17324.fb2
- Дзе гiтара? - спалохаўся Мiкола i, знайшоўшы позiркам яе ля сцяны, супакоiўся. Успомнiў - было такое. Але каб iсцi да яе ў iнтэрнат?!
- Сама мяне сюды прыцягнула?
- Ах ты, нягоднiк! - раззлавалася яна. - Ды сам жа ўслед плёўся! Можа, цяпер будзеш адмаўляцца, што мяне згвалцiў? У мяне сведкi ёсць! Зараз пайду ў палiклiнiку судмедэкспертызы, калi ты станеш адмаўляцца, што казаў мне ўчора пра каханне, пра вяселле...
- Ты, трамвайшчыца няшчасная! Смаркачы вытры, малалетка!
- Ды я з табою з аднаго года! Калi не будзеш болей са мною сустракацца, калi не прыйдзеш болей да мяне...
- Трэба ты мне, як сабаку пятая нага! Ды ў нас з табою розны iнтэлектуальны ўзровень: у мяне вышэйшая адукацыя, а ты - двоечнiца з калгаса! Прыехала сюды, курсы скончыла i гарадскою сябе лiчыш?
- Я хоць i двоечнiца з калгаса, а назаўсёды застануся ў горадзе! Iльготную кватэру атрымаю! А цябе запруць у вёску загадчыкам задрыпанага клуба, i будзеш там з даяркамi гуляць! З кiм ты там ажэнiшся? Ну, калi настаўнiца якая прыедзе пасля вучылiшча, бо пасля iнстытута альбо замужнiя, альбо не едуць зусiм, квас у горадзе застаюцца прадаваць! Iнтэлектуальную хочаш? Хрэн табе з маслам! Не хочаш мяне, iльготнай кватэры, тады iдзi прэч! Чуеш, прэч!
I выпхнула яго за дзверы.
Анатоль Хвашчэўскi сядзеў на педсавеце як на iголках. Спачатку разбiралi двоечнiкаў з яго групы, потым астатнiх гультаёў i прагульшчыкаў. Праца майстрам у ПТВ падабалася Анатолю, але яна забiрала шмат часу. Трэба было весцi справы ў турыстычным клубе вучылiшча, якi ён узначальваў, дый пра сябе не забываць - у яго па турызме толькi КМС, а хацелася б "майстра спорту". Хутка ён атрымае кватэру, а гэта ж столькi клопатаў! Не, трэба тэрмiнова жанiцца, тады б прыйшоў з працы, жонка налiла б баршчу, пад'еў - i на трэнiроўку. Як вольны час - у паход! А жонка няхай дома верцiцца, а то i ў вёску, да бацькоў, грады палоць, сала прывезцi... Галя падыходзiць яму за жонку, з беднай сям'i, значыць, не такая разбэшчаная будзе, як багатыя. I апранацца будзе, як прывыкла: дзве-тры сукенкi, i хопiць. А астатнiя грошы сэканомяць яму на паходы, на заплечнiкi, на спартовыя касцюмы...
Анатоль уздыхнуў з палёгкай - педсавет скончыўся. Глянуў на гадзiннiк спазняецца на сустрэчу з сябрам ажно на дваццаць хвiлiн!
... Сцяпан, высокi, плячысты, з зачасанымi ўгору валасамi i маленькiмi вусiкамi, убачыў Анатоля яшчэ здалёк i памахаў яму рукою.
- Прабач! - уздыхнуў Анатоль, пацiскаючы сябру руку. - Ну, як справы? Дыпломная пiшацца? I кiм жа ты будзеш, куды паедзеш пасля?
- Згодна дыплому - эканамiстам, але паеду на хутар, да бацькi, - адказаў Сцяпан. - Там у мяне двое братоў жанатых, сястра. Будзем фермерствам займацца! Добра, давай хутчэй да аўтобуса, а то Маруся ўсе вочы праглядзела ўжо, чакаючы нас!
- Жаночая справа - чакаць! - буркнуў Анатоль, працiскаючыся ў поўны аўтобус.
- Марусю бяром у паход? - цiха папытаўся Сцяпан, ставячы набiтую цяжкую сумку долу.
- Не, яна нам не падыходзiць, - сур'ёзна адказаў Анатоль. - Статус не той, разумееш? Я вяду групу, кiраўнiк паходу, адказны за ўсiх. А яна ва ўзросце, нiколi не хадзiла ў спартовыя паходы. Мы з ёй пазнаёмiлiся ў паходзе выхаднога дня... Вось грэчкi завязём, а яна нам палатку зашые, заплечнiкi адрамантуе...
- У якiм гэта яна ўзросце? - засмяяўся Сцяпан. - Табе ж дваццаць пяць, а ёй усяго трыццаць два!
- Усяго? - раззлаваўся Анатоль. - А дзяўчатам нашым па дваццаць два гады! Рознiца ў дзесяць год, разумееш?
Сцяпан хмыкнуў i адвярнуўся да акна.
- Ты мне не хмыкай! - незадаволена кiнуў Анатоль. - Мiкола Гайда нешта пыжыцца, прэтэндуе на лiдэрства. У мiнулым паходзе ўсё нешта мармытаў сабе пад нос. I ты туды ж? Калi так справа пойдзе, я паход не павяду! Альбо я - лiдэр i камандую ўсiмi, альбо паходу не будзе, не дам нi палатак, нi заплечнiкаў, не падпiшу пуцёўку!
- Хопiць, - супакоiў яго Сцяпан, - выходзь, прыехалi!
- Ой, хлопчыкi! Анатоль, Толечка! Сцяпан! - пляснула ў далонi ўзрадаваная Маруся.
Выглядала дзяўчына вельмi прывабна: доўгi пышны халат з глыбокiм выразам, чырвоныя манiсты, чарнявыя валасы, закручаныя чырвонай стужкай у "хвосцiк", вялiкiя чорныя вочы нагадвалi цыганку. Мяккiя вусны расплылiся ва ўсмешцы:
- Толечка, я твой эдельвейс, якi ты мне з паходу прынёс, засушыла. Ён у мяне як скарб, самы вялiкi скарб!
Яна запрасiла хлопцаў садзiцца, а сама пабегла на кухню прыхапiць тое-сёе на стол. Прынесла смажаную курыцу, паставiла пляшку лiкёру i зноў жа хуценька некуды пабегла. Пачуўся гул кавамолкi, Маруся з'явiлася праз хвiлiну з падносам, на якiм стаялi тры кубачкi духмянай кавы.
- Усё, будзем частавацца! - смеючыся, выдыхнула Маруся. - Гэта я ад радасцi так замiтусiлася. Для цябе, Толечка! А ён жа, Сцяпанка, нават у кiно мяне не запросiць, нягоднiк! Пасварыся на яго, Сцяпан, добра! - засмяялася яна, ружавашчокая, з ямачкамi на шчоках, вясёлая, танюткаю рукою разлiла па келiхах чырвоны, як кроў, лiкёр...
- Ну, вып'ем за Марусю, - прапанаваў Анатоль, - Новы год не прыйшлося нам з ёю сустрэць, справы, сама разумееш... Ну, за ўсё харошае, каб у гэтым годзе табе пашанцавала замуж выйсцi!
- Дык я ж толькi за цябе збiраюся! - усмiхнулася Маруся, падносячы келiх да вуснаў.
- Мы тут да цябе па справе прыйшлi, - мармытнуў Анатоль, адкусваючы кавалак мяса з курынай ножкi. - Ты мне летась добрыя шкарпэткi ў паход звязала, але вось яны парвалiся...
- Звяжу новыя, - засмяялася Маруся. - Чула, ты летам у паход групу вядзеш па Беларусi, краязнаўчы паход...
- Ужо расказаў? Памяло! - зыркнуў вачыма на Сцяпана Анатоль. - Я ж сказаў, раз i назаўсёды: Марусi нельга ў спартовыя паходы!
- Ну чаму ж? - запярэчыла тая. - Я на турзлёты ад свайго "Менскбудпраекта" езджу! А тут паход у вас першай складанасцi, для навiчкоў! Чаму ты не хочаш мяне браць?
- Усё! - стукнуў кулаком па стале Анатоль. - Размова пра паходы скончана, Маруся, - сказаў больш лагодна, - ты ж наша выручалачка! Ты ж заўсёды дапамагаеш i цяпер, калi ласка, дапамажы...
Ён падняўся з-за стала, выняў з сумкi палатку i два заплечнiкi, умольна глянуў у вочы Марусi i прашаптаў:
- Калi ласка...
- Добра, - уздыхнула Маруся, - зашыю...
I Анатоль узрадавана пачаў выкладваць Марусi пачастункi: грэчку, кнiгi, якiя купляў ёй у час вандровак...
Сцяпан моўчкi пазiраў на абаiх, адной рукою абапёршыся на поручань канапы, другую - паклаў на спiнку.
- Ты што, можа, яшчэ i бялiзну яму мыеш? - папытаўся ў Марусi.
- I мыю, i грошы яго захоўваю, - уздыхнула Маруся, - а ён прыбяжыць на хвiлiну, кiне мне свой поўны заплечнiк: "Зашый-памый" i зноў у свой iнтэрнат, быццам яму там мёдам намазана.
- А чаму б вам не пажанiцца? - засмяяўся Сцяпан.
- Я лепшую гаспадыню, чым Маруся, не знайду, - прамармытаў Анатоль. - Але ёсць адна прычана, па якой я не магу з ёй ажанiцца. Яна гэта ведае...
Анатоль падняўся, чмокнуў Марусю ў шчаку.
- Ну што, Сцяпан, паедзем? - уздыхнуў ён. - Справы, Маруся, прабач... Дзякую за ўсё! Трэба ж яшчэ на трэнiроўку паспець. Да Мiколы заехаць...
- Добра, - усмiхнулася Маруся, - бывай! Калi заглянеш?
Анатоль пацiснуў плячыма.
- Ну й мудак ты! - кiнуў Сцяпан, калi яны выйшлi ад Марусi. - Такая дзяўчына, а ты яшчэ носам круцiш!
- Рознiца ва ўзросце, разумееш? - заклапочана закiваў галавою Анатоль. На цэлых сем год...
- Ды якая там рознiца? У цябе вунь залысiны на галаве, а яна як кветачка!