17294.fb2
Юрка падаўся ўжо ўнiз па Падгайнай у тым кiрунку. Але тут, з-за наступнае павароткi, за квартал, выйшаў, iдучы на яго, нейкi чалавечак iз хлопчыкам за руку. У хлопчыка ў другой руцэ - сьцяжок. Чалавечак у сiнiм гарнiтуры, у сiнiм-жа капялюшы, дзiвацкiм нейкiм, абведзеным шэрым пакручастым шнурком, зь нейкiм выгнутым пяром адзадзя. I хада сьмяхотная, урозваль, як качка. Але, качка - гэта-ж i есьць ён, "Качка" на мянушку - той Юркаў школьны сябрук Юшка Кiпець, ён-жа й раней жыў на гэтай Падгайнай, па той бок могiлак. Юрка ўспомнiў-жа быў на яго ўжо сяньня, а тады нек забыўся. Ну але, ён, i тая-ж знаёмая хада, i звычай да дзiвацкага выгляду - усе заўсёды мелi яго за дурнаватага. Але цяпер Юрка ўзрадаваўся гэтай "Качцы", як нейкаму свайму роднаму, даўно нябачанаму, можа навет ужо самому таму, каго й шукаў якраз. А пэўна-ж, ён-жа павiнен ведаць i гэта - на аднэй-жа вулiцы, цi хоць паможа баржджэй даведацца. I Юрка шпарка пайшоў напярэймы.
- Чалавек iзь цябе, - угаворваў нешта "Качка" малому, якi быў зусiм, што называецца, "скуксiўшыся".
- I зь цябе-ж чалавечына! - гукнуў яму, падыходзячы, Юрка. Той прыстояў, глянуў сваймi бескаляровымi нейкiмi вачыма, разьзявiўся, i Юрка мусiў усьмiхнуцца мiжволi, успомнiўшы яшчэ й гэтую ягоную сьмяхотную звычку.
- Галушка-а? Юрка? Ты гэта цi ня ты? - усьцешыўся быццам-бы й Качка.
- Таксама, як гэта - ты...
- А братачка, дай-жа пацалуемся, цi што... Гэтак даўно цябе ня бачыў, - i яны шчыра тройчы перацалавалiся.
- Дзе-ж ты цяпер, адкуль? - iзноў загаманiў "Качка", зрэшты, тут-жа ня даўшы сябру адказаць, iз чаго той быў вельмi здаволены, не гатовы адразу адказваць на гэткiя пытаньнi. - Ну, i добра, тут страх як патрэбныя людзi, наскiя людзi, разгортваем такое - такое, што й ня сьнiлася раней. - I ён змоўк, аглядаючы Юрку, як i той яго, далучыўшы ўжо да дзiвацкiх падрабязнасьцяў "Качкавага" ўбраньня сiнi "мятлiк" пад каўнерыкам, як насiў калiсьцi адзiн зь iхных настаўнiкаў, чалавек старамодны, i маленькi пярэсты нейкi "мятлiчак" на штрыфлi марынаркi. Той малы, што трымаўся ўсё за "качкаву" руку, таксама разглядаў Юрку, уторкнуўшы тымчасам у губу палачку свайго сьцяжка, чырвонага, зь белым кругам пасярэдзiне, у якiм - чорная свастыка. Юрку аж крыху здрыганула ад гэтых фашыстаўскiх эмблемаў, як сяньня ранiцой, калi пабачыў быў упяршыню нямецкага жаўнера на варце ля руiнаў iхнае школы усё няпрывычка яшчэ...
- Куды ўвабраў у рот, усякае... - засварыўся "Качка" на малога, зацяўшыся, аднак, перад дакладнейшым азначэньнем да "ўсякага" i дадаўшы толькi: Смактун! Бягай сам дадому, скажы маме - зараз iду. - Малы пабег. - Вадзiў глядзець на дэманстрацыю, - растлумачыў "Качка", i Юрка ўспомнiў, што й на гэтым-жа баку таксама ўрачыста абходзiцца травенскае сьвята. - Га, ты-ж ня ведаеш яшчэ - узяў сабе жонку, праўда, з гэтым во "пасагам". Ды дармо, хоць не свае, а ўсё-ж даваеннае вытворчасьцi. Дурнаваты яшчэ малы.
"Цiкава, цi паразумнеў-жа большы?" - мiжволi падумалася Юрку, але ўголас ён, як i трэ было, як умеў i мог, ветла й вясёла сказаў:
- Дык-жа вiншую шчыра з такой падзеяй.
- Можна, - згадзiўся "Качка", - баба ёмкая, добрая, слаўная баба... А ты як - "ледзiх"? - спытаўся ён нейкiм незразумелым Юрку, пэўна, нямецкiм словам, ды адразу зарагатаў: - А памятаеш, як усе, цэлая кляса, былi ўкляпаўшыся ў гэтую Верку? Ну, i я, пэўна-ж... Але вы ўтрох - дык найбольш, - i тут-жа спахмурнеў: - Бедная! Ты-ж учора ня быў? Вунь што нарабiлi, свалачуны! - казаў ён, паказваючы на руiны й папялiшчы вакол. - Вера-ж жыла цяпер iз маткаю тут, вунь гэнам. Толькi выскачылi з дому, а ён якраз туды пачаў клеiць, i цi адну ўзапар... Дык усiх - на кавалкi... Сягоньня рана зьбiралi, складалi... Заўтра хавацьмем усе ахвяры разам...
Як ён гаварыў, усё зноў, толькi цяпер ужо нек пакрысе, паступова абрывалася ў Юрку. I ня верылася яшчэ, бо не хацелася верыць пасьля кагадзешнiх такiх надзеяў, i балюча-ясна было: усе яны канчальна цяпер страчаныя. Можна, пэўна, паглядзець на складзеную з кавалкаў? Не, лепш ня трэба, нi сяньня, нi заўтра, на пахаваньнi...
- Так, браце, - сумна цягнуў "Качка", спасьцярогшы, пэўна, Юркаў стан, хоць i без таго, ведама, каб праняцца ўсёй глыбiнёй ягонага болю, а расцэньваючы пасвойму, - разумею. Ну, я вылячыўся ад таго, дый мне шкада вучылiся-ж разам. Ды цi адную яе - колькi людзей накрышылi, гады! Жартачкi самалётаў iз трыццаць, як машкара, на гэткi то горад...
"Значыцца, кажны з нас у iхным сполаху ў дзесяць вырас", - невясёла думалася Юрку. Зрэшты, ён, Юрка, - ня толькi за дзесяць - за сто, за тысячу нарабiў адзiн, бо - такое-ж, зусiм непапраўнае... За тысячу "гадаў", "свалачуноў"...
"Качка" маўчаў, а за часiну станоўка заявiў:
- Ну, пайду, бывай здароў. Як адыйдзеш ад гэтага, заходзься як падвечар, пагаворым. Ведаеш-жа, дзе - там, дзе й жыў, - i "Качка" паказаў яшчэ рукой у тым кiрунку. Але Юрку здалося цяпер найстрашнейшым застацца зноў самому аднаму. Ён узяў Юшкаву руку, пададзеную на разьвiтаньне, i затрымаў яе. У яго зьявiлася раптам думка пашукаць хоць якога, на часiнку, адхланьня.
- Цi няма тут, каб дзе выпiць?
- Уга, чаму не, гэтага цяпер у нас усюды, - ажывiўся тут i "Качка". Вось, якраз недалёка, за рогам кнайпа.
Iзноў было незразумелае слова, але лёгка можна было здагадацца - пэўна-ж, карчма.
- Дык можа пайшлi-б разам? Адзначым нашае спатканьне i твой "законны" цi незаконны, ня ведаю, як там у вас, - запрапанаваў Юрка, спрабуючы жартаваць сваiм звычаем, ды цяпер навет у голасе была адна нацягнутасьць i штучнасьць..
- I за Верачкiнае душачкi вечны супакой... Дый сьвята якраз - шмат прычынаў складаецца, дык хiба - можна! - згадзiўся Юшка. Ён зусiм не спасьцярог дурное нетактоўнасьцi таго свайго ўспамiнаньня пра Веру, а Юрку гэта адразу абурыла так, што ён ледзь не размахнуўся ўжо, каб згарачага "качануць" гэтую, плюгавую яму раптам, "Качку". Якое ён мае права кпiць iз гэтага так, якое меў i мае права наагул да Яе - да Веры - кранацца сваiм дурным, "каччыным" тупаслоўем? Але-ж сам ён, Юрка, цi ня меншае яшчэ права мае цяпер? Забойца... I, ня ўзьняўшыся, мусiла апусьцiцца рука, хоць жаданьне даць усё-ж "у мызу" гэтаму iдыёту, проста так, залегла нейдзе ў глыбi.
Як праходзiлi паўз могiлкi, Юшка зноў загаманiў.
- А на могiлкi колькi ўсадзiлi - i чаго? Нябожчыкам ужо быту не даюць, ня тое, каб жывым. I ведаеш, якая здарылася праява? Памятаеш-жа, атруцiўся калiсьцi наш хэмiк, а мы злажылiся й паставiлi яму на магiлцы помнiк iз чырвонаю зоркаю? Дык бомба якраз акуратненька адбiла да лiха гэную зорку. Значыцца, вось якi знак! Праява, цуд, Божы цуд!
"Цаляў у крыжык, а лучыў у савецкую зорку - таксама знак?" - I Юрку прыкра прыгадалася ягонае ўчарайшае дарэмнае паляваньне на "крыжык", i як нядобра зрабiлася раптам тады...
- А ты што, верыш у цуды? - спытаўся ён, успомнiўшы, што ў школе-ж гэты "Качка" быў "упаўнаважаным" "Бязбожнiка". Праўда, што ўся ягоная "работа" палягала вылучна бадай на зьбiраньнi сяброўскiх складак...
- А як-жа, што ты, увяраю. Мае бацькi заўсёды былi "рэгiлiёзныя"...
"Скончыў дзесяцiгодку, а й такога слова правiльна ня вымавiць", мiльганула ў Юркi.
- ...i мяне, хоць крыючыся, а так гадавалi. Дый, падумаўшы-ткi, нешта ёсьць...
"Нешта ёсьць", - прыгадалася зноў учарайшае Юрку.
- Нешта й тут знойдзем, ня можа быць, - ня даў далей думаць "Качка", адчыняючы дзьверы ў нейкi цёмны калiдорчык. - Форзыхт, прыступкi! Налева!
Яны ўвайшлi ў поўную людзей, дыму, чаду й п'яное гаманы "кнайпу".
XI
Юрка адразу выпiў адным духам поўную шклянку нейкае, мусiць, самагонкi, даволi-ткi гадкае на смак. "Качка", хоць i дужа хвалiў яе перад гэтым i, вiдаць, вельмi хацеў дараўнавацца ў выпiвацкiм гэройсьцьве Юрку, адужаў усяго ледзь палавiну. Закусiлi кiслай капустай, ужо, праўда, вельмi смачной, як умеюць яе квасiць хiба што толькi ў нас у Беларусi.
Гарэлка анi не ўзяла Юрку, i ён моўчкi, панура разглядаўся па "кнайпе" i ейных гасьцёх, хоць за густым, ядучым дымам разнастайнага тытуну ваеннае прадукцыi й цяжка было каго цi што разгледзець. Паўтарылi яшчэ. "Качка", падплятаючы ўжо крыху языком, пачаў "раскрываць сваю душу" перад Юркам. Цяпер ён канчальна стаецца вынаходнiкам - ягонае, яшчэ школьнае лятуценьне, хоць якраз фiзыка давалася яму ў школе туга, i як сьлед "вынаходнiк", пэўна, i цяпер яе ня ведаў ды ня мог-бы даць рады з прасьценькiм разьлiкам. Ды дармо у яго ўжо разьлiчаны й зусiм распрацаваны такi вынахад, такi вынахад... Поўны пераварот у сьвеце, а найперш - у гэтай вайне. Борздая перамога новай Эўропы над бальшавiзмам, над плютакратамi, а адкуль? Зь Беларусi, якая тым самым заваюе сабе першае месца ў гэтай новай Эўропе. А патэнт у каго? У Беларусi, у Юшкi Кiпця ў руках. "У кiпцях", - панура мiльганула ў Юркi, баржджэй ад прывычкi да гульнi словаў, i ён таксама паглядзеў на "Качкавы" кiпцi з густой чорна-сiняй "жалобай" пад iмi... Але-ж, жалоба - гэта ў яго, у Юркi, запраўдная жалоба, чорна-чорная...
А "вынаходнiк" хвалiўся далей, што пачаў ужо будаваць мадэль свайго нязвычайнага вынахаду. Праўда, тугавата з гэтым - вайна, правiнцыя, няма патрэбных частак, матар'ялаў, майстроў... Юрка слухаў яго зусiм бязуважна, горка думаючы пра тую сваю жалобу, i "Качка" мусiў нагнуцца да яго блiзенька, узяць за штрыфлi марынаркi й адкрыць яму ўжо сакрэт, калi таму так ужо цiкава, хоць цiкавасьць гэтая анiчым яшчэ ня выявiлася, а баржджэй наадварот, пачынала паказвацца абрыджонасьць. I Юрка моўчкi, але станоўка, адчапiў Юшкавы пальцы-кiпцi ад сваiх штрыфляў. Ну, калi Юрка ўжо так хоча, дык яму скажацца: гэта мае быць - груба кажучы, толькi груба, як ляiку - вялiзарны магнэс, якi мамэнтальна прыцягвае да сябе, ськiдае далоў на зямлю самалёты. Га, што за штучка? Адразу перамога на тым баку, якi будзе мець гэткую машыну: ворагавая авiяцыя спаралiжаваная, свая дзеiць бесьперашкодна, i ўсё ў шапцы. А тады Юшка возьмецца за другi, яшчэ большы вынахад, якi ў iдэi ў яго зусiм гатовы й прынясе шчасьце ўжо цэламу, чалавецтву, ды зноў-жа - з рук Беларусi, зь ягоных, Юшкавых рук... Гэта няпраўда, што вечны рухавiк - "пэрпэтуй мабiль", сказаў "Качка" - немагчымы. Ён давёў адваротнае, усё выходзiць... А тады ого, тады! Тады Юшку даецца ўся ўлада ў рукi - ну, значыцца, пiшацца паперка, што ўся ўлада - Юшку, i ён уладжвае ўсё пасвойму. Трэба мець толькi ўладу, ну, паперку, i ўся маса пойдзе за табою. Калi адразу й ня надта захоча йсьцi можна крышку й падашукаць, як бальшавiкi ў сямнаццатым годзе...
Юрка ўсёроўна ня слухаў, i "Качка" крыху перасьцiх. Але неўзабаве, выснаваўшы, мабыць, iз свайго разумаваньня над прычынаю Юркавае бязуважнасьцi да такiх цiкавых пытаньняў, ён выпалiў:
- Начхнi ты на гэтую Верку, браце. I яна зусiм спэцкалася была апошнiм часам, iз палiцыянтамi круцiць пачала, i гэта не з адным, а з двума адразу...
- Вера? - пракруцiў ацяжэлым, яму здавалася - толькi цяпер, языком Юрка. У яго зноў уздымалася аднекуль iз глыбi залеглае там яшчэ раней жаданьне таксама цяжка аплявушыць гэтага болбатня.
- Ну але. Вунь, адзiн зь iх цi не сядзiць у тэй кумпанii, - "Качка" паказаў галавой у кут. Юрка зiрнуў туды. Там сядзелi й гаманiлi ўсе адразу, мусiць, добра ўжо пацягнуўшы, нейкiя маладыя хлапцы ў чорнай, вайсковага тыпу ўнiформе. "Дык гэта такiя ў iх палiцыянты, - падумалася Юрку, - добра ведаць!" - хоць ён i ня мог-бы вытлумачыць, чаму гэта яму "добра ведаць". I раптам Юрка прыцягнуў ужо "Качку" за штрыфлi, як той Юрку перад тым, толькi мацней, i пачаў, i сам ня ведаючы наперад, што скажа й што так - i перад кiм? прагаворыцца:
- А ты... ведаеш, адкуль я й чаго?
- Ну-у? - аж спалохаўся i, так i застаўшыся разьзяўленым, працягнуў "Качка". Ён успомнiў, што праўда, пытаўся аб гэтым Юрку, але цi не дачакаўся адказу, цi забыўся...
I Юрка, ня зусiм гладка ўжо i зь перапынкамi, зь пераскокамi, проста ў Юшкаву разьзяўленую губу - як-бы той мусiў слухаць i чуць ёй, а ня вушыма, вылажыў усю праўду аб сваiх учарайшых i сяньняшнiх прыгодах.
- Iдзi ты! - толькi працягнуў, усё яшчэ ня верачы, "Качка".
- То-ж бо й то, што няма цяпер, зусiм няма куды йсьцi, - працадзiў Юрка й змоўк. Абодва нейкi час маўчалi. "Качка", вiдаць, стараўся ператравiць такую неспадзяваную й адразу неверагодную, а разам iз тым - чаму не праўдападобную? - Юркаву гiсторыю.
- Дык кажаш, iз парашутам - дальбог? - працягнуў ён нарэшце. Юрка толькi моўчкi i ўжо зусiм пап'яному целяпнуў галавой. Iзноў маўчалi. Тады "Качка" раптам пачаў ёрзаць на сваiм месцы, а далей устаў i ўзяўся за капяляюш.
- Дык я... тут зараз... нешта капуста пушыць. Ты пачакай гэтта, - ён панёс капялюш да галавы, але, не данёсшы - вiдаць, раздумаўшыся, апусьцiў i паклаў на свой услон. - Хай гэта тут... будзе занята, як хто - скажаш: "Бэзэц!" Я вомiрг! - Юрка зноў целяпнуў галавой, i "Качка", з павялiчанай яшчэ больш цяпер амплiтудай свае валюхатае хады, паплыў да выйсьця, манэўруючы мiж п'янымi й яшчэ цьвярозымi.
Юрка выпiў яшчэ шклянку, i цi ад яе, цi ад рэзкае кiсьлiнi закускi капустаю - пачаў нёк iзноў цьвярозець. Чорт пацягнуў яго за язык перад гэтым боўдзiлам! "Пайшоў даносiць, няйначай, - мiльганула ў яго. - Зараз прывядзе гэтых палiцаяў цi так як... Мо заробiць што для свайго магнэсавага "пэрпэтуя". - Ну, i няхай, - iзноў апанавала бязуважнасьць, - няхай бяруць, калi так. Пачакаем!" - I ён выпрастаўся на сваiм месцы, ськiраваўшы пагляд туды, куды адплыў "Качка". Але рука ўсё-ж сьцiснула, i моцна, дармо, што п'яны рэвальвэр у кiшэнi.
"...А Вера, кажа, з палiцыянтамi... "Па руках пайшла"... Значыцца, запраўды дрэнь, i цi варта"... - цяжка варочалiся думкi. Але тут-жа абураўся сам на сябе за такое думаньне: "Як важышся так, забойца?!" I няхай-бы сабе была, хоць-бы сабе й з палiцыянтамi гуляла, няхай... А цяпер якраз-бы ён, Юрка, шась - i, пэўна, яна тых палiцыянтаў - вон, па баку, адстаўка! Пэўна-ж, ён - лепшы... "Лепшы" - забойца...
Дзе-ж той "пэрпэтуй", чаму ня йдзе, не вядзе?