170215.fb2
- Дзякую.
- Што мне рабiць з грашыма?
- Ты iх забраў?
- На ўсякi выпадак. Не мог жа я iх там пакiнуць.
- Звярнiся да свайго камiсара. Трэба абшукаць кватэру згодна з парадкам.
- Я ж...
- Не хапала яшчэ, каб нас абвiнавацiлi, што мы самi падкiнулi грошы!
- Выбачайце, я ж хацеў...
Мэгрэ кiнуў слухаўку i звярнуўся да iнспектара Таранса, якi сядзеў у гэтым, куды камiсар перайшоў, пакоi:
- Ты цяпер заняты?
- Нiчога тэрмiновага.
- Тады зайдзi да камiсара Антуана. Папрасi яго праверыць даныя па ўсiх крадзяжах у крамах на Вялiкiх бульварах прыкладна за два апошнiя гады, крадзяжах у час абедзеннага перапынку.
Мэгрэ вярнуўся ў свой кабiнет i адпусцiў iнспектара, якi пiльнаваў юнака.
- Я б не ўцёк, - з крыўдаю сказаў Жарыс.
- Магчыма. Але ты мог бы зазiрнуць у папкi. Мог бы?
- Мог. Але што вы збiраецеся рабiць са мною?
- Чакай.
Мэгрэ зiрнуў на гадзiннiк i прыкiнуў, што Монiка з Люка павiнны ўжо быць у чакальнi ў доктара.
- Вы пагарджаеце мною?
Камiсар пацiснуў плячыма.
- Мне нi разу не пашанцавала ў жыццi.
- У чым?
- Нi разу не ўдалося вырвацца.
- Адкуль?
- Я бачу, вы мяне не разумееце. - У голасе ў Жарыса нарастала раздражненне. - Калi б вам давялося вырасцi ў доме, дзе толькi i гаварылi што пра грошы... А мацi трэсцiся пачынала пад канец месяца...
- У мяне не было мацi...
Хлопец змоўк.
Мэгрэ пастаяў ля акна, спiнаю да затрыманага, пазiраючы на кроплi дажджу, што сцякалi па шкле. Потым, пахадзiўшы па пакоi, рашуча адчынiў шафу. Спаласнуўшы шклянку, налiў каньяку.
- Ты, я думаю, - запытаўся ён у Жарыса, - не хочаш пiць?
- Дзякую. Не.
Аднак Мэгрэ i сам не стаў пiць, паставiў шклянку назад у шафу.
Хлопец ледзь трымаўся, каб не заснуць. Шчокi ў яго пачырванелi, павекi прыпухлi. Ён пачынаў ужо пагойдвацца.
- Калi-небудзь, можа, з цябе ўсё-такi выйдзе чалавек, - задуменна сказаў ён, гледзячы на Жарыса.
Пачулiся крокi ў калiдоры. Два чалавекi: мужчына i жанчына.
Мэгрэ адразу здагадаўся, што гэта Люка i Монiка. Трэба было вырашыць: прымаць дзяўчыну ў кабiнеце або ў суседнiм пакоi.
Убачыўшы Жарыса, Монiка сутаргава прыцiснула да сябе сумку, застыла i раз'ятрана зiрнула на камiсара.
- Ты звадзiў яе да доктара? - спытаўся Мэгрэ.
- Спачатку яна не хацела, але я...
- Вынiкi?
Жарыс адразу ўскочыў, гатовы кiнуцца дзяўчыне ў ногi i прасiць прабачэння.
- Зусiм яна не цяжарная. I нiколi ёю не была.
Жарыс не верыў сваiм вушам. Напэўна, цяпер ён лiчыў камiсара сама жорсткiм з людзей.
Тым часам Мэгрэ зачынiў дзверы i прапанаваў дзяўчыне сесцi.
- Што вы можаце на гэта сказаць?
- Я думала...
- Вы думалi...
- А што вы пра гэта можаце сказаць. Вы ж не жанчына.
Павярнуўшыся да Жарыса, яна сказала:
- Клянуся табе, я сапраўды думала, што зацяжарала.