170215.fb2 Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

- Мы прадоўжым гаворку на вулiцы, - сказала яна, сабраўшыся.

Камiсар узяў валiзу.

- А вы галантны кавалер!

Яны спусцiлiся ўнiз. Дзверы ў гасцёўню былi адчыненыя. Гаспадыня замерла на парозе.

- Ты куды? - з трывогаю запыталася яна ў Арлеты.

- Туды, куды павядзе камiсар.

- Вы яе арыштавалi?

Больш гаспадыня нi пра што не запыталася. Праводзiўшы Мэгрэ з Арлетаю позiркам, яна падышла да акна i адсунула штору.

Мэгрэ ўпiхнуў валiзу ў машыну i сказаў Лапуэнту:

- Я прышлю каго-небудзь на змену. Прыходзь адразу ў бар на плошчы Рэспублiкi.

- Добра, шэф.

Потым Мэгрэ аддаў загад шафёру i пайшоў з Арлетаю.

- Дзе цяпер Марка? - запытаўся камiсар у яе ўжо ў бары, заказаўшы два аперытывы.

- Не ведаю. Калi вы прыйшлi да нас упершыню, гаспадыня папрасiла мяне пазванiць яму i сказаць, каб ён болей не прыходзiў i не званiў ёй, пакуль яна сама не акажацца.

- Калi i адкуль вы яму званiлi?

- Праз паўгадзiны пасля таго, як вы пайшлi, з рэстарацыi на бульвары Вальтэра.

- Вы гаварылi з iм асабiста?

- Не. Я патэлефанавала Фелiксу, афiцыянту з бара "Покер Дас" на вулiцы Дуэ.

- Марка не аказваўся?

- Не. Яна страшэнна нервуецца. Яна старэйшая за яго гадоў на дваццаць i падазрае, што ён падгульвае.

- Грошы ў яго?

- Не ведаю. Але ён прыходзiў таго дня, калi забiлi пана Луi.

- А якой гадзiне?

- Каля пяцi. Яны зачынiлiся ў яе ў пакоi.

- А гаспадыня заходзiла ў пакой Турэ?

- Магчыма. Я не звярнула ўвагi. Ён прабыў у яе прыкладна гадзiну i пайшоў, я чула.

- Хто-небудзь з вас звязваўся з iм пасля па просьбе гаспадынi?

- Не. Яна чакала, што за намi будуць сачыць.

- I што тэлефон могуць праслухоўваць, таксама падазравала?

- Яна аб усiм здагадалася, калi вы пакiнулi люльку. Ёй палец у рот не кладзi. Я яе не надта люблю, але ўсё-такi мне яе шкада. Яна шалее праз яго. Гэта ўжо хвароба.

Калi прыйшоў Лапуэнт, яны ўжо спакойна гаманiлi аб нейкiх драбнiцах. Ён сеў, не падымаючы вачэй на дзяўчыну, - яна ж разглядвала яго, усмiхаючыся.

- Зараз ты адвядзеш гэтую прыгажуню ў якi-небудзь цiхi гатэль i здымеш два сумежныя пакоi. Шукай непадалёк. Калi ўладкуешся, патэлефануй. Глядзi, каб яна нi з кiм не сустракалася i не выходзiла з нумара.

Калi Лапуэнт з Арлетаю выйшлi з бара, камiсар усмiхнуўся: нельга было зразумець, хто каго вядзе, гэтак Лапуэнт заглядваўся на дзяўчыну.

Мiнулi два днi.

Афiцыянт Фелiкс з бара на вулiцы Дуэ раптам знiк. Знайшлi яго на кватэры ў сябра. Ён вытрымаў доўгi начны допыт, але ўранку прызнаўся, што ведае Марка, i сказаў, дзе яго шукаць.

Марка ўцёк з Парыжа i хаваўся ў начлежным рыбацкiм доме.

Ён двойчы стрэлiў, перш чым яго схапiлi, але нiкога не паранiў. Грошы Турэ ён хаваў у поясе, якi яму пашыла Марыета Жыбон.

Ужо ўвечары таго дня, напiсаўшы рапарт суддзю Камельё, Мэгрэ згадаў дома пра Арлету з Лапуэнтам i ляпнуў сябе па лобе.

- От чорт, забыўся!

- Што-небудзь важнае? - запыталася панi Мэгрэ.

- А, думаю, што не. Ужо позна, i лепей паправiць гэтую справу ўранку, усмiхнуўся ён.