17508.fb2 Клубок гадзюк (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Клубок гадзюк (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Тады Ардуэн, намякаючы на маю адвакацкую прафесiю, прывёў словы Хрыста: "У цямнiцы я быў, i вы наведалi мяне..."

- Ды гэта ж мне выгадна, месьё Ардуэн! Да таго ж, гэта мая прафесiя, якая, дарэчы, прыносiць мне немалыя грошы. Калiсьцi я плацiў турэмным наглядчыкам, каб яны пры выпадку шапнулi на вуха падсуднаму маё прозвiшча... Вось як!.. А вы кажаце...

Не помню добра, што ён мне адказаў. Мы iшлi па лiпавай алеi. Што ж, ты, Iза, толькi рукамi развядзеш, калi я скажу табе, што мне было прыемна быць побач з гэтым чалавекам у сутане. А мне папраўдзе было з iм так добра!..

Здаралася, я ўставаў на золку i iшоў у сад, каб падыхаць свежым ранiшнiм паветрам. Я глядзеў, як абат спяшаўся на месу. Ён быў такi засяроджаны, што мог за два крокi не заўважыць мяне... Якраз у тую пару я даймаў цябе сваiмi кпiнамi i стараўся даказаць, што жывеш ты ў поўным разладзе з сваiмi прынцыпамi. Але сумленне маё не давала мне спакою: кожны раз, калi я лавiў цябе на скупасцi цi жорсткасцi, - я хоць i крычаў, што ў вас, набожных, не засталося i следу ад хрысцiянскага духу, - я ўсё ж такi ведаў, што пад маёю страхою жыве чалавек, якi застаўся адданым гэтаму духу - абат Ардуэн...

VIII

У нашым з табою жыццi, Iза, была адна падзея, пасля якой я атрымаў поўнае права лiчыць цябе агiднай. У 1896 цi 1897 годзе - табе гэта лепш ведаць памёр наш швагер барон Фiлiпо. Неяк ранiцай твая сястра Марынета прачнулася, загаварыла з мужам, а той - нi слова ў адказ. Яна адчынiла аканiцы i ўбачыла, што вочы ў старога закацiлiся, нiжняя скiвiца адвiсла. Да яе не адразу дайшло, што муж памёр, i некалькi гадзiн (а можа, i болей) яна праспала разам а трупам.

Я далёка не ўпэўнены, што кожны з вас адчуў усю подласць завяшчання гэтага нiкчэмнага чалавека: ён пакiнуў жонцы велiзарнае багацце, але пры ўмове, што яна застанецца ўдавою i другi раз замуж нiколi не выйдзе. У адваротным выпадку амаль уся спадчына павiнна была перайсцi да пляменнiкаў нябожчыка.

- Трэба цяпер больш клапацiцца пра Марынету, - паўтарала твая мацi. Дзякуй Богу, што сям'я наша дружная, - адзiн за аднаго. Не трэба пакiдаць яе адну.

Марынеце на той час было каля трыццацi, але ж ты памятаеш, як яна выглядала: прыгожая, зграбная, свежая - як дзяўчынка. У свой час яна паслухалася бацькоў, выйшла замуж за старога i пакорлiва жыла ў гэтым няроўным шлюбе. Нiхто з вас не сумняваўся, што Марынета лёгка пагодзiцца ўзяць на сябе i ролю безуцешнай удавы. Вы зусiм не ўлiчылi таго, якiм штуршком стане для яе вызваленне, выхад з цёмнага падзямелля на прастор, на святло.

Не, Iза, ты не думай, што я буду злоўжываць прывiлеяй весцi свой маналог, якую я тут сабе прысвоiў. Табе вельмi хацелася, каб усе завешчаныя мiльёны засталiся ў сям'i i каб дзецi твае маглi iх скарыстаць. Гэта натуральна. Усе вы цвёрда вырашылi, што Марынета не павiнна губляць той узнагароды, якую яна заслужыла за дзесяць гадоў рабскага жыцця са старым баронам. Вы дзейнiчалi, як добрыя сваякi: нiякага другога замужжа, Марынета застанецца ўдавою! А цi ўспомнiла ты, Iза, што зусiм нядаўна ты сама была маладой жанчынай?! Ну, пра каханне да мяне я не гавару: яго ты нiколi не ведала, ты была толькi мацi сваiх дзяцей i больш для цябе нiкога на свеце не iснавала. У вас у сям'i нiхто не вызначаўся багатай фантазiяй: вы нiколi не змаглi б паставiць сябе на месца другога, будзь ён падонак, будзь ён самы прыстойны чалавек!

Усе пагадзiлiся, што першае лета пасля смерцi мужа маладая ўдава прабудзе ў Калезе. Не скажу, Iза, што памiж табой i Марынетай, - тваёй роднай сястрой, была вялiкая дружба, але яна вельмi любiла нашых дзяцей, асаблiва маленькую Мары. Я сам амаль не ведаў яе, i мяне перш за ўсё прыемна здзiвiлi яе прыгажосць i грацыя. Нiхто не паверыў бы, што яна старэйшая за цябе. Ты нараджала, зноў насiла ў сябе пад сэрцам дзяцей, i ад тваёй зграбнай фiгуры мала што засталося. А яна, здавалася, выйшла цнатлiвай з пасцелi гэтага старога барона. Тварык яе быў яшчэ зусiм дзiцячы. Па тагачаснай модзе яна насiла высокую прычоску. Яе залацiстыя валасы былi прыгожа завiтыя каля шыi (цяпер забылiся пра тую моду). Вочы яе былi, бадай, занадта круглыя, нiбы яна ўвесь час была чымсьцi здзiўленая. Жартуючы, я часам абдымаў яе "асiную талiю", хоць бюст у яе быў на цяперашнiя меркi залiшне развiты.

Мне падабалася яе весялосць, жыццярадаснасць. Увесь час яе цягнула да дзяцей: яна то забаўлялася з iмi ў садзе, то гуляла ў хованкi, то расказвала казкi... "Марынета ў нас трохi ветраная, - гаварыла ты, - i не зусiм разумее, як трэба сябе паводзiць у яе становiшчы".

Ты пайшла ёй на ўступку i дазволiла насiць у буднiя днi белыя сукенкi. Але ты лiчыла страшэнна непрыстойным, каб у нядзелю яна ехала на месу без доўгай чорнай вуалi i без накiдкi, абшытай жалобным крэпам.

Адзiнай уцехай, якую мела Марынета пры мужы, была верхавая язда. Барон Фiлiпо быў выдатным знатаком конскiх парод i да апошняга свайго дня кожную ранiцу рабiў прагулкi конна. Марынета ўзяла з сабой у Калез сваю кабылу i гадзiнамi гарцавала па ваколiцах адна, бо суправаджаць яе не было каму. Ты, Iза, убачыла ў гэтым двайны грэх: удава, якая тры месяцы назад страцiла мужа, не павiнна ўвогуле займацца нiякiм спортам, а раз'язджаць на канi, ды яшчэ без нiякага суправаджэння - гэта проста недаравальна.

"Я-то ёй усё выгавару, што пра яе думаюць у нашай сям'i", - бубнiла ты. I ты выгаворвала, але толькi Марынета ўсё рабiла па-свойму. Нарэшце яна стамiлася ад тваiх павучанняў i папрасiла мяне суправаджаць яе на прагулках. Я згадзiўся, i яна за свае грошы купiла мне добрага рахманага каня.

Звычайна мы выязджалi на досвiтку, калi яшчэ не назаляюць мухi i аваднi. Коней падводзiлi проста да ганка. Марынета гарэзлiва паказвала язык зачыненым аканiцам тваёй спальнi i прышпiльвала да сваёй амазонкi мокрую ад расы ружу. "Хоць i нельга насiць кветак удаве, але..." - жартавала Марынета. Ад царквы даносiўся звон: хутка пачнецца ранiшняя меса. Абат Ардуэн сарамлiва кланяўся нам i знiкаў у густым ранiшнiм тумане. Першыя некалькi кiламетраў мы ехалi памалу i маглi спакойна пагаварыць, пажартаваць. Я заўважыў, што карыстаюся пэўным аўтарытэтам у сваёй швагеркi. I прычынай гэтага былi хутчэй за ўсё мае крамольныя думкi, якiмi я бударажыў сям'ю, а не тое, што я працаваў у судзе i займаў там даволi высокую пасаду. А вось твае погляды, Iза, амаль поўнасцю сыходзiлiся з прынцыпамi яе нябожчыка мужа. Ты сама жанчына i ведаеш, што ў вас, жанчын, i рэлiгiя i ўсялякiя iдэi заўсёды ўвасабляюцца ў вобразе якога-небудзь чалавека - любiмага або ненавiснага.

Што ж, у мяне была магчымасць яшчэ больш павысiць свой прэстыж у вачах гэтай маладзенькай бунтаркi. Але вось бяда! Я мог без асаблiвага намагання ва ўсiм падтрымлiваць Марынету, калi яна ваявала з вамi. Аднак варта было ўсплыць гэтым мiльёнам... Тут я змаўкаў. Не мог я сябе прымусiць падзяляць яе пагарду да спадчыны барона Фiлiпо. Я разумеў, што толькi выйграю, калi ўслед за Марынетай буду паўтараць словы пра высакароднасць, маладосць, незалежнасць, але зрабiць з сабою нiчога не мог. Нават прытварацца i рабiць выгляд, нiбыта я на яе баку, калi яна бажылася, што не баiцца страцiць сем мiльёнаў, было звыш маiх сiл. А калi ўжо гаварыць усё да канца, то мяне чамусьцi не пакiдала думка, што Марынета можа раптоўна памерцi i мы будзем яе спадкаемцамi (я думаў не пра дзяцей, а пра сябе).

Колькi я нi пераконваў сябе, колькi нi рыхтаваўся, колькi нi паўтараў гэты ўрок красамоўства, - язык мой гаварыў зусiм iншае: "Сем мiльёнаў! Марынета, апамятайцеся! Ды няма на свеце мужчыны, якi быў бы варты хоць паловы такога скарбу".

- Ах, вось вы як? - крычала яна. - Дык чаму ж вы рысавалiся, гаварылi, што ненавiдзiце нашых?! Вы такi ж самы, як яны! Адна парода!

I яна пускалася ў галоп, а я заставаўся далёка ззаду... Вось так трацiў я сiмпатыi Марынеты. Ах, гэтая прага да грошай! Чаго яна мяне толькi не пазбавiла! Я мог бы знайсцi ў Марынеце мiлую сястру, а можа, сяброўку... I вы цяпер хочаце, каб я аддаў вам грошы, тое, дзеля чаго я ўсiм ахвяраваў? Не, даражэнькiя, яны мне каштавалi занадта дорага, каб я кiдаўся iмi. Пакуль я буду жыць на гэтым свеце, вы нi франка не атрымаеце ад мяне!..

А спакою вам няма. У нядзелю прыляцела да мяне жонка Хюбэра. Цiкава, сама прыехала цi гэта вы яе падаслалi? Убогая iстота гэтая Алiмпiя! (Чаму Фiлi ахрысцiў яе Алiмпiяй? А мянушка прыжылася, мы нават забылiся яе сапраўднае iмя...) Мне здаецца, што яна сама вырашыла прыехаць i вам, бадай, не сказала пра свой намер. Яе вы не прынялi ў вашу зграю, бо не лiчыце сваёю. Гэтая жанчына абыякавая да ўсяго, што выходзiць за межы яе ўласнага маленькага свету. I пляваць яна хацела на ўсё, што непасрэдна яе не датычыць. Яна не ведае нiводнага закону "сям i" i не здагадваецца нават, што я ваш вораг. I гэта не таму, што яна паважае мяне цi мае да мяне якiя-небудзь сiмпатыi: яна нiколi не думае пра другiх i наўрад цi здольная каго ўзненавiдзець. Калi вы пры ёй благiм словам успомнiце мяне, яна заўсёды пярэчыць: "А ён такi добры са мной". Яна не адчувае маёй жорсткасцi. А паколькi я часам абараняю яе ад вашых наскокаў, то Алiмпiя шчыра верыць, што падабаецца мне.

З яе блытаных слоў я зразумеў, што Хюбэр спынiўся своечасова, але ўсё ж давялося закласцi ўсю маёмасць i жончын пасаг, каб выратаваць становiшча.

- Ён кажа, што абавязкова забярэ назад свае грошы, толькi яму цяпер патрэбен... ну... як гэта ён казаў?.. Аванс у лiк спадчыны...

Я лагодна слухаў, кiваў галавой, згаджаўся з ёю i рабiў выгляд, што зусiм не разумею, чаго яна ад мяне хоча... Як жа я навучыўся прыкiдвацца прасцяком!

Калi б ты, дарагая Алiмпiя, ведала, што я аддаў дзеля грошай!.. А тады мне iшоў толькi трыццаць пяты год!.. Мы вярталiся з Марынетай ласля нашай прагулкi. Цiха iшлi конi. Сонца ўжо няшчадна палiла дарогу i бясконцыя палеткi вiнаграднiкаў, апырсканых купарвасам. Як мог, я даводзiў гэтай маладой насмешнiцы, што нi ў якiм разе нельга выпускаць з рук мiльёны барона Фiлiпо. А калi я змаўкаў, яна звонка смяялася. Я пачынаў абараняцца i зусiм збiваўся з тропу.

- Марынета, я раблю ўсё гэта толькi дзеля вас. Няўжо вы думаеце, што такi чалавек, як я, захоча, каб на вашай спадчыне пагрэлi рукi мае дзецi? Iза iншая справа! Яна, вядома... Але я...

А Марынета працадзiла праз зубы:

- А вы i праўда страшны чалавек!..

I зноў я паўтараў, што мяне хвалюе толькi яе шчасце, яе будучыня, яе жыццё... Яна адмоўна круцiла галавой: "Не! Не! Сцiхнiце! Не гаварыце!" А ў глыбiнi душы, хоць Марынета не прызнавалася ў гэтым, яна марыла не так пра замужжа, як пра сваiх дзяцей, пра сваё мацярынства.

Пасля снедання я, не зважаючы на спёку, выходзiў з дому, дзе ў халодных i цёмных пакоях заставалiся падрамаць усе мае дамачадцы. I калi я адчыняў шкляныя дзверы i рабiў крок насустрач вогненнаму блакiту, мне не трэба было абарочвацца: я ведаў, гэтая насмешнiца, якая так пагарджае мною, iдзе следам. На высокiх тонкiх абцасiках ёй цяжка было iсцi па няроўнай жвiровай сцежцы. Нарэшце мы даходзiлi да тэрасы. Тут Марынета любiла забаўляцца: клала руку на гарачы ад сонца камень i лiчыла, колькi секунд зможа так пратрымаць.

Унiзе, пад намi, ляжала раўнiна, залiтая яркiм сонечным святлом. Навокал панавала цiшыня, як глыбокай ноччу, калi зямля спiць у месячным ззяннi. Далёка на гарызонце аркай стаялi камянiстыя пагоркi, нiбы падпiралi сабой блакiтнае неба. Усё замерла, i да чатырох гадзiн не ўбачыш тут нi звера, нi чалавека. Нават мухi слупам вiлiся на адным месцы, а адзiны на ўсю раўнiну дымок нерухома павiс над зямлёй...

Я ведаў: жанчына, якая стаiць побач, нiколi не зможа мяне пакахаць. Адзiнае яе пачуццё да мяне - агiда... Але мы з ёю дыхалi адным паветрам у гэтым глухiм закiнутым маёнтку. Гэтая маладая пакутнiца апынулася пад шчыльным каўпаком i падсвядома шукала майго позiрку, як кветка гелiятропа сама цягнецца i раскрываецца да сонца. Аднак на ўсе мае нясмелыя намёкi адзiным адказам былi насмешкi, кпiны... Вось так мы i стаялi над раўнiнай, дзе, нiбы ў велiзарным брадзiльным чане, налiвалiся хмельным сокам гронкi вiнаграду...

А ты, Iза, што ты думала пра нашы ранiшнiя прагулкi, пра нашы размовы? Я i гэта ведаю, бо падслухаў, як ты казала сваёй мацi (яна знарок прыехала, каб наглядаць за Марынетай):

- Ён прывучае яе да благiх думак, але ва ўсiм астатнiм... нiякай бяды я не бачу. Супакойвае, забаўляе яе - ну i добра!

- Самае галоўнае, каб яна не была адна, няхай забаўляе, - адказала табе мацi.

Вы цешылiся, што я ўвесь час быў з Марынетай. "Але калi вернемся ў горад, трэба будзе нешта прыдумаць".

"Супакойвае, забаўляе..." - як бы ты, Iза, нi злавала на мяне, але я не магу дараваць табе гэтых слоў. Ты i сапраўды не ўбачыла нiякай небяспекi для сябе ў нашых адносiнах з Марынетай... Жанчыны хутка забываюцца пра тое, што ў самiх ужо даўно перагарэла.

Удзень над раўнiнай i сапраўды нiчога не магло адбыцца. Хоць навокал не было нi душы, мы ўсё ж адчувалi сябе навiдавоку, як на сцэне. I калi б трапiўся якi чалавек, то ён убачыў бы, як над распаленай раўнiнай, нiбы два дрэвы, нерухома стаяць мужчына i жанчына, стаяць так блiзка, нiбы зраслiся ў адну iстоту...

Але i нашы начныя прагулкi былi таксама нявiнныя. Успамiнаю адзiн жнiвеньскi вечар. За сталом разгарэлiся бурныя спрэчкi вакол справы Дрэйфуса. Марынета разам са мной была на баку Дрэйфуса i патрабавала перасуду. Яна цяпер нават лепш за мяне ўмела ўцягваць у размову абата Ардуэна i вымушаць яго сказаць сваё слова. Ты на ўсе лады расхвальвала газетны артыкул Друмона*, а Марынета раптам спыталася сваiм дзiцячым галаском, нiбы школьнiца на ўроку "закону божага":

* Эдуард Друмон (1844-1917), рэакцыйны журналiст, выдавец антысемiцкай газеты "La Libre Parole" ("Вольнае слова"), якая вяла раз'юшаную кампанiю супраць Дрэйфуса.

- Месьё абат, скажыце, а хiба можна хрысцiянам ненавiдзець жыдоў?

На нашу радасць, абат Ардуэн у той вечар не адкруцiўся туманнымi разважаннямi. Ён гаварыў пра гiстарычную велiч жыдоўскага народа, яго свяшчэнную ролю сведкi спраў госпада на зямлi, пра яго наканаваны зварот да iсцiннай веры... А калi Хюбэр запярэчыў, што трэба ненавiдзець забойцаў Збавiцеля нашага, абат адказаў, што кожны з нас мае права ненавiдзець толькi аднаго забойцу: "Самога сябе, i нiкога больш..."

Ты зусiм разгубiлася i яхiдна прабубнiла, што так можна дагаварыцца да таго, што Францыю трэба аддаць чужаземцам. На шчасце абата, ты ўспомнiла пра Жану д'Арк, i на ёй вы памiрылiся. На ганку нехта з дзяцей усклiкнуў:

- Ой, як месяц свецiць! Як прыгожа!..

Я ўстаў i пайшоў да тэрасы. Я ведаў, што Марынета пойдзе следам. Так яно i было: "Пачакайце мяне..." - пачуўся яе запыханы голас. Яна накiнула на плечы баа.

Поўня стаяла над зямлёю. Яе халоднае святло залiвала сялянскiя хаткi, наш маёнтак, палеткi... Недзе забрахалi сабакi... Зноў цiшыня... Нерухома стаялi дрэвы. "Паслухайце, а цi не зачараваў iх месяц? - спыталася Марынета. - Хоць бы адзiн лiсток паварушыўся!.." I раптам яна прашаптала:

- Такiя ночы створаны на пакуту адзiнокiм людзям. А колькi закаханых у гэты момант туляцца адно да аднаго, каб падарыць шчасце, пяшчоту, радасць, надзею!..

На вейках у яе я добра бачыў слёзы. Кругом усё замерла, знямела... Жыло толькi яе трапяткое дыханне... О, Марынета!.. Што ад цябе засталося?.. Трыццаць гадоў як ты ў магiле... А я так добра помню водар тваiх валасоў у тую ноч!.. Хто ведае, можа, для таго, каб поўнасцю паверыць, што чалавек, яго цела некалi ўваскрэсне, трэба перамагчы ў сабе плоцкiя ўцехi?.. Ну, а хто злоўжывае iмi - панясе кару: ён не толькi не зможа паверыць у сваё ўваскрэсенне, але i ўявiць яго сабе...

Я ўзяў яе за руку, нiбы хацеў суцешыць маленькае дзiця, а яна па-дзiцячы прытулiлася галоўкай да майго пляча. Я прыняў гэты дар, як зямля прымае персiк, што падае з дрэва. Большасць людзей не выбiраюць сабе спадарожнiкаў, як не выбiраюць сабе суседзяў дрэвы... Стаяць сабе адно каля аднаго, а пераплятаюцца толькi таму, што яны разраслiся...

Але ў тую хвiлiну я зрабiў подласць - я падумаў пра цябе, Iза, i захацеў адпомсцiць табе: выкарыстаць сiмпатыi, слабасць Марынеты i прымусiць цябе пакутаваць! Гэтая думка ахапiла мяне толькi на адно iмгненне, але ўсё ж яна ўзнiкла, я рыхтаваў злачынства!.. Няўпэўненым крокам мы рушылi туды, дзе было менш святла, да гранатавага гаю... Але лёс захацеў так, каб у гэты момант на алеi пачулiся крокi. Па гэтай алеi звычайна хадзiў у царкву абат Ардуэн... Хутчэй за ўсё гэта быў ён. Мне ўспомнiлiся яго словы: "Вы добры чалавек". О, калi б мог ён прачытаць мае думкi ў гэты момант! Мне стала сорамна. Можа, гэта мяне i ўратавала...