17324.fb2
- Мы можам жыць тут, у маёнтку прадзеда, - адказаў Вайдаш. - Я думаю, пакуль не трэба табе вяртацца дадому. Вучыся быць жонкаю князя...
- Гэта так цяжка, - уздыхнула Маруся, - так складана, як быццам гэта i не я, а нейкую ролю выконваю.
- Гэта ты, - усмiхнуўся ён, - проста ты забылася, што заўсёды была такою, як зараз...
...Заплечнiкi, у якiх знаходзiлiся спальныя мяшкi, прымацавалi на багажнiкi ровараў. За плячыма ў Марусi i Вайдаша маленькiя рэчмяшкi, фотаапарат, паясныя сумачкi, у якiх блакнот i самапiска. Праехалi Дабратычэ, Кастамлоты. Вёскi польскага Прыбужжа вонкава мала чым адрознiвалiся ад вёсак беларускага памежжа. Польская правiнцыя можа ганарыцца дагледжанымi дарогамi. Мястэчка Кодэнь сустрэла падарожнiкаў касцельным перазвонам.
- Глядзi. Якая прыгожая хатка пад саламянай страхою! - кiўнула ўбок Маруся. - Быццам тут час спынiўся...
Ля касцёла - могiлкi, велiчныя, урачыстыя. Ля ўвахода - брамы, два анёлы паўметровыя скульптуры. Ля магiл няма агароджаў, помнiкi з каменю.
...Ехалi ў прыцемках праз лес. Прыемна i лёгка дыхалася свежым паветрам. Нарэшце паказалiся два хутаркi. Маруся i Вайдаш наблiзiлiся да аднаго з iх. Пастукалi ў браму. Але познiм гасцям нiхто не адчынiў... З комiна хаты цягнуўся салодкi дымок.
- Што, паспрабуем шчасця ў вёсцы Загораў? - усмiхнуўся Вайдаш, i яны пакацiлi далей.
Сустрэлi на вулiцы вёскi дваiх мужчын.
- Дзе ў вас тут пераначаваць можна? - запытаў Вайдаш.
- Гэта трэба да солтыса звяртацца, - стрымана адказаў адзiн з iх. Страшна цяпер на свеце... Адна жанчына пусцiла начлежнiкаў, пашкадавала, мужчына з жанчынай былi, быццам мужык ды жонка, а аказалiся бандыты...
- Усяго на свеце бывае, - адказаў другi, - але ж трэба крыху i давяраць людзям... Вунь хата нашага солтыса, запытайцеся ў яго пра начлег, калi ласка!
Солтыс, пан Станiслаў, мужчына сарака з лiшнiм гадоў, сустрэў падарожнiкаў ветлiва, але па законе ў пашпарты ўсё-такi заглянуў i засмяяўся:
- О! Вiншую, вiншую, пан Вайдаш, панi Марыя, з законным шлюбам! Значыць, вясельнае падарожжа? Добра прыдумалi!
Гаспадар запрасiў у хату. Яго жонка прыветна сустрэла маладых, павiншавала, пачала рыхтаваць гарбату. Вайдаш выйшаў у двор, каб паставiць пад павеццю ровары, заўважыў побач з разнастайным гаспадарчым iнвентаром трактар i два прычэпы.
- Вось так i жывём, - мовiў пан Станiслаў, - усе ў гаспадарчых клопатах. Самi сябе кормiм i поiм. Сыны яшчэ малыя, але крыху дапамагаюць. Зараз спяць, час познi.
Яны вярнулiся ў хату. Гаспадыня, панi Вальжына, запрасiла да стала. Елi салонiкi з вараным мясам з падлiваю.
- Ценжкая праца ў нас, паночку, - паскардзiлася Вайдашу панi Вальжына, паклала рукi на каленi, уздыхнула. - А жыць трэба, сыноў гадаваць...
Памалiлiся на ноч. Гаспадыня завяла Марусю i Вайдаша ў асобны пакойчык, паслала пасцель. У пакоi быў змрок. Праз акно Вайдаш убачыў агнi ў двухпавярховым будынку.
- Гэта хата нашага ксяндза, - растлумачыла панi Вальжына. - Сам яе будаваў, працавiты! - з гонарам за яго адзначыла гаспадыня.
... Ранiцай паехалi далей, у накiрунку да ваколiц Гданьска, дзе знаходзiўся маёнтак Вайдаша. У адной прылясной вёсачцы Харашчынцы Маруся налiчыла ажно дзесяць будынкаў, пакрытых саломаю.
- Такая традыцыя, - растлумачыў Вайдаш. - Як помнiк мiнулага...
У гародчыках расло шмат кветак, у асноўным - астры, многiя з якiх ужо засохлi, i гаспадынi збiралi насенне. Час ад часу траплялiся астраўкi пакiнутых хутароў, благiя хаткi, рэшткi саду, разбураныя падмуркi дамоў, зарослыя сцежкi да калодзежа, да разбураных свiрнаў.
- Старыя памерлi, а моладзь у гарадах, - заключыў Вайдаш.
Пад'ехалi да цудоўнага мястэчка, якое зачароўвала сваiмi краявiдамi. На браме - выява бажаства. Бярозы блiшчэлi на сонцы восеньскай пазалотай. У паветры насiлiся павуцiнкi бабiнага лета. Не даязджаючы да свайго маёнтка, Вайдаш i Маруся прылеглi на цёплую пажоўклую траву.
- Вось i закончылася падарожжа, - усмiхнулася Маруся i раптам ажыўлена i весела паказала ў бок парку рукою. - Глядзi, хто спяшаецца да нас!
Вайдаш азiрнуўся. Вялiкi, калматы, у рыжых плямах сенбернар бег да iх праз поплаў. Наблiзiўся, пачаў лашчыцца. Маруся абняла сабаку, пацалавала ў халодны нос.
- Я больш за ўсё люблю такiх сабак, - сказала яна, - такiя ласкавыя! Сапраўдны вялiкi добры сябар!
- Ён будзе надзейным сябрам нашым дзецям, - усмiхнуўся Вайдаш. - Недарэмна сенбернар славiцца, асаблiва ў гарах, бо заўсёды ратаваў людзей, трапiўшы пад лавiны. Яму нават пастаўлен помнiк. А ведаеш, калi я ў студэнцкiя гады быў у Севастопалi, расказвалi, што адна жанчына ў час вайны знайшла кволага шчанюка. Ён падрос i аказаўся прыгожым сенбернарам. Быў вельмi разумны. У час вайны жанчына галадала. Аднойчы сабака бег ля порта i ўбачыў, як матросы разгружаюць баржу, выносяць нейкiя мяшкi, скруткi. Сабака пачаў дапамагаць iм. За гэта матросы далi яму кацялок з ежай. Сабака ўзяў яго за дужку i асцярожна панёс дадому. Гаспадыня вельмi здзiвiлася. Ранiцаю панёс пусты кацялок на прычал i зноў прыняўся за работу. Матросы прасачылi за сабакам i таксама былi вельмi ўражаны тым, як даглядаў i клапацiўся аб сваёй гаспадынi ён. Вось так сабака аддзячыў ёй за клопаты, за тое, што ў час вайны, калi ўсе былi галоднымi, яна пашкадавала яго маленькага, выкармiла...
Сонца хiлiлася да небасхiлу. У пазалоце старых лiп хавалiся ласкавыя промнi. Маруся i Вайдаш яшчэ доўга сядзелi ў траве i аб нечым размаўлялi. Ля iх ляжаў, салодка закрыўшы вочы, вялiкi, у рыжых плямах, калматы сабака...
Напярэдаднi Пакроваў Iрэна са свякрухаю спяклi пiрог, абышлi з iм усе гаспадарчыя пабудовы, прыкладваючы да кожнае страхi, каб буры, што пачынаюцца ад Пакроваў, не разбурылi iх. Паклалi сена каровам: "На Пакровы дай сена карове", гэта каб былi сытыя ўвесь год.
А сёння ўсе збiралiся ў царкву. Iрэна выкiнула муху з гладышка i налiла сабе ў кубак малака.
- Калi ўжо гэтыя мухi паздыхаюць! - буркнула яна. - Хоць бы дзверы закрывалi, а то ў рот ляцяць, ранiцай спаць не даюць!
Пачала нацягваць сукенку. Аказалася, што тая цесная.
- Праклiнаю вашу вёску! - закрычала, разнерваваўшыся, Iрэна. - Усё лета бульба, сала i аладкi! Хутка буду як калода, торба торбаю!
- А ты цягай усяго паболей, як наша Сонька, - параiла свякруха, - Сонька наша i мяхi цягае, i па дзесяць вёдзер вады каровам носiць! Яна як конь! А Тамарцы нельга падымаць, здыхля! I ты - здыхля!
- Калi ўжо гэта скончыцца: "конь, конь"? - раззлавалася Iрэна i шпульнула ў свякруху сваёй сукенкаю. - Пайшлi вы ўсе ў ж...у!
- Во, бешаная! - ускочыла свякруха. - Сцяпан! Паганяй жонку!
Той узяў пугу i пабег за Iрэнай, якая выскачыла ў сенцы, затым на вулiцу i села на воз, на якiм ужо прымасцiлася Тамарка. Свёкар трымаў вожжы. Сцяпан кiнуў пугу i сеў на воз. З хаты выйшла свякруха, залезла таксама, спусцiла на драбiны ногi.
- А Верка з Надзькай паедзе? - спытала ў мужа.
- Няма калi, кажуць, - адказаў той.
- Бляха, галава пухне, - паскардзiўся Сцяпан, - бацька, дасi грошай на пiва?
- Ты ж матцы свае грошы аддаеш, - адказаў той.
- Якiя яны мае? - пацiснуў плячыма Сцяпан. - Я ж не працую, фермер. Бульбу прадалi, вось i грошы. У маткi ж усе грошы. Яна - галоўная!
- Слава Богу, - абазвалася тая, - а каб у Iркi былi, дык усё на трусы патрацiла б!
На паўдарозе ад райцэнтра ўзялi на воз бабу ў квяцiстай хустцы i Гельтруду, якая важна шпацыравала па дарозе ў новых кiрзавых ботах.
- У цябе што, туфляў няма? - здзiвiлася Iрэна.
- Што я - дурная, такiя дарагiя купляць? - адказала Гельтруда.
- Яна дзеўка эканомная, - падтакнула свякруха i звярнулася да жанчыны: Твая дачушка, Хiма, паступiла вучыцца?