18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

Андрэй усміхнуўся: ён любіў завуча.

— Прабачце, Галіна Іванаўна, — сказаў ён, — затрымалі абставіны.

— Ну вядома, Марыя Крат. Андрэйка, дзяўчаты цябе да дабра не давядуць.

I міжволі ўсміхнулася: зубы так і заззялі. Яна была вельмі цікаўлівая. I яна любіла Андрэя. Ён нагадваў ёй малодшага брата.

— Зусім мой Віктар. Такі самы хударлявы і такі самы расцяпа.

Зноў ссунула бровы:

— Марш, марш на лекцыю.

— Не злуйцеся. Дальбог, не буду, — сказаў Андрэй.

Усё яшчэ ўсміхаючыся — Галіна Іванаўна вярнула яму добры настрой, — ён прайшоў маленькім калідорам і адчыніў дзверы ў аўдыторыю.

У аўдыторыі было зусім цёмна. На сцяне, у светлым чатырохкутніку плаваў адбітак аднаго з рэльефаў Пергамскага алтара. Бойка багоў з тытанамі.

— Дазвольце прысутнічаць? — спытаў Андрэй.

— Калі ласка, — адказаў з цемры жаночы голас.

— Андрэй, сюды, — гукнуў голас Вайвадса.

Праходзячы на месца, Андрэй спаткнуўся аб провад, што змяiўся ў праходзе. Ледзь не ўпаў.

Вайвадс пасунуўся і даў яму месца.

— Ну як? — шэптам спытаў Андрэй.

— Думаў, не прыйдзеш… Слухай.

I вось з цемры загучаў голас.

— …і вы трапляеце ў самую сярэдзіну жахлівай, смяротнай сутычкі. Вы адразу пазбаўляецеся слыху, аглушаныя выццём, ровам, скрыгатам. Вы адчуваеце нават пах потных цел. Дзеці Геі-зямлі — волаты і багі (таксама дзеці Геі) пачалі біцца. I малодшыя перамаглі старэйшых. Хутка такі самы лёс чакаў і Афіны. Але нават і ў загібелі сваёй дух Афін быў прыўкрасным.

Яна сцiхла на хвiлiну. Андрэй дарэмна намагаўся разгледзець яе. Чуў толькi голас, дзiвосны па мяккасцi i глыбiнi. Ды яшчэ, калi яна паказвала нешта на экране, бачыў вузкую руку з доўгiмi, тонкiмi на канцах пальцамi.

Зноў загучаў голас жанчыны.

— У другім стагоддзі Рым захапіў Грэцыю. Скончылася залатое дзяцінства, пачалася пакутлівая сталасць. Захапленне будучыняй, вера ў яе — загінулі. Рым, які спачатку быў падобны на Грэцыю, які верыў у свабоду, скончыўся разам з перамогамі рымлян і патокам золата. Вайна давала багацце. Таму ўся ўстаноўка была на заваяванні, а рэжым Рыма стаў таталітарным рэжымам. Гэта адбілася і на светапоглядзе рымлян. Яны свята верылі ў сваю гістарычную місію, у вайсковае прызванне. Анхіз сказаў: "Няхай іншыя выводзяць мармуровыя абліччы. Прызванне рымлян панаваць і бурыць гарады".

— Ну як? — спытаў Яніс.

— Пакуль нядрэнна. Голас прыемны.

— Фу, — сказаў Яніс.

Голас сапраўды быў вельмі прыемны.

— Дух ваеншчыны абумоўліваў усё. Нават планіроўку гарадоў. Іх зрабілі падобнымі на казармы. Улады ўсялялі рымлянам усведамленне безумоўнай перавагі над усімі народамі, даводзілі, што свет трэба перарабіць на свой капыл.

Ці было гэта духам рымскага народа? Не. Гэта было проста актыўнае, свядомае скарыстанне ўсіх сродкаў ідэалагічнага ўздзеяння на свядомасць людзей. Гэта ўпершыню была прапаганда. Упершыню ў гісторыі ў Рыме адбываюцца народныя сходы з платнымі аратарамі. У пышных урачыстасцях сцвярджаецца ідэя кесарскай улады. Бразганнем зброі імкнуцца адцягнуць народ ад асабістага жыцця.

I народ верыў у гэтыя догмы, бо яны апеліравалі да яго духу, да яго рэспубліканскіх традыцый. Гэта была спекуляцыя на пачуццях народа.

Але што б ні вярзлі дыктатары, чалавечая свядомасць развівалася сваім шляхам… У рымлян ніколі не было такой прысягі, як у грэкаў: змагацца супраць тыраніі заўсёды, нават тады, калі ты адзін супраць усіх. I таму ў грэкаў іронія і сумленне былі толькі ў перыяд элінізму. У рымлян — заўжды. Толькі ў іх удачлівы палкаводзец думае аб тленнасці, толькі ў іх на гулянцы думаюць аб смерці.

Фактычна рымлянін пазбаўлены права голасу. Ён не прыйшоў на форум, а апафеоз Цэзара ўсё адно адбыўся. Рымлянін пакінуты самому сабе. Яму застаецца толькі барацьба за існаванне, напружаная і ўтрапёная.

Яны ўмелі жыць і будаваць. Іхнімі мастамі людзі карыстаюцца і зараз, іхнія акведукі і дагэтуль даюць ваду. I ў гэтых умовах ідэальнай рэгламентацыі жыцця кожнага чалавека рымлянін быў цалкам адзін. Да бога яго вёў толькі рытуал. Ды і што гэта былі за багі: бог удачы, бог шчаслівага выпадку. Фактычна яны былі атэісты.

I нават у сваіх камедыях яны адвучыліся ўздымаць вялікія праблемы. Дробныя пачуццейкі. Дробязнае, вартае жалю, абывацельскае. На тварах статуй, калі яны не афіцыйныя, — самота, разгубленая ўзрушанасць, неўраўнаважанасць.

I поруч з гэтым — аркі, пад якімі не праходзіць войска, якія існуюць толькі для прапаганды. I поруч з гэтым будынкі, якія ўражаюць не высакароднасцю прапорцый, а памерамі. А. поруч з гэтым ваўчыха, Этрурыя, адлітая з бронзы ваўчыха, якая стала сімвалам Рыма, жорсткага, ненасытнага і прагнага.

— Волчица, ты их вскормила, — не вытрымаў Андрэй.

— Так, — сказала яна, — ваша праўда.

Волчица, ты их вскормила,

Ты помнишь ли их, когда,

Рыча от бранного пыла,

Сжигали они города.

У гэтую хвіліну зазвінеў званок. Успыхнула святло, прымусіўшы Грынкевіча на хвіліну заплюшчыць вочы.

Калі ён глянуў, жанчына стаяла ля стала з дыяпазітывамі, перабірала іх.

Андрэй па голасу ўяўляў яе зусім не такой. Невялічкага росту, яна была вельмі худзенькая, але так падабраная, што нагадвала яму балерыну.

Можа, гэтаму ўражанню дапамагала і клятчастая спадніца званочкам, і шэрая кофтачка з нейкага там нейлону.

Вельмі худзенькая, як дзіцятка. Але вось пераступіла з нагі на нагу, адкінула непакорлівыя валасы няўлоўным рухам, і гэты жэст выявіўся споўненым такой прыгажосцю кожнага руху, што лёгка і весела стала глядзець на яе.

Звычайны твар. Мяккія шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, густыя вейкі. Валасы попельна-залацістыя, сабраныя на патыліцы ў вялізны вузел. I растрапаныя злёгку, аніяк не хочуць ляжаць у прычосцы.

Такая растрэпка!

Велікаваты, усмешлівы рот. Вось глянула на Андрэя, усміхнулася. Зубы не вельмі добрыя, але ўсмешка ўсё адно такая, што аж святлей стала.

Вельмі прыгожыя ногі, вельмі прыгожыя рухі. I ўсё гарманічна — хоць малюй. Андрэй не заўважыў, што вочы, нягледзячы на ўсмешку, насцярожаныя. Проста яму стала весела: вось і яшчэ адзін добры і разумны, відаць, гарманічны чалавек стаў на шляху.

Пушыстая, як галінка вярбы з коцікамі.