18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

I з непатоленай прагай цягнулася, ляцела да гэтага свету гвалтоўна затрыманая калісь у сваіх імкненнях, усхваляваная і шырокая душа.

Дастаткова было штуршка, каб тое, сапраўднае, рынула на Грынкевіча, як ураган, і сам ён у пошуках паратунку кінуўся да яго, як да прыстані.

I нарэшце прыйшоў дзень.

На раённым фізкультурным свяце Андрэй толькі што адстраляўся і, адышоўшы ўбок, абыякава слухаў нараканні трэнера:

— Душа ты цёмная. Колькі можна парад не слухаць, у цябе ж залатое вока. Трошкі стараннасці — і сёння быў бы першы разрад. А там, праз год, з тваімі дадзенымі стаў бы майстрам.

Андрэй абняў трэнера, каб той не крыўдаваў. Самому яму было ўсё адно. Пасля таго што здарылася ў Заходняй, ён не любіў страляць, хіба што на паляванні. Яму значна больш балела тое, што на беразе Дняпра, у Прароўскай затоцы, ён павінен быў праз якую гадзіну скакаць з вышкі.

З вышкі ўсё і пачалося.

Гамарня натоўпу, газетныя капелюшы, ляск падбадзёрваючых апладысментаў. I імпэтная страла вышкі, узнесеная над затокай, над зеленаватым Дняпром, над дубамі, што шырока растрэслі на процілеглым баку свае зялёныя шапкі.

На гэтай страле раптоўна з'явілася танюткая, таксама ўзнесеная ў неба, дзявочая постаць, і гурт раптоўна сціхнуў у адным імкненні да таго, што яна збіралася зрабіць.

Яна адарвалася ад апоры, зрабіла паўкола ў паветры, быццам яшчэ думала, дзе лепей — у ззяючым майскім небе ці ў таемных глыбінях вады, — і потым плаўна, з той лёгкасцю, якая прымушае людзей верыць у палёт, памкнулася ўніз.

Рукі — ластаўчыны крылы, прыгожы выгіб ног — сімвал палёту.

Дзяўчына ляцела над ракой.

Дома Андрэй доўгі час сядзеў у кветніку, не ў змозе забыць гэтай дзівоснай з'явы. I ён амаль не здзівіўся, калі нехта адчыніў веснічкі. Куртаты Джэк ускінуўся быў брахаць, але адразу стаў і з цікавасцю пачаў разглядаць цемнавокую асмужаную дзяўчыну, якая стаяла на сцежцы.

— Прабачце, гэта дом Грынкевічавых?

— Калі гэтая халупка — дом, то так, гэта дом Грынкевічавых.

— Гэта не халупка, гэта вельмі прыемны сціплы домік. Хоць, вядома, ваш даваенны, на Замкавай быў большы.

— Праходзьце… Адкуль вы ведаеце дом на Замкавай?

— Андрэй… вы мяне не пазнаяцё?

— Н-не, — пачырванеў Андрэй, — хіба што толькі мне здаецца, гэта вы сёння ляцелі ў паветры.

— Ну, — засаромелася яна, — не будзем параўноўваць ваш скачок з маім. Я таму і прыйшла, што пасля гэтага спытала пра ваша імя.

— Прабачце, — сказаў Андрэй, — хто вы?

— Я Алёна Століч.

— А… Алёна, бож-жа мой! Маці! Маці! Глядзі, хто да нас прыйшоў. Алёна, вы зусім непадобная да той.

— Ды і вы… таксама.

Яна была сапраўды зусім не тая. I калі параўноўваць людзей з іншымі істотамі, дык першае ўражанне было праўдзівым: ластаўка. Цемнавокая, уся неяк выгнутая туды, уперад, высокімі грудзьмі і злёгку закінутым тварыкам. Маленькія далоні, светлыя буяныя валасы пры цёмных вачах. Агульнае ўражанне чагосьці дзёрзкага, імпэтнага, смелага не па сіле.

…Увечары яны ўцяклі ад кампаніі, з якой прыйшлі ў парк. Недзе далёка ўздыхалі за плячыма і паступова паміралі ў цемры трубы гарадскога аркестра. Шапталі ледзь апераныя майскія шаты дрэў.

Далей. Далей. Усё далей.

Горад застаўся ззаду. Злёгку плёскала ў сне рака. I аднекуль з-за ракі, разам з маленькім язычком вогнішча далятала тонкая, бы ўздых, песня некалькіх галасоў:

Зялёны дубочак

На ель пахіліўся.

I ў страсным юнацкім голасе гучалі цяга, і журба, і шырокі смутак душы, узгадаванай на гэтых паплавах.

— Чорт, — сказаў Андрэй, — улаена кажучы, не вельмі разумныя словы, а слухаеш — і сорам бярэ за сябе, за свае вершы. Так усё бездапаможна, так бяздушна.

— Прачытай што-небудзь адпаведнае, — сказала яна.

— Добра.

Андрэй павольна ішоў поруч з ёю па ўбітай сцежцы. Было халаднавата, парывамі дыхаў лёгкі ветрык, але дубы не хацелі дрыжаць, не хацелі шалахцець нованароджанымі лісцямі — зашмат было гонару.

Усплыў месяц над сiнiм Дунаем.

Празрысты зялёны рог,

I ценi ад хмар набягаюць

На вербы наўсцяж дарог.

Цiшыня над сiнiм Дунаем.

Сцiхлi шолахi ўсе:

"Каханая, дарагая,

Ногі твае ў расе".

Ён змоўк і потым з халоднай жорсткасцю сказаў:

— Дрэнна.

— I сапраўды, слаба, — з уздыхам сказала яна, — не кладзецца на ноты ракі, ночы, песні. Нешта ва ўсім гэтым не тое.

Яму спадабалася яе шчырасць.

— I што толькі рабіць, не ведаю, — сказаў ён.

— Нічога, навучышся. У твае гады і Някрасаў, бадай што, не лепей пісаў. Ты перачакай ноч, а потым усё-ўсё будзе добра, Ведаеш, часам лілеі выплывуць з вады насустрач сонцу, раскрыюцца, а адтуль вылятае ў весняе неба мушка. Папалася ўвечары і начавала пад вадой, у шчыльна сціснутых пялёстках.

Памаўчала.