17508.fb2
- Ды якой там багатай! Яна настаўнiца спеваў. Ты яе добра ведаеш, - гэта мадам Велар. Падумаць толькi! I не маладая ўжо, i якi там заработак: ледзь канцы з канцамi зводзiла. Ну як ты гэта растлумачыш? - паўтарыла дачка.
I, не чакаючы адказу, зноў загаварыла сама. У гэты момант зайшла Янiна. Яна падышла да мяне i моўчкi падставiла лоб для пацалунку. Яна не пахудзела, але гора зняло з яе непрыгожага, паўнаватага твару ўсю штучнасць i манернасць, якiя я так ненавiдзеў. "Вы ўжо ведаеце?" - спыталася яна i села ў шэзлонг. Пэўна, яна ўжо наслухалася сваёй мацi. А тая нiяк спынiцца не магла i так i сыпала: "Падумаць толькi!", "Падумаць толькi!.." Паўтор гэты ў яе вуснах гучаў крыху дзiўнавата, бо дачка мая не прывыкла думаць.
- Падумаць толькi! - не супакойвалася яна. - Якая чорная няўдзячнасць! Выдалi за яго такую дзяўчыну, далi прытулак, грошы i не папракалi за тое, што ў свае дваццаць тры гады ён ужо ўмудрыўся прамантачыць немалое багацце, якое атрымаў па спадчыне (ён быў круглы сiрата, блiзкiх сваякоў не меў i таму рана атрымаў правы паўналетняга). Усё няньчылiся, песцiлi, нiхто i слова не сказаў пра яго распусту. I на табе! Вось як аддзячыў!
Злосць закiпала ўва мне, i я не мог яе стрымаць. Мая былая натура зноў пачынала гаварыць. Ды хiба сама Жэнеўева, Альфрэд, Iза не ганялiся за Фiлi i не абяцалi яму залатых гор?!
- I вось што цiкава, - уставiў я, - ты сама верыш у тое, што гаворыш. Вы самi яго i разбэсцiлi!
- Тата, ты што?! Няўжо ты будзеш яго баранiць?!
Я запярэчыў, што зусiм не збiраюся абараняць Фiлi, а толькi хачу сказаць, што мы былi да яго не зусiм справядлiвыя, лiчылi яго горшым, чым ён ёсць на самай справе. Вiдаць, яму занадта груба далi зразумець, што раз багацце цяпер забяспечана, то ён павiнен зносiць усе вашы папрокi i хадзiць перад вамi на пальчыках, - нiкуды, маўляў, галубок, ты цяпер не дзенешся. Але людзi нiколi не бываюць такiмi подлымi, як нам здаецца.
- Падумаць толькi! Ты заступаешся за гэтага прайдзiсвета, што кiнуў жонку, дачку маленькую!..
- Жэнеўева! - абурана закрычаў я. - Ты нiводнага майго слова не зразумела! Ды пастарайся, паспрабуй ты ўцямiць: кiнуць жонку, дзiця - хiба я сказаў, што гэта добра? Але пайсцi на такое чалавек можа як з подлых меркаванняў, так i па прычынах больш высокага парадку...
- Ах, вось як ты загаварыў, - перабiла мяне дачка. - Значыць, ты лiчыш, што кiнуць дваццацiдвухгадовую жонку, малую дачку - гэта высакародна!..
Нiчога не даходзiла да гэтай жанчыны.
- Або ты на самай справе тупаватая, або толькi прытвараешся. Я вось што скажу: Фiлi не такi ўжо нягоднiк, асаблiва пасля таго, як...
Жэнеўева зноў усхадзiлася i пачала крычаць, каб я хоць пачакаў, пакуль Янiна выйдзе з пакоя, - як ёй, беднай, слухаць такое, калi апраўдваюць яе мужа.
Але Янiна, якая да гэтай хвiлiны ўпарта маўчала, раптам загаварыла. Не пазнаць было яе голасу:
- Навошта сварыцца, мама. Мы не вельмi далiкатна абыходзiлiся з Фiлi. Успомнi, калi падзялiлi спадчыну - як мы з iм загаварылi: пачалi камандаваць, папракаць... Я нават падумала, што вось накiнула на яго ашыйнiк i буду цяпер вадзiць яго на павадку, як прыгожанькага пародзiстага сабачку. Мне неяк i ад сэрца адлягло, што ён мяне не кахаў. Ён стаў для мяне рэччу, маёй уласнасцю: усе грошы былi ў мяне, - няхай папросiць, няхай паскача каля мяне. Помнiш, як ты мне казала: "Няхай цяпер паскача каля цябе, няхай пастаiць на заднiх лапках!" Мы думалi, што грошы для яго даражэй за ўсё на свеце. Можа, ён i сам так думаў, аднак гнеў i сорам узялi сваё. Бо не кахае ён той жанчыны, якая ў мяне яго адабрала. I так яно, напэўна, i ёсць. На развiтанне ён сам прызнаўся. I я веру яму. Ён яе не кахае, але яна не пагарджае iм, не стараецца прынiзiць. Яна аддалася яму, а не купiла яго. А я вось купiла, як прыгожую цацку...
Некалькi разоў паўтарыла яна гэтыя горкiя словы. Мацi пацiскала плячыма, але радавалася, што Янiна нарэшце заплакала: "Цяпер ёй палягчэе..." I яна ўзялася суцяшаць дачку:
- Не перажывай, дачушка мая! Голад i воўка з лесу гонiць. Пабегае, пагаладае ды вернецца. Куды ён дзенецца?!
Перакананы: Янiне было непрыемна слухаць такiя словы. Я ўстаў i ўзяўся за капялюш. Не мог я тут больш быць. Дачцэ сказаў, што найму таксi i паеду ў Калез. I тут Янiна сказала:
- Дзядуля, вазьмiце мяне з сабой.
Мацi ўзбунтавалася:
- Ты што, пры сваiм розуме?! Кожную хвiлiну ты можаш спатрэбiцца юрыстам. А яна сабралася ў Калез?.. Ды там ад адной нуды памерцi можна!..
Жэнеўева выйшла за мною следам i на лесвiчнай пляцоўцы выгаварыла мне, што я патураю вар'яцкiм жаданням унучкi:
- Ды гэта ж шчасце якое, што мы збылi гэтага чорта! Няўжо ты не згодзен са мной?! А хiба цяжка знайсцi прычыну для разводу?! Паплача, паные ды супакоiцца. А потым зноў выйдзе замуж, З яе багаццем ад жанiхоў адбою не будзе!.. Вось толькi трэба, каб утаймавалася, забылася пра таго нягоднiка... А ты таксама заспяваў... То ненавiдзеў, цярпець не мог Фiлi, а тут узяўся расхвальваць яго... Ды яшчэ пры ёй... Ну не... не пушчу я яе ў Калез. Уяўляю, з якiм настроем яна адтуль вернецца. Тут-то мы ўжо дамо рады, паможам апамятацца. Забудзе, нiчога ёй не зробiцца...
"Калi толькi не памрэ ад гора, - падумаў я. - Або будзе пакутаваць, плакаць, чэзнуць..." А можа, Янiна з той пароды жанчын, якiх я добра ведаў па адвакацкай рабоце: гэта жанчыны, для якiх надзея становiцца хваробай, ранай, якая нiколi не загойваецца. I дваццаць гадоў пройдзе, а яны ўсё роўна чакаюць, глядзяць на дзверы вачыма вернага сабакi...
Я вярнуўся да Янiны i сказаў:
- Прыязджай, мая маленькая, у любы час... Буду рады цябе бачыць...
Яна не варухнулася, не паказала, што пачула, зразумела мяне. Зайшла Жэнеўева i недаверлiва спыталася: "Што ты ёй сказаў?" А пазней я даведаўся, што за гэтых некалькi секунд я, аказваецца, "збiў унучку з тропу", пасеяў у яе галаве "шкодныя" iдэi. А я спускаўся па лесвiцы, i ў вушах у мяне ўсё гучалi ўмольныя словы: "Дзядуля, вазьмiце мяне з сабой..." Ад мяне пачула Янiна тыя самыя словы пра Фiлi, якiя ёй хацелася пачуць. Можа, я быў першы, хто не абразiў яе.
Я iшоў па вулiцах Бардо. Хутка пачатак новага навучальнага года. З гэтай нагоды пачысцеў, упрыгожыўся горад. Усюды ззяюць гiрлянды электрычных лямпачак. Зiхацяць мокрыя ад дажджу тратуары. Галасы шумных жыхароў поўдня перакрываюць грукат трамваяў... Знiк водар майго дзяцiнства. Шукаць яго трэба было дзе-небудзь у больш сцiплых кварталах. Можа, там, на вулiцы Дзюфур-Дзюбэрж'е цi на Грос-Клош якая-небудзь бабулька яшчэ прадае каштаны стаiць сабе на рагу цёмнай вулiцы i прыцiскае да грудзей гаршчочак з гарачымi каштанамi, якiя пахнуць анiсам... Не, сумна мне не было. Я нават радаваўся: у той вечар мяне пачулi, зразумелi. Мы аб'ядналiся з Янiнай - гэта была перамога. А вось з Жэнеўевай нiяк не дагаварыцца, тут я прайграў: супраць такой зацятасцi, тупасцi нiчога не зробiш. Лёгка знайсцi шлях да жывой душы, убачыць яе нават праз злачынствы, праз самыя чорныя заганы, але пошласць неадольная перашкода. Ну што ж, нiчога не зробiш, так i запiшам: немагчыма раскалоць каменныя плiты ўсiх гэтых магiл. Будзе мне вялiкiм шчасцем, калi ўдасца да смерцi знайсцi душэўную блiзкасць хоць з адной чалавечай iстотай.
Я пераначаваў у гатэлi i ў Калез вярнуўся толькi назаўтра. Праз некалькi дзён прыехаў Альфрэд, i ад яго я даведаўся пра цяжкiя вынiкi маёй размовы з Жэнеўевай: Янiна напiсала Фiлi пакаяннае пiсьмо, дзе яна ўзяла ўсю вiну на сябе i прасiла ў мужа прабачэння. "Жанчыны i на такое глупства здольныя..." Гэты добры таўстун не адважыўся выказаць сваёй думкi, але я ўпэўнены, што яму хацелася сказаць: "Пайшла Янiна па слядах сваёй бабулi..."
Альфрэд даў мне зразумець, што працэс цяпер можна лiчыць загадзя прайграным, i Жэнеўева вiнавацiць у гэтым мяне: я нiбыта наўмысна "збiў унучку з тропу". Я адно ўсмiхнуўся i спытаўся ў зяця, што, на яго думку, магло мяне на гэта падштурхнуць i якая мне ад гэтага карысць? Ён запэўнiў мяне, што не падзяляе жончыных папрокаў, але яна лiчыць, што зрабiў я гэта дзеля забаўкi, а можа, са злосцi...
Больш дзецi не прыязджалi да мяне. Праз два тыднi я атрымаў пiсьмо ад Жэнеўевы: яна пiсала, што Янiну давялося пакласцi ў псiхiятрычную бальнiцу. Яна, вядома, не звар'яцела. Урачы вельмi спадзявалiся, што ёй найлепш дапаможа часовая iзаляцыя.
Я i сам быў "у iзаляцыi", хоць i здаровы. Нiколi яшчэ сэрца не давала мне такой доўгай перадышкi... Восень не спяшалася: ужо больш як два тыднi стаялi ясныя сонечныя днi. Нiводзiн лiсток не ўпаў з дрэў. Зноў заквiтнелi ружы. Адно толькi не давала мне спакою - мае дзецi зноў аддалiлiся ад мяне. Хюбэр заязджаў толькi па справах. Трымаўся холадна, суха, насцярожана. Мой "шкодны" ўплыў на Янiну перакрэслiў усе тыя кволыя сiмпатыi, што толькi-толькi нараджалiся ў маiх дзяцей. Зноў зрабiўся я для iх каварным старым чортам, ад якога ўсяго можна чакаць. А Янiну, адзiную iстоту, якая, можа, i зразумела б мяне, схавалi ад жывых людзей, пасадзiлi пад замок...
I тым не менш адчуваў я небывалы глыбокi душэўны спакой. Пазбаўлены ўсяго: грошай, надзей, дзяцей, пад пастаяннай пагрозай пакутлiвай смерцi я заставаўся спакойным i ўраўнаважаным. Думкi пра маё сумнае жыццё больш не мучылi мяне. Не адчуваў я грузу пражытых невясёлых гадоў i адзiноты, як быццам i не быў стары i хворы, як быццам наперадзе ў мяне было яшчэ цэлае жыццё.
XX
Ужо месяц, як Янiна жыве ў мяне. Уцякла яна з "псiхiятрычкi" i знайшла прытулак у маiм доме. Яна яшчэ не зусiм паправiлася i лiчыць сябе ахвярай змовы: гаворыць, што яе паклалi ў бальнiцу за тое, што яна адмовiлася пачаць працэс супраць Фiлi i патрабаваць разводу. Усе дзецi i сваякi лiчаць, што гэта я ўбiваю ёй такiя думкi, я настройваю яе супраць усiх. Але хiба ж гэта так?! Ведалi б яны ўсе, што цэлымi днямi (а ў вёсцы яны доўга, бясконца доўга цягнуцца) я толькi тое i раблю, што змагаюся з яе iлюзiямi i хiмерамi. Надвор'е зусiм сапсавалася: дождж, дождж i дождж... Усюды гразь, балота. Валяецца гнiлое лiсце. Па двары, пасыпаным жвiрам, тупаюць людзi ў цяжкiх ботах. Вунь хтосьцi iдзе, накiнуўшы мяшок на галаву. Восень агалiла дрэвы, i нiчога не хавае цяпер тых убогiх хiтрыкаў, якiя павiнны былi надаваць саду "маляўнiчасць": каркасы альтанак, чорныя лаўкi, дэкаратыўныя раслiны...
У спальнях такая сырасць, што вечарамi нам з Янiнай не хапае мужнасцi развiтацца з утульнай гасцiнай, i мы доўга сядзiм перад камiнам. Стары гадзiннiк б'е поўнач, а разыходзiцца, падымацца на другi паверх усё не хочацца... Зноў i зноў пераконваю я ўнучку, што нiхто: нi яе бацькi, нi брат, нi Хюбэр не хоча ёй благога. Як магу, стараюся, каб не ўспамiнала яна пра бальнiцу. А вось ад успамiнаў пра мужа нiяк нельга яе адарваць, i мы ўвесь час гаворым пра Фiлi: "Вы сабе ўявiць не можаце, што гэта за чалавек!.. Вы проста не ведаеце яго!.." А за гэтымi словамi iдуць то абвiнавачваннi, то дыфiрамбы i толькi па iнтанацыi Янiны магу я ўлавiць, будзе яна яго хвалiць цi лаяць на чым свет стаiць. Але факты, якiя яна прыводзiць, здаюцца мне малазначнымi. У Янiны небагатая фантазiя, але каханне дало ёй выдатную здольнасць усё скажаць, перакручваць, перабольшваць. Ды ведаю я твайго Фiлi! Нiкчэмнасць ён, i толькi хуткаплынная маладосць дакранулася да яго красой сваiх промняў. Ты прыпiсваеш гэтаму распешчанаму хлапчуку, якi жыве на ўсiм гатовенькiм, то высокiя тонкiя пачуццi, то вераломныя намеры, а на самай справе думак у яго нiякiх няма, жыве ён аднымi рэфлексамi.
Ты i твае бацькi не разумелi, што яму хацелася адчуваць сябе мацнейшым за вас, быць незалежным, што ён задыхаўся ў гэтай рабскай атмасферы. Навошта вы так высока трымалi падачкi i прымушалi яго падскокваць? Ён з той пароды сабак, якiя не паддаюцца такой дрэсiроўцы i ўцякаюць туды, дзе косцi кiдаюць проста пад нос.
Бедная Янiна! Зусiм ты не ведаеш свайго Фiлi!.. Ды што яна можа бачыць, калi ўсё засланiла нуда, рэўнасць, патрэба чуць, бачыць яго, цешыцца яго ласкамi... Усё засланiў жах ад таго, што яна страцiла свайго каханага... I вось аслепленая сваiм каханнем утрапёна бяжыць яна за сваёй здабычай i сама не ведае, хто ён такi, за кiм яна гонiцца... Людзi кажуць: бацькоўская любоў сляпая. Янiна мне ўнучка, але калi б яна была маёй дачкою, я бачыў бы яе такой, якая яна ёсць. Нiчога ў ёй няма абаяльнага. Рысы твару правiльныя, але фiгура няўклюдная, голас нейкi пiсклявы, вочы пустыя... На такiх мужчыны не надта заглядаюцца... I ўсё ж у гэтыя доўгiя вечары яна здавалася мне прыгожай. Была ў яе тая асаблiвая прыгажосць, якую надае жанчыне любоўны адчай. Хто ведае, можа, i знойдзецца мужчына, якога прыцягне да сябе гэты пажар... Але няшчасная гарыць у змроку, у адзiноце, i толькi я адзiны сведка яе пакут...
Шкада мне Янiны, i я цярплiва слухаю яе бясконцыя ўспамiны пра гэтага незвычайнага Фiлi. А што ў iм незвычайнага? - Мiльёны такiх... Але я слухаю i не магу надзiвiцца, як распалiў гэты Фiлi такое пачуццё ў маёй унучцы. Гэта ж трэба: свету белага не бачыць! Усё перастала iснаваць, акрамя яе мужа, акрамя гэтага маладога самца, якi любiць прыкладацца да чаркi, а на каханне глядзiць як на работу, на цяжкую павiннасць... Якое ўбоства!
Янiна амаль не заўважае дачкi, якая ўпоцемку прашмыгнула да нас у гасцiную. Мацi, не гледзячы, датыкаецца губамi да яе кучаравенькай галоўкi. Не скажу, каб гэтае малое не адыгрывала нiякай ролi ў жыццi Янiны: толькi дзякуючы гэтай дзяўчынцы перамагла яна ў сабе жаданне кiнуцца ў пагоню за Фiлi (а магла б яна i пагнацца, i ўпрошваць яго, i лаяць, i рабiць сцэны на людзях). Не, не змог бы я яе адзiн утрымаць. Дома яна засталася толькi дзеля дзiцяцi, але вялiкай уцехi ў iм не знаходзiла. Малая нiбы адчувала гэта i вечарам, калi мы чакалi, пакуль пададуць на стол, спяшалася залезцi да дзеда на каленi, нiбы шукала ў мяне прытулку. Валаскi ў яе былi мякенькiя, як пух, пахла ад iх цёплым птушыным гняздзечкам, i мне ўспамiналася тады Мары. Я заплюшчваў вочы i, прытулiўшыся губамi да яе шчочкi, цiхенька сядзеў, ледзьве стрымлiваючы сябе, каб моцна-моцна не абняць гэтае маленькае цельца. У такiя моманты мне здавалася, што гэта Мары або Люк. Часам цалуеш яе, калi яна разгуляецца, i адчуваеш, што шчочкi ў яе чуць-чуць салёненькiя, як у маленькага Люка ў днi летнiх вакацый, калi ён, бывала, так набегаецца за дзень, што возьме ды засне проста за сталом. Не мог ён дачакацца дэсерту i падстаўляў усiм свой сонны стомлены тварык для развiтальнага пацалунку.
Вось што ўспамiналася, мроiлася мне, пакуль Янiна, нявольнiца свайго кахання, хадзiла ўзад i ўперад па гасцiнай.
Памятаю, аднойчы яна ў мяне спыталася:
- Як цяпер мне жыць? Што зрабiць, каб не пакутаваць?.. Як вы думаеце, гэта пройдзе?..
Ноч была халодная. I раптам я бачу, Янiна падыходзiць да акна, адчыняе яго, высоўвае свой заплаканы твар, глядзiць на сад, залiты блакiтным месячным святлом, i прагна дыхае ледзяным паветрам. Я прывёў яе назад да агню i, хоць не прывык да пяшчоты, падсеў да яе i абняў за плечы. Я спытаўся, цi няма ў яе хоць якой-небудзь падтрымкi.
- У цябе ёсць вера?
Яна разгублена адказала:
- Вера? - быццам не зразумела мяне.
- Ну, ты верыш у Бога?..
Яна прыўзняла на мяне свой палаючы твар, недаверлiва паглядзела на мяне i нарэшце сказала: "Пры чым тут вера?.." Я зноў паўтарыў пытанне, тады яна адказала: