17324.fb2
- Бабка Саша мне расказвала, што ёсць людзi з мёртвай i жывою душою. Душа жывая ажыўляе чалавека, надзяляе талентамi, iмкненнем да прыгожага, да Бога... Чалавек з мёртваю душою прыпадабняецца да жывёлы: працуе, есць, спiць. Таму мёртвыя душы, як кампенсацыю, часта атрымлiваюць прыгожыя постацi. У старажытных жыдоўскiх рукапiсах знаходзяцца запiсы аб тым, што Iсус не быў прыгожы, але твар яго свяцiўся дабрынёю i ўсiм ён здаваўся самым прыгожым на свеце...
- Вы - цудоўны чалавек, - сказаў Дуброўскi, усмiхнуўшыся. - Ведаеце, калi мы яшчэ працавалi ў "Менскбудпраекце", неяк разам з паперамi вы аддалi мне чарнавiк нейкага пiсьма...
Вусны ў Марусi перасохлi ад нечаканасцi: няўжо пiсьмо да Анатоля, але ж яна яму не пiсала?!.
- Пiсьмо Дарыны да Вiтаўта, - цёплыя, арэхавага колеру вочы Дуброўскага глядзелi на яе з зацiкаўленасцю. - Я ведаў гэтую гiсторыю кахання. А вас яна, напэўна, моцна ўразiла, калi пiсьмо гэта вы напiсалi на адваротным баку праекта...
- Студэнцкая звычка, - засмяялася Маруся, - студэнцкая звычка пiсаць у канспектах пiсьмы!
- Вы марылi пра рамантычнае каханне, уяўлялi сябе ў мiнулым князёўнай? твар Дуброўскага асвятлiла па-сяброўску шчырая ўсмешка.
- Не, - суха адказала Маруся. - Я не рамантык i рамантыкаў не люблю!
- Таму, што самi пакутавалi ад няздзейсненых мараў?
- Вы памыляецеся, - цвёрда адказала Маруся.
- Можа, i так, - пагадзiўся Дуброўскi. - Але я хацеў бы пачуць з вашых вуснаў пiсьмо Дарыны да Вiтаўта. Прачытайце мне яго сёння вечарам, у маёнтку. Я буду чакаць вас у адзiнаццаць гадзiн, - ён дакрануўся да рукi Марусi.
- Добра, - адказала яна i пайшла ад яго.
- Усе ў кучу, у кучу! - смяяўся Мiкола. - Аленка, наразай хлеб, а я сала. Гурочкi салёныя парэжа, раскладзе Галя! Дзяўчаткi, спрытней! Антось, ты паклiкаў Вайдаша?
- Я схаджу! - усхапiлася Галя.
- Сядзi! - сурова глянуў на яе Анатоль. - Антось пойдзе!
Галя скрывiлася, цяжка ўздыхнула i пачала наразаць гуркi.
- Мiкола, ты нарваў зялёнай цыбулi ў бацькi? - папытаўся Анатоль у хлопца. - I каб сёння ж iшоў да бацькi касiць сена!
- Я ж у паходзе! - заявiў той.
- У лагеры застаёмся я i Антось, - цвёрда вымавiў Анатоль, - Галя дапамагае сваёй мацi, Аленка - бабцы Сашы. Усе павiнны быць занятыя. Пасля абеду я iду па экскаватар, я i Антось... Вы ж усе заявiцеся да маёнтка, калi дапаможаце людзям. Турысты павiнны не толькi выконваць нарматывы кiламетражу, любавацца прыродаю, але i прыносiць карысць!
- Малайчына! - засмяялася Аленка. - Сапраўдны кiраўнiк паходу!
Яна працягнула яму кубак з квасам i азiрнулася. Да iх накiроўваўся Дуброўскi з Антосем.
- Невыпадкова нашы маршруты перакрыжоўваюцца! - гарэзлiва засмяяўся Дуброўскi, прывiтаўшыся з усiмi. - Няйнакш, хлопцы, мы адно i тое шукаем... Што вас прывяло ў Вiшаньку?
Ён прысеў на траву. Галя па-свойску прымасцiлася побач i падала яму акраец хлеба.
- Блакiтны пакойчык шукаем, - сказаў Мiкола, - кубак жалезны. Здаецца, на падзямелле натрапiлi. Там вялiкi завал, але мы крыху пакапаем, палазiм...
- На даследаваннi патрэбны дазвол, - адказаў Дуброўскi, - па падзямеллях лазiць небяспечна...
- А хто будзе ведаць? - весела адзначыў Мiкола.
- Зямля належыць мне, - нечакана папярэдзiў Дуброўскi. - Мой маёнтак злучаецца падземным ходам з гэтым маёнткам, дарэчы, з рэшткамi так званага маёнтка Дарыны, якi знаходзiцца на маёй зямлi...
- Ну i капiталiст! - узлаваўся Анатоль. - Няўжо ж вы не дазволiце маiм хлопцам палазiць па падзямеллi, хiба што самi там скарб шукаеце?
- Гэта небяспечна, паўтараю! - строга адказаў Дуброўскi. - А скарбаў тут нiякiх няма. Будуецца дзiцячы санаторый, зямля добраўпарадкоўваецца для дзiцячых пляцовак, аднаўляецца храм, якi быў пабудаваны на сродкi маiх родзiчаў. Таму не пажадана, каб тут праводзiлiся нейкiя iншыя работы.
- Ваш санаторый толькi для адводу вачэй, - скрывiўся Анатоль, - а самi камерцыяй займаецеся! Не веру я ў вашу мiласэрнасць, кожны заднюю думку мае сябе хоча праславiць!
- Ды як ты можаш? - падхапiўся Антось. Ягоныя сiнiя вочы спахмурнелi, твар залiўся чырванню. - Па сабе раўняеш? Пустаслоў: "мацi шкадую, мацi шкадую", а як адпачынак атрымаў - у паход пайшоў! Галя яшчэ жонкай не стала, а яе ў вёску да сваёй мацi прэш, каб дапамагала, рабыню знайшоў! А ты, - ткнуў пальцам у дзяўчыну, - бегаеш за iм, як дурнiца!
Галя аж выпусцiла гурок з рукi. Дуброўскi падняўся, падзякаваў за абед. Аленка дагнала яго, запынiла сярод высокай няскошанай травы.
- Прабачце, калi ласка, маiм сябрам! - сказала з хваляваннем.
Да iх спяшалiся астатнiя, акрамя Анатоля. Дуброўскi, агледзеўшы ўсiх, усмiхнуўся:
- Я не крыўдую. Усю гiсторыю чалавецтва суправаджае зайздрасць. Дурнi зайздросцяць разумным, а гультаi - багатым.
- А што ж я табе параю, донечка? - з мяккай, прыветнай усмешкай адказала бабка Саша, гледзячы на Галю. - Адзiн цябе бярэ, другi не бярэ, але замуж не раiць... Можа, сам хоча цябе ўзяць?
Бабка сыпанула куранятам жменю проса. Цёмныя, загарэлыя ногi з пакручанымi пальцамi грэлiся ў жоўтым гарачым пяску. На каленях у бабкi ляжаў шэры каток. Галя нецярплiва церабiла падол спаднiцы.
- А мо паварожыце? - папыталася ў бабкi.
- Спалiла я свае карты, - адмахнулася тая. - Хто варожыць, той у пекла трапляе, - паправiла касынку. - А ты, Галечка, ужо з мацi работу справiла? Не пойдзеш у лес, там нешта капаюць хлопцы рыдлёўкамi?
- Няхай сабе капаюць! - надзьмула вусны Галя. - Вайдаш экскаватар забаранiў... А я з Анатолем пасварылася, бо той Вайдаша аблаяў. Аленка яму рубашкi ў палатку занясе, як сена ваша з Марусяй зграбуць...
- Дык Маруся ўжо дома, - паведамiла бабка, - спiць, бо вечарам, сказала, некуды пойдзе...
- Да Анатоля, куды ж яшчэ! - раззлавалася Галя i нервова сарвала зялёны сцеблiк травы. - Ну, не! Я таксама надвячоркам да палатак пайду, вось i сустрэнемся!
Галя яшчэ крышку пастаяла, а потым, сказаўшы бабцы "дабранач", выйшла на вулiцу. Ля варот Мiколавай хаты ўбачыла Аленку.
- Галя, пайшлi ў госцi да свёкра майго! - гарэзлiва паклiкала Аленка i адчынiла дзверцы.
Галя ўбегла следам.
- А якiя яблыкi ў свёкра! - смяялася Аленка. - А дзе ж ён сам?
На парог выйшаў гаспадар.
- Добры дзень, дзядзька! - павiталiся дзяўчаты.
- Добры, добры! - закiваў той галавою. - А я пазнаў вас, памятаю, як зiмою па яблыкi прыходзiлi квашаныя...
- А цяпер вось па свежыя прыйшлi! - засмяялася Аленка.