўнены?

- Я ж кожную ранiцу правяраю, цi ёсць у яго грошы. Ён нiколi не бярэ з сабою больш як тысячу дзвесце, тысячу трыста.

- Можа, ён сёння атрымаў грошы?

- Ды не, цяпер жа канец месяца.

- Калi ён вяртаўся ўвечары, у яго заўсёды заставалiся грошы?

- За вылiкам тых, што ён плацiў за метро i цыгарэты. А на цягнiк у яго праязны.

Яна не рашалася пакласцi кашалёк сабе ў сумку.

- Напэўна, ён вам яшчэ патрэбны?