18547.fb2
- То i добра. Схадзi пагасцi. Мне трэба ведаць, дзе браты Згiроўскiя. Старэйшы, Юзiк, у млыне рабiў, а малодшы служыў на базе. Не памятаеш iх?
- Памятаю.
- Ну вось...
Неўзабаве грузавiк, узнiмаючы клубы пылу, мчаў у саўгас "Ягадны".
Ворка са Змiтрам выбралi ў саўгасе пярэстую карову. Залыгваючы яе, Ворка бачыў, што на машыну немцы грузiлi свiней, авечак.
Iдучы па поплаве з каровай, Ворка быў сумеўся.
Спынiўся, нiбы падпасваў карову, а сам усё азiраўся на саўгас.
У яго нават з'явiлася думка кiнуць карову i хутчэй падацца дамоў.
Пачуўшы вiск свiней, Ворка адумаўся.
"Я не вазьму, то Змiцер забярэ i прап'е. На гэта ён здатны".
Позна вечарам карова была ўжо на двары ў Ганны.
- Тата, адкуль карова? - здзiвiлася Ганна.
- Купiў у засценку ў шляхцiца.
- Колькi далi?
- Дзесяць пудоў пшанiцы i мех аўса.
- Мала ён узяў за такую карову...
- Цяпер такi час, што няма калi вельмi таргавацца.
Павячэраўшы, Ворка пасядзеў на парозе ў сенцах, пасля пайшоў i лёг у каморы.
"Каб шафу добрую памог яшчэ дастаць Змiцер. I ложак нiкеляваны..." падумаў ён, падбiваючы падушку.
Можа вiною было новае месца цi цвыркун не даваў заснуць, бо Ворка доўга варочаўся на ложку. Потым пачуў далёкi стрэл. Выйшаў на двор, узлёгся на плот. У сяле была цiшыня.
"А што, калi Сымон не пайшоў на ўсход, а далучыўся да Коршака?" - усплыла думка, горкая, як чэмер.
Раптам з-пад Крумкачовага гаю пачулася аўтаматная чарга:
- Тра-та-та! Та-та!
"Коршак прыйшоў. Дрыжы, Бойка Змiцер", - падумаў Ворка i сам задрыжаў, як асiнавы лiст.
Доўга стаяў Ворка ў поцемках каля плота, пасля пацiху пасунуўся ў сенцы.
Назаўтра ён выбраўся ад дачкi толькi пасля позняга снедання. Сонца паднялося ўжо i добра прыпякала. Ён iшоў узлескам Крумкачовага гаю. Зноў пад арэхавым кустом убачыў тую самую каску. Узяў яе асцярожна i схаваў у густым ядлоўцавым кусце.
"Можа яшчэ спатрэбiцца. Такi цяпер час", - падумаў ён i, выйшаўшы на старую дарогу, убачыў на траве сляды ад машыны.
"Гэтага ўчора не было", - здзiвiўся Ворка i раптам падаўся па следу ў глыб лесу. На грудку спынiўся. Тут якраз была прагалiна, i сляды ад машыны паўз самыя кусты паварочвалi назад.
"Заязджалi... Схавалi нешта", - азiраўся Ворка.
На прагалiне ўскапаная зямля была здратавана ботамi.
Тупаючы па ўзгорку, ён бачыў акуркi i гiльзы ад аўтаматных патронаў i нiяк не мог дадумацца, што тут рабiлася ноччу.
"Гэта не Коршакава работа. Нехта другi быў", - думаў ён аж да самага дому.
Жонка спаткала яго ў сенцах.
- Дзе ты хаця быў?
- У Ганны. Дзе ж яшчэ?
Калi яна даведалася, што ў дачкi здарылася, забедавала:
- Няхай бярэ дзiця ды едзе сюды. У Граве ёй не жыццё, калi няма Сымона. Вакол чужыя людзi.
- Як гэта чужыя?
- А што ж, сваякi? I яшчэ табе скажу - не швэндайся нiдзе ноччу... Нарвешся...
- На каго?
- Хоць бы на таго Коршака. Зловiць з мяшком, не пагладзiць па галаве. Хопiць таго, што напрыносiў. На сто гадоў не назапасiш.
- Ну добра, добра... Учора вазiлi грэчку?
- Падвечар трохi вазiлi.
- Лiха iх галаве.
Жонка пайшла ў агарод, а Ворка ўсё пазiраў на сонца. Як толькi сцямнела, ён адразу падаўся з мяшком за вароты, скiраваў сцежкай на грачанае поле.
"Нiкому не буду кланяцца, нi ў кога прасiць не буду", - разважаў ён каля кучак над мяшком. Рабiў усё не спяшаючыся, па-гаспадарску: падтрасаў мех, утоптваў яго каленам i, калi набiў грэчкi пад самую завязку, то ледзь закiнуў мех за плечы.
Назад Ворка дарогай не пайшоў. Усё можа здарыцца. Напаткаецца свой чалавек, то пасля папагавораць суседзi.
Ён падаўся полем у канец сяла. Дабрыў да свайго агарода, сеў на мяжы. Цяжка сапучы, азiраўся на цёмныя хаты.
I раптам данеслiся далёкiя стрэлы з Крумкачовага гаю. Ворка падхапiўся i, сам яшчэ не ведаючы чаму, падаўся на паплавы. Стрэлы не сцiхалi. Ворка тады пусцiўся подбегам.