17759.fb2 Койданава (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Койданава (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

У свае васемнаццаць гадоў Антось паспрабаваў запускаць вусы, але яны раслi рэдзенькiмi, светлымi i не хавалi непрыгожай адмецiны. Тады ён наляпiў сабе штучныя вусы, але i ад iх давялося адмовiцца - людзi кпiлi i насмiхалiся. I сын пракляў бацьку, бо паверыў, што брыдкая губа з'явiлася на твары ў той самы момант, калi п'яны Казiк секануў на парозе па Ядзiнай сукенцы.

Ядзя гэтаксама пракляла Казiка i з'ехала ў Менск да Валi, якая паспела выйсцi замуж за курсанта вайсковай вучэльнi.

Адно згорбленая баба Маня дажыла доўгi век пры сыне, якi ўпарта iшоў да мары свайго жыцця - легкавой машыны, уласнай, дагледжанай i любай, на якой можна i ў лес, i ў Менск, i нават у горад Парыж да сцяны камунараў, да той самай сцяны, паўз якую Казiка правялi ў калоне палонных у 1945 годзе.

Шлях да сцяны Парыжскiх камунараў пачынаўся з тае самае хаты, дзе ён ляжаў на канапе з невядомай хваробай. I пачынаўся з гульнi, з дзiцячай забаўкi. Казiк майстраваў з рэечак i паперы мадэль самалёта, а ягоная кузiна, лядашчае дзяўчо, схавала клей. Нястрыманы, шалёны ад прыроды Казiк зазлаваў, пачаў лаяцца, разламаў ушчэнт мадэль, а калi бацька паспрабаваў супакоiць сына скураным пасам, выскачыў на сярэдзiну вулiцы i закрычаў:

- Страляць вас усiх трэба! Страляць!!! Бандзюгi, партызаны! У гэтай хаце партызаны!..

Iшоў 1942 год, i ў Койданаве было поўна немцаў i палiцыянтаў. Казiкаў крык перапалохаў усю вулiцу. Людзi пахавалiся ў дамкi i з-за фiранак цiкавалi, як Казiкаў брат Бронiк разам з бацькам Вацем звязвалi рамянямi хлопца, што з'ехаў з глузду. Звязаны Казiк праляжаў у хаце на печы два днi, пакуль афармлялiся ягоныя дакументы на адпраўку ў Нямеччыну. Ваця сам пайшоў у палiцыю, дзе i ўгаварыў кiраўнiцтва, каб забралi сына i звезлi куды найдалей. Палiцыянты ўпарцiлiся, не хацелi браць дакументаў, бо Казiк быў занадта малады, усяго 15 гадоў, але Ваця дамовiўся, i ў паперах змянiлiся лiчбы, i неслух паехаў у Германiю.

Пра жыццё ў Нямеччыне Казiк успамiнае з прыемнасцю, ён не хаваў, як iншыя, што жылося там соладка i сытна на вялiкiм хутары пад Берлiнам. Казiк трапiў не на завод i не на шахту, а на дагледжанае поле заможнага гаспадара, якому спадабаўся белагаловы вастраносы хлопчык-беларус.

- I чаму ты не нарадзiўся немцам? - ушчуваў гаспадар. - Ты ж, Казiк, рыхтык немец - арыец. I валасы ў цябе светлыя, i вочы блакiтныя, i профiль германскi, можна i на манеце выбiць. Каб не ведаў, што са славянаў, дык i не паверыў бы, што ты беларус.

А ў дадатак да гэтых вартасных характарыстык за якiя паўгода Казiк вывучыўся гаварыць па-нямецку. I гаспадар прызначыў яго на пасаду наглядчыка. Казiк сачыў, каб два дзесяткi маладых славянак мелi ўсё неабходнае i добра працавалi.

Але вось вайна скончылася. Нямеччыну падзялiлi на зоны. Казiк апынуўся ў французскай, i яго адправiлi ў парыжскi лагер для iнтэрнаваных асобаў. Калi калону славян вялi паўз сцяну камунараў, нейкi жартаўнiк-афiцэр загадаў спынiцца, каб усе паглядзелi на помнiк сваiм "iдэйным папярэднiкам".

У Парыжы Казiк пражыў паўгода. Першыя тры месяцы ён чакаў дакументаў, а калi нарэшце атрымаў пашпарт, дык не змог яго зберагчы. Укралi. Можа i дагэтуль недзе жыве несапраўдны Казiмiр Вацлававiч Кiсель - беларус i каталiк. Ну, ды Бог з iм. Толькi Казiку з-за гэтага злодзея давялося прасядзець у лагеры яшчэ тры месяцы. Адно суцяшала - Парыж, як там нi кажыце, не Архангельск, а Францыя не СССР, дзе Казiку давялося адразу пасля прыезду пайсцi ў войска, каб не апынуцца ў якiм сiбiрскiм цi архангельскiм лагеры, хапала i таго, што ён вярнуўся ў лагер сацыялiстычны.

Першае, што Казiк зрабiў, як прыйшоў з войска, дык ажанiўся, узяў зусiм маладзенькую сiрату Ядзю. Неўзабаве нарадзiлася Валя, а за ёй праз тры гады Антось, якi так баяўся за бацьку, каб той не памёр, пакуль жанчыны ў варэльнi нiяк не маглi вырашыць, дзе шукаць ратунку ад невядомай хваробы. Тым разам менавiта Антось выратаваў бацьку. Той самы стрыжаны пад бокс Антось, якi пазней пракляў Казiка i на ўсiх фотакартках у сямейным альбоме замазаў бацькаў твар чорным атрамантам.

Сям'я развалiлася. Баба Маня памерла. Казiк застаўся адзiн у вялiкай хаце. Ён зрабiў рамонт, адпусцiў рудыя з сiвiзною вусы ды пачаў насiць капялюш замест шарай кепкi. А самае галоўнае: Казiк нарэшце прыдбаў машыну - новую памаранчыкава-чырвоную, зiхоткую.

Неяк я праходзiў паўз Казiкаў сад. Ён гукнуў мяне i пачаў прасiць, каб я пагаварыў з Антосем i сказаў, што бацька ў чалавека адзiн, якi ўжо ёсць, i другога не будзе, а машыну ён усё роўна аддасць сыну. Зрабiлася шкада гэтага пакрыўджанага лёсам i людзьмi дзядзьку ў фетравым капелюшы з вядром iгруш лiмонак у руцэ. Я паабяцаў перагаварыць з Антосем. Да той размовы я недалюблiваў Казiка, бо недзе ў душы застаўся дзiцячы сполах ад таго, што ён, убачыўшы мяне на сваёй яблынi, паабяцаў абрэзаць грабеньчыкам стручок, якi хаваецца ў хлопцаў памiж ног. Але ў восеньскiм садзе пад iгрушаю прыйшло на памяць, што гэта мая мацi Нiна схавала клей, якiм Казiк мацаваў мадэль самалёта.

Антося я ўгаворваў доўга. Мы пiлi гарэлку, i ён паказваў фотаальбом, дзе замест Казiкавага твару чарнелi неакуратныя плямiны. Нарэшце я выцягнуў з яго абяцанне паехаць да бацькi i пагаварыць. Антось i сапраўды з'ездзiў у Койданава, а Казiк паказаў яму завяшчанне, паводле якога машына пасля смерцi бацькi пераходзiла да сына. Але Антось з Казiкам зноў пасварылiся. Сын жа не ведаў, што праз месяц бацька памрэ ў той самай машыне.

Казiк не трапiў у аварыю, ён цiха скiраваў на ўзбочча дарогi, дастаў з кiшэнi трубачку з нiтраглiцэрынавымi таблеткамi, але сэрца раптам спынiлася. Казiка пахавалi побач з мацi, на каталiцкiм баку могiлак.

А ў сям'i пачалася новая сварка з-за спадчыны, бо Валя не захацела, каб за проста так новая машына належала брату. Бог iм суддзя. Але дзе Бог, там i людзi, якiя маюць прагу да чужых радасцяў i бедаў.

Такую прагу да ўсёведання мела Казiкава суседка - цётка Пэля, яна ведала ў Койданаве ўсё i пра ўсiх, а чаго не ведала Пэля, таго або зусiм не было, альбо яно не ўяўляла анiякай цiкавасцi. I гэта пра яе ўспомнiў Антось, калi зблажэлы бацька ляжаў на канапе i нiхто не мог прыдумаць, як ратаваць нябогу. Антось пабег да жанчын у варэльню i сказаў, што трэба як хутчэй паклiкаць цётку Пэлю. Жанчыны ўзрадавалiся, бо i сапраўды, хто ў Койданаве, як не Пэля, мог загаварыць сполах, напрарочыць лёс, назваць хваробу? Толькi яна i магла.

Пэля прыйшла i села на край канапы, дзе ляжаў невядома чым агаломшаны Казiк.

- Казiчак, - пачала цётка сваiм касцельна-ласкавым голасам, - а цi не пашкадаваў ты чаго сам сабе?

Нечакана для ўсiх Казiк сеў на канапе, чым перапужаў прысутных, акрамя, зразумела, цёткi Пэлi, якая адно заправiла сiвую пасмачку пад чорную хустку i сказала:

- А я вось зайшла, бачу, ляжыць наш Казiчак нi жывы нi мёртвы i адчуваю, што пашкадаваў ён сабе нешта, моцна так пашкадаваў...

- Торт! - выгукнуў на ўсе грудзi Казiк. - Торт я сабе не купiў. Зайшоў у краму па папяросы. На вiтрыне торт стаiць з крэмавымi ружамi, шакаладнымi лiсцiкамi. I так мне захацелася таго торта, што ледзь слiну пракаўтнуў. Ледзь стрываў. А ў кiшэнi поўна грошай, зарплата i прэмiя. Але ж усе ведаюць, на машыну трэба адкладаць. Не купiў я торт. Сцяўся i не купiў. Ядуць яго чэрцi. Дый не можа такога быць, каб мяне так скруцiла, а потым выпрастала з-за нейкага там торта з ружамi! Нешта вы, цётка Пэля, наблыталi...

Казiк разгублена зiрнуў на жонку. Ядзя адвярнулася, каб не засмяяцца.

- Можа, i блытаю. Бог яго ведае, - стоячы ў парозе, пагаджалася Пэля i падсоўвала наравiстую пасмачку валасоў пад край хусткi. - Толькi ты ж сабе, а не мне пашкадаваў.

Казiкаву дачку Валю выправiлi ў краму, але дарма - тарты раскупiлi.

Iван

Iван сядзеў на зэдлiку пасярод пакоя i засяроджана пазiраў на ўласныя ногi. Белая, накрухмаленая да сiнечы кашуля так напялася на Iванавым круглым жываце, што здавалася, вось-вось гузiкi не вытрымаюць, пырснуць ды пакоцяцца па розных кутках. Бурачковы атласны гальштук ляжаў на сытым плячы, не раўнуючы, як сабачы язык. Загарэлую лысiну абсыпалi драбнюткiя пацеркi поту. Пасястая шкарпэтка спраўна сядзела на ступаку. Iван паварушыў пальцамi другой босай нагi i ўздыхнуў так цяжка, нiбыта збiраўся на пахаванне, а не на вяселле да сваякоў. - Казiк Кiсель выдаваў замуж дачку Валю.

- Бацька, што ты сядзiш? Мы чакаем, а ён сеў тут i ўздыхае, як той кабан у загарадцы. - Iванава жонка Мiля падбегла да люстэрка i яшчэ раз, мо ўжо пяты, падфарбавала вусны.

- А iдзiце вы ўсе, лiха вашай матары. Не пайду я нiкуды. - Iван забурчэў у падлогу. - Чорт з iм, з вяселлем. Абыдуся.

- Бацька, а што ж гэта на цябе найшло? - са святочнай i вясёлай Мiля стала перапалоханая. - Толькi што збiраўся... Усе збiралiся iсцi. Падарункi на ганку стаяць. Дык што здарылася?

- Нiчога. Не пайду, i ўсё. Не хачу. Перадумаў! - Iван, сцягваючы праз галаву падобны да сабачага языка гальштук, ускудлацiў вянок сiвых валасоў на патылiцы.

- А Божачка мой, звар'яцеў наш бацька!

Iван скамячыў гальштук i шпурнуў яго пад канапу.

Мiля памкнулася ў сенцы i з iх закрычала да сына ў двор:

- Шурык, сынок, хадзi ў хату.

Тым часам Iван пайшоў да канапы, лёг i заклаў рукi пад галаву.

Шурык заскочыў у пакой з такiм выглядам, нiбыта збiраўся ўбачыць зялёнага цмока пасярод хаты, а не роднага бацьку, якi заплюшчыў вочы i ўдаваў, нiбыта спiць.

Iван, вядома, не спаў. Але будзе i такi выпадак, калi ён засне, сам таго не хочучы. Ён састарэе, пойдзе на пенсiю са свайго маторнага завода, дзе вечарамi пацiху, каб не бачылi тыя, каму не трэба, рабiў чыгунныя формы для пiрагоў. У Койданаве гэта былi найлепшыя формы. I ў суботу перад Вялiкаднем усё мястэчка згадвала добрым словам Iвана Мiлько. Але аднойчы Iван, сам таго не хочучы, заснуў.

- А дзе бацька? - спытаў тады Шурык у мацi.

- Можа, на двор пайшоў, - спакойна адказала Мiля.

Хата ў Iвана была невялiкая: калiдор, кухня i тры пакоi. Гэта пазней, калi ажэнiцца Шурык, зробяць прыбудову з асобным уваходам, а на той час згубiцца ў хаце было проста немагчыма. Мiля з Шурыкам не на жарт спалохалiся. Быў бацька, тупаў-тупаў па хаце - i раптам не стала. Гэта ж не кот, што зашыецца за шафу, i ты шукай не шукай, а не знойдзеш, пакуль сам на малако не выйдзе. I не вавёрка, якую трымала Iванава суседка цётка Косця. Вавёрка была надзiва шкадлiвая.

Аднаго разу, звечара, Косця выбрала кошык яблыкаў, каб наранiцу завезцi прадаць. Яблыкi выбiрала круглейшыя, сакаўныя, без чарвяточынак. А ўначы вавёрка ўзяла i параскiдала iх па ўсёй хаце. I каб жа толькi параскiдала, а то ж яшчэ i панадкусвала кожны яблык. Ранiцай Косця збiрала яблыкi i кляла сваю вавёрку. А тая, стаiўшыся за абразом, цiкавала. Вавёрку Косця набiла венiкам.

Але тое вавёрка... А дзе ж падзеўся Iван?

Мацi з сынам абшукалi ўсю хату, пакуль Шурык не здагадаўся зазiрнуць у вузкую шчылiну пад канапаю. Там ён i ўбачыў бацькавы ногi. Непаразуменне прайшло толькi тады, як выцягнулi бацьку на сярэдзiну пакоя, а за iм дасталi з-пад канапы пусты слоiк, што патыхаў самагонкай. Iван любiў выпiць, а Мiля не давала. Тады i была прыдумана ды абсталявана схованка. Пакуль усе глядзелi тэлевiзар, Iван iшоў сабе ў залу, залазiў пад канапу i праз гумовы шланг ад пульверызатара высмоктваў са слоiка грамаў са сто. Але на той раз доза атрымалася большая, i ён сам не заўважыў, як заснуў. Дый старасць надыходзiла, сiлы не тыя.

Вось у маладосцi, Iван сам казаў, мог выпiць вядро. Асаблiва шмат давялося выпiць, калi служыў у ахове маскоўскага Крамля. Грошай ахоўнiкам амаль не давалi, але добра кармiлi i налiвалi, колькi захочаш. I хлопцы, маладыя, здаровыя, пiлi.

Пра НКВД Iван гаварыць не любiў. А нiхто, зрэшты, тады i не цiкавiўся ў Койданаве тым НКВД. Усе ж недзе служылi, недзе ваявалi...

Гэта цяпер, калi я буду праходзiць паўз Iванаў сад, а Шурык будзе закладаць падмурак пад гараж, мы загаворым пра Фелiкса Дзяржынскага, у гонар якога i пераназвалi Койданава ў 1933 годзе. Зрэшты, i Койданава не першапачатковая назва мястэчка, раней яго называлi Крутагор'е. Мы загаворым пра НКВД, i Шурык скажа:

- Шкада, бацька памёр, а то паказаў бы яму газеты, дзе пра НКВД пiшуць i пра Дзяржынскага. Цiкава, што б ён на гэта сказаў?

Iван Мiлько памёр раней, чым беларускiя газеты пачалi друкаваць матэрыялы пра масавыя забойствы.