17324.fb2
- Ты ж яго не кахаеш...
- А што мне дало тое каханне? Дрыжала пры кожным званку тэлефона, бегла на кожны званок у дзверы... Хадзiла як апантаная за iм следам... А цяпер Дуброўскi! Ён нават не захацеў майго цела!.. Я нiкому не патрэбна, нiкому...
- Чым табе спадабаўся Дуброўскi? - здзiвiлася Аленка.
- А хiба ты сляпая? - усклiкнула Iрэна. - Адна толькi ты сляпая, бо ў свайго дурня Мiколу закахалася! Дуброўскi - мужчына з шармам, старэйшы за мяне, а значыць, мудры, спагадлiвы, разумны! Хiба твой летуценнiк Мiкола раўня яму?
- Лепшага за Мiколу нiкога няма, - адказала Аленка. - Ён прыгожы, рослы, вясёлы... А як iграе на гiтары, складае вершы!..
- Не для цябе ён, Аленка! Ён - пусты, павер мне, пусты! Не вер бутафорыi, знешнасцi, згадай паэта: "Так что же есть такое красота и для чего ее обожествляют люди? Сосуд она, в котором пустота, или огонь, мерцающий в сосуде?" А Дуброўскi - агонь!..
- Навошта ж табе тады Сцяпан, гэты бугай калгасны? Прага да цела пройдзе, i вы застаняцеся чужымi. Самае страшнае - пражыць свой век з чужым чалавекам! Ты адна там будзеш, як сасна на Поўначы, сасна, якая любiць сонца... Табе патрэбна залатая аправа, Iрэначка!..
Але сяброўка ўпарта скрывiла вусны, цмокнула Аленку ў шчаку на развiтанне i пабегла да Сцяпана, якi чакаў яе на ўзлеску, трымаючы ў руцэ два заплечнiкi.
IV
Марусi снiўся гэты сон ужо не першы раз. Яна нават у сне ўспомнiла, што бачыла ўжо гэтага хлапчука - ён бег да яе, i ў яго былi такiя прыгожыя блакiтныя вочы. Ён называў яе мамай...
Зазванiў будзiльнiк, i Маруся прачнулася, доўга ляжала пад коўдрай, не хацела праганяць тую асалоду, якую адчувала ў сне, калi ўзяла малога на рукi. Але час быў iсцi на працу. Работа мазаiчнiцай ёй падабалася. Маруся ўстала з ложка, хуценька апранулася. Баба Саша, Сашуля, як ласкава называлi яе суседкi, хударлявая, сярэдняга росту, з круглым акуратным ротам, вакол якога сабiралiся маршчынкi, i маленькiмi спагадлiвымi вачыма, паставiла на стол яечню i падала аладкi. На сцяне цiкаў маятнiкам гадзiннiк, на цыферблаце была выява медзведзянятак, якiя гулялi ў лесе ля паваленага дрэва. Заўважыўшы Марусiн позiрк, бабулька вымавiла:
- Усе нашы продкi, Анiскаўцы, былi бортнiкамi i пчалярамi. Бацька мой, Мiхей, любiў па лесе хадзiць, рой шукаць. Была ў яго свая любiмая палянка, Медунiцаю назваў яе. Да яго выпаўзаў там вожык, нюхаў руку i частаваўся са сподачка. Аднойчы бацька падгледзеў, як мядзведзiца малых у рэчцы купала схопiць зубамi за грыўку, акуне - i на бераг. А яны пiшчаць, балуюцца, бы дзецi! Дык бацька на памяць пра тую сустрэчу вось гэтыя ходзiкi i купiў ды мне падарыў, як замуж iшла...
Бабулька паглядзела на гадзiннiк, выцерла далонню вочы. Маруся села за стол, побач, на шырокую канапу прымасцiлася i баба Саша. Пачалi снедаць. Гледзячы ў акно, старая ўскрыкнула:
- Глянь, вунь на панадворку ўнук Уладыморыкаў! Во дзе добры кавалер табе быў бы, i гадамi падыходзiць, праўда, крыху старэйшы за цябе, яму каля сарака ўжо. Не жанiўся, усё, як гэта кажуць, кар'еру рабiў...
Маруся зiрнула ў акно i засмяялася:
- Дык я ж яго ведаю! Гэта мой начальнiк ранейшы... Ён надта сур'ёзны. Яму панi падавай...
- Можа, й так, - пагадзiлася бабка, - у Гданьску ж радня ў яго аб'явiлася. I маёнтак гэты на яго запiсалi. Прыязджалi нейкiя вучоныя, тыя, што пад зямлёю лазяць, шукалi нешта, мо скарб якi...
- Вы ж чулi паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну? Дык тут недзе павiнен знаходзiцца яе маёнтак, кажуць, там, дзе расце дзiкая мальва, у лесе. У падзямеллi маёнтка Дарыны знаходзiцца Блакiтны пакойчык. У iм - кубак князя Вiтаўта. Хто адкрые кубак - знiшчыць Чорную здань...
- Ды казкi ўсё гэта, - адмахнулася бабка, - нiчога ў тым кубку нямашака.
Маруся пачала апранацца на працу.
- Дык свята ж сёння - нядзеля, - заўважыла старая. - Выхадны ж у вас!
- Заўтра прыязджае начальнiк самы галоўны, правяраць, як iдзе рэстаўрацыя маёнтка, хачу адну справу закончыць! - адказала Маруся i заспяшалася з хаты.
Сонца моцна прыпякала ў спiну. Маруся, не зважаючы на спякоту, завязала валасы касынкай i выкладвала мазаiку на другiм паверсе маёнтка. Казачныя кветкi, жар-птушка i мора - сюжэт прыдумала сама. Так захапiлася работай, што не заўважыла, як нехта цiха падняўся па прыступках, запынiўся на пляцоўцы i назiрае за ёю. Азiрнулася i ўбачыла мужчыну, апранутага ў джынсы i белую спартовую майку.
- Гэта вы? - усмiхнулася, пазнаўшы Дуброўскага.
- Вось i сустрэлiся, - засмяяўся Дуброўскi. - Добрай ранiцы вам!
- I вам таксама, - Маруся зняла касынку.
- А мы з вамi, аказваецца, жывём па суседству, - зазначыў Дуброўскi i працягнуў ёй у далонi ягады. - Частуйцеся, тут, вакол маёнтка, столькi дзiкiх малiнаў...
Маруся ўсмiхнулася, падзякавала i ўзяла ягады.
Дуброўскi прысеў поруч, глянуў удалячынь, на зiхоткую, у сонечных промнях рэчку, кiнуў туды галавою:
- Турысты палаткi раскiнулi! Цi не тыя гэта, з якiмi я ў Нiзку сустракаўся?
- Былi ў маёнтку Якуба? - пацiкавiлася Маруся. - А я так нi разу там i не пабыла, а марыла...
- Я магу ўзяць вас з сабою, як паеду туды па справах рэстаўрацыi...
- Дзякую, - узрадавалася дзяўчына. - А ёсць магчымасць рэстаўрыраваць маёнтак Якуба, знаходзяцца спонсары?
- Усё пакуль у планах, - уздыхнуў Дуброўскi.
Маруся падышла да аконнага праёма, задумалася.
Дуброўскi агледзеў сцяну з мазаiчнымi ўзорамi, пацiкавiўся, хто прыдумаў сюжэт.
- Сама, - адказала Маруся. - Люблю творчую працу.
- Вам падабалася ваша праца ў праектным аддзеле? - пацiкавiўся ён.
- Вядома, - з сумам адказала Маруся. - Столькi задум, iдэй, цудоўны калектыў, i раптам - усё, скарацiлi...
- Так, - задумлiва прамовiў Дуброўскi, - калi вы марыце пра кар'еру, вам трэба працаваць па сваёй спецыяльнасцi.
- Вельмi цiкава! - адказала Маруся. - Пра кар'еру - мару.
- Заходзьце да мяне. Да дзеда Ўладыморыка. Сёння вечарам.
Маруся застыла ад нечаканай прапановы, але згодна кiўнула галавою. Дуброўскi пачаў спускацца ўнiз па лесвiцы. I тады яна ўспомнiла: гэта ж ён i ёсць тое начальства, якое "прыязджае заўтра"! Гэта ж ён дырэктар рэстаўрацыйна-будаўнiчай фiрмы, фiрмы, у якой яна працуе! Фiрмы, якая рэстаўрыруе ягоны фамiльны маёнтак у Вiшаньцы i плануе рэстаўрацыю маёнтка Якуба!
Маруся прысела на камень. Рукi яе апусцiлiся. Хацелася плакаць. "Я сказала яму пра кар'еру, - падумала яна, - i ён запрасiў мяне да сябе!.." Дуброўскi, Вайдаш Дуброўскi. Як яна магла забыцца, што гэтае прозвiшча стаяла на ўсiх фiрменных бланках! Ён зноў яе начальнiк, а яна з iм - пра кар'еру! Быццам сама напрасiлася... да яго ў хату!
* * *
- Мiкола, а чаму гэтыя дробныя чырвоныя кветачкi ў траве завуцца мацярынкай? - дагнала хлопца Аленка.
Хмызняк застаўся ззаду, пайшоў роўны дол, парослы гусiнымi лапкамi i мацярдушкай.
Мiкола глянуў на дзяўчыну i нiчога не адказаў. Аленка сарвала кветачку i паднесла да вуснаў.
- А я ведаю, чаму "мацярынка", - весела сказала яна. - Кветачка лекавая, ад сямi хвароб абараняе, як мацi дзiцятка...