18547.fb2
Ворка пацiснуў плячамi. Ён не вельмi разумеў, куды хiлiць Змiцер.
- Я знаю цябе як добрага гаспадара. I немцы такiх таксама любяць. Ферштэен? А калi трэба будзе што-небудзь, то не саромейся. Заходзь.
Ворка насцярожана аглядаў на Змiцеры нямецкi кiцель.
- Добра, - паабяцаў ён.
Не паспеў Ворка вярнуцца дадому, як немцы ўжо забралi Мiколу. У канцы сяла сабралiся людзi, да натоўпу далучыўся i Ворка Дзiкун, бедаваў разам з усiмi, крычаў, што Мiкола Данiк зусiм хворы i цiхманы чалавек.
Назаўтра, паснедаўшы, Ворка выйшаў на вулiцу i стрэў з возам снапоў старога Петрыка.
- Бог помач! - сказаў Ворка.
- Нешта нiякай помачы ад яго, адна немач, - адказаў Петрык.
- Возiш, стары, сабе снапы, а я? - азiрнуўся Ворка на ўласную сядзiбу. Нi стопкi, нi гуменца. Пуста. Усё забраў Данiк...
- Каторы Данiк?
- Не малады ды хворы, а стары, Васiль...
- Хто старое спамяне, таму асцюк у вока, - сказаў Петрык. -Трэба, чалавеча, забываць ранейшыя крыўды. Такая ў нас калатэча!
- Я без крыўды. Дзе там! - азваўся Ворка Дзiкун. - Убачыў, што вязеш снапы, то i сказаў. Ведама, у цябе ёсць куды везцi, на тваёй сядзiбе стаiць гуменца.
Петрыкава гумно сапраўды ацалела. Там ляжаў калгасны iнвентар. Гумны ж суседзяў i Воркава разабралi, як будавалi цялятнiк.
- I ты вязi ў маё гумно. Ды якое яно маё? Калiсьцi было маё. Цяпер наша. Вязi, памесцiмся... - Петрык разгладзiў вусы. - Чуў, што надоечы было каля Бязверхавiчаў?
- Не.
- Так iрванулi, кажуць, што два цягнiкi скiнулiся з рэек. Многа ехала пяхоты з танкамi. У-у... Там такое рабiлася!
- От, скажы, нехта ж гэта робiць. I так хвацка.
- Кажуць, Коршак нейкi.
Ворка Дзiкун даўно прачуў, што ёсць якiсьцi Коршак. Ён палiў склады, падрываў эшалоны i масты. Ворка здзiўлена пакiваў галавою.
- I нiхто не бачыў таго Коршака. Сёння ён, скажам, тут, а назаўтра акажацца пад Грэскам цi пад Цiмкавiчамi. Хiтра робiць.
- Добра кажаш... Мусiбыць, за гэта i Данiка Мiколу забралi, - уставiў Ворка. - Нехта, мабыць, падаткнуў, што так i так, з Коршакам мае хаўрус. Га? А немцам толькi скажы...
- Скажу табе, што ёсць у нашым сяле гады, - сказаў Петрык. - Уведаць толькi - ды пятлю на iх. З такiмi страшна разам жыць.
- Дзiва што, сусед, - пагадзiўся Ворка, азiраючыся.
- А сам куды выправiўся?
- У Граву iду.
- Што там рабiцьмеш?
- Нешта Ганна наказвала, каб прыйшоў.
- Памагчы што трэба?
- Пэўна, нешта трэба зрабiць. Чалавек яе, як i твой Алесь, падаўся на ўсход, - апошнiя словы сказаў Ворка вельмi цiха i краем вока зiрнуў на Петрыка.
"Злуеш, старое карыта, што я дома, - падумаў Ворка. - Няма дурных бегчы ад свае хаты".
- Не чуў, дзе цяпер нашы?
- За Ельняй недзе. А дзе пэўна, нiхто не ведае. Словам, пад Маскву ўжо забеглi.
Стары Петрык пакiваў галавой i, як здалося Дзiкуну, холадна паглядзеў на яго.
- Няма на немчуру плягi! Но-о! - гукнуў стары на каня.
Воз пасунуўся па вулiцы далей, а Ворка неўзабаве апынуўся за сялом.
Да Гравы, дзе дачка была замужам, напрасткi тры кiламетры, а калi пайсцi бiтай дарогай, то набярэцца ўсе сем. Аднак па ёй усе ездзiлi i хадзiлi, робячы такi круг, бо простай дарогi, што iшла паўз Крумкачоў гай, на Граву даўно не было. Увесь гэты лес, а за iм лог адышлi пад артылерыйскi палiгон.
"Цяпер у нас артылерыйскi палiгон ад Белага да Чорнага мора", - падумаў Ворка Дзiкун.
Ён завярнуў на паплавы i пайшоў, трымаючы кiрунак на край сiняга лесу, што захiнаў Граву. Iшлося лёгка. У твар дыхаў халодны палявы ветрык.
"А як на мяне паглядзеў Петрык? Здаецца, каб прымеў, то схапiў бы загрудкi. А хто ён? Спаў у шапку, калi трэба было варушыцца. У мяне ўжо запасу на тры гады, а ты вазi чорныя снапы", - Ворка Дзiкун усмiхнуўся. Ён успомнiў, што днямi павiнны вазiць грэчку. Трэба наведацца на той палетак. Будуць i крупы, будзе i да круп.
Ён азiрнуўся, быццам баяўся, каб нiхто не падслухаў яго думак.
"Я не вазьму, то Гаўрыла возьме. Калi мы ўдвох праспiм, то немцы выграбуць усё, - супакоiў ён сябе. - Цяпер кожны цягне".
На краi Крумкачовага гаю Ворка спынiўся, агледзеўся. Завiдны быў лес на гэтым грудку. Выносiстыя хвоi з небам гаманiлi. Далей унiз цягнуўся ельнiк, сiнi, як навальнiчная хмара. Пад шашу было дробналессе.
Ворка нiколi тут не быў i да ўсяго прыглядаўся.
Iдучы далей, заўважыў пад кустом салдацкую каску, а побач падраную гiмнасцёрку. Прыпынiўся.
"Мусiць, забiлi салдата", - падумаў ён i са страхам абышоў гэта месца.
Прыслухоўваючыся да птушынага шчэбету, Ворка задумаўся.
"Каб прыйшлося мне змабiлiзавацца, то, мабыць, недзе ў разорцы ўжо закрыўся б каскай i парыў бы косцi, - дрыжыкi страсянулi Ворку. - То гэта салдаты... А колькi дзяцей i жанчын загiнула? Што далей будзе? Па ўсiх вёсках людзi ненавiдзяць немцаў..."
Пачуўшы гул самалётаў, ён падняў галаву. Самалёты iшлi строем, як на парадзе.