18266.fb2 Краіна Цыганія - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Краіна Цыганія - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

— Цёмны, — сказала, калі падышоў, — у нас таксама не ўсе чорныя. І рухавы.

У канале шалахцела, уздымаючыся, вада.

— Рухавы, як вада. Бегчы ёй далё-ока. Кажуць, заліло б горад, каб жыхары не нанялі бульдозер ды не зрабілі дамбу, дзе яна з цясніны на абшар вырываецца. А мне шкада вады. Вада павінна бегчы. Я зайздрошчу вадзе. Ты шмат водаў бачыў?.. А ну, дай руку... Бачыў шмат водаў. Зморшчына цыганская унь якая!

— Беларускія воды ўсе бачыў. Ну, і некалькі марэй. Два акіяны.

— Шчаслівы. А я вось сяджу.

Я ўзняў каменны крыж, што ляжаў ніцма. Паставіў. Аблічча распятага было страшнае. Паганскае, асірыйскае, перакрыўленае, з жудаснай, як кашмар, грымасай болю. Ступакі ног вялізныя, нібы ў палескага злодзея, далоні рук, як шчыты.

— А я вось блукаю ўсё жыццё. І ўсё адно, якую б ваду я ні бачыў — няма нічога лепей за гэтую раз'ятраную Стрынь, каналы, зарасці глогу над цёмнай вадой і ў гэтых зарасцях каменныя крыжы, на якіх што ні распяты, то — Твар.

Я сапраўды так думаў. І мяне разумелі гэтыя каменныя твары з пермскімі, вавілонскімі, этрускімі — чорт ведае якімі — а праўдзівей, з першароднымі палескімі рысамі.

— Абодва робім не тое, што хочам, сокал ты мой, — задумліва і ўпершыню на «ты» сказала яна.

— Робім, як здарылася, — сказаў я. — Як распарадзілася жыццё. У кожнага свой шлях.

— Праўда. І вось я сяджу, а ты і хацеў бы сесці, і любіў бы сядзець, а носяць цябе ногі пад воўчым сонцам. Ты ж не мог бы кавалём тут?

— Так, любіў бы. Так, ногі носяць. А кавалём — куды ўжо мне?

— Цыган, значыцца, ты. А я — так сабе. Вось муж мой памёр, здавалася б, вольная, а сяджу на месцы. Ты хаця мне пра шляхі раскажы.

І я расказваў. Спачатку на гэтых могілках у спакойным ззянні заходу, што заліваў аранжавай пяшчотай Юроўскую царкву, у гэтым адыходзячым спакоі старога. Пасля ў «чыстым» пакоі чайной, дзе глядзелі на нас дзесяткі непаразумелых вачэй. Расказваў, як ніколі.

— Вечарам падыдзі да месца трызны, — хрыпавата сказала яна, адыходзячы. — Можа, і яшчэ нешта ўбачыш. Дый я на цябе пагляджу.

Дзіўна, калі яна адышла, я, здаровы дурань трыццаці год, чалавек, не здатны да сантыментаў, адчуў дзіўны неспакой, нібы яна, ідучы гэтай ганарлівай паходкай, забрала з сабой задаволенасць, раўнавагу, душэўную цішыню. Нешта некуды клікала, нешта смактала, нешта рабіла дыханне перарывістым, як пасля слёз.

Вада ўсё бурліла. Жыхары маліліся, каб не заліло кветкавых плантацый, бо людзі жылі тым, што прадавалі насенне кветак ледзь не да самай Камчаткі. І страшна было думаць, што гэтыя снежныя шары півоняў, ліловыя стрэлы касачоў і хмары духмянага гарошку апынуцца пад бурай звар'яцелай вадой. Разам з вадою і на душу находзіла незразумелае і страшнае.

Каб не засесці тут, я знайшоў механіка з сельгастэхнікі — ён нядаўна саматугам змайстраваў сабе аўтамабільчык-амфібію — і папрасіў яго заўтра раніцай даставіць мяне на той бераг цераз два паплавы і пратоку. Адтуль было недалёка да прыпынку аўтобусаў. Я разумеў, што мне не трэба тут быць, што насоўваецца нешта пагрознае, цяжкае і гаротнае. Прадчуваў гэта, як сабака пажар у доме.

...І ўсё ж прыцемкам я пайшоў да могілак. Вогнішча асвятляла шатры, бронзавыя твары людзей, плавілася ў намістах і бутэльках на сталах, цемрай і барвай бегала на вопратках. Вочы коней ля плота гарэлі трывожным агнём.

Яна была тут жа, ля мяжы святла. І — здалося мне або не, што бацька яе, адвярнуўшыся ад падпітай трызны, доўга глядзеў нам услед.

Былі каналы, і човен, і вёслы ў маіх руках, і яна на карме, задуменная, ледзь асветленая апошнім, няпэўным промнем захаду. А калі стрынская Венецыя і сама Стрынь засталіся ззаду, была пойма з таямнічымі ў тумане вялізнымі дубамі.

— Запалі вогнішча, — гартанна сказала яна.

Тое вогнішча, два малыя вогнішчы ў бліскучых яе вачах. І індзейская суровасць аблічча, і гэты тонкі нос, і строгія вусны — я ведаў, на што я іду. Ведаў, але не разумеў, як апошняе ўбоіска.

— Вось бачыш, — сказала яна, — ты разумееш і маўчыш. Ты сапраўдны цыган. У цябе і ў вачах гэта... Чаго не знішчыш.

Я паклаў галаву ёй на калені, як быццам вечнасць ведаў, як быццам так і трэба было. Дурны я быў побач з ёю, зусім нікудышны. Мне было тысячу год, ёй — тры тысячы.

— А мы аселі ўжо на гэтай зямлі. Часам толькі па сэрцы рэжа. І вецер. Некаторыя толькі восень і зіму на цукры, а там зноў — зноў на колы. Але мы аселі. Зайздрошчу табе. Але ты з сабой не бяры. Скончаны наш шлях. І як жа шырока табе.

Я ўзяў яе за цяжкія валасы і нахіліў да сябе.

— А можа, і я... Ну, быў муж. Усё адно што не было. А род наш павінен цягнуцца.

Цямнела ў мяне ў вачах, але яна паклала далонь між маіх і сваіх вуснаў.

— Ты мне абяцай, што я табе душу аддам, а ты панясеш паўсюль.

— Так, — аднымі вуснамі сказаў я.

— Ты здалёк. І каб не гаварылі, не калолі вочы, ястраб ты мой. Не хачу, каб ведалі хто. Цыганоў нарадзіў вецер. Ты, як вецер паўсюль. Вось. Але я не таму, што адна, без цяжару на руках.

Адрэзаны вогнішчам ад усяго, акрамя яе, я маўчаў.

— Я хачу цябе. Я з першага міргу ўбачыла цябе.

Цалуючы яе, адчуваючы непаўторны, дымны пах яе валасоў, я чуў, нібы праз непрытомнасць, як яна, нібы адным горлам, заспявала суровую песню, падобную на малітву і заклінанне... Гэта была дзікая ярасць, і страсць, і нібы водпуск на ўсё, і такая цёмная, жудасная даўніна, якой немагчыма ўявіць...

— Ну вось, — шэптам сказала яна, — цяпер можна.

— Пачакай, ты ў белым.

— Не-не, — яна схапіла мяне і з неўтаймаваным імкненнем прыцягнула да сябе.

Не стала ўсплёскаў прыбываючай ракі, ночы, агню — толькі ягонае зарыва на яе пакутна сціснутых вуснах і пагрозных вачах...

— Ястраб мой... Я твая перапёлка... Хадзі сюды, Ром.

І зноў зарыва, і зноў глыбіня, і зноў Прарадзіма, і боль. І зноў, і зноў, і зноў смерць.

...Раніцаю ў тумане мы пераплылі раку. Датлявалі над могілкамі вогнішчы, спалі ля іх людзі. І я зноў памёр, не ў змозе адарвацца ад усяго гэтага.

Пасля, праводзячы мяне да залітага ракой прычала, яна сказала:

— А вяртацца не трэба. Сёння скончыўся год, і праз месяц жонка суддзі выйдзе замуж... Мой год — месяцы праз два. Такі закон... Не, я не пайду зараз з табой. Нічога добрага не будзе, ястраб. Ну, як ужо смерць табе, то знойдзеш на шырокім Палессі. Падумай, паміраючы, — пачую, сама прылячу. А тут ляці зараз. Ляці, пералётны бусел. Можа, і ўбачыш, як перапёлка і сокал разам палятуць. Пранясі там і маю душу. Гарась — суддзя мо ўжо там. Можа, толькі наперадзе — Цыганія.

Цалуючы яе, чуючы яе гартанны ад любві голас, я як скамянеў. Не адчуваў, што гэта назаўсёды, і не перажываў асабліва. Быў хутчэй тупы і неўразумелы. Толькі ўвесь час помніў рухі яе ног, абдоймы, дзіўныя словы на незнаёмай мове. Гэтыя ўспаміны разбухалі на вачах, як Стрынь, што залівала ўжо да паловы аксамітна-зялёныя ад вільгаці плыты і па ўсіх незлічоных каналах біла аб іх шэрагі чаўноў з загнутымі, як у індзейскіх пірог, насамі.

...Калі механік высадзіў мяне на мысе і сплыў у бок Прыпяці, я ўбачыў здалёк на беразе, ад якога цягнуліся чэзлыя слупы дыму, постаць, якая махала мне рукой. І толькі тут зразумеў, што я амаль на тым, начным, месцы, што яна зараз ад'едзе і што я, чорт пабірай, не магу без гэтага голасу, рук, вачэй, пажадлівых ног, што я проста быў не пры поўнай памяці ад жадання, што яна душу, памяць у мяне ўзяла, а ці дала сваю?.. І я літаральна абалдзеў ад раптоўнай, як касой па горле — тугі... Я рушыў проста ў ваду, не бачачы, што ўсё ўжо не так, што Стрынь несла дошкі і бярвенні знесеных, відаць, пад Сернай мастоў, цэлыя дрэвы, вымытыя з коранем. Я першакласны плывец, але тут рака штурхнула і збіла мяне з ног.

Белая ад ярасці, яна ўскіпала з дна, на вачах заліваючы берагі, несла бярвенні і, у кроку ад мяне, труп авечкі. Толькі потым я зразумеў, што гэта пад Волінам прарвала шлюз і змыла бярвенні, падрыхтаваныя для сплаву.

Выкінуты валамі на бераг, я літаральна выў, б'ючыся галавой аб зямлю, сочачы за кропкамі, за станіцаю цыганскіх вазоў, якія пацягнуліся ад месца начлегу за далягляд. Выў, як пакінуты сваімі цыган, трасучыся ад адчаю і непапраўнасці.

А можа, яна і сапраўды аддала мне сваю душу?

Цэлы дзень праседзеў я над вірлівай, страшнай і цяпер шырачэзнай Стрынню і не мог куды-небудзь ісці, што-небудзь рабіць, аб нечым думаць.