17508.fb2
Усе ўсталi. Пачуўся скрып дзвярэй, стрыманы смех Янiны. Цяпер я цвёрда ведаў, што мне рабiць. Ужо два месяцы ў мяне не было прыступаў. Значыць, нiчога не перашкодзiць мне паехаць у Парыж. Я заўсёды ад'язджаў без папярэджання. Не хацелася толькi, каб гэты ад'езд быў падобны на ўцёкi. Да ранiцы я не спаў, абдумваў кожны крок сваiх будучых дзеянняў...
ХIII
Апоўднi я быў на нагах. Адчуваў сябе бадзёра i весела. Выклiкаў па тэлефоне Буру. Ён прыехаў пасля снедання. Амаль цэлую гадзiну мы шпацыравалi з iм пад лiпамi. Iза, Жэнеўева i Янiна здалёк сачылi за намi. Я радаваўся, што яны западозрылi нядобрае i ўстрывожылiся. Шкада толькi, што ўсе мужчыны паехалi ў Бардо. Пра Буру, гэтага маленькага старога чалавечка, Жэнеўева гаварыла: "Ого, гэты чорт за бацьку ў агонь i ваду..." А Буру ўсяго толькi мой раб. Я звязаў яго па руках i нагах. Трэба было бачыць, як ён прасiўся ў той дзень, каб я не аддаваў зброi супраць яго свайму будучаму спадчыннiку!.. "Вам няма чаго баяцца, - супакойваў я яго. - Ён адразу верне вам гэты дакумент, як толькi вы спалiце падпiсаную iм заяву..."
Развiтваючыся, Буру нiзка пакланiўся дамам. У адказ яму ледзьве кiўнулi. Няўпэўненым крокам падышоў ён да свайго веласiпеда i рушыў з двара. Я адразу паведамiў жанчынам, што сёння вечарам паеду ў Парыж. Iза пачала адгаворваць мяне: "Як? З тваiм здароўем аднаму выпраўляцца ў такую дарогу? Гэта небяспечна! Усё можа здарыцца..."
- Нiчога не зробiш, - адказаў я. - Мне трэба ўладзiць некаторыя фiнансавыя справы. Я пра вас клапачуся больш, чым вам здаецца.
Яны з трывогай глядзелi то на мяне, то адно на аднаго. Мой iранiчны тон выдаваў мяне. Першая асмялела Янiна:
- Няўжо няма каму вас замянiць? Магла б i бабуля з'ездзiць, i Хюбэр...
- Ты правiльна разважаеш, дарагая!.. Правiльна. Толькi, ведаеш, я прывык усё рабiць сам. I яшчэ - гэта, канешне, дрэнна, але я нiкому не давяраю.
- Нават свайму сыну?! Дзядуля!
Яна так манерна праспявала слова "дзядуля", што мяне аж злосць разабрала. Якая самаўпэўненасць! Знайшлася мне дыпламатка!.. Адзiн пiсклявы голас чаго варты! Добра я яго запомнiў учора ноччу!.. I я разрагатаўся шкодным майму сэрцу смехам. Пачаў задыхацца, кашляць. Жанчыны перапалохалiся. Iза... Нiколi не забуду яе змучанага бледнага твару. Не ўсё, мусiць, i ў яе добра са здароўем...
Я пайшоў. А Янiна, напэўна, не хацела пакiнуць Iзу ў спакоi:
- Бабуля, не дазваляйце яму ехаць! Чуеце?!..
Але жонка мая ўжо не магла ваяваць са мною. Апошнiм часам яна моцна здала. А неяк нядаўна я пачуў, як яна казала Жэнеўеве: "Вось каб легчы, заснуць i нiколi ўжо не прачынацца..."
Мне стала шкада яе, як калiсьцi было шкада маю бедную маму... А няўмольныя дзецi ўсё цкавалi яе на мяне!.. Яны, канешне, па-свойму любiлi мацi, выклiкалi доктара, прымушалi пiць лякарствы, ляжаць у пасцелi... Калi дачка i ўнучка адышлiся, Iза дагнала мяне i папрасiла:
- Паслухай, мне патрэбны грошы...
- Сёння ў нас толькi дзесятага. А першага я даў табе на цэлы месяц наперад.
- Даў, але мне давялося трохi дапамагчы Янiне. У iх шмат даўгоў. Праз месяц я табе ўсё вярну...
Я адказаў, што ўсё гэта мяне мала цiкавiць i кармiць гэтага дармаеда Фiлi я не збiраюся.
- Паслухай, у мяне самой даўгi... I булачнiку, i мяснiку... Вось рахункi...
Я пашкадаваў яе. Прапанаваў падпiсаць некалькi чэкаў: "Так я буду больш пэўны, што грошы не паплывуць у другое месца..."
Яна згадзiлася. Я дастаў сваю чэкавую кнiжку i заўважыў, што Янiна i Жэнеўева сочаць за намi з алеi ружаў:
- Ого! Яны ж думаюць, што мы з табой гаворым пра нешта другое...
Iза ўздрыгнула i цiха спыталася:
- Пра што "другое"?
I ў гэты момант я адчуў рэзкi боль у сэрцы. Абедзвюма рукамi схапiўся за грудзi. Яна змянiлася з твару:
- Табе дрэнна?
На iмгненне я ўчапiўся за яе руку. Калi б якi чужы чалавек бачыў нас у той момант, то напэўна падумаў бы: "Вось дзе пара! I жыццё пражылi ў згодзе i еднасцi, i на старасцi адно без аднаго не могуць!.."
Я прашаптаў: "Нiчога. Мне ўжо лягчэй".
Напэўна, Iза рашыла, што вось i прыйшла тая хвiлiна, калi можна i трэба пагаварыць шчыра, адкрыта, але на гэта ў яе не было сiлы. Яна сама таксама задыхалася. А я хоць i быў хворы, але не здаўся, стараўся трымацца цвёрда, упэўнена. I не пазнаць было жонкi: хвароба знянацку падкасiла яе, яна ўся асунулася i калi i думала пра каго цяпер, то толькi пра дзяцей. Самой ёй было ўжо нiчога непатрэбна. Яна хацела штосьцi сказаць, падбiрала словы, крадком паглядала ў той бок, дзе стаялi дачка з унучкай: "Можа, адтуль прыйдзе падмога?.. - Не..." I зноў яе позiрк застыў на мне. Божа! Як шмат убачыў я ў гэтых няшчасных вачах! Тут i глыбокi адчай, i страшэнная знямога, i светлая спагада, i трапяткi сорам!.. Тое, што гаварылi ноччу дзецi, напэўна, паранiла i яе душу.
- Луi! Цяжка мне, трывожна. Не едзь адзiн!
Я адказаў, што, калi са мной здарыцца бяда ў дарозе, перавозiць мяне сюды не трэба.
Яна пачала прасiць мяне не рабiць такiх страшных намёкаў, а я адрэзаў:
- Навошта марнаваць грошы? Зямля на могiлках усюды аднолькавая.
- Вось бачыш, - уздыхнула яна. - Цяпер i я так лiчу. Няхай хаваюць, дзе захочуць... Калiсьцi ўсё прасiла, каб мяне пахавалi побач з Мары... Ды што цяпер засталося ад нашай Мары?
Лiшнi раз я пераканаўся, што для яе Мары была толькi прахам, жменькай костачак. Не пасмеў я гаварыць, што ўсе гэтыя доўгiя гады дзiцятка маё заставалася для мяне жывым, я чуў яго дыханне, i чысты жывы вобраз Мары не раз паўставаў перада мною ў гэтым сумным нялёгкiм жыццi.
Дарэмна Жэнеўева i Янiна выглядалi i чакалi мацi. Яна была такая стомленая... Можа, i зразумела яна нарэшце ўсю нiкчэмнасць той шматгадовай барацьбы, якую вяла яна супраць мяне? Жэнеўева i Хюбэр пад нацiскам сваiх дзяцей штурхалi супраць мяне гэтую старую жанчыну Iзу Фандадэж, якая была калiсьцi маёй нявестай i разам са мной удыхала ў сябе водар пiрэнейскiх начэй...
Хутка будзе паўстагоддзя, як мы ваюем адно з адным... I вось у гэты гарачы поўдзень абодва сапернiкi адчулi, што iх усё ж лучыць адна нiтачка, якая прадзецца старасцю... Мы ненавiдзелi адно аднаго, iшлi па жыццi рознымi пуцявiнамi, а сышлiся ў адным месцы... Далей ужо няма куды iсцi... Далей смерць... Ва ўсякiм разе для мяне. А ёй... ёй яшчэ заставаўся Бог... Уся людская марнасць, пажадлiвасць, штодзённая руцiна, усе клопаты, радасцi i беды яе разам адпалi, i цяпер нiчога не стаiць мiж ёю i Богам. Цi бачыць яна яго цяпер? Не, не бачыць. Засталася яшчэ адна перашкода - няздзейсненыя планы i патрабаваннi яе дзяцей. Iх сквапныя жаданнi перапаўнялi яе душу. Зноў даводзiлася шукаць, хiтраваць, пагражаць, лiслiвiць... Грашовы клопат, трывога аб здароўi дзяцей, iх намеры, iх прага да славы i багацця - нiкуды ад гэтага не падзенешся, i ўсё трэба пачынаць нанава, як нанава рашае школьнiк задачу, калi настаўнiк усё перакрэслiць i напiша: "Перарабiць".
I зноў яна глянула на алею. Там паходжвалi Жэнеўева i Янiна i нiбыта абразалi садовымi нажнiцамi сухiя галiнкi на кустах ружаў. Я сеў на лаўку, каб трохi аддыхацца, i доўга глядзеў услед жонцы, - яна iшла па алеi, нiзка апусцiўшы галаву, нiбы свавольнiк-падлетак, якi нарабiў бяды i iдзе на размову да строгага бацькi. Моцна парыла. Наблiжалася навальнiца. Шкада было глядзець на Iзу. Iшла яна цяжка, марудна: так ходзяць людзi, якiм кожны крок нясцерпная пакута. Мне нават пачулася, што яна прастагнала; "Ох, бедныя мае ногi!" I я падумаў, што нянавiсць памiж мужам i жонкай, якiя нямала разам пажылi на свеце, не такая неадольная, як iм здаецца...
Вось Iза падышла да дачкi i ўнучкi. Тыя, мусiць, пачалi яе папракаць. Нечакана яна павярнулася i пайшла да мяне. Расчырванелася, задыхалася, ледзьве дакульгала да лаўкi:
- Не магу я пераносiць такога надвор'я. I дыхаць не дае, i цiск мучыць... Паслухай, Луi, я... хацела ў цябе спытацца... Ведаеш, сама не свая... Нервы... Ты ж памятаеш... Суэцкiя акцыi... Мой пасаг... Мы з табой прадалi iх... А куды пайшлi тыя грошы?.. Ты ж тады сказаў мне падпiсаць яшчэ нейкiя паперы...
Я адказаў, што яна атрымала велiзарны прыбытак. Акцыi былi прададзены па самай высокай цане, i адразу ж пасля гэтага iх курс пачаў рэзка падаць. Я растлумачыў, якiя працэнтныя паперы купiў за атрыманыя грошы.
- Пасаг твой даў добры барыш. Усё аформлена на тваё iмя i пакладзена ў Вестмiнстэрскi банк. Сума зайздросная, нават калi ўлiчыць дэвальвацыю франка. Можаш быць спакойная. Дзецям да гэтага няма нiякай справы. Я - гаспадар сваiх уласных грошай i ўсяго таго, што я нажыў. Гэта маё. Але тое, што прыйшло з табой - гэта тваё. Дык iдзi супакой вунь тых анёлаў бескарыслiвасцi. Ах, як яны нас свiдруюць!..
Яна схапiла мяне за руку.
- За што ты iх ненавiдзiш? За што ты ўсю сваю сям'ю ненавiдзiш?
- Гэта вы мяне ненавiдзiце. Цi лепш сказаць, дзецi мае ненавiдзяць мяне. А ты... ты проста не заўважаеш мяне. Для цябе я iсную толькi тады, калi нервую цябе, наводжу страх...
- Мог бы дадаць яшчэ: "I калi мучу цябе..." Хiба я мала адпакутавала?
- Не трэба, Iза. Для цябе iснавалi толькi дзецi. Iх ты толькi i бачыла...
- А да каго ж мне было гарнуцца, як не да iх? Больш у мяне нiкога не было. Ты пакiнуў мяне, пачаў здраджваць мне, i паўгода не прайшло пасля вяселля. Сам усё ведаеш...
- Iза, дарагая, няўжо ты хочаш, каб я паверыў, нiбыта мае шашнi цябе хвалявалi... Хiба што, можа, закраналi тваё самалюбства. Маладыя жонкi вельмi ганарлiвыя...