170215.fb2
- Здаралася.
- Часта?
- Не. Рэдка.
- Вы заходзiлi да яго ў краму?
Дзяўчына вагалася.
- Мы сустракалiся ў рэстарацыi.
- Вы тэлефанавалi яму?
- Нiколi.
- Калi вы абедалi з iм апошнi раз?
- Некалькi месяцаў назад. Да адпачынку.
- Дзе?
- У "Эльзасе". Гэта рэстаранчык на Севастопальскiм бульвары.
- Ваша мацi ведала пра гэта?
- Не памятаю. Думаю, я ёй казала.
- Ваш бацька быў вясёлы чалавек?
- Вясёлы. Ва ўсякiм разе, на маю думку.
- А здароўе ў яго было добрае?
- Ён нiколi не хварэў.
- Сябры ў яго былi?
- Мы бывалi пераважна ў маiх цётак i дзядзькоў.
- Яны жывуць у Жувiзi?
- Так, непадалёк ад нас. Дзядзька Альбэр, муж цёткi Жанны, i сказаў мне, што бацьку забiлi.
- I шмат iх у вас?
- Дзве цёткi i два дзядзькi. Цётка Сэлiна з дзядзькам Жульенам жывуць трохi далей. Дзядзькi абодва чыгуначнiкi.
- Панна Монiка, а цi сустракаецеся вы з якiм-небудзь маладым чалавекам?
Дзяўчына сумелася.
- Не будзем зараз пра гэта. Мне трэба паглядзець на бацьку?
- Вы што маеце на ўвазе?
- Як я зразумела з дзядзькавых слоў, мне трэба будзе апазнаць цела.
- Ваша мацi i цётка зрабiлi ўжо гэта. Але, калi вы хочаце...
- Не. Я ўбачу яго дома.
- Пачакайце яшчэ трохi, панна Монiка. Вам прыходзiлася сустракаць вашага бацьку ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?
- У жоўтых чаравiках? - паўтарыла яна задуменна.
- Не зусiм жоўтых, хутчэй бэжавых. У мой час, даруйце за выраз, такi колер называлi "дзiцячым паносам".
- Нешта не памятаю.
- А чырвонага гальштука на iм не заўважылi?
- Не.
- Вы даўно хадзiлi ў кiно?
- Учора пасля абеду.
- У Парыжы?
- У Жувiзi.
- Не буду вас больш затрымлiваць. Думаю, вы зможаце сесцi на цягнiк...
- Праз трыццаць пяць хвiлiн.
Яна паглядзела на гадзiннiк, узнялася, але не пайшла адразу, а затрымалася на iмгненне.
- Да пабачэння, - сказала яна нарэшце.
- Да пабачэння, панна. Дзякую вам.
Мэгрэ праводзiў дзяўчыну i зачынiў за ёю дзверы.
2. ПАННА "IЛЬВIЦА"
Мэгрэ, сам не ведаючы чаму, заўсёды вылучаў участак Вялiкiх бульвараў памiж плошчаю Рэспублiкi i Манмартрам. Уласна кажучы, гэта быў ягоны квартал. Сюды, у кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, непадалёк ад тупiчка, дзе забiлi Луi Турэ, ён пешшу, пад руку са сваёй жонкаю, заходзiў амаль кожны тыдзень. Побач, якраз насупраць кiнатэатра, была пiўная, дзе ён любiў перакусiць сасiскамi з капустаю.