18878.fb2
— Дзень добры, — сказала яна, — ты, аднак, не спяшаешся. Ні на лекцыі, ні да мяне.
— О Пацімат, — жартам, на ўсходні манер, адказаў Грынкевіч, — і як ты можаш добра ставіцца да мяне, апаганшчыка грабніц і мячэцяў.
Марыя ўскінула носік.
— Я не жартую. Я нервавалася. Учора сядзела ў крэсле і ўяўляла сабе розную лухту. Што было?
— Справы, — Грынкевiч паспрабаваў абняць яе за плечы.
Яна адхіснулася:
— Я вельмі зайздрошчу твайму ўменню за справамі забываць тую, каго кахаеш.
— Я заходзiў, - сказаў Андрэй, — ты спала.
Твар Марыі стаў іранічны.
— Няўжо табе ўпершыню заходзіць да мяне, калі я сплю? На тое ў цябе і ключ. Месца на ложку хопіць.
— Мне не падабаецца, як ты гаворыш, — сказаў Андрэй. — Я ніколі не казаў табе, што я кахаю. Нам проста добра адно з адным. Мы не дзеці. Мы проста сябры.
— Аднак… я нешта забыла. Ці, можа, нехта другі ўмаўляў мяне стаць яму жонкай?
Андрэй з сумнай усмешкай глядзеў на яе:
— Я працаваў абедзве ночы, Марыя. Нельга заўжды быць разам.
— Гм… А ты спытаў, што я рабіла ў гэтыя ночы?
— Ну, ты ў мяне разумнiца. Я табе веру.
Марыя зрабіла іранічную міну:
— О, мой даверлівы друг! А я вось не такая даверлівая. У тваім пакоі было цёмна.
— То, пэўна, я сядзеў у Вайвадса.
— Ну як жа… у Ванвадса. Нягоднік твой Вайвадс. Збівае цябе з панталыку.
Грынкевіч упершыню выйшаў з сябе. Узяў Марыю за запясце і сціснуў руку:
— Ты не руш Яніса. Ён добры друг. Не руш яго, калі хочаш быць мне другам.
— Балюча, — сказала яна. — Ты што, забыў?
Андрэй адпусціў яе.
— Ты меў сустрэчу з кімсьці, з нейкай жанчынай. На цябе глядзяць усе жанчыны. Мне брыдка.
— Марыя, — умольна сказаў Андрэй, — ты не горш за мяне ведаеш, што я не свіння. Я. быў з табою. Толькі з табою. Сорам табе казаць такое. Я не кахаю, але я вельмі добра стаўлюся да цябе. I я не хацеў бы гэтым засмучаць цябе.
Жанчына прыкусіла губу:
— У мяне неўроз сэрца ад кахання. А ты… Божа мой. Я ўпершыню адчуваю сілу кахання і рэўнасці. Мне жыцця не хопіць для кахання. Я баюся, што цябе ў мяне адбяруць. Я ўсё аддала табе. Я да цябе стаўлюся вельмі сумленна.
Яна казала гэта, напэўна, амаль шчыра, але манера вымаўляць словы была вельмі тэатральнай. Бываюць людзі, у шчырасць якіх менавіта з-за гэтага нельга паверыць.
Грынкевіч узяў яе пад бараду і павярнуў да сябе.
— Ты толькі дарэмна мучыш сябе, Маша. Нічога такога няма. I не будзе. Табе проста падабалася спачатку, што я так смешна апраўдваюся. А цяпер ты прывыкла. Ты проста катуеш мяне гэтымі вечнымі падазрэннямі. Я цяпер нават думаю, што, калі я ажанюся, ты ператворыш маё жыццё ў пекла. А я хачу жыць. У жыцці і без кахання досыць многа добрага.
Яна раптам ударыла кулачком па камлі маладзенькай бярозкі. Воблачка снегу асыпалася з галін, укрыла ім плечы, іскрамі заззяла ў яе валасах.
Але яшчэ больш заззялі яе вочы:
— Ну вядома, цяпер яшчэ і гэта. Шукаеш прычыны, каб пазбавіцца ад мяне? О, вядома! Я гэта даўно заўважыла!
— Марыя, — пакутліва прамычаў Андрэй, — ну нашто ты так. Дарэмна ж гэта ўсё. Хто на мяне паглядзіць?
— Маўчы, — амаль вiскнула яна. — Хлусня ўсё.
Грынкевіч уздыхнуў.
— Як мне ўсё гэта абрыдла, — сказаў ён. — Ведаеш, яшчэ дзве такія сцэны, і я сапраўды завяду сабе другую. Каб хоць недарэмна падазравалі..
— Добра, — сказала яна, — я, здаецца, зраблю такі самы ўчынак.
Знерваваны да апошняга, Андрэй рэзка павярнуўся і накіраваўся прэч ад яе, да маленькага будынка курсаў, які стаяў у глыбіні двара, непадалёк ад ампірнага дома інстытута.
Завярнуўшы за рог будыніны, ён злосна плюнуў і ўпершыню падумаў, што, бадай, сапраўды думка аб шлюбе — лухта і што, калі Марыя будзе і далей катаваць яго рэўнасцю, — трэба канчаць.
З гэтай думкай ён таргануў дзверы, падняўся па сходах на другі паверх і на хвіліну спыніўся перад уваходам, адчуваючы, што спазніўся.
Верх вялізнага акна на пляцоўцы быў вітражны: нейкія дэкадэнцкія лілеі, сітнягі, яблыкі, качкі ў палёце. Каляровыя плямы святла ляжалі на фігуры Андрэя.
Бадай, не варта было заходзіць. Але ў скверыку перад інстытутам была Марыя, а бачыць яе зараз было горш за смерць.
I ён ірвануў дзверы.
У вялікім пакоі для адпачынку стаяў пах тытунёвага дыму. Прыбіральшчыца выкідвала з попельніц недакуркі ў вядро.
Грынкевіч павесіў паліто на вешалку і толькі пачаў прычэсвацца, як з канцылярыі выглянула Галіна Іванаўна, завуч. З камічным непакоем пляснула далонямі:
— Андрэйка, ты што ж гэта сабе думаеш? Лекцыя пяць хвілін як пачалася. Якая нядобрасумленнасць. Сорам, і яшчэ раз сорам.
Яна была толькі трошкі старэйшая за яго, надта зграбная, цёмнавалосая і цемнавокая, з вельмі добрым і здаровым румянцам на шчоках.