17324.fb2
- Хата прыбрана да Каляд, - паведамiў Анатоль. - Апошнi з гаспадароў памёр у XIX стагоддзi. А потым, хто нi пасяляўся тут, цi памiраў, цi дурнеў. Хату будавалi па старажытным звычаi: гаспадар мазаў вуглы сваёю крывёю, каб тут жылi толькi ягоныя родзiчы...
- Пайшлi адсюль! - пiснула Галя.
- А я вось застануся тут на ноч! - расхрабрыўся Мiкола. - Потым раскажу вам, можа, сюды прывiды з'яўляюцца?
Зацiкаўленыя хлопцы i дзяўчаты пагадзiлiся з ягоным рашэннем.
Лес рэдкi, у асноўным кусты альшанiку, танклявыя грабы ды арэшнiк. Сям-там - бярозкi. Мiж дзвюх палатак вiхляе вузкая сцяжынка. Iрэна кладзецца на жывот i вуснамi знiмае кропельку расы з пялёсткаў маленькай ружовай кветачкi. Босыя ногi дрыгаюць у паветры, побач валяюцца кеды. Антось запускае ў дзяўчыну валанчыкам ад ракеткi i запрашае пагуляць з iм. Яна адмоўна, з лянотаю, круцiць галавою i любуецца на Сцяпана, якi коле дровы для вогнiшча.
- Заўтра будзе добрае надвор'е, - кажа Аленка Антосю, - раса нанач...
Той кiвае ёй i падае ў руцэ сунiцы.
- Частуйся, не сумуй! - усмiхаецца ёй. - Табе яшчэ будзе шчасце!
Яна дзякуе. З асалодай адчувае ў роце смак пахучых ягад - нават есцi шкада.
Галя сядзiць ля палаткi i зашывае Анатолевы штаны.
- Эй, а чаму твой заплечнiк тут? - пытаецца ў яе Анатоль.
- А хiба мы не ў адной палатцы будзем?
- Не, не ў адной! - адносiць яе заплечнiк да другой палаткi Анатоль. - Я вяду групу, i мне зараз не да цябе! Са мною ў палатцы будзе Iрэна!
- А мы што, усе будзем у адной цiснуцца? Шэсць чалавек? - ускiпела Галя.
- Не шэсць, а пяць, - паправiў яе Анатоль. - Мiкола сёння ў музейнай хаце начуе...
- Гэта ж несправядлiва, Анатоль! - падышоў да яго Антось з ракеткаю ў руцэ. - Вас будзе ў палатцы двое, а нас - пяцёра!
- Законаў турызму не ведаеш! - кiнуў Анатоль. - Кiраўнiк паходу заўсёды спiць у асобнай палатцы!
- I бярэ да сябе любую кралю? - засмяяўся Антось.
Сцяпан у гэты момант закончыў секчы дровы, але ў спрэчку не лез, моўчкi пачаў распальваць вогнiшча. Дарэмна чакала Iрэна, як ён на ўсё адрэагуе.
Праз сон Мiкола пачуў, як нехта закашляў на печы, глуха, па-старэчы. Спачатку ён падумаў, што гэта ягоны бацька. Працёр вочы i ўспомнiў, што ён не дома, а ў чужой хаце, у музеi. Навокал панавала цiшыня, нават у вушах звiнела. У маленькае акно свяцiла поўня. Мiкола глянуў на покуць. Там вiселi абразы, гарэла лампадка. "Якая лампадка? - падумаў ён. - Не было нiякай лампадкi вечарам!"
Надзiва светла было ў хаце. Бразнула клямка. Адчынiлiся i зачынiлiся дзверы ў пакой. Стукнулiся адзiн аб адзiн вiлачнiкi ля печы.
- Ай, Стэфка! - заварочаўся нехта на печы. - З самага ранку топчашся! Дай мне паспаць!
- Спiце, мама, спiце! - адказаў жаночы голас. - Казiк каня запрагае ў поле. Трэба нешта яму сабраць. Хутка дзецi прачнуцца!
Насцеж расчынiлiся дзверы з сяней. Пачулiся дзiцячы гоман, валтузня... Дробны пошчак маленькiх ножак па ўсёй хаце... Стук лыжак аб стол...
- Чэсiк! Не лезь першы па бульбу! - заверашчаў зычны дзявочы галасок.
Пачулiся цяжкiя крокi па хаце.
- Зноў аброць закiнулi! - абурыўся мужчынскi голас. - Стэфа! Налi ў слоiк кiслага малака. Духата зранку!
Мяккая вадкасць плёхнулася на дно пасудзiны...
Потым наступiла цiшыня. Некуды знiк месяц. Праз шчылiну адчыненых дзвярэй пранiк сноп цьмянага святла. На парозе застыў маленькi светлагаловы хлапчук з кучаравымi пышнымi валасамi.
- Тата! - радасна закрычаў ён i працягнуў да Мiколы рукi.
- Iдзi адсюль! - падаў нехта няветлiвы голас з печы. - Ужо пеўнi спяваюць!
Мiкола адчуў, што валасы на галаве становяцца дыбам. Праз нейкi момант пачуўся ранiшнi спеў першага пеўня...
- Баранавiцкi раён! - ускрыкнула Галя амаль на ўвесь аўтобус. - Зараз будуць Петкавiчы, радзiма першадрукара Iвана Фёдарава.
Анатоль таўкануў яе ў бок: "Маўчы, непрыстойна!", але яна не сунiмалася, павярнулася на сядзеннi назад, да сяброў, i паведамiла:
- А даведалiся, што ён быў з Беларусi, праз ягоны герб, якi знойдзены ў архiвах Кракава. Iван Фёдараў быў шляхцiц з роду Рагазоў...
Яна павярнулася да Анатоля, i ён шапнуў:
- Выйдзем у Баранавiчах - i адразу да маёй цёткi!
- Я хачу наведаць спачатку Пакроўскую царкву! - не пагадзiлася Галя. - У яе падвалах знаходзяцца мазаiчныя вiтражы, якiя рыхтавалi выдатныя майстры жывапiсу ў часы Рэчы Паспалiтай, расейскiя i беларускiя мастакi...
- Мне перад жанiцьбай вельмi важна, што скажа мая цётка пра цябе! - заявiў Анатоль. - А вiтражы пачакаюць!
- I сапраўды, у гараскопе правiльна сказана: усе Панны - прыдзiрлiвыя! адвярнулася ад яго Галя, але ўрэшце потым згадзiлася з Анатолем.
...Цётка Людвiка аказалася дзябёлай адзiнокай жанчынай, якая жыла ў цеснай аднапакаёвай кватэры. Яна запрасiла Анатоля з Галяй у вузкую кухню i, ледзь прасоўваючыся памiж ракавiнай, халадзiльнiкам i кухонным сталом, на ўсе лады расхвальвала Анатоля, войкала, завiхалася, збiраючы на стол. Анатоль запалiў, выпусцiўшы клубок сiвога дыму цётцы ў спiну.
- Хоць мужчынам запахла! - закрактала цётка Людвiка. - Люблю дым...
Галя ж напружана назiрала, як на канцы цыгарэты нагарае слупок попелу, i разважала, куды яго дзене Анатоль. Той павольна скiнуў яго на падлогу.
- Зноў, як бацька! - незадаволена шапнула яму Галя.
Анатоль строга глянуў на яе i пачаў есцi бульбу з салам. Цётка Людвiка прымасцiлася побач.
- А вы не будзеце снедаць з намi? - пацiкавiлася Галя.
- Я на дыеце, - паскардзiлася тая. - Сэрца балiць, нельга тлушчу ўжываць, малачко вось п'ю...
З'еўшы скварку, Анатоль зноў салодка зацягнуўся цыгарэтай.
- Ты паеш спачатку, а потым палi! - заўважыла Галя.