17324.fb2
- Вось некаму шчасце будзе, - уздыхнула свякруха i скасiлася на Iрэну, - а мая ж нявестка паўмяха бульбы не падыме!
- Як жыццё, Сцяпан? - таўханула яго ў бок Гельтруда. - Пахмялiцца хочаш? А то налью, у мяне ёсць!
- Праўда? - ажывiўся той. - Налiвай!
Гельтруда падала яму бутэльку гарэлкi, ён адкаркаваў, пачаў пiць. Мацi маўчала.
- Мне пакiнь крыху! - азiрнуўся бацька i ўзяў з ягоных рук паўпустую бутэльку.
- Во добрая дзеўка! - шапнула свякруха цётцы Хiме. - Хай бы мой Сцяпан узяў яе, дык не...
- Мо шчэ возьме! - абнадзеiла яе Хiма.
- Тамарка! - крыкнула Гельтруда. - Замуж не збiраешся? А то пасля Пакроваў хутка пост пачнецца. Колька Цяцеркiн не бярэ? Ты хоць для понту перад iм вядро вады падымi, а то нiхто замуж не возьме такую нехлямяжную! Баба павiнна ўсё цягаць на сабе! Не слухай ты тых дактароў, Тамарка, цягай усё!
- Гэлька праўду кажа! - абняў яе выпiты Сцяпан. - Гэлька - конь! Добрая жонка будзе!
- I ты, як матка: "конь, конь"! - раззлавалася Iрэна. - Дэбiлы калгасныя! Iншых размоў няма!
...Крыху прыйшла да сябе Iрэна толькi ў храме. Цiшыня i супакаенне душы апанавалi ўсю яе. Тамарка прытулiлася збоку i шапнула:
- Iрэначка! Мне сёння манастыр снiўся, быццам мы з табою да Аленкi ездзiлi ў Полацак... I мяне анёлы падхапiлi i панеслi высока-высока, далёка-далёка адсюль! Так хораша было!..
...Пасля таго як прыехалi дадому, свякруха ўздумала перанесцi на гару варэнне. Яна падавала банкi Тамарцы, а тая ставiла iх у плеценую кадушку.
- Навошта вам гэтулькi варэння? - нервавалася Iрэна. - Леташняе засталося - не паелi!
- Што ты ў нашым жыццi разумееш! - буркнула свякруха. - Жыта скончыцца, пшанiца скончыцца, буракi i бульба скончацца, з чаго тады гарэлку гнаць? Вось варэнне i выручае! У каго яго няма, дык з парашка для мыцця бялiзны гоняць. Гарэлка - наша выручалачка! Вось сёння хлопцы ў лес за дровамi паехалi, прыедуць - налiць трэба! Што я буду глядзець на тое свята, што Пакровы сёння? Праца перш за ўсё, без працы ў вёсцы здохнеш з голаду!
- Хутка вашы хлопцы без чаркi i вядра вады ў хату не прынясуць! Прывучылi да гарэлкi!
- Ваду насiць, гной выкiдваць - жаночая справа, - адказала свякруха. - Мае хлопцы нi разу ў хляве не былi, i я ганаруся гэтым, значыць, я ладная гаспадыня. Мужык ля каня павiнен быць! Сама б вучылася гарэлку гнаць, павучальна дадала свякруха. - Мы памром, дзе тады гарэлку возьмеш, купляць будзеш?
Яна ўзвалакла на плечы мех з гарбузамi i крыкнула ўгару:
- Тамарка, цягнi мех!
- Вы лепш па аднаму гарбузу давайце, - адказала тая. - Мне нельга мех падымаць!
- А каб трасца на цябе! - раззлавалася мацi. - Ты чула, што Гельтруда сказала: цягай, нiкога не слухай! Разумную дзеўку паслухай, Гэльку, чым тых дактароў ды Iрэну! Цягнi, бляха, а то заб'ю!
I Тамарка са страхам узялася за мех... 3атым другi, трэцi... Перацягала ўсе.
Вечарам прыехаў бацька з хлопцамi з лесу, разгружалi дровы. Мацi насмажыла сала, кiнула ў мiску салонiкаў i паставiла буталь гарэлкi. Старэйшы, Цiмох, пацiраў задаволена рукi i мацюгаўся ад радасцi, церабiў сваю падраную свiтку, затым высмаркаўся на вiлошнiкi, крэкнуў i перакулiў чарку. Зацягнуўся цыгарэтай. Усунулася ў дзверы ягоная жонка, Надзя, у такой жа падранай бруднай свiтцы.
- Вось i пераапрануцца няма калi з-за працы, мама! - уздыхнула яна. Сёння карову пакрывала.
- Анягож, Надзька, - падтакнула свякруха, - iншы раз i валасы расчасаць няма калi. У чатыры гадзiны ранiцы падымаешся i цэлы дзень, як белка ў коле, круцiшся! А мая свiнка ўжо пабегала! Цяпер усе чацвёра пакрылiся, слава Богу! I кароўкi ўсе пакрылiся, от слаўна!
Трое малых дзяцей Цiмоха соўвалiся туды-сюды ля стала. Цягалi хлеб i скваркi, а большы нават адглытнуў з бацькавай чаркi.
- Не крычы! - засмяялася свякруха. - Няхай прывыкае - мужчына расце!
- А я бачыў, як певень на курыцы сядзеў! - паведамiў малы.
Свякруха i Надзька зарагаталi.
- I яшчэ, як бацька на матцы! - дадаў хлопчык.
Надзька схапiла папругу i пагналася за малым, той юркнуў у другi пакойчык. Надзька падсела да стала, чокнулася са Сцяпанам i свёкрам i кульнула чарку.
- А чаму гэта Халiмон не iдзе выпiць, - пацiкавiлася мацi, якая ўвесь час да стала не садзiлася, толькi з замiлаваннем пазiрала на сыноў ды падлiвала ў буталь гарэлку.
- Верка пiць не дае! - паведамiла Надзька.
- Сучка! - раззлавалася мацi. - Сына да мяне на чарку не пускаць!
I пабегла за Халiмонам. Той з'явiўся хутка, з жонкаю, якая, надзьмутая i сярдзiтая, села за стол, кульнуў чарку адну за другою i заспяваў: "Ой, мороз, мороз!" Браты i бацька падхапiлi i загарланiлi на ўсю хату: "Не морозь меня, моего коня!.."
- Ты, Верка, такога больш не рабi! - павучальна пачала свякруха. - Сама дзяцей вырасцiш, тады паглядзiш! Матка апошняе аддасць, апошнюю кроплю гарэлкi для сына! Не пузырся i не дуйся, сама такою будзеш, папросiць сын - i нальеш!
Iрэна выйшла ў другi пакой, за стол садзiцца не стала - яе раздражнялi iх размовы i нават твары.
- Томка, iдзi чарку выпi! - паклiкала мацi.
- Не хачу, жывот балiць! - абазвалася дзяўчына з ложка.
- I не трэба - нам болей будзе! - засмяяўся Сцяпан.
...Пiлi браты амаль да ранку. Бацька пайшоў спаць на печ. Мацi легла на тапчане, а сыны гулялi ў карты. Тамарка ўсё стагнала - балеў жывот. Iрэна паклiкала свякруху, але тая толькi буркнула:
- Глiсты ў яе - няхай чарку вып'е!
Чым далей, тым горш станавiлася з Тамаркай. Яна сыходзiла крывёю, Iрэна мяняла пад дзяўчынаю пялёнкi, давала нейкiя таблеткi, але нiчога не дапамагала. Як быццам холадам, ледзяным i бязлiтасным, напоўнiўся пакой. Iрэне стала страшна. Яна адчула чыюсьцi прысутнасць, нябачную i страшную - гэта было дыханне смерцi. Iрэна, перапалоханая i дрыжачая, выбегла да хлопцаў i пачала крычаць, што трэба везцi Тамарку ў бальнiцу, але Цiмох спаў за сталом, паклаўшы галаву на бохан хлеба. На канапе хроп Халiмон з катом у нагах. Сцяпан лыпаў вачыма i не разумеў, што ад яго хочуць. Адзiн толькi бацька падаў голас з печы:
- А мо давай я Томку адвязу ў бальнiцу?
- Ляжы, дурань п'яны! - закрычала на яго жонка. - Каня мне згубiць хочаш? У мiлiцыю трапiць хочаш? Людзi i так смяюцца, што яна ўсё па бальнiцах! Само пройдзе!
I бухнулася на падушку.
Iрэна, заплакаўшы ад адзiноты i крыўды, вярнулася да Тамаркi.
- Iрэначка! - паклiкала яе дзяўчына. - Не чапай iх. Я хачу туды, дзе святло, дзе анёлы. Яны цяпер ля мяне стаяць, Iрэначка, я ўбачу ўсё тое, аб чым ты мне расказвала: i Берасце, i Гомель, i Маскву, i манастыр Ефрасiннеўскi, там, дзе Аленка... Мне так добра цяпер! Не будзi iх, яны не варты быць са мною. Кожны раз, калi я сыходзiла з дому, то за травою свiнням, то грады палоць, мне не хацелася вяртацца сюды... Не заставайся тут, Iрэначка, у брудзе гэтым! Уцякай!..
...За акном развiднела, калi цiха памерла Тамарка. Iрэна сама абмыла дзяўчыну, апранула ёй новую сукенку, якую пашыла ёй да Новага года, запалiла свечку.