18820.fb2 Ладдзя Роспачы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Ладдзя Роспачы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Гервасій не выдаў сябе, хаця яму ўпершыню стала непамысна.

– Нашто? Лепшую частку сябе я пакінуў на зямлі.

– Якую?

– Тых, каго я любіў.

– Ну, а калі ты сустрэнеш кагосьці ў мяне пад зямлёй?

– Яны любілі мяне... На зямлі.

– А калі не любілі? Калі ў зямным жыцці вам не выпала сустрэцца, але гэта і было сапраўднае? Або яшчэ так: сустрэліся, але яна легкаважна адрынула цябе, не ведаючы, што скора, вельмі скора прыходзіць вялікае Позна.

– Гэтага не здарылася, а значыць, усё адно, што не было.

– Ты што – пёс? Ты што – жывёла, каб жыць толькі тым, што было? Ты адварочваешся ад чалавечай Мары?

– Гэх, кума. Ты нават не ведаеш, як гэта смешна: чуць ад цябе словы пра Мару і Надзею. Кінь, кума. Смешна!

– Не думаю, – сказала Смерць.

...Ці доўга, ці каротка яны ішлі, але ўрэшце шлях прывёў іх на берагі Паніклі. Поўня, калі рака плыве зямной дарогаю, даўно адышла. Віруючая Панікля ляцела, нібы спушчаная з лука страла, і раптам натыкалася на сцяну ў два чалавечыя росты і... знікала.

На сцяне раслі скарлючаныя, вартыя жалю дрэўцы, нібы абпечаныя смяротным подыхам. Пад іхнімі квёлымі карэньчыкамі ляжаў пласт барвянай, як кроў, гліны з вапняковымі і крамянёвымі камяніскамі, а ніжэй ляжаў шар мёртвага белага вапняку.

Вада пад ім клекатала, бы ў катле вядзьмаркі, і была белая, як трунак забыцця. І Смерць зрабіла гасцінны жэст:

– Вось і ўсё.

– І чаго глядзіць Пан Езус? – сказаў Выліваха.

– Гэта яшчэ не самая горшая з чалавечых выдумак. Ідзі.

– Я замачу лютню.

– Не бойся.

– То чакай.

І Выліваха яшчэ раз азірнуўся. Гарачае святло ляцела на яго з-пад аблокаў, блакітных унізе, сляпуча-белых уверсе. І ў гэтым акіяне раскошы ўтрапёна звінелі беларускія жаўрукі.

– Божа зямлі маёй, – сказаў Выліваха. – Нялітасцівы і жорсткі, калі ты ёсць. Нядбалы і сонны. Што б ні было, як бы ты ні здзекаваўся з яе – я ўсё ж веру табе. Таму што воляй тваёй я нарадзіўся тут, дыхаў яе паветрам, піў яе ваду, еў яе хлеб і цалаваў яе жанчын. Які б ты ні быў – я бласлаўляю гэты твой адзіна разумны ўчынак. Бласлаўляю ад першага цвіцення шыпшыны і да гэтага вось апошняга кроку, які зараз зраблю.

І Гервасій Выліваха зрабіў гэты апошні крок.

Вада спадала ля яго ног, і наперадзе паступова выплывала з вады мокрае жарало пячоры са сточанымі вадой камянямі: быццам пашча са з’едзенымі зубамі.

Нерухома маўчалі аблокі за спіной. Свет нібы аглух. А цемра насоўвалася, насоўвалася. Глынула. І адразу за плячыма з патроенай сілай зараўла плынь.

– Віншую, – сказала Смерць. – З паспяховым вас прыбыццём, гаспадар Выліваха.

– На зямлі я даў бы табе за гэта на гарэлку. Але тут у мяне нічога няма.

– Кветка...

– Шыпшыну? Табе?

Смерць засмяялася:

– Глядзі, Выліваха, пашкадуеш. Наўрад ці ты так трымаў бы сябе, каб ведаў, які падарунак я табе прызапасіла. Ну, ідзі. Тут я трохі затрымаюся, а цябе стрэнуць памагатыя... Зараз прыйдзе ладдзя Роспачы.

І яна знікла. Змрок быў глухі, і толькі ля самых ног хлюпалі аб бераг дробныя зыбкія хвалі нябачнага невядомага мора.

Нешта тупа грукнула аб бераг, а потым у цямноцці пачуліся глухія жаласлівыя галасы: нібы кані крычалі над начным поплавам, успуджаныя крокамі Невядомага. І Выліваха здагадаўся што гэта садзяць у ладдзю змарлыя душы.

Ён узяў акорд на лютні, але заспяваць не паспеў. Нечыя рукі схапілі яго і шпурнулі на дно вялікай ладдзі, на рабрыстыя і слізкія какоры.

– Гэй, – сказаў ён. – Што я вам, бярэмя дроў?! Я, пакуль тое, жывы. Не маглі, халеры, пачакаць забыцця.

Нехта сунуў яму ў рукі бабайку вялізнага вясла. Жорстка абхапіла ногі калодка. Зацурчала вада. І адразу заплакалі ў цемры дзесяткі кволых, нібы дзіцячых, галасоў.

– Г... вы, – сказаў Выліваха. – Рагачоўцы ёсць?

– Не, – застагнаў нехта.

– Адразу відаць. А хто ёсць?

– Дубровенцы, – адказаў са слязьмі нехта.

– Шышшы, – сказаў Гервасій. – Глядзець мне на вас брыдка, плытагоны. Вы што, упершыню на вялікай вадзе? Супакойцеся, дарога далёкая, час для ўлюбёнага занятку ёсць.

Нехта нясмела зарагатаў.

– Вось так лепей, – сказаў Гервасій. – Плывём, хлопцы, нібыта галернікамі ў турэцкую няволю. А паны па цэрквах аб “спрадвечнай радзіме” спяваюць ды аб тленнасці зямнога... Ёсць тут папы?

– Ёсць, – сказаў голас з кармы.

– Пэўна, і тут на стырне сядзіш?

– На стырне.

– Вось і кіруй на спрадвечную радзіму. Дайце яму каторы, хлопцы, вяслом па галаве.

У цемры прагучаў глухі ўдар: нехта скарыстаўся з парады.

– Раб, – сказаў страшны глухі голас. – Пакінь смяшыць людзей, раб! Тут не зямля.

– А што табе?