17621.fb2 Кніганошы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Кніганошы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Вочы ягоныя былі сухія.

- Я адчуў, што старэю. Каму ж перадаць рамяство, як не сыну? Я вучыў яго. І вось... не паспеў вывучыць.

- А калі я скажу пра гэта?

- Пан не зробіць гэтага. Вочы не тыя.

- А ў вас якія вочы? Такі малады, а загінуў праз вашу ўпартасць. Нельга ж, казалі вам...

- Мужыкам шмат чаго нельга. Нават есці.

Буткевіч апусціў вочы.

- Як ваша прозвішча?

- Кірыла Туравец. Амаль як святы Кірыла Тураўскі... Толькі таго за кнігі хвалілі.

Зноў ударыў. Хоць скрозь зямлю праваліся.

- Што вы збіраецеся рабіць, Туравец?

- Цяпер давядзецца зноў мне...

- Цяпер гэта небяспечна. Будзем страляць.

Кніганоша пакорліва паціснуў плячыма.

- Вы дакараеце мяне за смерць сына, пан. Што ж зробіш, такі хлеб. Яго магло і сасной хвастануць на лесасецы. Бог бачыць, як мне цяжка.

Памаўчаў.

- Але цяпер зноў мая чарга. А стрэлы? Што ж, Божая воля.

- Вы хаця ведаеце, што носіце, Туравец?

- Гандляры паказваюць мне кнігі. Называюць назвы. Я гляджу і запамінаю. Памяць у мяне добрая. Я заўсёды пазнаю кнігу, якую насіў.

- Дык ты і не...

- Не, пане...

- Можа і не любіш кніг?

І тут Буткевіч заўважыў, як непазнавальна змяніўся, стаў амаль пяшчотны твар у кніганошы.

- Сын мог чытаць... А мяне не ўмудрыў Пан Бог... Але я іх люблю.

Стары як быццам нават вырас. Ён гаварыў цяпер павучальна, з той наіўнай веліччу, якой, пэўна, вызначаліся прарокі. Ці мала і сярод іх было непісьменных?

- У кнізе няма граху. Біблія нездарма таксама кніга. Думаеш, пра што гэта: «Без языка, а гаворыць»? Пра кнігу. А «Вучэнне - святло, невучэнне - цемра»? Таксама пра кнігу. За што ж ловіце?.. І так мудра прыдумана ў той кнізе, тут спінка, а тут табе... абрэз. І лісцікі белыя, а радкі шэрыя.

Намагаючыся пераканаць яго, Буткевіч сказаў:

- Але нашто вам гэта насіць? Вы ж ведаеце, што забаронена. Вам хіба мала славянскіх малітоўнікаў?

- Яны хочуць разумець малітвы, - сказаў стары. - У малітоўніку ўсё зразумела. А поп спявае, нібы ў яго гарачая бульбіна ў роце: «І сушчым ва грабех». Адна бабуля думала: «І сухі верабей...» А каб яна глянула ў малітоўнік - яна б прачытала, што гэта не «сухі верабей», а «і тым, хто цяпер у труне... у тру...не».

Ён змоўк, моцна сціснуўшы вусны.

Гледзячы на гэтую сівую галаву, адчуваючы, што нельга, упершыню ў жыцці, не парушыць загад, Буткевіч сказаў:

- Бярыце сына, Туравец. Толькі я вас... асабіста... разумееце, асабіста прашу, кіньце гэтую справу. Я нікому не скажу, але вы кіньце. Бо другі раз так проста не абыдзецца. Другі раз вас могуць забіць. У сутычцы або нават проста расстраляць. Начальства ў гневе... Ну, абяцаеце?

Стары маўчаў.

- Ідзіце, - пасля паўзы сказаў Буткевіч. - Ідзіце, Бог з вамі.

...Тураўца сустрэлі ўсяго праз тры тыдні пасля гэтых падзей. Стары схібіў можа ўпершыню ў жыцці. А можа, гэта і не было хібаю. Можа яму проста стала цяжка цягаць па нетрах і зарасніках цяжкі кораб.

Ва ўсякім разе, ён ішоў амаль адкрытым месцам, рэдкімі хмызамі, што раслі над урвішчам. Гліністым і камяністым, высокім урвішчам над ракой.

Ішоў, не зважаючы на тое, што рабілася вакол. Цяжка перастаўляў вялікія пляскатыя ступакі. А лубяны кораб вісеў на спіне, на двух рамянях, грузны, абвіслы.

...Яго падпусцілі зусім блізка. Потым Вольке выйшаў з хмызоў.

- Здавайся, Корч, - сказаў ён. - Адхадзіў.

Стары кніганоша без боязі ўзняў вочы і раптам зрабіў некалькі хуткіх крокаў ад афіцэра, быццам самі ногі прымусілі яго ўцякаць. Потым спыніўся - магчыма, таму, што ўцякаць не было куды, бо за спіною абрывалася зямля, а магчыма, і проста з-за абыякавасці.

- Адхадзіў, - сказаў ён. - Твая праўда. Куды ж цяпер?

- Мая справа, - абарваў яго Вольке. - Можа ў турму. А можа мы і тут з табою... скончым. Папсуў ты нам крыві, сволач.

- Не пайду я ў турму, - спакойна сказаў кніганоша. - І кулі твае мне не трэба. Сабе зберажы.

Вольке і салдаты рушылі на яго. Але ён зрабіў некалькі крокаў, быццам разбягаючыся, і спыніўся над самым урвішчам. Ногі не слухаліся.

І тады ён, быццам прымушаючы сябе, голасна сказаў:

- Ну!!!

Вялікія, расплясканыя ступакі яго яшчэ стаялі на зямлі, а цела ўжо хілілася і хілілася...

А потым сарвалася ўніз.

Ён ударыўся аб валун, што выступаў са стромы. І рамяні, відаць, парваліся, бо далей цела і кораб падалі па сабе.

Кораб разваліўся.